Бацькоўства без ілюзій

Бацькоўства і мацярынства, як казаў св. Ян Павел ІІ, — гэта не толькі дар, але і заданне. Бацькам (вельмі важна падкрэсліць: і бацьку, і маці) даецца магчымасць выхаваць і сфармаваць новую асобу і прывесці яе да Бога. Сёння, як і заўсёды, бацькі сутыкаюцца з дзвюма крайнасцямі: глянцавым інстаграм-бацькоўствам і свядомым адмаўленнем ад дзяцей — філасофіяй «чайлд фры».


Увогуле, чалавеку гэта ўласціва, бо ад самага пачатку ў нас ёсць раскол, звязаны з разуменнем чалавечай натуры: з аднаго боку, мы створаны па Божым вобразе і падабенстве, з іншага — маем выбар самавызначэння і свабодную волю. Да таго ж, першародны грэх мае сваю праекцыю на нашую рэальнасць. Чалавек пастаянна сутыкаецца з унутраным канфліктам свабоднага выбару, у тым ліку ў далікатным і вельмі важным пытанні, ад якога залежыць лёс чалавецтва: нараджэнне і выхаванне дзяцей. У чым тут раскол?

З аднаго боку, існуе тэндэнцыя ідэалізаваць карцінку чалавечага быцця (сацсеці, інстаграм) і замест таго, каб быць, чалавек імкнецца стварыць ідэальны вобраз самога сябе. Гэта не магло абмінуць і мацярынства. Насамрэч, так было заўжды, гэта не выдумка нашага часу. Заўсёды існавала ўяўная дасканалая карцінка грамадскіх роляў. Памятаеце нямецкія тры «К» — Kirche, Küche, Kinder (касцёл, кухня, дзеці)? У нашыя часы гэта прыняло гіпертрафіраваную форму глянцавага мацярынства. Стужкі ў інстаграме і фэйсбуку запоўнены вылізанымі дасканалымі вобразамі мацярок, у якіх хапае часу клапаціцца пра заўсёды чысценькіх спакойных дзетак і адначасова займацца спортам і сабою, сачыць за модай, трымаць сябе ў «ідэальнай» форме і прэзентаваць гэта свету, атрымліваючы тысячы «лайкаў» ад падпісчыкаў. А што стаіць за гэтым, што хаваецца ўнутры?

Надзея Бука. «Цяжарнае яйка, што чакае» (выцінанка).

З іншага боку, пашыраецца эгаістычная тэндэнцыя думаць толькі пра сябе, сваю свабоду і самарэалізацыю, а дзеці — гэта занадта складана, з імі зашмат клопату, праблемаў, яны толькі абмяжоўваць свабоду і змяняюць каштоўнасці і прыярытэты бацькоў, замінаюць прафесійнаму і асабістаму росту. Таму людзі выбіраюць «не мець дзяцей» — стаўлю гэты выраз у двукоссі, бо слова «мець» увогуле можна гаварыць толькі пра рэчы, а не асобу. І гэтая тэндэнцыя таксама вельмі моцная. 

Такім чынам, мы маем дзве крайнасці: гламурнае мацярынства і адсутнасць мацярынства. Увогуле, яны не так моцна адрозніваюцца і абедзве сведчаць пра ўнутраны крызіс асобы: ні ў адной, ні ў другой няма глыбіннага разумення таго, што такое мацярынства і бацькоўства.

Дзе ж знайсці праўду, гармонію, залатую сярэдзіну? Найперш, думаю, трэба вярнуцца да хрысціянскай традыцыі, да Бібліі. У ёй бацькоўства — найбольшы дар для чалавека, вялікае шчасце. Цяжкасці ўзнікаюць, таму што ўнутрысямейныя адносіны ў сучасным грамадстве вельмі змяніліся. Калі раней дзіця нараджалася ўключаным у вялікую сямейную сістэму бабуляў, дзядуляў, прабацькоў (бо нараджалі рана, і некалькі пакаленняў жылі разам), а таксама іншага блізкага і далёкага сваяцтва (дзядзькаў, цётак, братоў і сясцёр), то цяпер сужэнцы нараджаюць дзяцей у больш сталым узросце, калі не так шмат старэйшых сваякоў яшчэ жыве і вялікіх сямейных колаў увогуле амаль няма. Добра, калі побач хаця б бабулі і дзядулі, няма чаго і гаварыць пра далёкія сваяцкія сувязі — яны ўвогуле амаль не падтрымліваюцца. Дзіця нараджаецца ў маленькай нуклеарнай сям’і, дзе ёсць толькі мама і тата. Часта нават бабуля і дзядуля не ўключаюцца ў выхаванне ўнукаў, бо жывуць далёка або самі яшчэ працуюць і самарэалізоўваюцца. Выбар прыняць, нарадзіць і выхаваць дзіця робяць непасрэдна бацькі, застаючыся без падтрымкі сямейнага кола. 

І праўда ў тым, што найчасцей гэты цяжар кладзецца на плечы адной толькі маці, бо, каб забяспечыць сям’ю, бацька вымушаны як мага больш працаваць, часта ячшэ больш, чым да нараджэння дзіцяці, бо матэрыяльныя расходы павялічваюцца. Няма каму дапамагаць жанчыне з дзіцем, яна застаецца зусім адна. Цяжарнасць моцна змяняе гарманальны фон, у жанчыны скача настрой, змяняюцца звычкі. Часта яна сама не разумее, што з ёю адбываецца, чаго хочацца. Яна то плача, то смяецца, то танчыць, то хоча агурэчнага марозіва пасярод ночы, што накладае адбітак і на сужэнскія адносіны. Добра, калі муж дастаткова цярплівы і разумее, што гэты перыяд таксама некалі скончыцца. А калі мужчына пагружаны выключна ў працу, калі побач няма блізкіх людзей або адносіны з імі не вельмі добрыя, жанчына трапляе ў безвыходнае становішча. Да таго ж, жанчына выключаная з грамадскага жыцця і бачыць вакол сябе не рэальнае мацярынства, а карцінкі з інстаграма і страшылкі пра тое, як цяжка выхаваць дзіця. Яна трапляе ў пастку гэтага дуалізму. Вось з прыгожых фотаздымкаў усміхаюцца мамы з немаўлятамі, а яна глядзіць у люстэрка і бачыць толькі расцяжкі, ацёкі, слёзы і цёмныя кругі пад вачыма. Што са мною не так? Чаму я так не магу? У чым я вінаватая? З іншага боку — ціск: забудзься пра сябе назаўжды і пахавай сябе жыўцом, бо інакш гадаваць дзяцей немагчыма: цяпер твой свет абмяжоўваецца іх светам… 

Жанчыну атачаюць адны крайнасці, і амаль няма вобразаў натуральнай, звычайнай прыгажосці бацькоўства і з’яўлення на свет новага жыцця. Не без цяжкасцяў, вядома, але без трагедыі. Яна трапляе ў гэтую пастку і застаецца ў ёй адна. Добра, калі побач ёсць муж, які цярпліва дапаможа перажыць гэты перыяд. Добра, калі сужэнцы ўмеюць размаўляць адно з адным і дамаўляцца. Падрыхтоўка да нараджэння дзіцяці — апошні шанец для сужэнцаў развіць навык весці дыялог і знаходзіць агульную мову, бо пасля яны будуць занятыя зусім іншым. Калі жанчына не можа, не ўмее або не мае магчымасці ні з кім падзяліцца цяжкасцямі, якія яна перажывае, стаўшы маці, і ў той жа час знаходзіцца пад ціскам фальшывых вобразаў мацярынства, гэта можа прывесці да вельмі сумных вынікаў. Найстрашнейшы з іх, напэўна, развіццё клінічнай пасляродавай дэпрэсіі.

На жаль, гаварыць адкрыта пра гэтую праблему сталі зусім нядаўна, хаця па статыстыцы ад яе пакутуе 15% жанчын пасля родаў. Клінічная дэпрэсія — гэта не проста стомленасць або дрэнны настрой, а хвароба, прыгняценне ўсіх сістэмаў арганізма. Жанчына становіцца няздольнаю выконваць нават самыя простыя дзеянні: расчасацца, пачысціць зубы, не кажучы ўжо аб клопаце пра дзіця. Яна адчувае апатыю, упадак сілаў, пастаянную трывогу, не можа ні на чым засяродзіцца, часта плача, пакутуе ад санлівасці або бяссонніцы, не мае апетыту або, наадварот, не перастае есці. Яе турбуе адчуванне ўласнай нікчэмнасці, віны і адчаю. Могуць з’яўляцца нават думкі аб самазабойстве і нанясенні шкоды сабе або дзіцяці. Калі гэта доўжыцца больш за два тыдні, трэба ўважліва прыгледзецца да жанчыны — магчыма, прыйшоў час звярнуцца да доктара. Калі своечасова заўважыць дэпрэсію, яна добра лечыцца медыкаментозна (сучасныя лекі нават не шкодзяць грудному кармленню) і з дапамогаю псіхатэрапіі. Калі ж дэпрэсію не лячыць, наступствы могуць быць вельмі сур’ёзныя. Хвароба настолькі змяняе псіхіку, што жанчына перастае сябе кантраляваць: у навінах час ад часу з’яўляюцца паведамленні пра тое, як маці з маленькім дзіцем выйшла ў акно… Як прызнаўся мужчына, жонка якога скончыла жыццё самагубствам праз тры месяцы пасля нараджэння дачкі: «Я думаў, што ад дэпрэсіі да самагубства доўгія гады, а аказалася — імгненне» (цалкам гэтае сведчанне можна прачытаць на сайце www.the-village.ru: «Моя жена не справилась с послеродовой депрессией»).

Звяртаюся найперш да мужчынаў: будзьце ўважлівыя да сваіх жонак, не дапусціце абыякавасці! Вядома, на вас ляжыць вялікая адказнасць за будучыню сваёй сям’і, і вы прыкладаеце шмат высілкаў для гэтага, але не прапусціце прыкметы дэпрэсіі ў сваіх каханых! Так, змены гарманальнага фону правакуюць некаторыя змены ў паводзінах жанчын, але звычайна яны не радыкальныя. Калі замест жыццярадаснай аптымістычнай жанчыны побач з вамі жыве заўжды трывожная, няўпэўненая, залітая слязьмі — гэта сігнал, што ёй неабходная вашая дапамога. Увогуле, калі сярод вашых сваякоў і сяброў ёсць маці з маленькімі дзецьмі, па магчымасці, прапануйце ім падтрымку. Вялікая дапамога ў прафілактыцы дэпрэсіі: адпачынак, свежае паветра і прагулкі не толькі для дзіцяці, але і для маці, каб яна не была ізаляванаю. Важна, каб у яе была магчымасць выйсці некуды і без дзіцяці, каб, напрыклад, сустрэцца з сябрамі. Вельмі дапамагае кантакт з іншымі маці, якія ўжо маюць досвед мацярынства і могуць падказаць, як справіцца з нейкімі праблемамі, і найперш пацвердзіць, што цяжкасці мацярынства — гэта нармальна. Не страшна, калі не спраўляешся і нечага не можаш, бо ўсе не ідэальныя. 

Мамы, калі ласка, не замыкайцеся ў сваіх праблемах! Гаварыце пра іх і прасіце дапамогі! У нас у Беларусі ёсць Школа сямейнага жыцця, працуюць кансультанты сямейнага жыцця, якія могуць нешта падказаць, парэкамендаваць або проста пабыць разам з мамай, якая перажывае крызіс. Думаю, што такая мама заўсёды можа прыйсці на духоўную размову да святара або манахіні, калі саромеецца ісці да псіхіятра або псіхолага. Святары ў сваю чаргу мусяць уважліва ставіцца да такіх жанчын, бо іх духоўная дапамога можа стаць найлепшым лекам для верніцы. Духоўным асобам неабходна ведаць пра клінічную дэпрэсію і пры патрэбе накіроўваць жанчыну да спецыялістаў.

У сацыяльным цэнтры «Шчаслівы малыш» у Мінску ёсць групы самадапамогі для маці, дзе яны кантактуюць, дзеляцца досведам выхавання дзяцей. Добра было б, калі б падобныя групы падтрымкі арганізоўваліся і ў касцёлах, каб вернікі маглі вучыцца быць бацькамі. Як ужо гаварылася, бацькоўства — гэта не толькі дар, але і заданне, і трэба вучыцца яго выконваць. Кожны этап сталення дзіцяці патрабуе ад бацькоў новых навыкаў і ўменняў. Бацькамі становяцца не па факце нараджэння дзіцяці, гэтаму вучацца на працягу ўсяго жыцця.

Як хрысціянам ставіцца да жанчын у мацярынстве? Прыгожы ўзор дае нам святы Юзаф. У Евангеллі мы бачым два цудоўныя прыклады: першы, калі Юзаф даведваецца пра цяжарнасць Марыі, і другі, калі яны вымушаны ўцякаць у Егіпет. У абодвух выпадках небяспека пагражала жыццю і здароўю Маці і Дзіцяці. Зацяжарыўшы па-за шлюбам, Марыя рызыкавала, што яе паб’юць камянямі як нягодную жанчыну. Юзаф жа абараніў Яе і Дзіця ў Яе ўлонні ад меркавання грамадства, не абвінавачваючы і не распытваючы. У другім выпадку, калі жыццю Езуса і Марыі пагражаў Ірад, Юзаф таксама не стаў марудзіць, а хутка сабраўся і вывез іх у Егіпет. Вядома, гэтая мужнасць і ўменне быць абаронаю сваёй сям’і ішлі ад яго глыбокіх асабістых адносінаў з Богам. Гэта прыклад і ўрок для ўсіх сужэнцаў: патрэбна далікатная падтрымка і абарона, каб у аб’ектыўна цяжкім стане жанчына не заставалася адна.

Тэма для асобнай размовы — пасляродавая дэпрэсія ў мужчын, і пра гэта мы таксама пагаворым.


Ірына Шмак — псіхолаг,
кіраўнік сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш»
SOS Дзіцячай вёскі ў Бараўлянах

Звязацца з сацыяльным цэнтрам «Шчаслівы малыш»
можна па тэлефоне +375 (17) 222-05-65 і па электроннай пошце Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
А лепш прыходзьце адразу па адрасе:
вул. Хмялеўскага, 12 а, будынак СШ №105 (памяшканне насупраць вахты).

Школа сямейнага жыцця ў Мінску: +375 44 759 45 25, а. Сяргей Трысцень OCD.

Школа сямейнага жыцця ў Гродне: +375 29 588 42 73, Ірына Мялешка.

Пра кантакты сямейных кансультантаў пры парафіях пытайцеся ў святара.

Таксама можна звяртацца па дапамогу ў дабрачынныя ўстановы «Карытас», ДГА «Адкрытыя сэрцы», «Спасение младенцев».

Сімптомы клінічнай пасляродавай дэпрэсіі:

  • апатыя, упадак сілаў, безыніцыятыўнасць;
  • пачуццё віны;
  • частыя думкі пра смерць або суіцыд;
  • слабая канцэнтрацацыя ўвагі, немагчымасць засяродзіцца;
  • псіхаматорная затарможанасць або ўзбуджэнне;
  • парушэнні сну (бяссонніца або санлівасць);
  • змены харчавання і вагі (адсутнасць апетыту або пастаяннае пачуццё голаду і, адпаведна, рэзкая страта або набор вагі).

Калі гэтыя сімптомы паўтараюцца на працягу 2-х тыдняў, неабходна звяртацца па дапамогу. Дадаткова можна прайсці ў інтэрнэце тэст «Эдынбургская шкала пасляродавай дэпрэсіі». Раскажыце пра сімптомы дэпрэсіі сваім блізкім, звяртайцеся да псіхатэрапеўта ў паліклініцы, Цэнтры памежных станаў (ва ўсіх вялікіх гарадах Беларусі дапамога ў іх аказваецца бясплатна) або да прыватных спецыялістаў. Не заставайцеся з дэпрэсіяй сам-насам!

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней