Многія беларускія вернікі часта пытаюцца ў святароў: чаму рыма-католікі хрысцяцца злева направа, а грэка-католікі і праваслаўныя — справа налева? Пастараемся знайсці адказ на гэтае пытанне.
У першую чаргу варта заўважыць, што знак святога крыжа з’яўляецца адным з найбольш старажытных і адметных хрысціянскіх выразаў веры. Нягледзячы на разнастайнасць канфесій, большасць вызнаўцаў Езуса пры розных нагодах пазначае сябе знакам Хрыстовага крыжа. Звычайна правай рукой вернік крэсліць на сабе спачатку вертыкальную лінію крыжа: дакранаецца да ілба, пасля — да сэрца (або сонечнага спляцення). Затым ён крэсліць правай рукой на сабе гарызантальную лінію крыжа: ад аднаго пляча да другога. Такі сімвалічны жэст пазначэння сябе святым крыжам характэрны для большасці хрысціянскіх традыцый і абрадаў, аднак у розных канфесіях і абрадах існуюць свае адметнасці і адрозненні ў выкананні гэтага жэста.
У першую чаргу існуе розніца ў гарызантальнай лініі здзяйснення знаку святога крыжа. Хрысціяне большасці ўсходніх традыцый хрысцяцца справа налева, а заходняй (рыма-католікі, лютэране) і некаторых усходніх (перадхалкідонскія абрады) хрысцяцца злева направа. Як правільна? Адказ просты: так, як прынята ў дадзенай канфесіі, бо кожны з кірункаў хрышчэння мае свае тэалагічныя і гістарычныя абгрунтаванні.
Здзяйсненне знаку святога крыжа найперш адсылае нас да хрысціянскай сімволікі правага і левага бакоў. Правы — гэта Божы бок, які сімвалізуе дабро, Божае Валадарства. Гэтая сімволіка адлюстравалася між іншым у малітве «Веру...», дзе гаворыцца пра Езуса, які «сядзіць праваруч Айца». У сваю чаргу левы — гэта бок сілаў цемры, граху. Тут можна ўзгадаць евангельскі аповед Хрыста пра Апошні Суд, калі грэшнікі, асуджаныя на пекла, будуць адстаўленыя леваруч Бога Суддзі (пар. Мц 25, 31–46).
Хрысціяне, выконваючы знак святога крыжа пры вертыкальнай лініі жэста, вызнаюць веру ў Хрыста, які прыходзіць з Неба на зямлю, каб нас збавіць. У выкананні гэтага знаку ўсе хрысціяне згодныя.
Значная розніца існуе ў здзяйсненні гарызантальнага жэста хрышчэння. Вядомы нам праваслаўны або грэка-каталіцкі знак крыжа справа налева сімвалізуе адкупленчую справу Хрыста-Пераможцы, які сыходзіць з Неба (справа) да грэшнікаў (налева), каб іх збавіць. У сваю чаргу характэрны для рыма-католікаў жэст злева направа мае тое самае значэнне, толькі з іншым акцэнтам. Хрыстус прыходзіць да грэшнікаў (злева), каб прывесці іх да Збаўлення (направа). Як бачым, і на Усходзе, і на Захадзе фактычна гаворка ідзе пра тое самае значэнне Хрыстовага крыжа. Езус прыйшоў, каб збавіць чалавецтва ад вечнага асуджэння і прывесці да Божага Валадарства.
Існуе таксама адрозненне паміж хрысціянамі ў спосабе складання далоні або пальцаў пры знаку крыжа. Рыма-католікі хрысцяцца ўсёй далонню: складзенымі разам, але распраўленымі пяццю пальцамі правай рукі, што сімвалізуе пяць асноўных Хрыстовых ранаў на крыжы. У католікаў усходніх абрадаў, а таксама ў праваслаўных вернікаў бытуе жэст складзеных разам трох пальцаў (вялікага, указальнага і безыменнага), што сімвалізуе вызнанне веры ў Бога, Адзінага ў Трох Асобах. Складзеныя два пальцы далоні нагадваюць пра дзве прыроды Хрыста — Боскую і чалавечую.
Розніца ў жэстах (лева-права), а таксама ў спосабе складання далоні сфармавалася ў розных хрысціянскіх канфесіях пад уплывам
іх асаблівага шляху развіцця тэалогіі і духоўнай культуры. Як бачым, нягледзячы на адрозненні, па сутнасці жэст хрышчэння ў кожнай канфесіі і абрадзе азначае адно і тое ж самае: веру ў збаўчую і пераможную моц Хрыстовага крыжа.
Варта таксама ўзгадаць, што знак святога крыжа мае два спосабы ўвасаблення: т.зв. «вялікі» і «малы». Пра «вялікі» знак крыжа гаворыцца тады, калі мы хрысцімся ад ілба да сэрца (або ўлоння) і злева направа (як рыма-католікі). Гэты знак крыжа прынята рабіць заўсёды, пачынаючы і заканчваючы нейкую справу, малітву, пасілак, спачынак, а таксама пры ўваходзе ў касцёл або праходзячы каля крыжа ці святыні. Гэты жэст мы робім таксама ў знак прыняцця Божага благаслаўлення ад святара.
Малы знак крыжа — гэта накрэсленне «маленькага» крыжыка (найчасцей вялікім пальцам правай рукі) у знак Божага благаслаўлення. Такі малітоўны жэст прысутнічае ў літургіі перад чытаннем Евангелля (крыжык на ілбе, вуснах і сэрцы). Знакам «малога крыжа» хрысціянскія бацькі благаслаўляюць сваіх дзяцей, крэслячы гэты сімвал на іх галаве (ілбе).
Сімволіка крыжыка на ілбе азначае прыняцце Хрыстовага благаслаўлення, каб быць мудрым і адкрытым на пазнанне Божай волі. Крыж на сэрцы (або сонечным спляценні ці жываце) сімвалізуе асвячэнне нашых пачуццяў, сферы эмоцый і інстынктаў. Крыж на рамёнах (левае і правае плячо) азначае асвячэнне ўсіх дзеянняў і фізічных сілаў чалавека.
Знак святога крыжа — гэта найстаражытнейшы і вельмі яскравы выраз веры ў Хрыста Збавіцеля. Гэта моцны знак сведчання веры перад іншымі людзьмі, а заклік Найсвяцейшай Тройцы: «У імя Айца…», які спадарожнічае гэтаму жэсту, з’яўляецца дасканалым выразам не толькі веры, але і малітвы, каб Усемагутны Бог бараніў і благаслаўляў кожнае нашае пачынанне.
Кс. Андрэй Рылка
Ксёндз Андрэй Рылка — магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ; намеснік дырэктара і мадэратар навучання Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, адказны за СМІ, акадэмічнае і моладзевае душпастырства ў Пінскай дыяцэзіі.