«Будзьма аптымістамі і давярайма Божаму слову». Размова з біскупам Аляксандрам Кашкевічам

Сардэчна віншуем Яго Эксцэленцыю ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча з 70-годдзем!


— Ваша Эксцэленцыя, шаноўны ксёндз біскуп Аляксандр, 23 верасня Вы адзначаеце свой 70-гадовы юбілей. Таму дазвольце найперш ад імя ўсёй рэдакцыі і нашых чытачоў сардэчна павіншаваць Вас з гэтаю слаўнаю датаю і пажадаць шчодрай Божай ласкі і дароў Духа Святога на далейшае Вашае плённае служэнне Пану Богу і Касцёлу.

— Сардэчна дзякую!

— Нашу размову хацелася б пачаць з гісторыі Вашага паклікання. Чаму малады хлопец з вёскі Падгайдзі Эйшышкаўскай парафіі вырашыў паступіць у Каўнаскую духоўную семінарыю?

— Святы Ян Павел ІІ прыгожа назваў пакліканне да святарства з тэалагічнай кропкі гледжання: Дар і Таямніца. Мне здаецца, ніхто з нас, пакліканых, не можа да канца зразумець, чаму Бог менавіта нам аказаў такую ласкавасць — выбраў і паклікаў да служэння. Калі глядзець на гэта з ракурсу чалавечага жыцця, я ўпэўнены, што найбольш на ўзрастанне і фармаванне майго святарскага паклікання паўплывала сям’я: цудоўная атмасфера роднага дому, прасякнутая вераю, малітваю і традыцыяй.

У нашай сям’і рупліва клапаціліся пра захаванне рэлігійных звычаяў і традыцый — мы разам маліліся, спявалі Гадзінкі да Маці Божай, іншыя рэлігійныя песні, у маёвыя вечары разам спявалі Ларэтанскую літанію. Вядома, у нядзелю мы хадзілі ў касцёл, удзельнічалі ў працэсіях, адпустовых урачыстасцях, адмысловых набажэнствах у розныя перыяды літургічнага году. Я вельмі ўдзячны сваім бацькам, асабліва маці, за тое, што яны здолелі зрабіць наш родны дом асяродкам такой простай і традыцыйнай народнай пабожнасці. Я часта ўзгадваю дзяцінства і дзякую Пану Богу за тое, што даў мне ласку нарадзіцца і выхоўвацца ў сям’і сапраўдных вернікаў.

Апроч сям’і і духу пабожнасці, які панаваў у родным доме, на фармаванне майго паклікання паўплывалі і тыя асобы, якіх Божы Провід паставіў на маім жыццёвым шляху. У першую чаргу, гэта ксёндз пробашч маёй роднай парафіі і іншыя святары, якіх я сустракаў; клерык, які праходзіў у нас практыку; пані катэхетка (мне здаецца, яна была тэрцыяркаю), што рыхтавала дзяцей да прыняцця Першай святой Камуніі і давала нам прыклад глыбокай веры і пабожнасці, была па-сапраўднаму добраю, цярпліваю, чулаю з намі і любіла сваіх выхаванцаў. 

— Ужо 30 гадоў, ад самага заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, плённа працуе Гродзенская міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя. Пра плён гэтай працы сведчаць найперш яе выпускнікі — шматлікія святары, якія цяпер працуюць у многіх парафіях нашай краіны, а сярод іх — тры беларускія біскупы…

— Думаю, што адкрыццё Вы­шэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне — гэта незвычайная падзея ў жыцці Каталіцкага Касцёла, бо яна была заснавана ў 1990 годзе, гэта значыць раней, чым была ўтворана Гродзенская дыяцэзія. Тут вялікая заслуга арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які тады быў Апостальскім Адміністратарам католікаў у Беларусі. Ён зразумеў, якія магчымасці адкрываюцца для Каталіцкага Касцёла разам з палітычнымі зменамі на пачатку 90-х гадоў, і прыняў вельмі адважнае і ўдалае рашэнне заснаваць духоўную семінарыю ў Гродне. За гэты час з семінарыі выйшла больш за 200 святароў, якія служаць не толькі ва ўсіх дыяцэзіях на Беларусі, але і за яе межамі: ва Украіне, Літве, Казахстане, Расіі, Ватыкане. Таксама трое біскупаў у нашым епіскапаце — выпускнікі Гродзенскай семінарыі. Калі я ўзгадваю, як сціпла пачыналася праца гэтай духоўнай установы, як яна ва ўсіх сэнсах стваралася з нічога, то маё сэрца перапаўняе жаданне славіць Пана Бога за вялікія рэчы, якія Ён для нас учыніў. 

— Эксцэленцыя, калі параў­наць навучанне ў Ваш час у Каў­наскай семінарыі з сённяшнім навучаннем у Гродзенскай, ці ёсць розніца ў самім працэсе гэтага навучання? Ці ўносіць час свае карэктывы ў фармацыю і падрыхтоўку будучых святароў?

— Вядома, розніца ёсць. Выконваючы сваю місію, Касцёл не стаіць на адным месцы, а імкнецца ісці крок у крок з тым, як змяняюцца грамадствы, да якіх ён звяртаецца з евангельскім пасланнем. Я вучыўся ў Каўнаскай семінарыі ў 70-я гады, больш за 40 гадоў таму. З таго часу Касцёл вельмі змяніўся: узгадайма хоць бы пра Другі Ватыканскі Сабор, пра вялікія Пантыфікаты Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI або пра цяперашняга папу Францішка, пра тое, як змяняўся або знікаў палітычны лад у розных краінах, асабліва ў нашай частцы Еўропы. Сёння Касцёл выкарыстоўвае новыя спосабы і сродкі евангелізацыі, каб служыць сучаснаму чалавеку. Ён адказвае на новыя выклікі цывілізацыі і культуры і вымушаны фармаваць стаўленне да іх у духу веры і Божага Аб’яўлення. Таму цяпер семінарыйная фармацыя выглядае крыху інакш, чым у часы маёй маладосці. Сённяшнія клерыкі, несумненна, маюць шырэйшыя погляды на свет, больш ведаюць аб яго надзённых праблемах, знаходзяць нашмат больш магчымасцяў паглыбляць тэалагічныя веды і атрымліваць рознабаковы досвед душпастырскай працы. Вельмі каштоўная для студэнтаў семінарыі магчымасць удзельнічаць у міжнародных сустрэчах — сімпозіумах, пілігрымках, Сусветных днях моладзі. Калісьці ў Каўнаскай семінарыі мы нават марыць пра такое не маглі! Добра, што сёння гэта рэальнасць. Святар «заўтрашняга дня» не павінен абмяжоўваць свайго душпас­тырскага служэння ўдзяленнем сакрамэнтаў і працаю ў парафіі. Ён мусіць не толькі глыбока ве­даць тэалогію, але і арыентавацца ў тым, што адбываецца ў сучасным свеце з усімі яго праблемамі, павінен разумець выклікі, перад якімі стаіць Касцёл, і ўмець карыстацца сучаснымі сродкамі евангелізацыі. Як гаворыць папа Францішак, важна, каб святар быў здольны выйсці з касцёла і сакрыстыі на перыферыю жыцця і шукаць людзей, якія чакаюць святла Добрай Навіны і радасці асабістай сустрэчы з Хрыстом. 

Аднак, нягледзячы на тое, як хутка змяняецца сучаснасць, асновы фармацыі ў семінарыі застаюцца нязменнымі. Падрыхтоўка да святарства ў семінарыі адбываецца на чатырох узроўнях: асабістым, духоўным, разумовым і пастырскім. Важна, каб будучы святар быў чалавекам глыбокай веры і малітвы, шчыра любіў Хрыста, меў багатае духоўнае жыццё і адпаведную інтэлектуальную падрыхтоўку. У святарскім служэнні неабходныя ахвярнасць, адданасць, руп­лівасць, трэба адчуваць радасць ад таго, што з’яўляешся вучнем Хрыста, і горача імкнуцца падзя­ліцца гэтай радасцю з бліжнімі.


— Пры курыі Гродзенскай дыяцэзіі існуе Тэалагічны каледж імя святога Казіміра. Распавядзіце, калі ласка, пра яго працу. 

— У 2018 годзе быў заснаваны Тэалагічны каледж, названы ў гонар святога Казіміра. Да гэтага пры дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне некалькі гадоў працавалі катэхетычныя курсы. Наш каледж — касцёльная навучальная ўстанова, якая прапануе адукацыю ў двух кірунках. Першы прызначаны для тых свецкіх і кансэкраваных асобаў, якія ў будучыні жадаюць займацца катэхетычнай дзейнасцю ў парафіях. Другі — для тых свецкіх, хто проста жадае паглыбіць сваю веру, пашырыць веды, пазнаёміцца з асновамі філасофіі і тэалогіі. Апроч багаслоўскіх і філасофскіх дысцыплінаў, у каледжы выкладаецца гісторыя Касцёла, літургіка, катэхетыка, псіхалогія, вывучаецца Святое Пісанне. Выкладчыкі — гэта, у асноўным, прафесары Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Заняткі ў каледжы адбываюцца два разы на месяц, у суботу і нядзелю, двойчы на год студэнты здаюць экзамены і залікі. Поўны курс навучання доўжыцца тры гады і завяршаецца выпускнымі экзаменамі з абаронаю дыпломнай працы. Пасля заканчэння каледжа выпускнікі атрымліва­юць адпаведны дыплом, а тыя, хто вучыўся катэхетыцы, у дадатак атрымліваюць пасведчанне, якое дазваляе весці заняткі па рэлігіі. 

Праца Тэалагічнага каледжа вельмі зацікавіла вернікаў. Вя­лікая частка студэнтаў — менавіта тыя, хто жадае паглыбіць сваю веру. Гэта сведчыць пра своеасаблівы «голад» па тэалагічных ведах, які адчувае мноства людзей. Ім недастаткова ведаць асноўныя праўды веры, пра якія яны пачулі некалі ў сям’і або на занятках па рэлігіі перад сваёй Першай святой Камуніяй. Мяне гэта вельмі цешыць. Я ўпэўнены, што, дзякуючы навучанню ў каледжы,  большасць студэнтаў не толькі паглыбіць сваю веру і даведаецца пра яе навуковыя абгрунтаванні, а таксама перажыве цудоўную прыгоду, якая яшчэ больш наблізіць іх да Кацёла, асабліва да парафіяльных супольнасцяў, падорыць новыя знаёмствы і сяброўствы, дазволіць адкрыць у саміх сабе жаданне дзяліцца вераю і радасна сведчыць у грамадстве аб сваім хрысціянстве. Я дзіўлюся таксама матывацыі нашых студэнтаў, якія прысвячаюць заняткам свой вольны час. А яго трэба багата: кожная другая субота і нядзеля і, апроч таго, час для самастойнай працы. 

— Цяпер акурат праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, працуе некалькі сінадальных камісій, і адна з іх — па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу. Якія канкрэтныя пытанні яна вырашае ў межах Вашай дыяцэзіі?

— Сінадальная камісія па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу працуе з мэтаю дасягнення еднасці хрысціянаў, пашырэння супакою і ўзаемапавагі, правядзення міжрэлігійнага дыялогу. Перад камісіяй стаяць вельмі важныя задачы, асабліва калі зважаць на разнастайнасць веравызнанняў і поглядаў на рэлігію сярод жыхароў Гродзен­шчыны. Грамадскі кантэкст, які стварае гэтая рэлігійная разнароднасць, фармуе духоўнае багацце нашай зямлі і становіцца добраю глебаю для экуменічных ініцыятываў. Камісія вядзе працу ў чатырох кірунках: навуковым, вывучаючы і распаўсюджваючы дакументы на тэму экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу; духоўным, заахвочваючы да малітвы аб еднасці хрысціянаў і рэлігійнай узаемапавазе; практычным, шукаючы канкрэтных спосабаў дасягнення еднасці і вырашэння канфліктаў; і ў кірунку чалавечых узаемаадносінаў, якія будуюцца паміж роднымі, сябрамі, калегамі, падкрэсліваючы, што свету патрэбныя людзі добрай волі і неабходна, каб экуменічны рух быў падтрыманы простымі людзьмі. 

Праца камісіі працягваецца, таму пакуль рана гаварыць пра канкрэтныя вынікі. Спадзяюся, што Дух Святы дапаможа нашай дыяцэзіяльнай супольнасці знайсці ў межах Сіноду практычныя рашэнні, якія палепшаць узаемаразуменне хрысціянаў розных вызнанняў і зблізяць іх, а таксама паспрыяюць адносінам паміж вызнаўцамі розных рэлігій, дапамогуць зламаць старыя стэрэатыпы і знайсці новыя шля­хі да еднасці. 

— Эксцэленцыя, Вы — вялікі шанавальнік Божай міласэрнасці: дэвізам свайго пастырскага служэння Вы абралі словы «Езу, давяраю Табе». Дзякуючы Вам захаваўся арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, які на пачатку мінулага стагоддзя намаляваў у Вільні мастак Яўген Казіміроўскі пад духоўным кіраўніцтвам святой сястры Фаўстыны. Распавядзіце, калі ласка, пра гісторыю захавання гэтай вялікай і важнай для ўсіх католікаў святыні.

— Усе шанавальнікі абраза Божай міласэрнасці ведаюць, што Яўген Казіміроўскі пісаў яго пад кіраўніцтвам сястры Фаўстыны Кавальскай, але мала хто ведае, што пазней сталася з абразом, а гэтая гісторыя таксама вельмі цікавая і звязаная з Гродзенскім краем. 

Найперш трэба сказаць, што да 1956 года абраз Езуса Міласэрнага, напісаны Казіміроўскім, знаходзіўся ў касцёле Святога Духа ў Вільні. Тады Аб’яўленне аб Божай міласэрнасці яшчэ не было паўсюдна вядомае, абраз не меў такой папулярнасці, як цяпер, і культу Езуса Міласэрнага таксама яшчэ не было. Тагачасны пробашч парафіі Святога Духа ксёндз Эллерт не надаваў абразу вялікай значнасці, таму, калі ў 1956 годзе ягоны сябар ксёндз Юзаф Грасевіч папрасіў пера­даць абраз у парафію Новай Руды, недалёка ад Гродна, дзе сам быў пробашчам, той лёгка згадзіўся. Такім чынам, абраз быў вывезены з Вільні. У адрозненне ад ксяндза Эллерта, ксёндз Грасевіч адчуваў асаблівую прыязнасць да абраза Езуса Міласэрнага, ён быў знаёмы з благаслаўлёным Міхалам Сапоцькам і з першых вуснаў ведаў пра аб’яўленні сястры Фаўстыне. 

Абраз прывезлі ў Новую Руду, і ён заняў месца ў парафіяльным касцёле на самым версе сцяны, якая аддзяляла прэзбітэрый ад галоўнай навы. Ксёндз Юзаф Грасевіч пачаў асцярожна, але настойліва развіваць культ Божай міласэрнасці ў сваёй парафіі: прамаўляў казанні і рэфераты на гэтую тэму, маліўся разам з вернікамі Вяночак да Божай Міла­сэрнасці, праводзіў навэнну. У 1957 годзе ксёндз Грасевіч быў пераведзены ў Крамяніцу, а парафію ў Новай Рудзе ўзначаліў ксёндз Фелікс Сарока, які раней быў пробашчам у суседнім Парэччы. На жаль, хутка святара перавялі ў Адэльск, і Новая Руда засталася без душпастыра. Тады ксёндз Міхал Сапоцька, жадаючы  зменшыць рызыку знішчэння або апаганьвання святыні, палічыў, што трэба паклапаціцца, каб абраз захоўваўся ў бяспечнейшым месцы, дзе пастаянна служыць святар. Ён даверыў гэтую задачу ксяндзу Грасевічу, а той замовіў у вядомага віленскага мастака Пятра Сергіевіча новы абраз Езуса Міласэрнага для парафіі ў Новай Рудзе замест арыгінала Казіміроўскага. Арыгінальны абраз планавалі перавезці ў парафію Асава, аднак па невядомых прычынах гэтага не адбылося. Тады было вырашана, пасля замены абраза копіяй, перадаць арыгінал у Жалудок, але тагачаснаму пробашчу парафіі ў Жалудку, ксяндзу Пятру Барташэвічу, настолькі спадабалася копія, што ён забраў яе і не жадаў нічога слухаць пра тое, каб прыняць у парафіі арыгінальны абраз. 

У 70-я гады атэістычныя ўлады вырашылі зрабіць у касцёле ў Новай Рудзе краму. Усё касцёльнае начынне было перавезена ў касцёл у Парэчча, акрамя абраза Езуса Міласэрнага, бо не знайшлося настолькі вялікіх драбінаў, каб зняць яго са сцяны. Паколькі загад уладаў выклікаў вялікі пратэст у вернікаў, была небяспека, што ў адказ улады могуць падпаліць касцёл, — тады абраз быў бы знішчаны. 

Ксёндз Сапоцька прапанаваў перавезці абраз назад у Вільню і змясціць у Вострай Браме. У 1982 годзе ксёндз Грасевіч у даверлівай размове прапанаваў зрабіць гэта тагачаснаму вікарыю касцёла пры Вострай Браме Тадэвушу Кандрусевічу, аднак той адмовіўся, бо ні ў вастрабрамскай капліцы, ні ў касцёле святой Тэрэзы, што побач, не было адпаведнага месца для абраза. Ксёндз Кандрусевіч прапанаваў іншае рашэнне — перадаць абраз у касцёл Святога Духа, туды, дзе ён захоўваўся, перш чым трапіць у Новую Руду. 

Паколькі тады я быў проба­шчам касцёла Святога Духа, ксёндз Грасевіч звярнуўся да мяне. Мы разам агледзелі касцёл, шукаючы годнае месца для абраза, і вырашылі, што найлепш змясціць яго ў бочным алтары ў правай наве святыні, дзе калісьці вісеў абраз святога Вінцэнта Фэрэра, а пасля — вялікі крыж. 

Заставалася толькі перавезці абраз у Вільню, а гэта была нялёгкая задача. Вернікі з Новай Руды так любілі «свой» абраз, што, хутчэй за ўсё, не захацелі б аддаць парафіяльную святыню ксяндзу Грасевічу. Апроч таго, атэістычныя ўлады маглі перахапіць абраза і знішчыць яго або канфіскаваць. Аднак ксёндз Грасевіч вырашыў дзейнічаць. Найперш ён папрасіў гродзенскую мастачку Марыю Шоцік напісаць дакладную копію абраза Казіміроўскага. Увосені 1986 года, калі копія была гатовая, ксёндз Грасевіч з паплечнікамі, якіх ён патаемна выбраў і падрыхтаваў, — гэта былі кіроўца, некалькі сясцёр з заснаванага ксяндзом Грасевічам Інстытута Маці Божай Міласэрнай і адна свецкая жанчына — уначы ўвайшлі ў касцёл, вынялі з рамы арыгінальны абраз і замянілі яго копіяй. Яны перавезлі абраз, напісаны Казіміроўскім, спачатку ў Гродна, а пасля ў Вільню. 

Сястра Цэцылія Абухоўская з Інстытута Маці Божай Міласэрнай прывезла абраз у касцёл Святога Духа. Я не хацеў ладзіць афіцыйную перадачу святыні, каб пазбегнуць розгаласу і непатрэбнай сенсацыі. Таму, седзячы ў канфесіянале, я папрасіў сястру пакінуць абраз там жа, побач. Пасля святой Імшы, калі касцёл быў зачынены, я забраў скрутак і схаваў у шафу ў сакрыстыі. Праз нейкі час абраз ужо вісеў у алтары святога Фінцэнта Ферэра, як мы дамовіліся з ксяндзом Грасевічам. Там ён знаходзіўся да 2005 года, а потым Віленскі мітрапаліт Юозас Бачкіс пастанавіў перанесці абраз у былы касцёл Святой Тройцы — цяпер Санктуарый Божай Міласэрнасці. 

Культ Божай Міласэрнасці вельмі дарагі і блізкі майму сэрцу. Калі я, хутка пасля апісаных здарэнняў, стаў біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі, то выбраў дэвізам свайго пастырскага служэння словы, якія Пан Езус наказаў сястры Фаўстыне змясціць пад абразом: «Езу, давяраю Табе».

— Эксцэленцыя, Гродзенская дыяцэзія — адна з найбольшых па колькасці касцёлаў і вернікаў. Вы кіруеце гэтаю дыяцэзіяй 28 гадоў, з красавіка 1991 года. За гэты час Касцёл перажыў перыяд свайго адраджэння, які мы называем вясною Касцёла. Як Вы ацэньваеце сённяшні стан Касцёла, як назвалі б яго сучасны перыяд?

— Несумненна, 28 гадоў — вялікі тэрмін для чалавечага жыцця, хоць для гісторыі Касцёла гэта як адно імгненне. Думаю, мы маем поўнае права акрэсліць гэтыя гады як перыяд адраджэння касцёльнага і рэлігійнага жыцця. Дастаткова аглянуцца назад і ўзгадаць, якім было жыццё Касцёла раней, каб усвядоміць, якія вялікія справы адбываліся на нашых вачах. Замест жменькі ксяндзоў, большасць з якіх напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ўжо былі пажылымі людзьмі, сёння ў нас больш за 200 дыяцэзіяльных святароў і законнікаў. Удалося вярнуць і аднавіць мноства касцёлаў і капліцаў, якія ў эпоху ваяўнічага атэізму былі забраныя ў вернікаў або наогул знішчаныя. Узнікаюць новыя парафіі, будуюцца новыя святыні, мы маем семінарыю і Тэалагічны каледж, арганізаваная катэхізацыя для дзяцей і моладзі. На тэрыторыі дыяцэзіі служаць многія мужчынскія і жаночыя манаскія кангрэгацыі, узнікаюць душпастырствы розных кірункаў, працуюць каталіцкія СМІ, «Карытас», выдавецтва. Можна сцвярджаць, што за мінулыя трыццаць гадоў адраджэнне Касцёла на Гродзеншчыне стала неаспрэчнаю рэальнасцю. 

Я б параўнаў сённяшні Касцёл Гродзеншчыны з дарослым чалавекам. Гэта ўжо не малое бездапаможнае дзіця, цалкам залежнае ад бацькоў, якому патрэбныя ўвага, клопат і няспынная апека. Касцёл пасталеў і здольны весці дарослае самастойнае жыццё, хоць яму яшчэ бывае патрэбная дапамога, за якую мы вельмі ўдзячныя дабрадзеям і ахвярадаўцам, але гэта не ёсць для яго пытаннем «быць альбо не быць». 

Цяжка не заўважыць, што ў апошнія гады Каталіцкі Касцёл у многіх краінах, асабліва ў Еўропе, перажывае крызіс. Прыкметы крызісу мы бачым і на Гродзеншчыне: змяншаецца колькасць пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця, не так многа вернікаў наведвае святую Імшу па нядзелях, расце колькасць несакрамэнтальных сужэнстваў. Касцёл не можа заставацца абыякавым да гэтых з’яваў: трэба няспынна шукаць новыя метады евангелізацыі, новыя спосабы абвяшчаць Добрую Навіну сучаснаму чалавеку. 

Я не лічу, што маюць рацыю прыхільнікі песімістычных прагнозаў наконт будучыні Касцёла, а такога меркавання часта прытрымліваюцца нават святары. Сам я ў гэтым пытанні — асцярожны аптыміст. Варта прааналізаваць гісторыю Касцёла і ўзгадаць безліч разнастайных крызісаў, малых і вялікіх, якія ён перажыў. Неаднойчы здавалася, што човен Пятра перакуліцца і патоне пад напорам злосных хваляў, але сталася інакш: Касцёл перанёс усе крызісы, абаронены Божаю рукою, і толькі станавіўся мацнейшым, больш асвячаўся, сталеў і ўзрастаў духоўна. 

Гэта не азначае, што можна быць абыякавымі і проста назіраць за тым, што адбываецца. Але памятайма абяцанне Езуса Хрыста адносна лёсу Касцёла: брамы пякельныя ніколі яго не перамогуць. Таму будзьма аптымістамі і давярайма Божаму слову. 

— Што ў жыцці і служэнні біскупа Аляксандра Кашкевіча самае важнае?

— Чым старэйшым я станаўлюся, тым мацней пераконваюся, што ў жыцці чалавека не так шмат сапраўды важных справаў, у глыбокім сэнсе гэтага слова. Кожны з нас час ад часу азіраецца ў мінулае і бачыць, як моцна змяняецца жыццё. Рэчы, якія здаваліся вельмі важнымі, забіралі нашую ўвагу, час і сілы, цяпер такімі не здаюцца. Мы глядзім на мінулае здаля і часта дзівімся, як моцна змяніліся нашыя погляды на пэўныя рэчы і падзеі.

Найбольшы дар, за які я дзякую Пану Богу, — гэта ласка веры і святога хросту. Мяне захапляе думка, што Пан Бог у бясконцай дабрыні на самым пачатку зямнога жыцця і без аніякай нашай заслугі чыніць нас сваімі выбранымі дзецьмі і адкрывае нам шлях да збаўлення. Другая вельмі важная і дарагая для мяне ласка — гэта сакрамэнт святарства. За яе я таксама штодня дзякую Богу, бо ўсё глыбей усведамляю, што ніводзін чалавек у свеце не варты такога вялікага дару. Пан Езус давярае нам — слабым, грэшным, недасканалым людзям — вялікі скарб, чыніць нас удзельнікамі свайго вечнага святарства. Яшчэ я ўдзячны Богу за ўсіх людзей, якіх Яго Провід ставіць на маім жыццёвым шляху, за ўсе падзеі і здарэнні майго жыцця, за ўвесь досвед — і радасны, і сумны. Я веру, што Пан Бог вядзе мяне найлепшым магчымым шляхам, таму часта, асабліва ў цяжкую часіну, я паўтараю словы, якія выбраў сваім дэвізам: «Езу, давяраю Табе». 

Я — біскуп, і таму адказваю перад Панам Богам і перад Касцёлам за людзей, давераных маёй апецы. Мая задача — рабіць усё магчымае, каб прывесці дыяцэзію да збаўлення. Мне вельмі падабаюцца прыгожыя словы папы Францішка пра біскупскае служэнне, якія ён напісаў у апостальскай адгартацыі «Evangelii gaudium»: «Біскуп павінен заўсёды спрыяць місійнай камуніі ў сваім дыяцэзіяльным Касцёле, імкнучыся да ідэалу першых хрысціянскіх супольнасцяў, вызнаўцы якіх «былі адзіныя сэрцам і душою» (Дз 4, 32). Таму часам ён павінен быць наперадзе, каб паказаць шлях і падтрымаць надзею ў людзей, а часам быць проста сярод усіх са сваёю шчырасцю і міласэрнасцю, а ў некаторых выпадках павінен ісці за народам, каб дапамагчы тым, хто застаўся ззаду…» (EG, 31), бо біскуп — пастыр сваёй аўчарні. 

Я штодня з пакораю прашу ў Пана Бога дапамогі, каб як найлепш выконваць гэтае заданне.

— Ваша Эксцэленцыя, вялікі дзякуй Вам за грунтоўныя і глыбокія адказы.


Пытанні задавала Крыстына Лялько
Фота з архіва біскупа А. Кашкевіча

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней