Касцёл у Красным — шлях надзеі

Сёлета многія каталіцкія святыні Беларусі адзначаюць свае 100-гадовыя юбілеі. Гэтыя даты невыпадковыя — яны абумоўленыя гістарычнымі абставінамі: на пачатку мінулага стагоддзя пасля «талерантнага» царскага загаду 1905 г. распачалося ажыўленне рэлігійнага жыцця Каталіцкага Касцёла ў Віленскай дыяцэзіі. Не абмінула яно і парафію ў Красным, скасаваную царскімі ўладамі. Праўда, былую каталіцкую святыню людзям не вярнулі, але дазволілі будаваць новы касцёл.

І хоць сённяшні будынак касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным адзначае свой векавы юбілей, аднак гісторыя каталіцкай парафіі ў «Красным сяле» сягае глыбокай даўніны. Паводле некаторых звесткаў, каталіцкую святыню ўзвялі ў гэтай мясцовасці яшчэ ў 1415 г. па фундацыі князя Ві­таўта, а заснаванне парафіі, дзякуючы Аляксандру Ягелончыку — вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму, датуецца пачаткам жніўня 1500 года. Існуе легенда аб тым, што першы касцёл тут быў пабудаваны яшчэ ў 1390 г. як дар караля Ягайлы. Шмат перыпетыяў на працягу вірлівай гісторыі давялося зведаць красненскім святарам і вер­нікам, аб чым сведчаць гіс­тарычныя архівы, — і гэта, несумненна, заслугоўвае асобнага даследавання і публікацыі.

Распачалося будаўніцтва кас­цёла ў 1908 г. — менавіта на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвечаны вуглавы камень пад яго будову. Дзякуючы намаганням першага святара парафіі ксяндза Лявона Вайткевіча будоўля касцёла была завершана ў 1911 г., а ў 1912 годзе, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылася кансэкрацыя святыні. У парафіі тады налічвалася больш за тысячу вернікаў. Грошы на будаўніцтва святыні збіралі ўсе парафіяне, але большую частку ахвяраваў уладальнік маёнтка Мясота пан Казімір Тышынскі, сын вядомага літаратуразнаўцы Аляксандра Тышынскага. Ён жа ахвяраваў святыні і вялікія абразы св.Тэрэзы і Сэрца Пана Езуса, і, паводле некаторых звесткаў, слынны арган на 15 галасоў. Касцёл дапамагалі ўзводзіць поль­скія вайскоўцы, бо напачатку касцёл лічыўся вайсковым. Дарэчы, бакавы алтар св. Казіміра ўзводзілі на сродкі афіцэраў і падафіцэраў польскага батальёна Красненскага корпуса памежнай аховы ў 1930 годзе. Другі бакавы алтар св. Антонія ўзведзены дзякуючы ахвяраванням іншых вайскоўцаў і Лявону Мальхольму, тагачаснаму ўладальніку маёнтка Татаршчызна. Дзякуючы ахвярадаўцам былі набыты таксама званы — «Стані­слаў» (800 кг), «Людвік» (250 кг), «Ганна» (180 кг), гукі якіх былі чутныя за некалькі кіламетраў.

Галоўная ж адметнасць святыні ў Красным — яе місія ў часы атэізму, бо, як з гонарам кажуць тутэйшыя вернікі, «наш касцёл быў адчынены і пры саветах».

Увогуле ўсе вернікі, з якімі ўдалося пагаварыць падчас юбі­лейнай урачыстасці, не маглі стрымаць слёз — лёс многіх людзей цесна звязаны з гэтай святыняй. Сапраўды, на працягу дзесяцігоддзяў парафія касцёла ў Красным сягала далёка за кананічную тэрыторыю: каб атрымаць духоўную дапа­могу, менавіта сюды ў гады пераследу і атэізму прыязджалі вернікі за многія кіламетры.

Падчас юбілейнай урачыстасці мітрапаліт Тадэвуш Кан­друсевіч у сваім пастырскім слове, дзякуючы Богу за гэты касцёл, які ў часы ганенняў быў «тою “Меккаю”, куды сцякаліся людзі, каб спаткаць у сакрамэнтах Езуса і карміцца Ягонаю ласкаю», зазначыў, што з гэтай святыняй звязаны лёс многіх святароў і шматлікія навяртанні. «Уявіце сабе, колькі тут было на працягу гэтых ста гадоў споведзяў, коль­кі ўдзелена шлюбаў, хростаў, а колькі малітваў! А колькі дзяцей праводзіла на могілкі адсюль сваіх бацькоў на месца вечнага адпачынку... Пра гэта ведае толькі Пан Бог і маглі б расказаць сцены гэтага касцёла, калі б маглі гаварыць. І гэта знак таго, што ў гэтых сценах на працягу многіх гадоў будаваўся Касцёл. Сёння зусім іншыя часы. Мы прыходзім у касцёл, але з трывогаю глядзім у будучыню: якая яна будзе?

Я ўспамінаю аповед аднаго святара, які расказваў, як з лагера ехала група вернікаў, і адзін чалавек сказаў, што хутка будуць праязджаць месца, дзе ёсць касцёл. І людзі ўкленчылі ў вагоне, каб ушанаваць гэтае святое месца, дзе знаходзіцца Езус. Яны неслі цяжкі крыж зняволення, але былі вернымі Хрыстоваму крыжу, які дапамог ім вытрываць і выжыць…»

Сапраўды, можа, таму, што касцёл быў бачны ўсім, хто праязджаў праз Краснае, ён станавіўся лёсавым у жыцці многіх лю­дзей, якія, убачыўшы святыню, спяшаліся да яе па дапамогу. Былы міністрант парафіі Юзаф Голуб памятае, як у 1953 г. адбылося пахаванне аднаго святара пры касцёле. Гэты святар, Аль­фонс Чыжэўскі, вяртаўся цягніком з ГУЛАГу. Праязджаючы праз Краснае, ён убачыў касцёл, выйшаў на станцыі і прыйшоў, знясілены, да а. Юзафа Марсангера. Ноччу ён памёр...

Вось некаторыя сведчанні бы­лых парафіянаў святыні.

Браніслава Мартыненка, з сям’і Сурынтаў (в. Сурынты).

— Нас у сям’і было трое, я — малодшая, таму пра гісторыю касцёла распытвала ў бацькоў і старэйшых парафіянаў. Жыццё маіх продкаў вельмі звязанае з гэтым касцёлам. Ведаю, што мой прадзед Канстанцін удзельнічаў у будоўлі святыні — падвозіў на падводзе цэглу вайскоўцам, якія будавалі касцёл. Вель­мі цёпла расказвалі мае бацькі і старэйшыя сёстры пра ксяндза Юзафа Марсангера — манаха, які належаў да езуіцкага ордэну. Менавіта гэты святар, які быў для вернікаў не толькі духоўнаю апораю і падтрымкаю, але таксама славіўся ў акрузе як лекар, змог не толькі захаваць жывы Касцёл, але і стаць дапамогаю для многіх людзей, якія сюды прыязджалі. Гэты аскетычны, інтэлігентны, высокаадукаваны ксёндз заўсёды быў адкрыты і даступны для людзей у любую пару дня, нягледзячы на пера­след з боку ўладаў. Бацькі расказвалі, як усе вернікі перажывалі і маліліся, калі айца Юзафа арыштавалі. І як радаваліся, калі напярэдадні Божага Нараджэння ксяндза нарэшце адпусцілі... Наша сям’я, як і вернікі з усяго наваколля, вельмі прыхільна і аддана ставілася да нашага ксяндза Юзафа. Ды і як інакш — лёс і жыццё звязаныя з ім: айцец Юзаф удзяліў сакрамэнт сужэнства маім бацькам, з ягоных рук мае сёстры прынялі Першую святую Камунію. Савецкім уладам не падабалася, што справа Божая жывая, што ксёндз, нібы магніт, сваімі пропаведзямі і сваім служэннем прыцягвае ўсё больш і больш людзей. Нам, школьнікам, настаўнікі забаранялі хадзіць на набажэнствы, яны сачылі і бралі нас на «чорны» спіс. І на ўроках першым пытаннем да тых, хто «правініўся», пайшоўшы ў касцёл, было: «Адказвай, ці ёсць Бог?». І калі адказ быў станоўчым — адзнака была адмоўнаю.

Мой тата расказваў, як ён з іншымі вернікамі ездзіў да раённых уладаў, калі кс. Юзафа «перавялі» ў Солы (улады спадзяваліся, што ў Красным без актыўнага ксяндза «пацішэе», не бу­дзе прыязджаць столькі людзей), з просьбаю, каб вярнулі святара. У адказ вернікі пачулі: «Подумаем...». Тады некалькі месяцаў святыня была без святара, а вернікі без душпастыра. Але дзякуй Богу, пасля таго, як дэлегацыя каталікоў ездзіла ажно ў Маскву з просьбаю даць святара ў Краснае, улады прызначылі новага пробашча — кс. Яна Адамовіча.

Думаю, многія вернікі памятаюць гэтага добрага, нястомнага ксяндза. Мне ж ён быў асабліва блізкі і дарагі. З удзячнасцю ўспамінаю ксяндза Яна і за Першую Камунію з ягоных рук, і за сакрамэнт сужэнства, удзелены нам з мужам, і за хрост майго сына... Вечны спачынак дарагому святару, які адчыніў для мяне і маёй сям’і столькі духоўных дзвярэй...

Увогуле нашай парафіі па­шчасціла на пастыраў. Усе, хто працаваў у Красным, аддана і рупліва служылі на Божай ніве. Ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч, які выконваў сваё служэнне пасля кс. Яна, пачаў аднаўляць будынак касцёла. Аднаму Богу вядома, колькі здароўя і сілы яму гэта каштавала! Парафіяне стараліся таксама дапамагчы. Памятаю, як мой тата збіраў воск, з якога вылілі потым пасхал. І заўсёды была радасць ад таго, што мы нешта робім для касцёла, бо мы добра разумелі, што гэта наша святыня, гэта калыска нашай веры. Нам так хацелася, каб нашы дзеці і моладзь разумелі гэта, каб яны збераглі веру і нашу святыню! І я дзякую Матулі Унебаўзятай за Яе апеку ўсёй нашай сям’і. І за тое, што ў нашай сям’і ёсць святар­скае пакліканне: 33 гады назад кс. Эдмунд ахрысціў майго пляменніка Паўла Шчарбіцкага, цяперашняга законніка Кангрэгацыі салезіянаў, які ў мінулым го­дзе атрымаў сакрамэнт святарства. Яго прадзед — таксама Павел Шчарбіцкі — сакрыстыянін, які пацярпеў за веру падчас пераследу, напэўна, радуецца ў небе з гэтага. Уся наша сям’я спадзяецца, што тое сведчанне веры нашых продкаў не было надарэмным і стане вялікім плёнам у нашчадках.

Не магу з удзячнасцю не ўспомніць кс. Пятра Пятрагу. І цяпер у памяці шчымлівыя і незабыўныя набажэнствы за памерлых на Дзень задушны, яго прыгожы і натхнёны спеў...

Дзякуй Табе, Божа, за вялікую ласку быць заўсёды з Табою, за тое, што на працягу ўсяго стагоддзя існавання Твой дом ніколі не быў зачынены.

Кс. Валянцін Станкевіч, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах.

— Я родам з Маладзечна. Але дзяцінства маё, можна сказаць, прайшло ў красненскім касцёле. І заўсёды, калі ўспамінаю дзяцінства, адразу ўспамінаецца гэтая велічная і такая блізкая майму сэрцу святыня. Для мяне гэта асацыяцыя з маім дзяцінствам. У кагосьці гэта — бабуліна вёска, дзіцячы садок, яшчэ штосьці, а для мяне — мясцовы касцёл. Тут у 1975 годзе мяне хрысцілі, тут я быў міні­странтам у 80-я гады. У той час сюды прыязджала са сваімі бабулямі і бацькамі шмат дзяцей і моладзі. Памятаю, як мы гулялі каля касцёла, чакаючы святара, калі ён моцна спазняўся (бо абслугоўваў яшчэ шмат адлеглых парафіяў). Тут нарадзілася маё святарскае пакліканне. Мне здаецца, у кожнага чалавека ёсць такая святыня, праз якую ён упершыню асабіста сустракаецца з Богам. Для мяне такім вы­ключным месцам на зямлі з’яўляецца Краснае. Час змяніўся, цяпер тут менш парафіянаў, бо з’явілася больш касцёлаў, але і надалей у красненскім касцёле пазнаюць Бога новыя пакаленні.

Генрых Голуб, інжынер-канструктар (г. Мінск). 

— Для мяне гэты касцёл — калыска жыцця і веры. Тут у 1980 г. мяне хрысціў кс. Ян Адамовіч, тут я прыняў Першую Камунію. Мой бацька родам з гэтай мясцовасці, але жылі мы ў Мінску. Сюды ж ездзілі, бо сталічныя святыні былі зачынены. Але і потым, калі адчыніўся касцёл на мінскай Кальварыі, для мяне гэтая святыня заставалася і застаецца роднай, я часта прыязджаў сюды раней. І цяпер, калі мне ўдаецца, стараюся прыехаць сюды на штогадовы фэст, каб адчуць гэтую асаблівую атмасферу. 

Напярэдадні юбілейнай урачыстасці на працягу пяці дзён, пачынаючы з 15 жніўня, многія вернікі, незалежна ад канфесіі, прыходзілі ў святыню, каб па­дзякаваць Маці Божай за гады чулай апекі, за шматлікія ласкі, якія Яна выпрошвала і выпрошвае ў свайго Сына. Усе парафіяне шчыра ўдзячныя святарам, якія на працягу стагоддзя дапамагалі захаваць і развіваць веру продкаў. Шмат намаганняў не толькі па духоўнай апецы вернікаў, але і па аднаўленні святыні прыклалі адданыя сваёй справе святары ў апошнія дзесяцігод­дзі — кс.прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, кс. Пётр Пятрага і, безумоўна, сённяшні душпастыр парафіі кс. Андрэй Яркавец, які рупліва і нястомна займаўся падрыхтоўкай урачыстасці. Усе парафіяне выказвалі яму шчырыя словы ўдзячнасці за яго са­праўды апостальскае служэнне.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, завяршаючы гамілію на ўрачыстасці, адзначыў: «Вельмі сімвалічна, што красненскі касцёл знаходзіцца высока на гары. Каб далей глядзець, неабходна падняцца на гару. Таму не трэба баяцца падняцца на касцёльную гару, бо Касцёл — гэта Хрыстус, які жыве ў часе і прасторы. Гэта компас, які не дазволіць заблукаць. Гэта сакрамэнт паўсюднага збаўлення, які дае ласку і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб будаваць шчасце на зямлі і прыйсці да вечнага шчасця ў небе».

Няхай жа і надалей трывае Божая апека, каб гэты Вячэрнік Пана, якім з’яўляецца святыня, быў заўсёды адчынены для тых, хто шукае веры, надзеі і любові.

Падрыхтавала 

Аліна Лукашэвіч.

Фота Міколы Новікава.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней