Дэпрэсія і пачуццё віны

«Для таго, каб апраўдаць давер Бога, хрысціянін з дэпрэсіяй гатовы на любыя подзвігі, на самыя гераічныя пастановы, асабліва ў час Вялікага посту. Зваротным бокам гэтага медаля заўсёды з’яўляецца ўсёпаглынальны страх страціць Любоў Бога, а часам наогул Яго ўвагу ў выпадку няўдачы».

У кожнага з нас хаця б аднойчы здараўся такі змрочны настрой, калі «апускаюцца рукі», кудысьці знікае радасць, а часам проста няма сілы распачынаць новы дзень. Абыякавасць, стомленасць, адсутнасць надзеі... а тут яшчэ і здароўе пагоршылася: галаўны боль, частыя прастуды, заўсёдныя праблемы са страўнікам. У такім стане нас можа ўстрывожыць і пакрыўдзіць любая дробязь, і часта марыцца толькі пра адно — каб усе пакінулі цябе ў спакоі. Менавіта гэты стан мы называем словам «дэпрэсія».

Аднак у сапраўднай дэпрэсіі ёсць яшчэ адзін важны сімптом, добра вядомы многім хрысціянам, — хранічнае пачуццё віны.

Паходжанне гэтага пачуцця лёгка прасачыць у першыя гады жыцця дзіцяці. Калі ў раннім узросце дзіця перажывае страты, то яно непазбежна сутыкаецца з пытаннем: «чаму?» Чаму мама больш не знаходзіцца са мною цэлы дзень, а заўсёды кудысьці знікае? Яшчэ ўчора была ўвесь час побач і нам было добра разам, а цяпер не хоча быць са мною — напэўна, разлюбіла. Тлумачыцца такое мысленне зусім проста: маленькае дзіця ЗАЎСЁДЫ менавіта сабе прыпісвае прычыну змяншэння ўвагі і любові, гэта значыць «я дрэнны, я правініўся — таму мяне не любяць». Адказваючы на пытанне: «Хто дрэнны — я ці мама, якая пакідае мяне?» — яно заўсёды выбера сябе, таму што, калі паверыць у тое, што дрэнная мама, ад якой цалкам залежыць яго жыццё, жыць стане невыносна страшна. І ў выніку, абараняючыся ад гэтага страху, дзіця заўсёды бярэ ўяўную віну на сябе і апраўдвае бацькоў. А потым заўжды ўзнікае імкненне выправіцца і заслужыць любоў.

Да дзіцячых стратаў, якія нараджаюць хранічнае пачуццё віны і сумненні ў сабе, адносяцца: ранні выхад мамы на працу пасля дэкрэтнага адпачынку, пераезд на новае месца жыхарства са стратаю сяброў, сітуацыя, калі дзіця аддаюць у садок да трох гадоў, асабліва калі гэта адбываецца неўзабаве пасля нараджэння малодшага, або аддаюць на выхаванне бабулі. Асобная страшная гісторыя — шпіталізацыя без бацькоў. І чым раней гэта адбудзецца ў жыцці дзіцяці, тым больш сур’ёзныя будуць псіхічныя наступствы, і пажыццёвая схільнасць да цяжкіх дэпрэсіяў — толькі адно з іх.

Калі стратаў у дзяцінстве, а значыць і віны, было шмат, то ў дарослым жыцці чалавек будзе пакутаваць ад пачуцця віны «за ўсё»: вінаваты ў тым, што на яго накрычалі ў краме, у тым, што яму наступілі на нагу, у тым, што нехта ў сям’і выпівае, што недаацэньваюць на працы, што жонка вечна незадаволеная, што дзеці грубыя, што бацькі развяліся, а часам нават адчувае віну за тое, што ён шчаслівы ў той час, калі ў блізкіх дрэнны настрой... Такое хранічнае пачуцё віны з’яўляецца складнікам дэпрэсіўнага характару і нараджае заўсёднае імкненне заслужваць любоў.

Зразумела, у свядомасці гэтае імкненне існуе ў прыхаванай форме, напрыклад, у выглядзе жадання бесперапыннага самаўдасканалення, працы над сабою і самавыхавання альбо навязлівага патрабавання да сябе заўсёды і ўсё рабіць правільна і ідэальна. Звычайна гэта суправаджаецца тэндэнцыяй усю віну і адказнасць за няўдачы прыпісваць сабе, а поспех — абставінам. І тут менавіта хрысціяне часцей за іншых сутыкаюцца з «пасткай дэпрэсіі». Хіба мы не павінны, скажаце вы, не хавацца ад адказнасці і рабіць рахунак сумлення, хіба не павінны адчуваць віну за грэх, хіба Касцёл не вучыць прымаць пастанаўленне выправіцца, і хіба не павінны мы не прыпісваць сабе таго, што з’яўляецца дзеяннем ласкі і Божым дарам? Зразумела, усё так. Толькі дэпрэсіўная віна на гэтым не спыняецца. Яна раз’ядае душу няспынным самакапаннем і самаабвінавачваннямі, якія часам даводзяць да таго, што чалавек пачынае сябе ненавідзець. Як часта мне даводзілася чуць ад веруючых фразы, прамоўленыя ў запале злосці: «Што я нарабіў, рукі б адарваць!», — а то й горш: «Проста забіць мала!» Зразумела, што гэта толькі словы, але колькі ў іх адпрэчанасці, непрыняцця, нелюбові. Для некаторых менавіта гэтыя пачуцці ў адносінах да сябе становяцца прычынаю суіцыду. А як жа любоў, міласэрнасць, доўгацярплівасць і прабачэнне? Ці Бог гаворыць пра гэтыя пачуцці толькі ў адносінах да іншага чалавека? Нянавісць застаецца нянавісцю, на каго б яна ні была скіраваная.


Усе мы ведаем запаведзь: любі бліжняга твайго, як самога сябе. «Я не хацеў бы быць тваім бліжнім, — сказаў аднойчы камусьці адзін святар, — ты не любіш сябе». А псіхолагі дадаюць: ты ніколі не дазволіш іншым любіць сябе больш, чым любіш сябе ты сам. І тут няма ніякай памылкі. Калі ты не любіш сябе, ты ніколі не паверыш, што іншы можа палюбіць цябе такога, і будзеш падазраваць яго ў хлусні альбо баяцца, што ён проста яшчэ не ведае цябе добра, але калі ўведае — адразу разлюбіць. На жаль, гэтыя сумневы распаўсюджваюцца і на Бога. Як часта мы не можам дараваць сабе нават пасля таго, як Пан Бог сказаў «прабачаю», і яшчэ доўгі час пасля споведзі абвінавачваем сябе і пагарджаем сабой. А заснаваны гэтыя перажыванні на глыбінным нявер’і ў тое, што мяне МОЖНА любіць нават такога. І тады мы стараемся заслужыць, а часам нават выслужыць любоў Бога і, самі таго не заўважаючы, становімся не дзецьмі, а наймітамі, гэта значыць тымі, хто атрымлівае любоў у аплату за працу. А з часам пачынаем пытацца: чаму мала заплаціў, я ж зарабіў больш? Затым — знаёмая гісторыя аб патрабаванні спадчыны і адыходзе з дому блуднага сына...

 

Але вернемся да дэпрэсіі, дакладней, дэпрэсіі ў хрысціянскім жыцці.

Імкненне заслужыць любоў на фоне заўсёднага незадавальнення сабою, абставінамі і жыццём у цэлым (што часта суправаджаецца фізічнымі захворваннямі), на жаль, з’яўляецца нярэдкай практыкай у парафіяльным жыцці. Для таго, каб апраўдаць давер Бога, хрысціянін з дэпрэсіяй гатовы на любыя подзвігі, на самыя гераічныя пастановы, асабліва ў час Вялікага посту. Зваротным бокам гэтага медаля заўсёды з’яўляецца ўсёпаглынальны страх страціць Любоў Бога, а часам наогул Яго ўвагу ў выпадку няўдачы. І менавіта дэпрэсія часта прымушае нас забывацца пра галоўнае: што б мы ні рабілі ў парафіі, як бы ні ўтаймоўвалі сябе ў час посту, мэта ў кожнага з нас заўсёды адна — зноў і зноў адкрываць, што Бог любіць мяне з усёй маёй недасканаласцю і правінамі, любіць бескарысліва, і менавіта таму Пан Езус узышоў на крыж. Бо так палюбіў цябе Бог, што даў Сына свайго Адзінароднага, каб ты, верачы ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.


Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 4 (156) 2008

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней