18 траўня ў Віцебску адбылося асвячэнне парафіяльнага касцёла Святога Духа, аднаго з трох новапаўсталых у абласным цэнтры пасля ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі. Ва ўрачыстасці з нагоды асвячэння святыні ўзялі ўдзел Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, дэлегацыя супольнасці сёстраў Езуса Міласэрнага з Польшчы, вернікі Віцебска, госці з Італіі і Швейцарыі. На пачатку святой Імшы да прысутных звярнуўся з прывітальным словам Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішак Кісель. Літургію цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які асвяціў алтар касцёла. Сцены асвяцілі разам з генеральным настаяцелем Ордэну сальватарыянаў Мільтанам Зонтам правінцыял польскай правінцыі Ордэну Пётр Філяс, кіраўнік аддзела місій Ордэну Мікалай Маркевіч, пробашч парафіі Святога Духа а. Тадэвуш Кахановіч. У казанні падчас літургіі арцыбіскуп Т. Кандрусевіч падкрэсліў ролю з’яўлення новых святыняў у адраджэнні і мацаванні веры, евангелізацыі тых, хто яшчэ знаходзіцца на шляху да Бога. Урачыстасць прыгожа аздабляў спевамі супольны хор вернікаў парафіі і Віцебскай абласной філармоніі.
На сённяшні дзень у парафіі Святога Духа налічваецца каля 400 актыўных вернікаў, апякуюцца ж ёю айцы сальватарыяне Тадэвуш Кахановіч, Тадэвуш Дабравольскі, Уладзімір Шыдлоўскі і сёстры Мірыям і Наталля.
Францішак Дубраўскі.
Фота Паўла Падрэза.
{gallery}219-01{/gallery}

