Развагі пра кнігу Бруна Ферэра «Задаволеныя бацькі. Сістэма Яна Боска ў сям’і»
(Гатчына, выдавецтва Салезіянскага Цэнтра імя Яна Боска, 2000)
Бруна Ферэра, італьянскі каталіцкі святар салезіянін, вядомы нашым вернікам па знакамітай серыі кніг «Кароткія гісторыі для душы», дзе сабраны прыпавесці, поўныя жыццёвай мудрасці і простасці, што робіць гэтыя кнігі цікавымі як для дарослых, так і для дзяцей. Асабіста я люблю час ад часу перачытваць той ці іншы зборнік з серыі — проста каб атрымаць свежую «падзарадку» ў тым, што часта адкладваецца на «потым», адсоўваецца для чагосьці больш тэрміновага, але насамрэч з’яўляецца першачарговым і надзвычай важным.
Нядаўна я адкрыла для сябе яшчэ адну цікавую працу гэтага мудрага салезіяніна — кнігу «Задаволеныя бацькі. Сістэма Яна Боска ў сям’і». Асабліва інтрыгуе падзагаловак, бо святы Ян Боска сам вельмі шмат сілаў прысвяціў выхаванню падлеткаў. «Вось ужо гадоў дваццаць, як я працую з падлеткамі, — цытуюцца словы святога ва ўводзінах да кнігі, — і не памятаю, каб я калісьці прымяняў якія-небудзь пакаранні; але з дапамогаю Божаю заўсёды дабіваўся не толькі таго, чаго павінен быў дабіцца, але і проста таго, чаго жадаў, прычым ад тых самых падлеткаў, ад якіх, здавалася, ужо нельга было чакаць дабра». Сапраўды, Яну Боска даводзілася мець справу з так званымі складанымі дзецьмі, з бяздомнымі і пакінутымі. Але, як бы ні банальна гэта гучала, любоў мае вялікую сілу, у чым і пераконвае нас яшчэ раз кніга Бруна Ферэра.
Аўтар, з’яўляючыся паслядоўнікам выхаваўчых прынцыпаў святога Яна Боска, абгрунтоўвае ў кнізе апераджальную сістэму выхавання, процілеглую рэпрэсіўнай. Яна заключаецца ў тым, каб знаёміць выхаванцаў з прадпісаннямі і правіламі, а далей назіраць за імі, размаўляць, настаўляць, раіць і выпраўляць.
І ўсё гэта — з любоўю.
Некаторыя сцверджанні ў кнізе могуць падацца ўжо добра знаёмымі, не раз абгрунтаванымі ў псіхалагічных і педагагічных даследаваннях, але ў Бруна Ферэра яны пададзены ў лагічнай, трывалай сістэме і з яркімі запамінальнымі прыкладамі, таму чытач з лёгкасцю пераконваецца ў слушнасці гэтых сцверджанняў і ўзаемазалежнасці розных аспектаў выхавання. Прыклады, якімі аўтар ілюструе свае думкі, узятыя са штодзённага побытавага жыцця сям’і і заснаваныя ў асноўным на дыялогах паміж бацькамі і дзецьмі. Чытаеш іх і часам уражваешся: а я і не думала, што падобныя фразы могуць быць настолькі згубнымі ў размове з дзецьмі і настолькі вырашальнымі для іх самаадчування, упэўненасці, адэкватнай ацэнкі саміх сябе.
Усе выхаваўчыя метады, якія прыводзіць Бруна Ферэра, трымаюцца на адным галоўным стрыжні. Ім з’яўляецца любоў паміж мамай і татам, і вельмі важна, каб дзеці бачылі яе. «Вы павінны вельмі клапаціцца пра сябе, калі хочаце клапаціцца пра сваіх дзяцей. Першы абавязак кожнага бацькі ў адносінах да сваіх дзяцей — любіць іх маці.
І наадварот»; «Сям’я жыве, калі гэта стабільнае ядро любові», — гэтая ўмова, на думку аўтара кнігі, з’яўляецца падмуркам добрага выхавання.
Аднак нават пры наяўнасці трывалай любові паміж бацькамі ў сям’і нярэдка паўстаюць пытанні: як трэба вырашаць канфлікты з дзецьмі? як сябе паводзіць з агрэсіўнымі выхаванцамі? як справіцца з насіллем у школе? як выхаваць у дзяцей творчыя здольнасці? Свае разважанні на гэтыя тэмы аўтар падпарадкоўвае адной важнай задачы: выхаванне павінна быць не полем бою, не барацьбою, дзе ёсць пераможцы і пераможаныя, «камандзір» і «падначаленыя», — яно павінна засноўвацца на дыялогу і супрацоўніцтве. Бруна Ферэра падае стратэгічныя прыёмы таго, як можна настроіцца на адну хвалю з дзецьмі і быць роўнымі ў адносінах з імі.
Мушу прызнацца, што кніга па-свойму будуе ў чытача спецыфічны лад мыслення, звязаны з выхаваннем. Праз пэўны час пасля прачытання прыклады, паасобныя сцверджанні і разважанні аўтара могуць забыцца, аднак у памяці трывала застаецца сама сістэма, пабудаваная згодна з прынцыпамі святога Яна Боска. Хочацца верыць, што прымяненне гэтай сістэмы ў кожнай канкрэтнай сям’і дасць добры плён — вядома ж, пры ўмове стараннага супрацоўніцтва паміж бацькамі і дзецьмі. Наўрад ці пасля прачытання кнігі кожны адразу стане прафесійным выхаваўцам, бо выхаванне — гэта навык, які бацькі развіваюць у сабе ад нараджэння дзіцяці і нават пасля яго адыходу з бацькоўскага дома.
Што датычыць стылю выдання «Задаволеныя бацькі...», то яно нагадвае кнігу-канспект: кожны раздзел пабудаваны на аснове некалькіх тэзісаў, якія вылучаныя нават візуальна і затым развітыя з дапамогаю лагічных доказаў ці прыкладаў. Таму зручна чытаць кнігу абсалютна з любога месца, імгненна знаходзіць важную для сябе інфармацыю і спасцігаць асноўныя пункты сістэмы святога Яна Боска.
Для вернікаў, якіх цікавіць хрысціянскі аспект выхавання, цікавымі і карыснымі будуць таксама іншыя кнігі на гэтую тэматыку: «Складаныя дзеці добрых бацькоў» Джона Уайта (Масква, «Трыяда», 2011), «Як дзеці выхоўваюць бацькоў» Дэна Алендэра (Масква, «Трыяда», 2010), «Фактар маці: як пазбегнуць
тыповых памылак, якія робяць маці» Генры Клаўда і Джона Таўнсэнда (Масква, «Трыяда», 2009), «Як навучыць дзіця кіраваць сваімі эмоцыямі» Лінды Сіблі (Масква, «Трыяда», 2010) і іншыя выданні гэтых аўтараў.
З нядаўняга часу ў выдавецтве «Pro Christo» пачала выходзіць серыя кніг святара езуіта Юзафа Аўгустына. У кантэксце нашай тэмы сярод гэтых кніг асаблівай увагі заслугоўваюць наступныя: «Як любіць дзяцей: 12 прынцыпаў бацькоўскай любові» (2012) і «Даведнік па бацькоўству» (2012), пра якія ішла гутарка ў адным з папярэдніх нумароў часопіса.
Нельга абысці ўвагаю таксама кнігі, напісаныя для саміх дзяцей, якія сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі ў розныя перыяды свайго сталення. Заслужанаю папулярнасцю карыстаецца серыя кніг «Узрост росквіту» (Гатчына, выдавецтва Салезіянскага Цэнтра імя Яна Боска), створаная для падлеткаў. Некаторыя з іх (напрыклад, «Шукаем сяброў» Грацыелы Баската, «Калі вера мяне дастала» Таніна Ласконі) напісаныя ў форме адказаў на пытанні, якія задаюць самі падлеткі. Іншыя («Выбуховы ўзрост» і «Таямнічая мова цела» Таніна Ласкані, «Добры вучань» Грацыелы Баската) у форме жывых кароткіх разважанняў дапамогуць вырашыць праблемы, пра якія дзеці часам нават саромеюцца гаварыць з бацькамі.
Шмат можна пісаць пра кнігі, шмат можна даваць парадаў, але ўсе бацькі мусяць набыць свой вопыт у выхаванні. І я не сумняваюся, што кожны такі вопыт будзе варты новай асобнай кнігі, бо колькі людзей — столькі і шляхоў, па якіх мы ідзём да сэрцаў адно аднаго і да самога Пана Бога.
Ганна Шаўчэнка
Некаторыя з названых кніг, а таксама іншыя выданні
па тэме выхавання можна набыць у краме «Духоўная кніга»
па адрасе: г. Мінск,
вул. М. Багдановіча, 25.
Тэл. для даведак: (017) 293 17 53.