У гэтым урыўку з Кнігі прыпавесцяў Саламона (31, 8) гаворка ідзе пра жывога чалавека, у якога няма голасу. Гэтыя словы цалкам можна аднесці і да дзіцяці ва ўлонні маці...
У дзённіку св. Фаўстыны Кавальскай ёсць урывак, дзе Езус кажа пра намер разбурыць прыгожы польскі горад, «як Садом і Гамору», за «найцяжэйшы з грахоў» — грэх аборту. Кс. Міхал Сапоцька, духоўнік св. Фаўстыны, лічыў, што гаворка ішла пра Варшаву, дзе рабілася шмат абортаў: гэты горад быў разбураны ўшчэнт неўзабаве пасля смерці св. Фаўстыны падчас Другой сусветнай вайны. Як тады ацэньваць гісторыю Беларусі, якая стала адной з першых у свеце, дзе былі легалізаваныя аборты і дзе многія дзесяцігоддзі абартуюць дзясяткі тысяч дзяцей у год?
У адным з мінскіх спальных раёнаў, сярод панэльных шматпавярховак, у касцёле св. Максімільяна Марыя Кольбэ і Яна Евангеліста, кожную першую пятніцу месяца праводзіцца начная малітоўныя адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і. Гутарым з пробашчам парафіі кс. Алегам Шпецем.
— Ксёндз Алег, у Вашай парафіі вялікая колькасць розных рухаў і групаў: Жывы Ружанец, рух сем’яў «Еquipes Notre Dame», скаўты і іншыя. І амаль два гады таму з’явілася яшчэ і начная адарацыя за сем’і і ненароджаных дзяцей. Як і навошта ўзнікла ідэя «адкрываць вусны для нямога»?
— Першая задача адарацыі — каб як мага больш людзей палюбіла прабываць побач з Панам. Мэта не ў тым, што мы нечага просім, мэтаю ёсць Сам Бог, Езус у Эўхарыстыі. Таму, калі я планаваў і думаў пра начную адарацыю, мне хацелася менавіта даць магчымасць людзям абудзіць у сабе любоў да Езуса, быць разам з Ім, быць для Яго, а ўжо сам плод любові сустрэчы з Езусам і патрэба нашага служэння — гэта і ёсць інтэнцыя абароны жыцця і сям’і. Аднойчы мы гаварылі на гэтую тэму з Уладзіславам Валаховічам (дырэктарам фонду «Адкрытыя сэрцы». — Рэд.), які падзяліўся перажываннямі аб абароне жыцця і сям’і і расказаў пра неабходнасць малітвы, і гэта супала з тым, што мы якраз ужо пачалі начную адарацыю.
— А чаму менавіта такая ахвяра — уначы?
— Вядома, моляцца аб абароне жыцця вельмі шмат людзей, якія ўдзельнічаюць у акцыі духоўнага ўсынаўлення, ёсць іншыя малітоўныя ініцыятывы. А начная малітва — гэта знак таго, што мы ахвяруем частку сябе. Гэта не проста памаліцца дзясятак Святога Ружанца і пайсці па сваіх справах: начная адарацыя патрабуе ад нас сапраўды аддаваць частку сябе. Мы не проста молімся, таму што так трэба. Мы молімся, таму што мы гатовыя і пацвярджаем нашае жаданне маліцца, складаючы гэтую ахвяру: я гатовы не спаць, я гатовы прачнуцца ноччу і прыйсці... я гатовы!
— А хто прыходзіць на начную адарацыю?
— Усе, хто толькі хоча! У нас няма дакладнага раскладу, мы не кажам — вы прыходзьце, а вы — не. Запрашаем усіх, але цяпер мы ўжо можам вылучыць канкрэтныя душпастырскія рухі, якія ўдзельнічаюць у адарацыі: гэта душпастырства моладзі Хрыста (ДМХ), «Жывы Ружанец», «Маці ў малітве», сем’і з «Еquipes Notre Dame», Брацтва святога Арханёла Міхала — гэта нашыя мужчыны, у якіх таксама ёсць свае дзяжурствы, перш за ўсё пасля поўначы. Жанчынам, дзяўчатам страшна хадзіць ноччу, вось мужчыны і бяруць на сябе такую малітоўную адказнасць. Ну і наогул, ёсць звычайныя парафіяне, якія таксама прыходзяць і моляцца.
— Ксёндз Алег, а на які плён Вы разлічваеце ад начной адарацыі для сябе, для парафіянаў?
— Асноўны плён сустрэчы з Езусам — гэта заўсёды плён любові, якую мы прымаем ад Бога, і якой мы хочам дзяліцца з іншымі. Гэтая любоў праяўляецца і ў канкрэтным служэнні. Служэнне можа быць у розных формах — дапамога, малітва, абарона жыцця, а таксама, напрыклад, прыняцце зачатага дзіцяці. У нас у парафіі ўжо нямала шматдзетных сем’яў, якія прымаюць кожнае жыццё і нараджаюць новых дзетак.
— З якімі цяжкасцямі Вы сустракаецеся ў арганізацыі начных адарацый?
— Калі б у нас была мэта масавасці, каб, напрыклад, 200 чалавек за ноч прыйшлі на адарацыю, то можна было б сказаць, што цяжкасць у тым, што столькі людзей прыходзіць. Але ў нас няма такой мэты. Мэта — у начным чуванні з Езусам, малітва. На сённяшні дзень няма праблемы знайсці людзей, гатовых на начную малітву. Калі палічыць, то дзясяткі людзей прыходзяць на працягу ночы. Таму сказаць, што ёсць цяжкасць з гэтым, я не магу. Відаць, што для людзей гэта становіцца важнай формай іх духоўнасці.
— Першымі мучанікамі за Хрыста былі немаўляты да двух гадоў, забітыя Ірадам у Бэтлееме. Цяпер у свеце кожны год абартуюць дзясяткі мільёнаў дзяцей, у Беларусі афіцыйна — 30 тысяч. У Бэтлееме забіваў Ірад, цяпер дзяцей забіваюць маці. Чаму?
— Пытанне «чаму?» мае просты адказ, але тут простых адказаў няма. Ёсць вельмі важнае паняцце, якое ўвёў святы Ян Павел II падчас свайго Пантыфікату — «цывілізацыя смерці». Яна ў ментальнасці, у галовах людзей, калі жыццё іншага чалавека адыходзіць на другі план, калі маніпулююць фразамі пра тое, што гэта «яшчэ не дзіця», «не чалавек». І людзям часам бывае прасцей прыняць такую «праўду», чым зразумець, што гэта чалавек, і што я забіваю сваё дзіця. «Цывілізацыя смерці» — гэта агульная прычына, а ў кожнага канкрэтнага чалавека ёсць свій ланцуг канкрэтных прычынаў, з-за якіх хтосьці рашаецца на такі крок. Сёння кожны ведае, што ёсць вучэнне Касцёла аб тым, што аборт — гэта забойства. Калі раней, у часы Савецкага Саюза, людзі прымалі за «праўду» тое, што «гэта не забойства», «гэта не чалавек», то сёння прыйшла іншая ментальнасць — спажывецкая. Яна вучыць нас перш за ўсё толькі браць, а не аддаваць: любыя задавальненні, хаценні становяцца выключна важнымі. Гэтая спажывецкая ментальнасць — вораг жыцця, бо ўсё ж такі прыняцце новага жыцця — гэта ахвяра, гэта гатоўнасць даваць, уменне ахвяраваць, аддаваць частку сябе, каб «быць для».
— Як Вы думаеце, чаму толькі жанчынаў вінавацяць у абортах? А якая ж віна бацькі?
— Калі жанчына адчувае сябе абароненай, адчувае падтрымку, яна заўсёды прыме новае жыццё, а не прымае, хутчэй за ўсё, з-за страху, няўпэўненасці і разумення, што яна застаецца адна з гэтай праблемай. Усе разумеюць, што адказнасць нясе і сям’я гэтай жанчыны, і сваякі, і нават бацькі жанчыны, якія вінавацяць яе, гаворачы: «Вы што, дурныя? Неразумныя? Не ведаеце, што рабіць?» Прэсінг з боку розных людзей можа быць вельмі вялікім. Я не бачу прычыну забойства дзіцяці толькі ў жанчыне, усё нашмат больш складана. Гэта пытанне маральнай тэалогіі ў вучэнні Касцёла, якая вызначае, хто нясе адказнасць за смерць дзіцяці ва ўлонні. Напрыклад, калі я ўскосна ўдзельнічаю сваім маўчаннем або ўгаворамі, прымусам да аборту, зразумела, што і я нясу за гэта адказнасць.
— Сёння спосабы забойства дзяцяці змяніліся, сталі больш завуаліраванымі: ЭКА, купля-продаж палавых клетак, сурагатнае мацярынства, спіралі і гарманальныя таблеткі. Ці спавядаюцца людзі з гэтага?
— На шчасце, да нас прыходзяць і просяць парады адносна магчымасці ЭКА. У маёй душпастырскай практыцы быў выпадак, калі ў адной сям’і было шмат гадоў бясплоднасці, адчаю, і яны рашыліся пайсці на ЭКА. Аднак людзі спачатку вырашылі духоўна ўсынавіць ненароджанае дзіця — дзевяць месяцаў маліцца за чалавека, якому пагражае аборт. І неўзабаве ў гэтай сям’і нарадзілася сваё дзіцятка, без ЭКА.
— А кантрацэптывы, сурагатнае мацярынства?
— Зразумела, што на гэтую тэму мы не гаворым кожны дзень, таму складваецца ўражанне, што пра гэтыя грахі мала гаворыцца. Але яно і не можа стаць галоўнай тэмай, таму што галоўная тэма пропаведзі — Езус.
На працягу года я некалькі разоў у казаннях закранаю пытанне кантрацэпцыі, экалогіі сужэнства, планавання патомства. Але найлепш на такія тэмы гаварыць падчас катэхізацыі дарослых. Ёсць шмат сем’яў, якія хадзілі на такую катэхізацыю і потым вырашылі пайсці на курсы, каб вывучыць метады распазнання плоднасці (МРП), захацелі па-хрысціянску перажываць сваё сужэнства, адмовіліся ад кантрацэпцыі. Гэта значыць, што больш эфектыўна не проста гаварыць з амбоны, а арганізаваць сістэматычную катэхізацыю дарослых, паказваць людзям шлях. І нават проста адмовіцца ад кантрацэпцыі — не выйсце, трэба наогул па-хрысціянску падыходзіць да зачацця дзіцяці. Зразумела, што забаронамі мы нікога да Бога не прывядзём. Тут важна паказаць шлях, які дапаможа бацькам сапраўды свядома рыхтавацца да бацькоўства, прымаць кожнае дзіця ў іх сям’і. І метад распазнавання плоднасці — адзін з такіх шляхоў. У нашай парафіі, дарэчы, ёсць вельмі добрыя курсы МРП, якія вядзе выдатны настаўнік Алена Шымак, і на якія мы ўсіх запрашаем!
— Ксёндз Алег, Вы ж самі са шматдзетнай сям’і з трыма дзецьмі...
— Ну, калісьці гэта не лічылася шматдзетнай сям’ёй, гэта была нармальная сям’я. З намі жылі яшчэ дзеці маёй цёткі, пакуль яны хадзілі ў школу, для нас гэта было нармальна. Выходзіць, нейкі час нас было пяцёра, і гэта быў самы шчаслівы час. Нас ніхто не называў шматдзетнымі. Мы былі звычайнай сям’ёй!
— Ці можаце Вы ўспомніць прыклады з Вашай душпастырскай практыкі, калі Пан Бог бачна благаславіў тых, хто нарадзіў дзіця насуперак абставінам?
— Ёсць у маім душпастырскім вопыце выпадак, калі УГД паказала цяжарнай жанчыне, што яна народзіць хворае дзіця. Але жанчына захавала цяжарнасць і нарадзіла здаровага чалавека. Гэта сапраўды благаслаўленне. Або іншы прыклад — паляпшэнне адносінаў паміж мужам і жонкаю. Да нараджэння дзіцяці сям’я знаходзілася на мяжы разводу, а пасля нараджэння сужэнцы павянчаліся. Калі б не было дзіцяці, не было б і сям’і. Ад разводу да шлюбу — гэта благаслаўленне.
— Ксёндз Алег, дзякуй Вам вялікі за шчырую размову!
Гутарыла Надзея Шарко
Фота Віталія Палінеўскага