
«Страчаныя магчымасці. Нязбытныя мары... Ёсць адзін вельмі добры спосаб вызваліцца ад гэтага адчування, толькі не палянуйцеся выкарыстаць яго — жыццё без прысмаку горычы вартае таго, каб прыкласці намаганні», — псіхолаг Наталля Пан разважае пра жаданні і мары.
Ці памятаеце вы тое асаблівае перажыванне? Вы вучыцеся ў малодшых класах. Перапынак. У калідоры і ў класе заўзяты голас. У вакно свеціць сонейка. Вы стаіце ля чыстай дошкі з кавалачкам крэйды ў руцэ... Ці памятаеце вы тое дзіўнае адчуванне, што можна напісаць або намаляваць усё, што захочаш, а калі не спадабаецца, можна ўсё выправіць. І цэлае жыццё наперадзе, вы замерлі з крэйдай у руцэ перад вялізнаю дошкаю, і ў гэты момант у свеце няма ні няўдачаў, ні хваробаў, ні старасці... А потым — дзевятнаццаць гадоў і, здаецца, што ўсё залежыць толькі ад цябе, што магчыма ўсё...
А ці памятаеце, з якімі пачуццямі вы сталі здагадвацца пра тое, што вы, менавіта вы не зможаце мець усё, што хочаце? Што гэта было — прыкрасць, пратэст, гнеў, страх, узрушэнне? Як балюча, калі разбіваюцца мары, асабліва калі здаецца, што гэта адбываецца толькі ў вашым жыцці. Мы не любім успамінаць пра гэта, але з кожным годам становімся ўсё больш пахмурнымі і раздражнёнымі.
Дарослыя людзі любяць паразважаць на гэтую тэму: «Вядома, немагчыма мець усё, паўсюль не паспееш, усіх грошай не заробіш», — гаворым мы з разумным выразам твару, але калі гэтае «не» датычыць менавіта нас, настрой раптоўна псуецца, а ў душы нарастаюць прыкрасць, крыўда і гнеў. «Мы ж не прэтэндуем мець наогул усё, а толькі тое, чаго вельмі хочацца!»
Паспрабуем разабрацца, з чаго складаюцца нашыя палкія жаданні, нашыя мары, вялікія і малыя
Перш за ўсё, мы хочам жыць. І мець мінімум, неабходны для жыцця. Гэта, вядома, ежа, хаця б няшмат і хаця б зрэдку. Альбо шмат, заўсёды, калі захочацца, і не любая, а толькі тая, што падабаецца, а часам проста дарагая і модная? Яшчэ вадкасць, каб не адчуваць пакутлівай смагі. Або толькі з «асаблівым смакам», і толькі з рэкламнага роліка. Сон. Каб аднаўляць сілы пасля фізічнай актыўнасці. Альбо замест актыўнасці, ад нуды, у якасці супраціўлення неабходнасці што-небудзь рабіць, а можа, «ад крыўды». Што яшчэ патрэбна целу для элементарнага жыцця? Так, яшчэ кісларод, дзякуй Богу, з ім усё проста...
А яшчэ мы хочам мець гарантыі, што будзем жыць і заўтра. І таму хочам не хварэць самі і абараніць ад хваробы нашых блізкіх. А для гэтага клапоцімся пра сябе і іншых, не рызыкуючы дарэмна і не злоўжываючы шкоднымі рэчывамі, своечасова наведваем урача. Альбо не? А можа, мы проста спадзяемся на цуда-таблеткі, цуда-рэцэпты і цуда-харчовыя дабаўкі, не захоўваючы пры гэтым элементарныя правілы нармальнага ладу жыцця, пасля наракаючы на ўрачоў і вытворцаў усялякіх «цудаў»... Але, збіраючыся жыць і заўтра, мы хочам таксама мець запас — прадуктаў у лядоўні, адзення на кожную нагоду, грошай на рахунку, карысных знаёмстваў. Часам на накапленне запасу расходуецца ўсё жыццё! Шкада, што немагчыма наесціся і выспацца ў запас...
Мы вельмі хочам быць любімымі. А значыць, хочам увагі, павагі, падтрымкі, спачування, пяшчоты... Часам хочам гэтага патрабавальна, настойліва, капрызліва і заўсёды. І тады крыўдзімся на блізкіх за тое, што яны любяць нас не так і не столькі, як нам хочацца, а кожную адмову ўспрымаем як асабістую абразу. І менавіта ў такія моманты здаецца, што да таго, што мы хочам, рукой падаць, ды толькі блізкія дрэнна стараюцца. Прыкрасць, заўсёдная незадаволенасць і крыўда або, хутчэй, пакрыўджанасць — расплата за дзіцячую веру ў тое, што можна мець усё, што захочаш.
Мы хочам мець спакой у душы і не адчуваць ніякіх згрызотаў, а гэта часцей за ўсё азначае, што мы проста хочам быць задаволеныя самі сабою, адчуваць сябе «вартымі людзьмі». І тады мы стараемся даскочыць да планкі свайго ідэалу. У тым і справа, што СВАЙГО. І як жа злуемся на сябе, калі і тут не можам мець усё. А як наконт таго, што «мой ідэал самы ідэальны» і ўсе павінны прыслухоўвацца да МАЁЙ думкі? Зрэшты, гэта ўжо гутарка пра пыху.
Да ўсяго ж, бесперапынна, кругласутачна, нават у сне, усёй душой мы хочам задавальненняў, камфорту і пацехаў. І каб не горш, чым у іншых.
Цяпер крыху пра расчараванні і разбураныя мары, пасля якіх нараджаецца паняцце так званай чалавечай справядлівасці. Гэта яна звяртаецца да Нябёсаў: «Хіба ж я не меў права атрымаць тое, што хачу? Чаму? Дзе справядлівасць?!» Балюча, крыўдна, у сэрцы абуранасць, або, як мы часам гаворым, — «праведны гнеў». Але хто і калі абяцаў нам, што мы будзем мець у жыцці ўсё, што захочам?! Так, так, але там яшчэ напісана: «Просіце, але не атрымліваеце, таму што просіце не на дабро, а каб ужыць для вашых жаданняў» (пар. Ян 4, 3).
Як сумна, што менавіта ў гэтых пачуццях і ў гэтай мітусні праходзіць большая частка амаль кожнага дня. І жыцця.
А як жа мары, як жа крэйда ў руцэ, як жа чыстая дошка? Ці памятаеце той момант? Хіба вы не былі шчаслівыя ў тую секунду? А хіба шмат вы мелі тады?
...Я вельмі люблю гэтыя словы: «Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем — гэта вялікая карысць» (1 Цім 6, 6). Быць задаволеным — значыць радавацца таму, што маеш, і не тужыць пра тое, чаго не маеш. Уся справа ў тым, на чым мы канцэнтруем сваю ўвагу, пра што думаем, а тут вялізную ролю адыгрывае звычка.
Такім чынам, важна думаць пра тое, што ёсць, а не пра тое, чаго няма.
І яшчэ. Важна адпусціць тое, што ўжо не адбудзецца, тое, што немагчыма для вас. Для іншых, магчыма, а для вас НЕ. Можа быць, калі б не той фатальны дзень, не тая фраза, не той чалавек, не тое дзяцінства, сям’я, горад, краіна або іншы час, усё магло б адбыцца. Але не адбылося. Страчаныя магчымасці. Нязбытныя мары... Ёсць адзін вельмі добры спосаб вызваліцца ад гэтага адчування, толькі не палянуйцеся выкарыстаць яго — жыццё без прысмаку горычы вартае таго, каб прыкласці намаганні.
На гэта спатрэбіцца тры дні
Дзень першы. Вазьміце вялікі белы ліст паперы і напішыце загаловак: «Шкада, што гэтага ўжо не будзе». І пачынайце па пунктах пісаць, а ў дужках запішыце прычыну, па якой гэта не адбылося. Напрыклад: «Не пасябрую з тымі хлопчыкамі ў двары майго дзяцінства (я быў вельмі сарамлівы, бо дарослыя не навучылі мяне стасункам з іншымі людзьмі). Не стану балерынаю (у маёй мясцовасці не было харэаграфічнай школы). Не скажу галоўных словаў памерламу бацьку (я быў яшчэ занадта малады і верыў у тое, што ў жыцці ўсё будзе так, як я захачу)». Трэба ўспомніць усё жыццё, можна не па парадку. Думайце, потым запісвайце, зноў думайце, а вечарам зноў запісвайце. І пражывіце з гэтым усю ноч. А раніцаю дапішыце астатняе.
Дзень другі. Калі ўсё будзе дапісана, апраніцеся ўрачыста (вашыя мары вартыя такой павагі), памаліцеся і прачытайце шэптам усё ад пачатку да канца сабе і Богу, задумваючыся над кожным словам. Устаньце з каленяў і ... спакойна парвіце ліст разбураных мараў на дробныя кавалачкі, падобныя да шматкоў снегу, адначасова развітваючыся з ім... Выйдзіце на балкон, альбо станьце на нейкае высокае месца і, адпускаючы смутак, пасыпце зямлю «белым снегам».
Дзень трэці. Вазьміце вялікі белы ліст паперы і напішыце загаловак: «Дзякуй, Божа, за тое, што гэта было і ёсць». А далей вы ведаеце, што рабіць. У канцы дня прычытайце ўсё напісанае Богу на малітве, акуратна складзіце і схавайце напісанае. Няхай яно сагравае вашае сэрца.
І новых вам надзеяў і дароў.
Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria», №7-8(159-160), 2008
Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:
- Занадта высокая цана
- Таямніца любові
- Пра што не хочацца думаць
- Шукаць падтрымкі ў Бога
- Што значыць быць бацькам?
- Ці трэба любіць сябе?