Геральдычнае апісанне герба

Біскупскі герб Аляксандра Яшэўскага SDB мае наступнае геральдычнае апісанне.

Французскі шчыт падзелены на тры часткі срэбраным кантам. Першая частка зялёнага колеру з залатым якарам, увянчаным срэбранай зоркай-каметай з хвалістым хвастом; другая — блакітнага колеру з трыма пераплеценымі колцамі залатога колеру; трэцяя — чырвонага колеру з залатым шатром.

Дэвіз: CUI DEUS EST OMNIA SUNT, напісаны загалоўнымі лацінскімі літарамі і змешчаны на лунаючую стужку з чырвоным сподам.

Шчыт узмоцнены трохпялёсткавым залатым крыжам з зялёным каштоўным каменем у цэнтры, над якім — прэлацкі капялюш зялёнага колеру, з якога звісаюць дванаццаць пампонаў, па шэсць з кожнага боку, такога ж самага колеру, змешчаныя па парадку ў колькасці 1, 2, 3.

Вышэйапісаныя знешнія ўпрыгожанні ў геральдыцы ўказваюць на біскупскую годнасць.

 

Значэнне біскупскага герба

Дэвіз

Дэвізам свайго служэння біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, абраў словы CUI DEUS EST OMNIA SUNT — «У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё», якія нагадваюць пра словы святога Яна Боска, пададзеныя ў якасці думкі на пачатку законнага і святар­скага шляху. Праз гэты дэвіз біскуп хоча падкрэсліць, што глыбокая і інтымная сувязь 

з Богам павінна быць галоўнай кіруючай сілай у жыцці і дзейнасці біскупа як пастыра і вернікаў як авечак статку.

 

Сімвалы ў гербе

Тры элементы, якія складаюць біскупскі герб біскупа Аляксандра, прадстаўляюць разам мінулае і будучыню яго служэння. У першай частцы, зялёнага колеру, змешчаны залаты якар, што азначае надзею, адну з тэалагальных цнотаў. Гэты якар дапаўняе змешчаная з левага боку зорка-камета з хвалістым хвастом і з сямю промнямі, што з’яўляецца раннехрысціянскім марыйным сімвалам. Яна мае срэбраны колер — сімвал празрыстасці, чысціні Найсвяцейшай Панны Марыі, Багародзіцы, Успамогі Хрысціянаў, сялібы Святога Духа і ўлоння, дзе Божае Слова сталася Целам. Гэтыя сімвалы былі ўзятыя з герба законнай сям’і, з якой біскуп Аляксандр быў пакліканы да біскупскага служэння — з супольнасці салезіянаў святога Яна Боска. Гэты вялікі выхаваўца фармаваў моладзь такім чынам, каб кожны мог стаць «добрым хрысціянінам і сумленным грамадзянінам». Таксама і біскуп Аляксандр перакананы ў тым, што адра­джэнне грамадства магчымае толькі на шляху хрысціян­скага жыццёвага вопыту, які накіроўвае і робіць якаснымі культурныя і грамадскія заданні. Гэтая частка герба мае зялёны колер, што асацыюецца з прозвішчам засна­вальніка кангрэгацыі салезіянаў Яна Боска (што ў перакладзе азначае «лес, гай»), а таксама з прыгажосцю беларускай прыроды. Акрамя таго, гэты колер сімвалізуе перамогу, гонар, дабрабыт і сяброўскую прыязнасць.

Другая частка, блакітнага колеру, звязана са словамі, выбранымі ў якасці дэвізу («У кім ёсць Бог, у таго ёсць усё»), а таксама з дасканаласцю, да якой павінен імкнуцца біскуп, які бачыць існаванне ўсёй створанай рэчаіснасці ў Боскай Тройцы, што прадстаўлена трыма пераплеценымі залатымі колцамі (сімвал, які выкарыстоўваецца з ХІІІ ст.). Гэтая частка мае блакітны колер, які сімвалізуе нятленнасць неба, а такім чынам і ўсе памкненні да да­сканаласці, што ўзносяцца да канчатковай паўнаты ў Богу, Адзіным у Тройцы.

Трэцяя частка, чырвонага колеру, прадстаўляе выяву шатра, што нагадвае пра падзею Перамянення Пана і словы святога Пятра: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі» (Мк 9, 5). Менавіта ў той дзень, калі Касцёл адзначае свята Перамянення Пана, біскуп Аляксандр нарадзіўся на свет, і гэтым знакам сцвярджае скіраваны да яго заклік Пана перамяняцца асабіста і праз біскупскае служэнне перамяняць іншых. Гэтая частка мае чырвоны колер, які азначае боства Хрыста і Ягоную любоў, настолькі моцную, што дзеля яе Ён праліў сваю Кроў за ўсё чалавецтва.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней