Чаму мы не хочам стаць святымі?
31.10.2014 | № 9 (234) 2014 | Сям’я

Што намі кіруе: страх ці эгаізм?

Пакліканне кожнай сям’і — гэта нараджэнне і выхаванне дзя­цей у веры. Мы з гэтым зга­джаемся, але пра колькасць дзяцей гатовы спрачацца з самім Панам Богам. І паспрабаваў бы Ён толькі сказаць, што чакае ад нас нара­джэння сямі, а то і дванаццаці дзяцей!.. Не, у нас ёсць дакладная ўстаноўка, што колькасць дзяцей у сям’і не павінна перавышаць лічбу 2, 3, у крайнім выпадку — 4. Гэта мы, «богі», будзем вырашаць, калі, колькі і ў якіх умовах прымем тое, што ёсць прамым абавязкам хрысціяніна. 


І калі «патрэбная» колькасць дзяцей ужо ёсць, у нас з’яўляецца страх. Страх ад адной толькі думкі: што будзе, калі я пераступлю тую намаляваную мной рысу?.. Забягу наперад — нічога не бу­дзе, канец свету не настане. Але пра гэта мы не думаем, а думаем толькі пра тое, як гэтую рысу не пераступіць, як задушыць сваю плоднасць. 

І вось тут пачынаецца парадокс: бясплодныя пары моляць Бога аб здароўі, аб плоднасці, а мы ім зайздросцім і гатовы былі б на ўсё, каб стаць бясплоднымі, а калі мы добрыя католікі, то чапляемся за саломінку: вывучаем метады распазнавання плоднасці, мераем тэмпературу і малюем графікі, апраўдваючы сябе тым, што Касцёл гэта дазваляе. І не звяртаем увагі на словы з катэхізіса — «у выключнай сітуацыі».

Для кожнага свая сітуацыя выключная. Але калі прааналізаваць, то можна зразумець, што часцей за ўсё ў аснове такой пазіцыі ляжыць недахоп веры.

Секс павінен быць заснаваны на даверы, але пра які давер ідзе гаворка, калі жанчына баіцца чарговай цяжарнасці. Мы, жанчыны, робім вялікую памылку, выхо­дзячы замуж і не маючы цвёрдага рашэння прыняць кожнае дзіця, якое хоча нам даць Бог. Мы намагаемся кантраляваць сваю плоднасць, тым самым вызваляючы мужчыну ад яго прамой функцыі — браць адказнасць на сябе за кожнае сваё дзеянне, за жонку, за новае жыццё. Часам у нашых каталіцкіх сем’ях жанчыны замест таго, каб атрымаць маральную падтрымку, чуюць дакор ад мужа за чарговую цяжарнасць: «Гэта ты расслабілася!». 

Прыхільнікі таго, што метады распазнавання плоднасці павінны быць стылем жыцця кожнай хрысціянскай сям’і, у пытанні пра адказнасць кажуць, што муж павінен удзельнічаць у кантролі плоднасці сваёй жонкі. Ці не лічыце вы гэта амаральным? Скажу больш: метады распазнавання плоднасці не з’яўляюцца навукай Касцёла і дазволеныя толькі ў выключных сітуацыях, а выключная сітуацыя ніяк не можа быць стылем жыцця.

Існуе думка, што нараджаць шмат дзяцей можна тады, калі муж зарабляе вышэй сярэдняга, ды і жонка павінна заставацца стройнай прыгажуняй. Але ж нараджэнне кожнага наступнага дзіцяці — гэта ахвярнасць. Нехта павінен навучыцца жыць сціпла, адмаўляючы сабе ў прыемных дробязях, а нехта павінен ахвяроўваць сваёй фігурай або нават здароўем.

Як узор духоўных адносінаў, еднасці і пакоры Касцёл дае нам Святую Сям’ю Юзафа і Марыі. Ёсць таксама і іншыя прыклады: бацькі св.Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса — Луі Мартэн і Зэлі Гэрэн. Сярод дакументаў Луі быў зной­дзены запіс: «Шлюб, у якім хочуць сексуальнай актыўнасці, але не хочуць дзяцей — несапраўдны». У свой час маці Тэрэзы — Зэлі, незадоўга да смерці пісала ў лісце да адной са сваіх дачок: «Свет больш не быў для нас цяжарам. Для мяне гэта была вялікая ўзнагарода, я хацела мець шмат дзяцей, каб гадаваць іх для Неба».

Святая Джанна Берэтта Молла казала: «Любіць — значыць жадаць удасканальваць сябе, любімага чалавека, пераадоль­ваць эгаізм, аддаваць сябе… Сакрэт шчасця: пражываць кожнае імгненне, дзякуючы Пану Богу за ўсё, што Ён у сваёй дабрыні пасылае нам дзень за днём».

Святая Джанна Молла памерла пасля чацвёртых родаў. Так, але ж яна стала святой. Дык чаму мы не хочам стаць святымі?


Рэбека, 
якая чакае нараджэння трэцяга дзіцяці.

 

Цэтлікі: Разважанні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней