
«Першая Камунія з белым бантам»
Тое, што кніга — найлепшы падарунак, далёка не банальная ісціна. Пройдзе ўрачыстасць Першай святой Камуніі, раз’едуцца госці, з’ядуцца апошнія цукеркі, і тады, у спакойную вольную хвілінку, вы разгорнеце з вашымі дзецьмі цікавую, ярка аздобленую кнігу Яна Твардоўскага «Першая Камунія з белым бантам» (Мінск, «Pro Christo», 2013) — і ажыве ў сэрцы трапяткое хваляванне, якое было ў дзень першай сустрэчы з Панам Езусам, а душы зноў захочацца памаліцца, бо яна ўзгадае, Хто для яе ў гэтым свеце найважнейшы.
Аўтар кнігі, польскі святар, быў правадніком у веры для многіх пакаленняў дзяцей і дарослых, таму ў сваіх апавяданнях ён умеў вельмі проста і даступна расказаць пра складаныя рэчы, якія ўсе мы ведаем, але часта не можам зразумець і ў дарослым жыцці, і ў старасці. Сакрэт кс. Яна як апавядальніка ў тым, што ён не выкладвае на паперы сухія догмы, а заклікае маленькага чытача паразважаць. Як распазнаць, што Пан Езус прыходзіць да цябе, калі Ён нябачны? Чаму Пан Езус прыходзіць? Як доўга гэты Нябачны Госць прабывае ў тваім сэрцы? З дапамогаю гэтай кнігі дзіця змалку навучыцца бачыць канкрэтныя праявы Божага дзеяння ў сваім жыцці.
«Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць»
Добрым падарункам стане яшчэ адна кніга дзіцячых апавяданняў кс. Яна Твардоўскага — «Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць» («Pro Christo», 2014). Ключавым паняццем гэтае кнігі з’яўляецца радасць. Аўтар нібы спрабуе дайсці да сутнасці, да найглыбейшых крыніцаў, сапраўдных прычынаў гэтага стану чалавечай душы, вучыць знаходзіць сярод мноства падманлівых і часовых радасцяў зямнога свету тую нязгасную радасць, якая здольная перамяняць чалавечую душу. «Ці ўмееш ты шукаць усмешку?», «Чаму мы радуемся?», «Ці ўмееш ты любіць?» — на першы погляд, назвы і тэмы апавяданняў падаюцца вельмі простымі, але нават мы, дарослыя, не заўсёды ўпэўненыя, што можам правільна адказаць на гэтыя пытанні.
Кс. Ян Твардоўскі вучыць знаходзіць радасць у кожным, нават пахмурным, дні, усміхацца нават непрыяцелю, заўважаць Божыя цуды ў штодзённых з’явах. Аўтар пераконвае: нават калі ты бедны, хворы і адрынуты людзьмі — ты ўсё роўна можаш падабацца Пану Езусу, калі маеш добрае, чыстае сэрца.
«Кубак з адным вухам»
Несумненна, вялікаю радасцю павінна стаць для дзяцей і іх бацькоў беларускамоўнае выданне яшчэ адной кнігі кс. Яна Твардоўскага — «Кубак з адным вухам» («Pro Christo», 2016, пераклад Г. Шаўчэнка). Гэтая кніга аднозніваецца ад папярэдніх выданняў дзвюма істотнымі асаблівасцямі. Па-першае, сабраныя ў ёй творы арыентаваныя ўжо не толькі на самых маленькіх чытачоў, але і на дзяцей старэйшага ўзросту (верш «Развітанне са школаю», апавяданне «Цяжкі выбар» і інш.), і нават на дарослых, або на «дзяцей, якія захутка выраслі» (вершы «Удалося», «У альбом», «Каўчэг», «Малітва марнатраўнага сына», «Скруха марнатраўнага сына», «Велікодная малітва» і інш.).
Змястоўна кніга ахоплівае самыя разнастайныя аспекты чалавечага жыцця: нараджэнне маленькага дзіцяткі, яго пазнанне свету, любові і найважнейшых жыццёвых каштоўнасцяў, вучоба і выхаванне, першае каханне, сяброўства, будаванне адносінаў з Богамі і блізкімі людзьмі, праца і адпачынак, багацце і беднасць… Многія разважанні кс. Яна Твардоўскага прапушчаныя праз прызму ўласных дзіцячых успамінаў і таму афарбаваныя лёгкай настальгіяй.
…Падараная дзіцяці кніга — гэта надзвычай добрая «інвестыцыя» ў яго духоўнае развіццё. Кніга створыць настрой, змусіць задумацца над сваім жыццём і адносінамі да бліжніх, яна будзе зноў і зноў вяртаць думкі вашага дзіцяці да радаснага свята Першай Камуніі, да зробленых у той дзень пастановаў і самае важнае — да Пана Бога.
Ганна Серэхан
Кнігі можна набыць у краме «Духоўная кніга»
(г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, тэл.: (017) 293-17-53).