Сёння Паўліку Дэмскаму 6 гадоў. Ён прыгожы, здаровы, разумны і вельмі дапытлівы хлопчык. Яго цікавіць усё, на што б ён ні паглядзеў. Бацькі старанна адказваюць на ўсе ягоныя: «Чаму? Як? Дзе? Калі?..» Аднойчы ён спытаў: «Мама, а як вы жылі, калі мяне не было?». Алена ўздрыгнула ад такога пытання і, хаваючы слёзы, адказала: «Слава Богу, што ты ў нас ёсць, сынок!».
Гэта было ранняю вясною 2007 года. У прыёмны пакой мінскай восьмай бальніцы сабраліся жанчыны — хто на лячэнне, а хто для таго, каб забіць у сваім улонні яшчэ не народжанае дзіця. Сярод гэтых апошніх была і Алена Дэмская. На шчасце, у тую раніцу сюды прыйшлі легіянеры Марыі, каб дапамагчы жанчынам яшчэ раз падумаць над тым, што яны збіраюцца зрабіць. Алена, як ніхто, была адкрытая на такую размову. Расказала, што мае дваіх дзяцей, жывуць яны з бацькамі мужа ў 2-пакаёвай кватэры, да таго ж яе сужэнец любіць выпіць, таму яна вельмі баіцца нараджаць гэтае трэцяе дзіця. Размова, якая заўсёды суправаджаецца малітваю (адзін легіянер размаўляе, а другі моліцца) працягвалася больш за дзве гадзіны. Нарэшце Алена завагалася і вырашыла патэлефанаваць мужу. Мужчына сказаў, што яны ўжо ўсё вырашылі, аднак ён ні на чым не настойвае. Алена падзякавала легіянерам за размову, а потым, кіўнуўшы галавою ў бок пакою, дзе жанчыны пераапранаюцца для шпіталізацыі, сказала: «Я пайду туды, але яшчэ буду думаць». «Адтуль ты ўжо выйдзеш без дзіцяці і з пакалечанаю душою», — адказалі ёй легіянеры Марыі. Барацьба «за» і «супраць» раздзірала сэрца беднай жанчыны. Адна з легіянерак, абняўшы яе, спытала:
—Леначка, а ты любіш свайго мужа?
— Так, — не задумваючыся адказала яна.
— У імя гэтай любові ты не маеш права забіваць дзіця, бо яно плод вашага кахання. Аборт усё разбурыць...
Твар Алены прасвятлеў, яна яшчэ раз падзякавала і сказала, што народзіць дзіця. Потым забрала дакументы і пайшла з бальніцы.
23 лістапада 2007 года ў сям’і Дэмскіх нарадзіўся здаровы і прыгожы хлопчык, якога назвалі Паўлам. Адразу ж пасля нараджэння сына сям’я атрымала жыллё ў сямейным інтэрнаце, а праз два гады Дэмскія жылі ўжо ў 4-пакаёвай кватэры, якую пабудавалі па ільготным крэдыце. Пасля народзінаў дачушкі Дар’і ў 2009 годзе крэдыт дзяржава скасавала. Муж Алены Уладзімір знайшоў працу з большым заробкам і нават забыўся пра чарку. У лютым 2013 года ў іх нарадзілася пятае дзіця — сын Канстанцін. Сёння яны самі расказваюць усім, што нараджэнне Паўла прынесла ў сям’ю дабрабыт і шчасце.
Алена родам з Верхнядзвінскага раёна, што на Віцебшчыне, Уладзімір — мінчанін. Пазнаёміліся яны, калі Уладзімір прыязджаў да сваіх родных у вёску Жаўніно. Можна сказаць, што закахаўся ў Алену з першага позірку. Лена на той час мела трохгадовую дачушку Аню. Мужчына, ад якога яна нарадзіла дзіця, кінуў іх. Уладзіміра нішто не палохала і не спыняла, ён прапанаваў Алене выйсці за яго замуж і прывёз яе з Анечкай у Мінск да сваіх бацькоў. Гэта было ў лютым 2003 года, а ў жніўні 2004 года нарадзіўся сын Ілля.
Невядома, як бы склалася жыццё сям’і Дэмскіх, калі б міласэрны Бог не засцярог іх ад жудаснай трагедыі — забойства ненароджанага дзіцяці. Статыстыка пацвярджае, што пасля аборту палова сужэнскіх параў разыходзяцца. Яшчэ большы працэнт тых, хто пачынае потым злоўжываць алкаголем, а медыцынскія і псіхалагічныя наступствы нават страшна і ўявіць. Алена ўсё гэта цяпер добра разумее. Ведае пра гэта і яе муж Уладзімір. Ён, дарослы мужчына, як дзіця плакаў, калі да іх прыйшлі легіянеры Марыі, каб наведаць маленькага Паўліка. Узяўшы на рукі сына, які нібы дзве кроплі вады падобны да яго, Уладзімір прыгаворваў: «Паглядзіце, каго ж мы хацелі забіць?! Дзе ж былі нашыя мазгі, калі мы такое надумалі?!». Ён і не ведаў, як аддзячыць людзям, якія спрычыніліся да іх шчасця. Менавіта шчасця, бо з нараджэннем Паўліка яно прыйшло ў гэтую сям’ю.
Самае галоўнае не цудоўная 4-пакаёвая кватэра, а тое, што ў гэтай кватэры пануюць любоў і згода. Уладзімір прызнаўся, што любіць сваю жонку як і 10 гадоў таму, калі яны толькі ажаніліся. Лена ўвогуле сказала, што такіх мужчын, як яе Уладзімір, на свеце больш няма. Іх дзеці жывуць і гадуюцца ў любові, а гэта найважнейшае ў выхаванні малога чалавечка.
— Гадаваць цяжка адно дзіця, — гаворыць Алена. — З кожным наступным дзіцем становіцца ўсё лягчэй. Яны ўжо адзін аднаго гадуюць. А я зразумела, што па сваёй натуры з’яўляюся шматдзетнай маці. Я без дзяцей не магу і хвіліны, мне трэба, каб усе яны былі вакол мяне, таму і ў дзіцячы садок нікога не аддаём.
У нашай доўгай жаночай размове Лена неяк прызналася, што пятая цяжарнасць яе таксама напалохала, як калісьці трэцяя, калі хадзіла Паўлікам. Тады прыйшлі на дапамогу легіянеры Марыі, а цяпер убачыла ўлёткі ў абарону жыцця ў сваім пад’ездзе. Паклаў іх там праваслаўны святар, які жыве са сваёй сям’ёй у іх доме. Лена пачытала гэтыя ўлёткі, і ў яе душу вярнуўся супакой. Яна вельмі ўдзячная гэтаму бацюшку за такую завочную падтрымку, шчаслівая, што яе дзеці сябруюць з яго дзецьмі, марыць пазнаёміцца бліжэй з гэтай сям’ёй, бо ёй вельмі патрэбныя парады святара. Лена ў 21 год ахрысцілася ў праваслаўнай царкве. Дзяцей таксама там ахрысцілі. Стараецца дома маліцца, у царкву не ходзіць, хаця душа гэтага вельмі патрабуе. Уладзімір па бацькавай лініі мае польскія карані і родных у каталіцкай веры. Сам жа быў у дзяцінстве ахрышчаны ў царкве, але, як і Алена, веру ад бацькоў у спадчыну не атрымаў. У тым, што ў іх пад’ездзе жыве праваслаўны святар, сужэнцы Дэмскія бачаць Божы знак і спадзяюцца яго выкарыстаць.
Расказваючы пра гэтую цудоўную сям’ю, міжволі ўзгадваеш словы са Святога Пісання пра тое, што апошнія будуць першымі... Не сакрэт, што сярод глыбокаверуючых людзей сёння не вельмі многа шматдзетных сем’яў. Людзі баяцца нараджаць, а тут сям’я, якая сапраўды праз учынкі ідзе да Бога. Веру і малюся аб тым, каб словы Езуса Хрыста пра тое, што «шмат першых будзе апошнімі, і апошнія — першымі» (Мц 19, 30), сталі для сям’і Дэмскіх прарочымі.
Галіна Калевіч.
Фота аўтара.