Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што Эўхарыстыя — гэта «крыніца і вяршыня хрысціянскага жыцця». Аднак літургія святой Імшы зазвычай прызначана для дарослых удзельнікаў і не дазваляе малым дзецям зразумець усю яе значнасць. I тады паўстае практычнае пытанне: «Ці павінны бацькі браць з сабой на святую Імшу дзяцей?»
Мабыць, хтосьці лічыць, што лепш пакінуць дзіця дома пад надзейнай апекай, альбо, што бацькі павінны паасобку хадзіць у касцёл, каб адзін з іх мог заўсёды застацца дома з дзіцем. Ёсць тут свае «за» і «супраць». Калі вы ходзіце паасобку на святую Імшу, то не маеце магчымасці супольна ўшаноўваць Бога і дзяліцца вашым сакрамэнтам сужэнства з супольнасцю. Да таго ж, калі пакінеце дзіця пад чужой апекай дома, яно можа адчуваць вялікую крыўду, бо вы ходзіце ў касцёл без яго.
Святая Імша — досвед любові
Калі ж вы вырашыце ўключыць сваё дзіця ў эўхарыстычнае спатканне, старайцеся абдарыць яго самымі лепшымі адчуваннямі і радасцю, бо калі святая Імша будзе для малога дзіцяці чымсьці незразумелым і сумным, то гэта можа абцяжарыць ягонае рэлігійнае развіццё.
Найбольшае, што можа перажыць дзіця ў касцёле, гэта любоў. Мы прыходзім справаваць Найсвяцейшую Ахвяру, каб дзякаваць Богу за Яго вялікую любоў. Вашае дзіця вучыцца Божай любові праз пазнанне вашай любові, якую бачыць і чуе. Гэтая любоў, якая заўсёды спадарожнічае вашаму дзіцяці, павінна быць вельмі выяўнай у касцёле.
Для многіх дзяцей, якія разам з бацькамі ходзяць у касцёл, святая Імша азначае, што яны абавязаны ціха сядзець. У іх міжволі ўзнікае страх перад пакараннем, час ад часу іх пагрозліва штурхаюць, кідаюць на іх гнеўныя позіркі, а часам і за вуха пацягнуць. Тады няма чаго здзіўляцца, што дзіця, якое ўсё гэта спазнала, не мае ахвоты хадзіць у касцёл.
Паглядзець вачыма дзіцяці
Гэта не азначае, аднак, што малым можна рабіць у касцёле, што заўгодна: перашкаджаць бацькам, суседзям, іншым людзям маліцца. Дзяцей трэба навучыць, як яны павінны трымаць сябе на святой Імшы. I зрабіць гэта трэба з любоўю, лагодна. Ёсць спосабы, каб зрабіць для дзіцяці наведанне касцёла вельмі важным перажываннем, да якога яно будзе цягнуцца.
Па-першае, не чакайце ад сваіх дзяцей паводзінаў, як у дарослых. Нельга патрабаваць ад іх працяглага стаяння на каленях альбо асаблівай увагі ў часе казання — ад пачатку і да канца. Паспрабуйце паставіць сябе на месца вашага дзіцяці. Малое, паколькі яно кленчыць, нікога не бачыць з-за лаўкі, а калі нават і сядзіць, то нічога не бачыць за плячыма дарослых. Апрача таго, дзіця можа баяцца застацца адно, калі вы ідзяце да святой Камуніі. Таму трэба выбраць такое месца ў касцёле, каб вашае дзіця добра бачыла ўсё, што адбываецца на Імшы. Калі ж вы прыступаеце да святой Камуніі, вазьміце з сабой дзіця. Няхай яно бачыць зблізку, як людзі прымаюць Езуса ў Эўхарыстыі. Гэта можа абудзіць у ім жаданне і самому хутчэй прыняць святую Камунію.
Старайцеся, каб у часе святой Імшы ў дзіцяці былі найлепшыя адчуванні. Дазвольце, каб у душы дзіцяці плыла любоў Хрыста. Калі дзіця становіцца неспакойным, прытуліце яго да сябе замест таго, каб гнеўна трэсці. Калі слухаеце казанне — пасадзіце дзіця на калені. Замест таго, каб крычаць на яго: «Сядзі ціха», прыкладзіце палец да вуснаў і нагадайце яму тым самым пра патрэбу цішыні. Ваша лагоднасць і спакойныя жэсты, безумоўна, падзейнічаюць лепш, чым гнеў.
У асаблівыя моманты скажыце дзіцяці: «Я мушу паслухаць тое, што кажа мне Пан Бог», альбо: «Цяпер я хачу паразмаўляць з Панам Богам». Вучыце дзяцей з дапамогай любові, а не страху.
Як засяродзіць увагу дзіцяці
Звяртайце ўвагу дзіцяці на тое, што мае рэлігійнае значэнне: святыя фігуркі, абразы, харугвы і г.д. Можаце на Імшу ўзяць для дзіцяці рэлігійную кніжку-размалёўку альбо дазвольце яму ўзяць з сабой у касцёл плюшавую цацку. У асобных выпадках тлумачце малому змест Евангелля і малітваў так, каб яно разумела сэнс пачутага.
Звяртайце ўвагу дзіцяці на найважнейшыя хвіліны святой Імшы. Заахвочвайце адказаць «Амэн», спяваць «Алелюя», гаварыць асобныя кароткія малітвы. 3 любоўю перадайце яму знак спакою і вучыце пераказваць гэты знак іншым. Пасля Імшы абавязкова пахваліце дзіця за добрыя паводзіны, папракніце, але не сурова, за штосьці нядобрае.
Дзіця — удзельнік супольнасці
Можа, хтосьці лічыць, што, спрабуючы дапамагчы свайму дзіцяці па-сапраўднаму перажыць святую Імшу, ён сам сябе абдзяляе, бо не мае магчымасці глыбока, напоўніцу перажыць набажэнства. Але ж давесці вашых дзяцей да Бога — гэта і ёсць вашае бацькоўскае пакліканне! Бог паклікаў вас стаць бацькам ці маці гэтага дзіцяці.
Памятайце таксама, што літургія — гэта супольная малітва, а не прыватная, а вашае дзіця — удзельнік супольнасці.
Можа здарыцца, што ў нейкі дзень малое не будзе рэагаваць на вашы старанні. Але паспрабуйце, прынамсі, дапамагчы яму ўсвядоміць, што ў яго няма права перашкаджаць камусьці маліцца. Калі ж усё-ткі паводзіны дзіцяці пераступаюць дапушчальныя нормы, а вашы намаганні дарэмныя, то варта падняцца і пайсці з касцёла. Але не адступіцца! Заўсёды трэба памятаць: мэта вашае выхаваўчае дзейнасці — паказаць дзіцяці вартасць літургіі. Калі на нядзельнай святой Імшы дзіця будзе адчуваць любоў, то яно зробіць усё, каб заўсёды ў ёй удзельнічаць.
Часопіс "Różaniec", № 9, 1996 г.
Пераклад з польскай мовы А. Барткевіч.
Надрукавана ў часопісе «Ave Maria», № 1-2, 1998 г.