
У народзе кажуць: ад турмы і сумы не заракайся... Вядома, не пажадаеш такога нікому. Але ж месцы зняволення існуюць, і з гэтай сумнай рэальнасцю трэба лічыцца. Лічыцца трэба, а ці трэба служыць для тых, хто трапіў у месца зняволення? У Катэхізісе запісана, што верніку трэба «суцяшаць вязняў». А святару? Ці патрэбная святарская паслуга ў сучаснай турме альбо папраўчай калоніі? Нашая гутарка з айцом марыянінам Аляксандрам Жарнасекам менавіта на гэтую тэму.
— Айцец Аляксандр, гэтая гутарка не выпадковая ўжо таму, што я даволі шмат чула пра Вашае служэнне ў аршанскай папраўчай калоніі. Гэтае служэнне забірае ў Вас шмат сілаў, часу, а працы ў святара, вядома, хапае і на парафіі. Вам не шкада часу на такое служэнне?
— Шчыра кажучы, калі я распачынаў сваю службу ў Оршы, то не быў моцна загружаны душпастырскай працай — наша парафія невялікая, а іншыя служэнні (сустрэчы «Вінаградніку», розныя рэкалекцыі) мы тады яшчэ не наладжвалі. Таму для мяне гэтае пытанне выглядала трохі інакш — я сам не зашмат меў адвагі распачынаць гэтую нязвыклую паслугу хоць бы і таму, што трэба было ісці ў калонію для хворых на сухоты, а перспектыва захварэць пасля і самому, зразумела, не вельмі вабіла. Апроч таго, не было ўпэўненасці, што я знайду з вязнямі агульную мову, што патрэбны я ім увогуле. Я адгаворваў сам сябе, спрабаваў знайсці нейкія агрументы, апраўданні, маліўся, пытаўся ў Пана Бога, што азначае для мяне гэтая прапанова біскупа. І праз нейкі час мне прыйшла простая такая думка, што, напэўна, у гэтай турме, куды мне так не хочацца ісці, ёсць людзі, якія гадамі не маюць магчымасці пакаяцца, паяднацца з Панам Богам. Такая вось простая і канкрэтная думка, якая ўсё паставіла на свае месцы…
— І страх адразу знік?
— Не адразу. Але калі прыходзіць перакананне, што справа, якую ты пачынаеш, патрэбная, тады можна перамагчы ўсялякія свае слабасці, а да таго ж у памяці ўсплыло сведчанне адной маладой пары сужэнцаў на Кангрэсе Адновы ў Святым Духу у Чэнстахове, у якім мне пашчасціла ўдзельнічаць, калі я яшчэ вучыўся ў семінарыі. Мужчына, увесь у татуіроўках, распавядаў, як ён сядзеў у турме за цяжкое злачынства, сядзеў ужо не першы раз, і прыйшлі туды служыць маладыя людзі з руху Адновы (у Польшчы па заканадаўстве такое магчыма). Вынікам тых сустрэчаў для мужчыны стала тое, што ягонае жыццё павярнулася на 180 градусаў. Ён не толькі знайшоў Бога, пачаў жыць па Яго запаведзях, але і закахаўся ў дзяўчыну, якая прыходзіла ў турму. Праз нейкі час яны стварылі сям’ю, у іх цяпер некалькі дзяцей. Шматтысячны натоўп, затаіўшы дыханне, слухаў ягоны аповед і захоплена глядзеў на гэтую шчаслівую сямейку — яны ўсе былі там разам. І што найбольш уразіла: мужчына з прычыны свайго крымінальнага мінулага не меў нават сярэдняй адукацыі, а ягоная жонка — доктар медыцынскіх навук! Тэкст таго сведчання і здымкі былі змешчаны ў многіх польскіх выданнях.
— Пасля такога толькі застаецца сказаць: «Вялікія справы Твае, Божа!». Вы служыце ў калоніі ўжо пяты год і цяпер, азірнуўшыся на пройдзенае, таксама можаце парадавацца за кагосьці з тых, дзеля каго распачалі гэтую працу?
— Па-першае, я не сумняваюся, што былі і ёсць там людзі, якім гэта патрэбна. Чымсьці гучным, накштал той гісторыі з Польшчы, я не пахвалюся, але, дзякуй Богу, некалькі былых вязняў ужо стварылі свае сем’і, уладкаваліся на працу. Ды толькі не варта настройвацца выключна на цудоўныя гісторыі. Яны здараюцца, але ўсё ж вельмі рэдка...
— Хіба што Пан Бог праз іх хоча нам сказаць, што такое ўвогуле магчыма…
— Напэўна. Нам сапраўды часта хочацца прыгожага развіцця падзеяў: быў грэшнік, да яго прыйшоў святар, адкрыў яму вочы, і ў выніку грэшнік стаў святым. А навяртанне найчасцей — працяглы працэс, да таго ж, нават перажыўшы яго, чалавеку ўласціва сумнявацца, грашыць, аступацца, падаць. Так і з маімі вязнямі. Некаторыя з іх шчыра раскайваюцца, моцна перажываюць сваё вяртанне да Бога альбо сваю першую сустрэчу з Ім, а потым, здараецца, зноў страшна грашаць, асабліва, калі выходзяць на волю.
— Выходзяць і адразу забываюць сваю прыгоду з Панам Богам?
— Па-рознаму здараецца. Нам часта хочацца запраграмаваць чалавека на ўсё жыццё, але так не бывае. Вельмі важна тое, што мы перажываем менавіта сёння. Чалавеку даецца шанец пражыць дзень, месяц, год разам з Богам. Гэта нямала. А калі чалавек у турме перажывае навяртанне, а потым зноў зрываецца — гэта звычайная рэч, мы ўсе жывём гэтаксама. Мы спавядаемся, перажываем сваё паяднанне з Богам, а потым адыходзім ад канфесіянала і вельмі хутка забываем усё, што адбылося з намі падчас споведзі. Проста нашыя грахі менш прыкметныя, не такія страшныя, але схема тая ж самая. Перад намі бліснула новае прыгожае жыццё, а мы — да старога… Такія мы ёсць. Тое ж самае адбываецца і з вязнямі, адно што іх гісторыі больш суровыя, часта страшныя. Але варта разумець яшчэ і тое, што нярэдка ў турме сядзяць не закаранелыя злачынцы, а і выпадковыя людзі.
— Што гэта азначае? Іх несправядліва асудзілі?
— Асудзілі то можа й справядліва, але… Там мора гісторый, калі, напрыклад, мужчыны альбо маладыя хлопцы біліся на вуліцы, а потым хтосьці з іх схапіўся за камень, кавалак арматуры альбо за нож. Звычайная, так бы мовіць, сітуацыя, наша штодзённасць, корань якой — п’янства, алкагалізм, злосць, бяздумнае баўленне часу. Такога колькі заўгодна вакол нас, з той розніцай, што адна гісторыя скончыцца тумакамі, сінякамі, пераломамі, а іншыя — смяротным вынікам. І яшчэ важна, як яно пойдзе потым: адзін зможа перажыць, ператрываць пакаранне няволяй, а другі надламаецца яшчэ больш.
Служэнне ў калоніі рэальна вучыць мяне не асуджаць іншага чалавека, але бачыць у ім найперш добрыя рысы, якія вылучаюць яго сярод іншых. Часам нават смешна слухаць іх гаворку, калі яны адзін да аднаго звяртаюцца мянушкамі, нібы падлеткі ў двары. Чым больш прыглядаешся да іх, слухаеш пра тое, як яны жылі ў сваіх сем’ях, у сваім ранейшым асяроддзі, тым выразней пачынаеш разумець карані зла. Бо кім мог вырасці чалавек, калі ў яго бацькі — алкаголікі, браты — злодзеі, а сёстры — прастытуткі? Як ты будзеш размаўляць з іншымі людзьмі, калі з дзяцінства ты чуў у сваім атачэнні гаворку, усцяж перасыпаную мацюкамі?
— Суровыя рэаліі... Скажыце, наколькі цяжка святару паяднаць службу ў парафіі і службу ў калоніі?
— Гэта залежыць ад спецыфікі калоніі. Напрыклад, там, дзе ёсць больш католікаў, а я ведаю, што ў некаторых калоніях ёсць нават капліцы, у якіх цэлебруецца святая Імша, святар прыходзіць і служыць сярод дзіўных, што праўда, католікаў, але ўсё ж католікаў. У мяне ж іншая спецыфіка. Католікаў у нашай калоніі няшмат, і я ад пачатку не мог проста прыйсці і абвясціць, што будзе Імша, чакаючы, пакуль пакой запоўніцца вернікамі, бо католікаў можна пералічыць на пальцах. Але там ёсць людзі, якія прагнуць сустрэць Бога, і хіба я маю права не дапамагчы ім у гэтым? Таму мая праца ў калоніі больш носіць евангелізацыйны характар. На нашы сустрэчы прыходзяць пратэстанты, праваслаўныя, тыя, хто ўвогуле не быў ахрышчаны, а нядаўна з’явіўся нават мусульманін. Але ёсць некалькі і хрышчаных у Касцёле. Адзін мужчына распавядаў, што ён быў пахрышчаны, жыў за метраў трыста ад касцёла, але ніколі не адчыняў ягоных дзвярэй, бо амаль заўсёды быў п’яны. Зразумела, што яму давялося пачынаць з нуля. А некалькі чалавек я хрысціў у турме. Такі вось кантынгент. Я для іх часта выконваю ролю громаадводу, бо калі мяне няма, а яны збяруцца разам, то рэдка калі пашчасціць ім мірна памаліцца: найчасцей пачынаюць высвятляць адносіны, даказваць, чыя вера больш правільная.
— Як выглядаюць вашыя сустрэчы? З чаго яны складаюцца?
— Паколькі католікаў у нас няшмат, то я прыйшоў да высновы, што кожную нядзелю цэлебраваць святую Імшу не трэба, бо застаецца мала часу на катэхезы, размовы, малітву, разважанні над Святым Пісаннем. Таму за гэты час выпрацаваўся такі парадак: раз на месяц — святая Імша, а іншыя тры нядзелі — усё, што патрэбна, каб набліжаць людзей да Бога. Сустрэчы насычаныя, сумаваць, паверце, не даводзіцца. Хаджу да іх з гітарай, спяваем разам, праўда, найчасцей яны ўсяго толькі дзве ноты цягнуць, але стараюцца і вельмі любяць спяваць. Не скажаш, што надта прыгожа, ды затое шчыра. Адзін пратэстант распавядаў, як ён убачыў мяне ўпершыню праз вакно — я ў сутане ды з гітарай ішоў на сустрэчу. А яму тады кіраўніцтва калоніі яшчэ не падпісвала дазволу на наведванне нашых сустрэчаў. Дык расказваў, як ён перажываў, як не мог дачакацца, калі ж і ён зможа таксама пайсці.
— Прыйшоў?
— Так. Добры чалавек.
— Добры чалавек… Нашым чытачам, магчыма, дзіўнавата чуць, як святар хваліць людзей, якія сядзяць у турме. Мяне ж гэта ўжо даўно не дзівіць, бо шмат чула прыкладаў у Вашых казаннях менавіта з жыцця вязняў і веру, што праблемы гэтых людзей, тое, што яны перажываюць, як успрымаюць жыццё, Вам не абыякавыя.
— Я зразумеў за гэты час, што для іх вельмі важная святарская паслуга ў калоніі, але не менш важна, хто іх сустрэне пасля выхаду з яе. Найчасцей ніхто іх не чакае на свабодзе — такая горкая праўда. А калі чалавеку няма да каго прыхінуцца, няма з кім падзяліцца тым, што перажывае, а часта проста няма ў што апрануцца ды што з’есці, гэта і можа зноў штурхнуць яго ў багну.
— Айцец Аляксандр, а вернік у турме моцна адрозніваецца ад верніка на свабодзе?
— Мы і ў звычайным жыцці вельмі розныя. Адным патрэбны Бог, другім найважней любым коштам захаваць традыцыю; адны прагнуць служыць Богу ў іншых людзях, а іншыя заўсёды цвёрда памятаюць, што іхняя хата з краю. Так і ў вязніцы. Ёсць тыя, што вельмі моцна й шчыра перажываюць свае адносіны з Богам, прагнуць змяніць сваё жыццё, а іншыя не абцяжарваюць сябе залішнім, як ім здаецца, грузам. Шчыра кажучы, я спакойны толькі за пару чалавек у тым, што на свабодзе іх жыццё будзе годным. А што ж астатнія, спытаеце? Няхай сабе некалькі гадоў, але яны пражывуць з Богам. Чалавеку даецца шанец — гэта галоўнае. Вядома, вера людзей у калоніі моцна адрозніваецца, бо гэта няволя, гэта мужчыны з абмежаванай свабодай, іншым успрыняццем свету. А да таго ж, як я казаў, яны з розных канфесій. Напрыклад, для пратэстантаў курыць цыгарэты — страшны грэх, яны вераць, што чалавек, які курыць, ніколі не трапіць у Божае Валадарства. Таму і на гэтай глебе могуць узнікаць спрэчкі. Неяк пачуў, як адзін пратэстант выхоўваў католіка: «Ты ж прымаеш Цела Хрыста! Як жа ты хоць бы суткі да гэтага не пратрымаешся без цыгарэты?».
— Радыкальныя яны ў Вас!
— Жыццё суровае, яно патрабуе радыкалізму. Але часта такі радыкалізм, як і ў гэтым выпадку, даволі сімпатычны. Чым яшчэ адрозніваюцца вернікі ў калоніі? Як гэта ні дзіўна можа прагучаць, але праўдамоўнасцю, вернасцю слову. Яны жывуць па сваіх законах, якія не прачытаеш у нейкім агульнадаступным кодэксе. Яны не апраўдваюць сваіх учынкаў, не прыхарошваюць сваіх паводзінаў — называюць рэчы сваімі імёнамі.
— Прыгадалася, як адзін знаёмы святар неяк жартаваў: «Прыйдзе такая вось мілая пані да споведзі і муляе: “Ксёндз, я неспадзявана, няўзнак, не ведаю, як тое атрымалася, але вось так здарылася, што ў маіх руках апынулася невядома якім чынам рэч, якая мне не належыць”».
— Вось-вось. А мае хлопцы кажуць у такіх выпадках канкрэтна: «Я ўкраў». І нават калі выйдуць на волю, здараецца, зойдзе каторы ды бухне: «Я — нягоднік, прапіў усё, што меў. Мне цяпер няма за што заехаць дахаты. Не дапаможаце?». І гэта мне падабаецца. Вядома, не тое, што прапіў альбо штосьці іншае кепскае зрабіў, а тое, што чалавек не баіцца сказаць пра сябе праўды. Яны не прыдумляюць неверагодных жаласных гісторый, а проста называюць рэчы сваімі імёнамі.
— Мы б сказалі: «Стаяць у праўдзе перад Богам».
— Менавіта. Яны, можа, нават не думаюць пра гэта, іх прымусіла быць такімі само жыццё, само прабыванне ў закрытай прасторы, бо жыць у закрытай прасторы ў падмане проста немагчыма. Таму многія з іх становяцца добрымі псіхолагамі: яны тонка адчуваюць, ці ты праўдзівы з імі, ці штосьці недагаворваеш, добра могуць адчуць твой стан, настрой.
— Вы сказалі, што, выйшаўшы на свабоду, хтосьці можа прыйсці да Вас. Падтрымліваеце і потым з імі сувязі?
— Не з усімі, многія губляюцца, а некаторыя час ад часу тэлефануюць альбо і забягуць на паўгадзінкі. Рэч у тым, што ім патрэбна канкрэтная дапамога пасля выхаду на свабоду, а не толькі добрае слова. Я ж не магу ім гэтага даць, як бы я ні хацеў. Вялікая гэта праблема, і яна пакуль што не вырашаецца. На Захадзе, ведаю, існуюць рэалібітацыйныя цэнтры для былых вязняў, у якіх яны могуць зрабіць першыя свае крокі на свабодзе, бо часта ад гэтых першых крокаў залежыць іх далейшае жыццё. Ведаю, што і ў нас пратэстанты неяк даюць гэтаму рады, маюць свае асяродкі, у якіх былыя вязні могуць нейкі час адаптавацца да жыцця. На жаль, католікі ў гэтым плане ў нас больш інертныя. А ў Польшчы, напрыклад, такія цэнтры ёсць, святары ў іх служаць, дапамагаюць людзям знайсці сваё месца ў жыцці.
— Памятаю, як у адным казанні пра давер да Бога Вы прыводзілі прыклад былога вязня, ягоныя горкія словы, якія ён сказаў Вам па тэлефоне: «Перадайце вязням, калі пойдзеце да іх у наступны раз, што ніхто іх на свабодзе не чакае. Таму няхай з усіх сіл вучацца давяраць Богу».
— Горкая праўда. Таму я кажу ім, што яшчэ ў калоніі яны павінны думаць, як пачнуць сваё жыццё на волі. Ды пакуль яны будуць праходзіць камісію са сваім падарваным здароўем, пакуль будуць рабіць пашпарт ды збіраць патрэбныя дакументы, пакуль будуць шукаць грошы за ўсё гэта заплаціць, у іх ужо шмат шанцаў уліпнуць у якую-небудзь непрыгожую гісторыю.
— А Вам гэта не падразае крылаў? Калі чуеце чарговую непрыгожую гісторыю пра тых, каму Вы абвяшчалі Евангелле, Вам не хочацца махнуць на сваё служэнне рукой?
— Мне дапамагае тое, што я не малюю сабе прыгожых фіналаў для іх, як, зрэшты, і для ўсіх, да каго мяне Бог пасылае. Трэба проста цвяроза глядзець на жыццё і на нас саміх. А вязні — яны ж з нас, а не з космасу з’яўляюцца! Вядома, бывае балюча за чалавека, які станавіўся на добры шлях, а потым каторы раз збочыў з яго. Але зноў жа — нам трэба вучыцца цаніць наш сённяшні дзень! Памятаю, неяк разважаў пра тое, як казаць вязням пра Божую любоў. Гэта не такая простая тэма, як здаецца на першы погляд, асабліва калі гаворыш пра яе з тымі, чые рукі ў крыві, чыё сумленне забруджана так, што ў ім цяжка знайсці светлае месца. Як ім казаць пра Божую любоў? Памятаю, разважаў, маліўся і зразумеў, што калі чалавек асабіста не спазнае Божай любові, то ўсе мае найпрыгажэйшыя словы так і застануцца словамі, пустымі гукамі. Я зразумеў, што патрэбна агромністая сіла Святога Духа, якая зможа ўплываць лепш і мацней за ўсе мае словы. Ішоў тады ў калонію, маліўся, прасіў Бога паслаць ім гэтую сілу. Выбраў адпаведны спеў пра Божую любоў, пачаў спяваць, дакладней, маліцца гэтым спевам. Ім я нічога не казаў пра свае думкі і інтэнцыю. І раптам у часе гэтай малітвы адзін вязень пачаў моцна плакаць, як дзіця, наўзрыд. Потым ён сказаў, што ніколі раней не адчуваў так моцна Божай прысутнасці, Яго любові, як у тыя хвіліны. Той чалавек зусім не лірык, не складальнік прыгожых гісторый, гэта чалавек з непрыгожай біяграфіяй. І ён плача, як дзіця… У той дзень Пан Бог паказаў не толькі яму сваю прысутнасць ды явіў сваю любоў, але і мне. Ён нібы падтрымаў і мяне таксама ў маім служэнні.
— Вось дзе сапраўды: «Бог добры да добрых і злых».
— Так, каб мы не ганарыліся сваім становішчам прававерных, якое самі ж сабе часта малюем. Альбо вось яшчэ адзін прыклад вязня, які не баяўся задаваць Богу пытанні. Ён распавядаў пра тое, як пытаўся ў Бога, дзе Ён быў, калі гэты вязень забіў чалавека. Пытаўся і аднае начы выразна зразумеў, што Бог быў з ім нават тады, нават у той страшнай гісторыі, бо прыгадалася яму, як пасля забойства ён не змог уцячы з месца злачынства — нейкая незразумелая сіла нібы загадала яму не ўцякаць, але самому патэлефанаваць у міліцыю і дачакацца яе. Ён распавядаў, як прыйшоў да яго ў душу пасля гэтага рашэння вялікі супакой, гатоўнасць несці адказнасць за ўчыненае зло. Хто яшчэ, апроч Бога, мог яго даць чалавеку, які толькі што забіў іншага?
— Словам, Бога можна шукаць усюды, і ў самых, здавалася б, непрыдатных для гэтага месцах можна Яго сустрэць.
— І таму людзі, якія не стамляюцца шукаць, заслугоўваюць павагі. Чалавек можа падаць, памыляцца, аступацца, але калі ён усур’ёз шукае Бога, у яго заўсёды будзе шанец выйсці на шлях праўды. І таму такія людзі не становяцца для нас горшымі нават тады, калі яны грашаць, калі зноў збіваюцца з добрага кірунку.
— Прызнацца, страшна нават думаць пра вязніцу, а не тое што прымерваць яе да сябе...
— Я зразумеў яшчэ адну рэч: калонія асабліва страшная для звычайных, нармальных, так бы мовіць, людзей. А для тых, хто мае ўжо па некалькі ходак, яна не такая ўжо й страшная, бо становіцца для іх, як гэта ні дзіўна, іх домам. Побыт у калоніі прымушае іх рэальна глядзець на жыццё. Памятаю, як уразіла мяне гаворка з адным вязнем. Я ўжо ведаў ягоную гісторыю і запытаў, ці лічыць ён, што асуджаны справядліва. Ён адказаў адмоўна: не, несправядліва. Але потым падумаў і дадаў: «Але я столькі паскудства нарабіў у жыцці, што заслужыў гэтую несправядлівасць. І таму тое, што я сяджу тут, правільна. Я гатовы тут быць».
— Мысленне сталага хрысціяніна... Не адзін з нас на свабодзе можа па-добраму пазайздросціць такому хрысціянству.
— А мне даводзілася яшчэ чуць, як некаторыя сумняваліся, ці варта ім прасіць памілавання. Здавалася б, кожны павінен прасіць яго. А я чуў такое: «Ці маю я права быць на свабодзе, не адбыўшы ўсяго пакарання? Я заслужыў яго! Дык хіба я маю права прасіць для сябе палёгкі?».
— І такому стаўленню нам варта вучыцца! Айцец Аляксандр, а Вам самому ёсць чаму павучыцца ў іх?
— Яны мяне вучаць цаніць тое, што маеш. Такая вось простая філасофія. Людзям уласціва ўвесь час прагнуць чагосьці новага й новага, больш і больш. А ў вязніцы бачыш, як людзі ўмеюць радавацца кавалку чорнага хлеба, памазанаму тлушчам. Для іх гэта — смаката. Яны цешацца алоўку, які неспадзявана трапіць у рукі, аркушу паперы, атрыманаму лісту ад родных ці сяброў… І тут гэтае «сёння», пра якое я казаў, проста бачна на кожным кроку.
— Словам, Вы не шкадуеце, што ў свой час распачалі служэнне ў вязніцы.
— Я лічу, што гэтая служба для мяне — Божае благаслаўленне. Што праўда, не надта лёгкае, але гэта ўжо не нам выбіраць, а Яму. Іншая рэч, ці ўсім варта кідацца на такое служэнне. Думаю, не. Як бы я цікава ні расказваў пра калонію, якія б выразныя прыклады ні прыводзіў, але я ўсведамляю: большасць з іх не вернецца да годнага жыцця. Калі чалавек згодны бачыць такія паразы, упэўнены, што сам пры гэтым не надламаецца, то варта служыць. У нейкім сэнсе такое служэнне — гэта рызыка, выпрабаванне веры.
Тое ж самае тычыцца і свецкіх людзей. Вязні часта хочуць перапісвацца з людзьмі на свабодзе, пішуць лісты ў рэдакцыі газет ды часопісаў. Ці заўсёды варта добрым жаночым душам адгукацца? Я не раіў бы гэтага рабіць, пакуль не ўпэўнішся, што для цябе сапраўды важны гэты чалавек, што ты хочаш дапамагчы яму і гатова нават пачуць нешта непрыемнае, балючае, непрыгожае. Бо сам ліст можа быць і прыгожым, а потым, калі адкрыецца балота, ты зможаш і напалохацца... Для цябе гэта не стане трагедыяй? Ці дастаткова ты загартаваная для такіх «падарункаў»?
— Тады сустрэчнае пытанне: а Вам былі такія «падарункі»? Вас падманвалі тыя, да каго Вы кожную нядзелю спяшаецеся з гітарай і Бібліяй?
— Падманвалі. Было. Я перажыў некалькі непрыемных гісторый, але яны не сталі для мяне трагедыяй, бо ўжо навучыўся многаму, загартаваўся і дзякую Богу за гэтае Яго благаслаўленне — служыць тым, хто пазбаўлены волі. Мяне ўжо не палохае такое неспакойнае хрысціянства, я даўно даў на яго згоду і самому сабе, і Богу. І я не хацеў бы пазбыцца гэтага дадатковага непарафіяльнага клопату коштам спакойнага жыцця, асабліва цяпер, калі ведаю, што там жывуць людзі, якім самастойна цяжка знайсці дарогу да Бога.
Гутарыла Ірэна Задарожная