Тут хрысцілі Янку Купалу

За 40 кіламетраў ад Мінска размясцілася прыгожае гарыстае мястэчка Радашковічы з насельніцтвам амаль 6 тысяч чалавек. Бадай самым высокім і бачным будынкам пасёлка з’яўляецца касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Каталіцкая парафія ў Радашковічах у гэтым годзе святкуе сваё 570-годдзе.


Гісторыя мястэчка цесна звязаная з гісторыяй касцёла. Першыя згадкі пра Радашковічы ў летапісах датуюцца 1447 годам. Тады кашталян віленскі Пётр Гедыгольдавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Святыня, пабудаваная з дрэва, збірала ў сваіх сценах католікаў з усяго наваколля вогуле ў Радашковічах заўсёды была большасць католікаў).

На пачатку XVIII ст. у мястэчку быў пабудаваны новы драўляны касцёл, які ў 1740 г. быў кансэкраваны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы і Стэфана Пакутніка. (Дарэчы, на гербе мястэчка змешчана выява менавіта святога Стэфана.) Каля касцёла была пабудаваная драўляная званіца, пры ім дзейнічалі школа і шпіталь, а таксама тры брацтвы — св. Ганны, Найсвяцейшай Тройцы і Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Праз некаторы час велічная барочная святыня згарэла, а на яе месцы ў другой палове ХІХ ст. быў узведзены новы каменны касцёл у стылі позняга класіцызму. У 1882 г. тут быў ахрышчаны будучы народны паэт Беларусі Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч).

Чаму менавіта тут? Супрацоўніца музея Янкі Купалы ў Мінску Марыля Барткова распавяла, што бацькі паэта арандавалі зямлю ў Вязынцы ў шляхецкай сям’і Станіслава і Алімпіі Замбржыцкіх. Хроснай маці для Янкі і яго брата Мікалая была Алімпія Замбржыцкая. Пані Алімпія разам са сваім мужам наведвала касцёл у Радашковічах, таму і вырашана было хрысціць Янку ў гэтым касцёле. Хрысціў будучага паэта кс. Станіслаў Сульжынскі.

Сёння ў радашковіцкім касцёле Святой Тройцы кожны дзень адбываецца св. Імша, але так было не заўсёды.  У савецкі перыяд, як і многія каталіцкія святыні на Беларусі, касцёл выкарыстоўваўся ў іншых мэтах: тут быў цэх керамічнага завода. Адзін з супрацоўнікаў завода, па расповедах парафіянаў, зрэзаў крыжы на касцёле і можа таму скончыў сваё жыццё самагубствам.

У часы пераследу веры мясцовыя католікі, як і вернікі з іншых мясцовасцяў, хадзілі пешшу або ездзілі маліцца ў касцёл у вёсцы Краснае.

Парафіяне згадваюць, што першыя святары на роварах і ў спартыўных касцюмах прыехалі ў Радашковічы ў 1990 годзе. Прыехалі і адразу накіраваліся да генеральнага дырэктара керамічнага завода, каб прасіць аб вяртанні святыні.

 

Дзякуючы настойлівым намаганням ксяндза Эдмунта Даўгіловіча і некаторых парафіянаў, якія нават ездзілі ў Маскву па гэтым пытанні, святыня была вернутая католікам. Першая Імша пасля гэтай падзеі адбывалася на другім паверсе касцёла, а ў хуткім часе пачалісяі аднаўленчыя працы.

«Мы сталі разбіраць другі паверх:усё выносіць і вывозіць», — узгадвае мясцовая парафіянка Данута Кучынская. «З Божай дапамогай людзі паціху аднавілі гэты касцёл, і цяпер увесь час мы сюды ходзім», — падхоплівае расповед сяброўкі Генуэфа Каўрыговіч. «Цяпер мы шчаслівыя, што ў нас ёсць святыня», — цешыцца Данута Кучынская.

Да 1992 г. у касцёле пакрысе з’явілася неабходная колькасць абразоў і іншых касцёльных рэчаў. Штосьці прыносілі святары, штосьці самі вернікі, нават дапамагалі католікі з Польшчы. Парафіянкі радуюцца, што сёння могуць прыйсці ў святыню, якую калісьці аднавілі самі.

«Мы сюды прыходзім не толькі памаліцца. Тут мы сапраўды адпачываем душой. Выходзіш з касцёла акрылены, быццам іншы чалавек», — дзеліцца Станіслава Цібіна.

Вялікі ўдзел у вяртанні і аднаўленні святыні прымалі таксама Ядвіга Міхалоўская, Фартунат і Ганна Кіцінскія, Галіна Крачкоўская. На жаль, гэтыя людзі ўжо адышлі ў вечнасць, але пакінулі свой след у парафіі. Дапамагала ў аднаўленні і парафіянка Марыя Дэвіч.

Вось ужо больш за год пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах служыць ксёндз Юрый Быкаў, які прыехаў сюды з Магілёўшчыны.

«Я ўдзячны святарам, якія працавалі ў гэтай парафіі, прыклалі столькі сілаў, каб яна адраджалася, аднаўлялася і каб тут ажывала вера», — гаворыць кс. Юрый.

Раней ксёндз Юрый Быкаў быў журналістам «Белдзяржтэлерадыёкампаніі». Чаму ён змяніў радыёстудыю на касцёл? Святар гаворыць, што гэта быў вынік доўгага пошуку самога сябе.

«Мне хацелася, каб праз маю працу змяняўся свет вакол мяне. Калі з’явілася магчымасць спалучыць маё каталіцкае жыццё з працаю, то я яе выкарыстаў — вёў праграмы, якія датычыліся розных каталіцкіх святаў. Таксама працаваў на тэлебачанні. Сем гадоў каментаваў службы на беларускай мове. У праграме «Існасць» былі два адмысловыя кірункі — каталіцкі і праваслаўны. Я адказваў за каталіцкі. На пакліканне паўплывала і тое, што было закладзена з дзяцінства. У савецкія часы мы з сям’ёю ездзілі ў Вільню на каталіцкія службы,і гэта, напэўна, прынесла свае плады, — распавядае святар. Калі працуеш журналістам, напачатку здаецца, што прыйдзе папулярнасць і гэта будзе нейкімтваім дасягненнем, але калі нават чагосьці дасягаеш, разумееш, што гэтая папулярнасць нагадвае мыльныябурбалкі, якія раздзімаюцца і лёгка лопаюцца. І адносіны паміж тымі, хто чагосьці дасягае, зусім мне не падабаліся… Я вырашыў, што жыццё не вартае таго, каб на гэта марнаваць свае сілы.

У Мінску я наведваў касцёл святога Роха. Добры прыклад мне даваў ксёндз Міхал Сапель і паступова, будучы ў касцёле, я адчуваў сапраўдную духоўнуюпалёгку. Бывала, пасля інтэнсіўнага працоўнага дня я прыходзіў на службу ў касцёл і, вяртаючыся, адчуваў, быццам зусім не працаваў. Я задумаўся, чаму так адбываецца? Бог — гэта вялікая дапамога, Ён робіць тое, што ніякія чалавечыя сродкі зрабіць не могуць. Я зразумеў тады, што пакуль мы не зменім нашага чалавека, пакуль ён не стане жыць па Божых запаведзях, сапраўдных пераменаў да лепшага ў краіне не адбудзецца. Усе гэтыя моманты спалучыліся. Але ў пакліканні ёсць яшчэ і Божы фактарменавіта Бог нас накіроўвае. Калі мы адкрываемся на Яго, Ён вядзе нас у патрэбным кірунку. Калі мы замыкаемся і хочам самі сябе весці, то часам і самая цікавая праца не падабаецца. Калі Бог вядзе, то незалежна ад таго, святар ты ці свецкі чалавек, ты будзеш на гэтым месцы шчаслівым», — падзяліўся сваім сведчаннем ксёндз Юрый Быкаў.

Святар заўважыў, што ў радашковіцкай парафіі людзі вельмі згуртаваныя і дружныя:усе арганізацыйныя і будаўнічыя справы ў касцёле яны гатовыя браць на сябе,што дае магчымасць пробашчу больш увагі звяртаць на духоўнае. Акрамя таго, заўважае кс. Юрый, людзі заўсёды гатовыя прыйсці адзін аднаму на дапамогу.

«Яны сапраўды як адна сям’я — трымаюцца адзін аднаго, дапамагаюць, знаходзяцца побач і ў добрыя, і ў складаныя часы», — распавядае кс. Юрый Быкаў.

У парафіі ёсць ружанцовыя супольнасці, ладзяцца катэхезы для дзяцей, якія праводзіць сястра Каміла,якаяпрыязджае сюды з Маладзечна. Аднак моладзі ў парафіі няшмат:большасць параз’язджалася па розных гарадах на вучобу.

Касцёл у Радашковічах стаў родным для многіх парафіянаў, якія прыехалі сюды з іншых мясцовасцяў, у тым ліку для Станіслава Пятроўскага — старшыні касцёльнага камітэта. Нарадзіўся ён у в. Хатынь, а першы раз у свядомым узросце трапіў у касцёл менавіта ў Радашковічах.

«Калі я зайшоў у касцёл, то ў мяне і рукі, і ногі калаціліcя. У нас касцёла не было, таму мама насіла мяне хрысціць аж у Даўгінава. Сёння, калі я ўдзельнічаю ў працэсіях па вуліцах Радашковічаў, адчуваю сапраўдны ўнутраны ўздым», — распавядае мужчына.

Алена Клімантовіч, харыстка касцёла Найсвяцейшай Тройцы, гаворыць, што станаўленне яе веры таксама адбылося менавіта ў гэтай святыні. «Быў такі час, калі ўсюды ездзіла. Была ў касцёлах, і за мяжой. Але калі вяртаешся ў гэтую святыню, успрымаеш яе як родную. На маіх вачах здымалі перакрыцці другога паверху, памятаю, як усё фарбавалі. Гэта была вялікая праца. Сёння касцёльныя справы прыносяць мне толькі радасць. Напрыклад, люблю ставіць кветкі. Разумееш, што гэта ўсё робіцца на хвалу Богу», — дзеліцца Алена Клімантовіч.

Уладзіслаў Гурневіч наведвае касцёл у Радашковічах з 2011 года,дапамагае парафіі ў розных будаўнічых справах. «Вера ў Бога для мяне — вялікая каштоўнасць. Бог дапамагае мне ва ўсіх маіх часовых зямных справах і вядзе да вечнага жыцця», — гаворыць парафіянін.

Гэтую каштоўнасць вось ужо 570 гадоў католікі розных пакаленняў захоўваюць на радашковіцкай зямлі. Захоўваюць для таго, каб з яе дапамогаю жыццё на гэтай зямлі станавілася лепшым і святлейшым.


Марына Валасар
Фота аўтара і з прыватнага архіва кс. Юрыя Быкава

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней