Гэта Божы дар!

Размова Іны Бігель з Ірынай Петрусевіч, актыўнай свецкай верніцай з парафіі св. Яна Хрысціцеля (Мінск).

— Давайце знаёміцца. Распавядзіце, з якой сям’і Вы паходзі­це, да якой парафіі належыце?

— Мяне завуць Ірына Петрусевіч, паходжу з веручай сям’і, хоць тата мой не быў практыкуючым, нават калісьці варожа, ваяўніча ставіўся да Касцёла, але прыкладам для мяне заўсёды была мая мама і яе бацькі. Найбольш яскравым прыкладам быў мой прадзядуля, якога мы ласкава называлі дзядуня. Гэта быў прыклад любові да Радзімы, да жонкі і да Бога. Памятаю яго заўсёды з ружанцам у руках. Гэта быў адзіны мужчына, які кожны вечар разгортваў малітоўнік і маліўся, у 98 гадоў чытаў па вечарах праўнукам казку на ноч. Часта яго згадваю.

Я належу да парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы, да салезіянскай супольнасці.

— Як Вы ставіцеся да ролі свецкіх людзей у Касцёле?

— Да ролі свецкіх у Касцёле стаўлюся станоўча, але яна павінна набіраць большую вагу, большую адказнасць. Свецкія павінны ўсвядоміць, што адказныя за Касцёл, а асобы духоўныя — больш ім давяраць. Гэта такі ўзаемны працэс, без якога немагчыма ні першае, ні другое.

— Ці згодныя Вы з тым, што не толькі манашкі і святары павінны працаваць у Касцёле?

— Вядома, бо гэта наша агульная адказнасць, і кожны павінен служыць сваім талентам і падзя­ляць адказнасць за развіццё Касцёла і за сам Касцёл.

— Ці быў у Вас прыклад ахвярнай працы сям’і, знаёмых, якімі Вы захапляецеся і бярэцё прыклад?

— Шмат прыкладаў ахвярнай працы ў сям’і і Касцёле. Найперш згадваю сваю бабулю. Я памятаю, калі мы прыязджалі на лета ў вёску Даўгулёўшчына, то яна брала на нейкі час мыць касцёльную бялізну: ручнічкі, абрусы і іншыя белыя рэчы. У пакой, дзе гэта ўсё сушылася, нельга было заходзіць. Бабуля вельмі за гэтым сачыла, нібы гэта было ўсё святое. Развешаныя выбеленыя касцёльныя рэчы — гэта яскравы вобраз майго дзяцінства. Гэту звычку пераняла і мая мама, якая цяпер з радасцю дапамагае ў парафіяльнай працы. Мае бабуля і дзядуля дапамагалі ў рэстаўрацыі пяршайскага касцёла. Акрамя сям’і, прыкладам служэння былі нашы парафіяне. Гэта пакаленне пакрысе адыходзіць. Многіх ужо няма. Я памятаю, як яны збіраліся на малітву каля крыжа недалёка ад месца будоўлі капліцы. Вось яны дапамагалі ў нашай парафіі хто чым мог. Гэта было вельмі бачна ў той час, калі парафія была маленькая. Цяпер жа ў парафіі ёсць супольнасць «Адкрытыя сэрцы», чальцы якой — «палачка-выручалачка»: да іх па дапамогу можна звярнуцца ў любой сітуацыі. Ёсць «ціхія» вернікі, якія аказваюць дапамогу нашаму касцёлу незаўважна.

— Якая Ваша першая дапамога, ахвяраваная Касцёлу і парафіі? Як даўно гэта было? І хто Вас на гэта натхніў?

— У салезіянскай супольнасці, якая з’явілася ў нашым касцёле і ў якую мяне прынялі, былі першыя зробленыя мною справы. Цяпер ужо і не згадаю канкрэтна, але ў гэтай супольнасці мне было ўтульна, мяне там любілі, шанавалі. Наш першы пробашч ксёндз Ігар Лашук вучыў нас, а сёстры займаліся моладдзю: нам было добра разам маліцца, адпачы­ваць і працаваць. Такая атмасфера станоўча ўздзейнічала на любога маладога чалавека. У нас тады ўжо ўтварыўся свой араторый, дзе мы і пачалі сваё служэнне аніматарамі. У гэтым нам вельмі памагала сястра Ула­дзіслава. Менавіта тады пачаўся новы шлях, новы этап служэння майго і маіх сяброў.

— Ведаю, што для ўпрыгожвання касцёла на святы Вы прайшлі дызайнерскія курсы. Гэта Вам цяпер дапамагае? Ці падказвае Вам Дух Святы ідэі?

— Калісьці ў нас у касцёле працавала сястра Аксана. Яна рабіла вельмі прыгожыя букеты. Не памятаю, ці мне самой захацелася, ці яна мяне папрасіла навучыцца рабіць кампазіцыі з кветак. Сястра пачала мяне ву­чыць гэтай патрэбнай справе. Мне падабалася, я захаплялася. Пасля мне захацелася ў гэтым развівацца. Такое служэнне адкрыла ўва мне дадатковы талент, які дапамагае мне ў жыцці, якім я магу служыць у сваёй роднай парафіі, магу таксама і зарабіць сабе на жыццё. Гэта цудоўна, калі маеш магчымасць займацца тым, што табе падабаецца. Сапраўды — гэта Божы дар. Ідэі падказвае Дух Святы, без Яго ніяк. Я адчуваю Яго дзеянне менавіта ў тых справах, якія мне падабаюцца, якія я люблю.

— Ці задаволены Вы тым, што робіце? Ці верыце, што Пан Бог даў Вам незвычайныя здольнасці? Ведаю, што без Вашых салодкіх пачастункаў не абыходзілася ніводнае свята ў парафіі.

— Так, задаволена, але ведаю, што магу больш і хачу больш. Хачу рабіць больш якасна, ёсць куды расці, удасканальвацца… Веру, што Бог даў мне шмат здольнасцяў, як і кожнаму, і яны незвычайныя і выключныя. Калісьці мая праца была звязана з салодкім. Я часцяком частавала сяброў, святароў і сясцёр з парафіі.

— Цяпер Вы рабілі адвэнтавыя вянкі і нават праводзілі майстар-класы.

— Так, гэта новы крок у маім жыцці. Для гэтага я крыху павучылася сама, скончыла курсы. Яны вельмі натхнілі мяне. Мне захацелася дзяліцца атрыманымі ведамі. Майстар-класы забіралі шмат сілаў, але гэта нішто ў параўнанні з тым, што я атрымлівала: усмешкі людзей, шчаслівыя вочы.

— Вы ўдзельнічалі ў многіх мерапрыемствах у парафіі, былі практычна ўсюды. Пра такіх людзей кажуць: «І да танца, і да Ружанца». Што на гэта скажаце? Ці хапае ў Вас часу на ўсё, ці хацелася б павялічыць суткі?

— «Да танца і да Ружанца!» Можа, так і ёсць. Так вучыў нас пробашч ксёндз Ігар, ды і з сям’і гэта ідзе таксама. Часу на ўсё не хапае, мне хацелася б мудра выкарыстоўваць той час, які дае Бог.

— Што Вы пажадалі б вернікам, якія не хочуць ці баяцца, ці лянуюцца ўзяцца за справу дапамогі Касцёлу? Якой можа быць дапамога?

— Усведамлення сваёй адказнасці. Жадаю ім радасці ў служэнні, каб яны адчулі сваю лучнасць з Касцёлам. Тым, хто баіцца, жадаю сустрэць людзей, якія правядуць іх праз страх, жадаю дапамогі касцёльнай супольнасці. Дапамога можа быць разнастайная. Нас, як моладзь, у салезіянскай супольнасці вучылі мець расплюшчаныя вочы. Калі ты прыйшоў на тэрыторыю касцёла, то ніводная паперка не можа быць чужой, ніводная лямпка, якая гарыць дарма, не можа быць не заўважанай. Служэнне можа быць сваімі талентамі. Калі лічыш сябе часткаю вялікага Каталіцкага Касцёла і мясцовага, куды прыходзіш не па паслугі, калі гэта тваё, ты будзеш бачыць патрэбы не толькі гаспадарчыя, але і духоўныя. Дапамагаць у супольнасці можна тым, што ты ўмееш рабіць.

— Вялікі дзякуй за Вашае сведчанне.


Размаўляла Іна Бігель.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней