Свядомае выхаванне. Нататкі пра базавы давер да свету

Пачытаць пра выхаванне сёння можна ў безлічы кніг, артыкулаў, паглядзець відэа, схадзіць на семінар. Так, усё гэта карыстаецца попытам, але згадзіцеся, што не менш цікава даведацца, як менавіта працуюць парады па выхаванні ў рэальным жыцці. Дарагія чытачы, знаёмцеся: Кацярына Раюнец, жонка і мама, якая дзеліцца сваім досведам выхавання сына Марка. У невялікіх публікацыях у Facebook і Instagram яна расказвае пра тое, як прымяняе веды па псіхалогіі і педагогіцы, атрыманыя з кніг, лекцый і проста з жыццёвага вопыту. Аповеды Кацярыны цяпер можна будзе прачытаць і на нашым сайце. Гэта не звычайныя артыкулы, а невялікія нататкі. Нататкі «на палях жыцця», дыялог са сваім досведам.


Пра базавы (або базісны) давер мы з мужам даведаліся з лекцый у Школе сямейнага жыцця. Калі апісваць гэтае паняцце простымі словамі, то на працягу першага года ў дзіцяці закладаецца «падмурак» на ўсё яго далейшае жыццё. Наступныя гады ― гэта будаўніцтва «сцен» і г. д., але трываласць «падмурка» ― першаснае. Ён вызначае, якім будзе дзіця, як будзе паводзіць сябе ў цяжкіх, незнаёмых сітуацыях, як будзе адчуваць сябе ў гэтым свеце.

Варыянты даволі простыя. Першы ― дзіця будзе цікаўным да жыцця, не будзе баяцца новага, нешта спрабаваць і памыляцца, зноў спрабаваць. Дзіця не будзе саромецца звярнуцца па дапамогу. Наогул, свет для яго будзе выдатным месцам для жыцця. Другі варыянт ― дзіця будзе ставіцца да ўсіх з падазронасцю, будзе ва ўсім бачыць падвох, баяцца дзейнічаць і г.д. Свет для яго будзе месцам барацьбы і турботаў. Таму базавы давер так неабходны чалавеку.

Як жа можна сфармаваць гэты базавы давер? Праз міміку, словы, цялесны кантакт, задавальненне сапраўдных патрэбаў дзіцяці. Было б выдатна, калі б гэта было так проста, як яно гучыць. Напрыклад, малы плача, а мама псіхічна знясіленая (не выспалася, зацягнуў быт і г.д.). Нягледзячы на ўсё гэта, трэба ўзяць сябе ў рукі, усміхнуцца яму, пагаварыць, растлумачыць, што з ім адбываецца, дапамагчы. І ўсё гэта рабіць шчыра, бо няшчырую ўсмешку і абдымкі дзіця адразу адчувае. Гэта цяжка.

Мы з мужам вельмі стараемся сфармаваць у нашага дзіцяці базавы давер. У самыя складаныя ночы падмяняем адно аднаго, каб змагчы даць малому цяпло і клопат. Здаецца, у нас атрымліваецца, і гэта вельмі радуе. Наш сын вельмі жыццярадасны, цікаўны, любіць знаёміцца ​​з людзьмі, гучна і настойліва крычыць, калі нешта не так (ведае, хітрун, што мама ці тата прыбягуць і абавязкова дапамогуць). Наперадзе ў нас яшчэ вельмі шмат працы. У першую чаргу над сабою, каб гэты свет быў для Марка месцам перамогаў і эксперыментаў. Бо так важна, праз якую прызму дзіця будзе ўсё жыццё глядзець на свет!

П.С. Тэрмін «базавы давер да свету» ўвёў Эрык Эрыксан.


Кацярына Раюнец

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней