Выкладчык дагматычнай тэалогіі і касцёльнага спеву ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, ксёндз Тадэвуш Вышынскі, атрымаў папскую ўзнагароду «Pro Ecclesia et Pontifice» («За заслугі перад Касцёлам і Папам»).
Уручэнне ўзнагароды адбылося 1 чэрвеня падчас святой Імшы, якую біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў у капліцы гродзенскай семінарыі ў знак падзякі за навучальны год.
«Pro Ecclesia et Pontifice» — найвышэйшая адзнака, якой Святы Айцец можа ўзнагароджваць кансэкраваных асобаў (яе могуць атрымліваць і свецкія вернікі).
Узнагарода была зацверджаная ў 1888 г. папам Львом ХІІІ. Яна даецца па просьбе дыяцэзіяльных біскупаў духоўным або свецкім асобам за вялікія заслугі перад Касцёлам.
Паводле catholic.by
Сардэчна віншуем шаноўнага ксяндза Тадэвуша Вышынскага з высокаю папскаю ўзнагародаю і жадаем, каб гэтая заслужаная адзнака Вашай ахвярнай працы, паважаны ксёндз Тадэвуш, дала Вам яшчэ больш сілы і натхнення для далейшага плённага служэння Хрысту і Яго святому Касцёлу.
Рэдакцыя часопіса «Ave Maria»