Святая Барбара.

Ідзі сваім шляхам да свабоды і жыцця

Св. Барбара яшчэ і сёння пабуджае многіх хрысціянаў 4 снежня, у дзень, калі адзначаецца яе ўспамін, па старым звычаі зразаць галінкі вішні і ставіць іх у збан з вадой. Тады яны будуць цвісці на свята Нараджэння Пана. Яны з’яўляюцца галінкамі любові, якія сярод халоднай зімы дапамагаюць ёй цвісці, саграваюць і змяняюць халодныя сэрцы. Спачатку гэта было язычніцкім звычаем, які ў гады першых хрысціянаў стаў атаясамлівацца з гэтаю святою. Відавочна, што св. Барбара выпраменьвала любоў, мацнейшую за зімовы холад, любоў, якая была здольнаю прынесці святло ў цемру сэрца.

Легенда пра св. Барбару насычаная цікавым развіццём падзеяў. У перакладзе з грэцкай мовы імя «Барбара» азначае «чужаземка», альбо тая, якая прыходзіць з іншага свету — з незямнога. Яе бацька сачыў за тым, каб яна дакладна рабіла тое, што хоча ён. Ён зачыніў яе ў вежы, каб яна, у выпадку чаго, не пайшла сваім уласным шляхам. Яна мусіла жыць паводле плану, які склаў для яе бацька. Але калі ён накіраваўся ў падарожжа, св. Барбара запрасіла хрысціянскіх філосафаў і дыскутавала з імі. Яна перайшла ў хрысціянства і загадала зрабіць трэцяе акно ў вежы ў знак Трыадзінага Бога, у якога яна цяпер непахісна верыла. Бацька быў моцна раззлаваны ўпартасцю дачкі, якая вызвалілася з-пад яго апекі, ідзе сваім уласным шляхам і мае свае ўласныя думкі. Ён ператварыў вежу ў засценак для сваёй дачкі, але цудоўным спосабам ёй удалося збегчы.

Св. Барбара ўцякае ад раззлаванага бацькі ў горы і хаваецца ў пячоры. Аднак адзін пастух выдаў яе бацьку, а ён перадаў яе губернатару. Дачка і далей упарта адмаўлялася пакланяцца розным боствам, таму яе жорстка катавалі. Але ўначы да яе прыходзілі анёлы і лячылі яе раны. Распранутую св. Барбару гналі праз вуліцы горада і білі прутамі, але пруты ператвараліся ў пер’е паўліна і закрывалі яе. У засценку яе наведваў анёл, які прыносіў святую Камунію. У выніку яе асудзілі на смерць, загадаўшы адсекчы галаву. Уласны бацька трымаў меч, але, як толькі ён выканаў сваю справу, адразу быў забіты маланкай.

Які сэнс у гэтых бязлітасных аповедах? Можа, яны задавальняюць  жорсткія фантазіі чытача? Альбо яны могуць нешта сказаць нам сёння? У легендзе пра св. Барбару апісаны жорсткі бацька, які не спалохаўся змясціць сваю ўласную дачку спачатку ў вежу, пазбавіць свабоды і ў выніку нават адсекчы галаву. І ўсё ж гэты бацька не мае ўлады над дачкою. Яна незалежна ідзе сваім уласным шляхам. Анёлы лагодзяць яе раны, якія прычыняе бацька. Пасля кожнага ўдару яна прыгажэла. Праз свае раны яна судакраналася са сваёю сапраўднаю прыгажосцю, з першапачатковым непадробным вобразам, які стварыў у ёй Бог. Св. Барбара — гэта дачка, якая не дазваляе кіраваць бацьку, але ідзе сваім уласным шляхам. Яна з’яўляецца абяцаннем для многіх дачок, якія пакутуюць ад ранаў, ад душэўных траўмаў, нанесеных іх уласным бацькам. Гісторыя св. Барбары паказвае, што дачка не мае безнадзейнай і безвыходнай залежнасці ад бацькі. Анёл суправаджае і вядзе яе да сапраўднага жыцця.

Св. Барбару малююць з келіхам, у зялёным святарскім адзенні. Яна прапаведніца, якая прыносіць святое тым людзям, якія заблыталіся ў сабе. Яна стала выдатным вобразам індывідуалізацыі жанчыны: жанчыны-прапаведніцы, захавальніцы святога агню, заступніцы Святога. Яна захоўвае агонь любові, які не згасае ў холадзе гэтага свету. Яна прыносіць людзям Хрыста. Яна прыносіць святло ў людскую цемру і ежу тым, хто адчувае душэўны голад. Зялёнае адзенне сімвалічна ўказвае на жыццёвую сілу, якая сыходзіць ад яго.
Св. Барбару ўшаноўваюць як апякунку паміраючых. Яна апранутая ў зялёнае адзенне, якое не знішчыць смерць.

Св. Барбара спускаецца да людзей, якія маюць страх перад смерцю. У ёй ёсць мужнасць, каб сесці ў вязніцу. Калі яна трапляе туды, усё навокал становіцца светлым, цемра ператвараецца ў святло, шэрасць набывае зялёны колер. Св. Барбара з’яўляецца адной з Чатырнаццаці святых памочнікаў, той групы святых, якія з ХIV стагоддзя замацаваліся ў народнай пабожнасці, і іх ушанаванне хутка распаўсюдзілася па ўсім нямецкамоўным свеце. Сёння мы можам звяртацца да св. Барбары, каб яна ўтаймавала наш страх перад смерцю, наш страх перад непражытым жыццём, наш страх апынуцца ў пастцы былога ладу жыцця.

Адказваючы на наступныя пытанні, усвядомім, што наша ўласнае жыццё мае сэнс. Які лад жыцця трымае цябе ў няволі? Якія раны дзяцінства перашкаджаюць табе ў жыцці? Дзе ты адчуваеш сябе звязаным уяўленнямі, якія навязалі табе іншыя людзі? Давярай твайму ўласнаму шляху. Зламай разам са св. Барбараю вежу твайго старога ладу жыцця. Ідзі сваім шляхам да свабоды і жыцця. Нават калі вежа са сваімі тоўстымі сценамі, здаецца, не дае табе шанцу на ўласны шлях, давярай сіле, якая ёсць у табе пад бранёю ўнутранага і знешняга прымусу. Давярай анёлу, які суправаджае цябе і вывядзе з твайго зняволення, каб вылечыць твае раны і падараваць першапачатковую прыгажосць.


Анзэльм Грун

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.

Паводле: Anselm Grьn. Fьnfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fьrs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

Працяг будзе.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней