Традыцыйна прыгожа, пры зборы вялікай колькасці вернікаў — моладзі, дзяцей, людзей старэйшага веку, а таксама ксяндзоў і сёстраў законных — прайшла 9 чэрвеня ў Віцебску ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста. Паў­дзельнічаць у свяце, апроч віцябчанаў, пажадалі і госці з замежжа, і, вядома ж, католікі з многіх, у тым ліку і самых аддаленых, парафій дыяцэзіі, як, напрыклад, навучэнцы музычнай школы з Барсукоў (Докшыччына), што прыехалі для ўдзелу ў святой Імшы і працэсіі ў поўным складзе. Урачыстасць распачалася ў касцёле Святога Духа прывітальным словам біскупа Уладзіслава Бліна і наданнем кс. Паўлу Кнурэку тытула каноніка. Затым адбылася літургія, якую цэлебраваў дырэктар душпастырскага цэнтра ў Мінску кс. Эдмунд Друз. З казаннем да прысутных звярнуўся кс. Юры Марціновіч. «Найлепшы лек для душы — Цела і Кроў Езуса Хрыста, — сказаў, у прыватнасці, прамоўца. — Езус прыходзіць, каб даць нам Сябе, каб мы з’ядналіся з Богам і, жывучы Божым жыццём, як след падрыхтаваліся да нябеснай гасціны». Пасля казання ардынарый дыяцэзіі ўдзяліў групе вернікаў, пераважна маладых, сакрамэнт бежмавання. Адразу пасля святой Імшы ўсе вырушылі працэсіяй па прылеглай да касцёла вуліцы Чкалава да катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага, дзе пасля малітвы і смачнага абеду адбыўся святочны канцэрт рэлігійных спеваў, зладжаны намаганнямі моладзевага гурта парафіі Святога Духа (кіраўнік — айцец сальватарыянін Андрэй Каліцяк). Нягледзячы на сюрпрызы надвор’я, свята атрымалася запамінальным і прыгожым.

Францішак Дубраўскі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней