«Дзённік» св. сястры Фаўстыны Кавальскай («Pro Christo», 2014)
У выдавецтве «Pro Christo» пабачыў свет «Дзённік» святой сястры Фаўстыны Кавальскай на беларускай мове ў перакладзе Крыстыны Лялько. Выхаду гэтае кнігі даўно чакалі беларускія вернікі. І не дзіўна, бо яна з’яўляецца бестселерам сусветнай містычнай літаратуры. Гэта адначасова захапляльная гісторыя адносінаў душы з Богам і падручнік цярпення, пакоры ды малітвы, шчодрае аб’яўленне Божай міласэрнасці і кніга-гімн на яе хвалу.
«Дзённік», які складаецца з шасці сшыткаў і дадатку «Мая падрыхтоўка да святой Камуніі», сястра Фаўстына пісала на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця (1934–1938) па наказе спаведнікаў і выразным загадзе Езуса Хрыста. У ім апісаныя містычныя сустрэчы святой з Панам Богам і перададзена пасланне Божай Міласэрнасці, якое так патрэбнае ўсяму сучаснаму свету і кожнаму чалавеку паасобку. Таму гэта адна з кніг, што назаўсёды перамяняюць душу чытача і да якіх можна шматразова звяртацца на працягу ўсяго жыцця.
Падзеі, апісаныя ў «Дзённіку», распавядаюць пра зараджэнне культу Божай Міласэрнасці, у прыватнасці пра гісторыю стварэння абраза Езуса Міласэрнага, устанаўлення свята Божай Міласэрнасці, з’яўлення і распаўсюджвання Вяночка да Божай Міласэрнасці, а таксама адпаведнай літаніі і навэнны. З гэтым набажэнствам Пан Езус звязваў вялікія абяцанні і прасіў сястру Фаўстыну перадаць іх усяму чалавецтву: «Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу»; «з душамі, якія будуць прыбягаць да Маёй міласэрнасці і якія будуць яе праслаўляць і абвяшчаць іншым пра Маю вялікую міласэрнасць, Я паступлю ў гадзіну смерці адпаведна Маёй бясконцай міласэрнасці»(Дз., 48,379). Кніга перапоўнена сведчаннямі, просьбамі, благаслаўленнямі і абяцаннямі, якія сам Пан Бог перадае нам праз сястру Фаўстыну.
Знаёмячыся з гісторыяй сустрэчаў і адносінаў душы з Богам, мы бачым Яго, па-першае, як Найміласэрнейшага Айца, адначасова патрабавальнага і бязмежна шчодрага. Найбольшае, што Бог патрабаваў ад святой і патрабуе ад кожнага чалавека, — гэта поўная паслухмянасць і пакора, а ўзамен Ён прапануе сваю моц і незлічоную колькасць ласкаў. Па-другое, Пан паўстае перад душою як яе любячы Абраннік, таму малітоўныя містычныя сустрэчы, сведкамі якіх мы становімся пры чытанні «Дзённіка», напоўнены вялікаю далікатнасцю Бога, які дае душы поўную свабоду, і Яго пяшчотнаю любоўю, якую немагчыма ахапіць чалавечым розумам: яна шчодрая на нечаканыя і незвычайныя праяўленні адданасці, вернасці і дабрыні. Пан Езус вучыць, што быць абранніцаю Бога — значыць не толькі прымаць дары Яго любові, але і падзяляць з Ім Яго цярпенне: «Я чакаў цябе, каб падзяліцца цярпеннем, бо хто ж лепш зразумее Маё цярпенне, як не Мая абранніца?» (Дз., 348). У святле такой любові жыццёвае цярпенне набывае канкрэтны духоўны сэнс, яно становіцца сапраўднаю ласкаю і сведчаннем Божага даверу. Бог верны, Бог даверлівы, Бог церпячы, Бог, які прагне нашай адданасці і якога моцна раніць наш недавер і наша нявернасць, — пра гэтыя ўласцівасці Бога-Абранніка мы рэдка задумваемся, бо найчасцей успрымаем Яго як строгага і справядлівага Суддзю. Разам са святой Фаўстынаю мы пазнаем Бога і Яго міласэрнасць так, што наш духоўны зрок умацоўваецца і дазваляе бачыць рэаліі свайго зямнога жыцця іншымі, чым дагэтуль.
Хрыстус аб’яўляецца ў жыцці сястры Фаўстыны таксама як клапатлівы Кіраўнік, які сам вядзе душу да сябе, нягледзячы на яе слабасці, памылкі, сумненні. Ён сам вучыць душу глыбокай малітве, якая абяззбройвае Божую справядлівасць. Таму «Дзённік» святой Фаўстыны можна лічыць багатым зборнікам малітваў, якія нараджаліся ў сустрэчах душы з яе Абраннікам, у якіх чытач пазнае свой духоўны стан і якімі хоча маліцца штодня. Гэтаму спрыяе сама мова кнігі — даступная, простая, яна закранае найглыбейшыя куточкі душы.
З гэтаю кнігаю нібы нанова перажываеш усё сваё жыццё, пераглядаючы яго ў іншым святле — у ззянні Божай міласэрнасці. Пачынаеш па-іншаму ўспрымаць свае дасягненні і няўдачы, свае жаданні і мары... Душа спакайнее і лагаднее, ды ўслед за святою Фаўстынаю хоча паўтараць: «Я змучана і спрацавана, // Але сумленне мне сведчыць аб тым, // Што я раблю ўсё для большай хвалы Пана, // Пан — мая спадчына і мой спачын» (Дз., 1000)...
Ганна Шаўчэнка