Як дапамагаць мужу быць добрым бацькам?

У адной з сацыяльных сетак натрапіла я нядаўна на цікавую спрэчку пра тое, якія функцыі ў сям’і павінен выконваць бацька. Удзельнікі прыводзілі самыя супярэчлівыя, але пераканаўчыя аргументы, спасылаючыся на ўласны вопыт і на цэлыя псіхалагічныя даследаванні, з якіх вымалёўваўся вобраз такога ідэальнага мужчыны, абавязанага і грошы зарабляць, і дом будаваць, і падгузнікі па начах мяняць, і па чарзе з жонкаю вячэру гатаваць, і бялізну прасаваць…


Аднак чамусьці пасля прачытання гэтых матэрыялаў падумалася: «Ну і што мне з гэтага ідэальнага апісання? Муж, прачытаўшы яго, хутчэй за ўсё з некаторымі пунктамі пагодзіцца, а наконт астатніх абурыцца… І, напэўна, будзе мець рацыю. Я як жонка нават калі палічу патрэбным «падагнаць» пад гэтую мадэль сваю сям’ю, насамрэч сілаю нічога не змяню, акрамя, хіба што, сябе (дый то сумнеўна). Ці дасягальны ўвогуле гэты ідэал?»

У сям’і так ці інакш даводзіцца шукаць пэўную раўнавагу ў сваіх функцыях і, канечне ж, у бацькоўстве. Што я як жанчына магу зрабіць для таго, каб падтрымліваць найбольш натуральны, аптымальны баланс у гэтым працэсе? Ці магу я дапамагчы свайму мужу быць добрым сем’янінам і бацькам, не змушаючы, а проста матывуючы? Свае развагі на гэтую тэму мне хацелася б выкласці ў наступных трох пунктах.

Па-першае, неразумна ацэньваць ролю сужэнца праз параўнанне з сем’ямі сябровак, сваякоў і нават з бацькоўскаю сям’ёю, бо ўсё роўна немагчыма ўпісаць усе семі’і ў нейкую ўніверсальную мадэль, няхай нават самую дасканалую на першы погляд.

Бясспрэчна, крызіс бацькоўства ў сучасным свеце відавочны. Аднак у выніку гэтага крызісу нараджаюцца і новыя формы яго рэалізацыі. Ролі мужчынаў і жанчынаў у сямейным побыце настолькі змяшаліся, што немагчыма вынайсці прыдатную для ўсіх формулу сямейнага поспеху. Між тым колькі прэтэнзій да мужа-бацькі можа караніцца менавіта ў такім «параўнальным» падыходзе! Калі Марыя, Маці Божая, нараджала Езуса ў Бэтлееме, Яна мела ўсе падставы для нараканняў: «Да чаго Я дажылася з Юзафам! Як бацька ён мусіў забяспечыць Мне спакойныя роды дома, дамовіцца з добраю акушэркаю, загадзя вырашыць праблему з перапісам… А Я зараз мушу цярпець схваткі на вуліцы ў пошуках куточка, дзе магла б хоць прылегчы…» І потым уявіце: «Нарадзіла ў нейкім хляве… Ну гэта ўжо ніжэй за ўсялякае дно!.. Дзіця захінуць няма ў што… Не так Я ўяўляла сабе сямейнае жыццё...» І гэта яшчэ самыя мяккія словы, якія пачуў бы мой муж, калі б са мною здарылася штосьці падобнае. Аднак Касцёл ушаноўвае святога Юзафа як найлепшага бацьку. Колькі ж мудрасці мусіла мець Марыя, каб не «пілаваць» свайго мужа за такую далёкую ад ідэала сітуацыю, якая можа выглядаць проста ганебнай! Страшна гэта пісаць, аднак для супастаўлення варта: бацькі ўсіх іншых немаўлятаў, якія ў той час нарадзіліся ў Бэтлееме (напэўна, у больш годных умовах), на жаль, не змаглі выратаваць сваіх дзяцей, а Юзаф выратаваў!..

Па-другое, каб дапамагчы свайму мужу стаць добрым бацькам, трэба адкінуць імкненне ўсё трымаць пад сваім кантролем.

Колькі разоў я таксама трапляла ў гэтую пастку! «Дай я пагушкаю, у мяне на руках ён хутчэй супакойваецца!», «Не кажы яму такія словы, бо псіхолагі раяць іх пазбягаць!», «Я сама схаджу з малым на прагулку, бо я лепш змагу суцешыць, калі ён расплачацца». Пакідаючы дзіця з бацькам, трэба даваць ім магчымасць выпрацоўваць свае каштоўныя спосабы ўзаемадзеяння, знаходзіць свае асаблівыя гульні. Відавочна, майму сыну нашмат цікавей, калі тата хутка, з ветрыкам і музыкай катае яго на дзіцячай машыне, чым калі я памаленьку, баючыся ўдарыць, цягаю яго туды-сюды ў чарапашым тэмпе. А колькі бывае рогату, калі дзед з унукам будуюць з кубікаў і іншых цацак вежу ды потым гучна яе бураць! Ну і што, што давядзецца рабіць генеральную ўборку… Мужчына пры жаданні спраўляецца з дзіцем не горш за жанчыну, а часам і лепш.

У гэтым жа разважанні хацелася б звярнуць увагу на тое, што часта маці і бацька па-рознаму расстаўляюць свае прыярытэты ў спосабах правядзення часу з дзецьмі. І тут важна не перашкаджаць сужэнцу выкарыстоўваць свае ўнікальныя здольнасці і захапленні ў рэалізацыі бацькоўства. Калі мне было адзінаццаць гадоў, тата пазычыў на некалькі дзён у свайго сябра відэакамеру (у 90-я гады такая рэч была амаль раскошаю) і цэлымі днямі здымаў наш вясковы побыт, нашыя дзіцячыя гульні, падлоўліваючы самыя цікавыя моманты з раніцы да позняга вечара. Быў разгар лета. Мама раз-пораз казала тату, што пара б ужо адкласці камеру і дапамагчы ёй па гаспадарцы, але не перарывала яго занятку, які іншая кабета палічыла б пустою забаваю ў параўнанні з патрэбамі вясковага жыцця, дзе кожны «летні дзень год корміць». Прайшло ўжо 25 гадоў. З якою асалодаю мы глядзім цяпер тыя ўнікальныя відэазапісы, з любоўю знятыя і па-майстэрску змантаваныя! Я ўдзячная тату за яго вынаходлівасць і зацікаўленасць, удзячная маме за яе цярплівасць і мудрасць...

Па-трэцяе, ад жанчыны вельмі часта залежыць тое, як дзіця будзе ставіцца да свайго бацькі.

І наадварот, паколькі бацька мусіць больш часу праводзіць на працы, у аддаленні ад сям’і, то на развіццё дзяцей ён часта глядзіць вачыма сваёй жонкі, бо ад яе даведваецца пра іх поспехі і няўдачы, добрыя ці дрэнныя паводзіны. Апошнім часам я заўважыла за сабою такую слабасць, што люблю паскардзіцца мужу на стомленасць ад цэлага дня гонкі за маленькім гарэзаю, ад яго непаслухмянасці або свавольстваў. Ну, каб мяне пашкадавалі… Аднак у такія дні бачу, што муж з большаю строгасцю пачынае ставіцца да сына, хоць я чакала зусім не такога эфекту. Атрымліваецца, што я нібы фармую ва ўяўленні мужа вобраз дзіцяці-неслуха, хоць для малечы натуральна вытвараць розныя штукарствы. Можна ж было проста пасмяяцца з абадраных шпалераў, рассыпаных макаронаў і папрасіць купіць мне шакаладку за стрэсаўстойлівасць...

Безумоўна, існуе нашмат больш спосабаў дапамагаць свайму мужу быць добрым бацькам. Я паразважала толькі пра тыя, што ўдалося спазнаць і прымяніць на ўласным вопыце. Аднак усе гэтыя спосабы зводзяцца да простага закону любові, якая не дапускае зайздрасці, пыхі, асуджэння, крывадушнасці… Простага, але такога глыбокага, што й цэлага жыцця мала, каб яго спасцігнуць.


Ганна Шаўчэнка

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней