У першы тыдзень ліпеня падчас адпачынку мне давялося быць адной з аніматараў для групы дзяцей з ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла. Летнік быў у Браславе, дзе знаходзіцца Санктуарый Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў. Марыя і стала Апякункаю рэкалекцый, на Яе была скіраваная ўвага дзяцей у гэтыя дні.
Пачатак дня. Чытаецца Евангелле на дзень. Некалькі дзён запар падзеі з Хрыстом на біблійных старонках адбываюцца на беразе Галілейскага возера. Усё адно як знарок Бог даваў нам, якія жылі на беразе Браслаўскіх азёраў, яшчэ бліжэй быць з Езусам у Евангеллі.
Першая палова дня прысвечаная канкрэтнай тэме. Спачатку дзеці ўважліва слухаюць падрыхтаваную для іх катэхезу. У простых, зразумелых словах катэхезы — фундаментальныя праўды веры. Часта дзеці самі прыходзяць да правільных высноваў, падымаюць рукі, актыўна адказваюць на пытанні, бачна іх шчырая зацікаўленасць. Пасля катэхезы — творчае заданне. Мне самой вельмі цікава і слухаць катэхезу, і пасля разам з дзецьмі ўдзельнічаць у творчым заданні. У якасці творчага задання ў дзень заезду дзеці ўпрыгожваюць падсвечнікі бісерам, бліскаўкамі, зоркамі — кожны ўкладвае фантазію ў свой падсвечнік, каб удзельнічаць з ім штодня ў вячэрняй малітве на Ружанцы. Для мяне гэтыя дні сталі сапраўднымі рэкалекцыямі...


Дзень 1-ы. «Ведаць і не рабіць — наогул не ведаць»
Разважаем пра Еву і Марыю, параўноўваем іх учынкі, іх адносіны з Богам. Калі Пан Бог кажа: «Дзева зачне і народзіць сына», Марыя адказвае «так». А калі Пан Бог кажа: «З дрэва пазнання дабра і зла не спажывай, бо ў дзень, калі з’ясі з яго, напэўна памрэш смерцю», — Ева не паслухала. З гэтага вынікаюць і наступствы: Марыя становіцца Багародзіцаю, а Ева і ўсё чалавечае патомства атрымліваюць смерць і пакуты. І тут важна, каб дзеці не засталіся толькі з гэтай тэорыяй пра Марыю і Еву, трэба, каб яны запыталіся ў сябе: «А як у маім жыцці, якія наступствы вынікаюць з таго, што я выбіраю?» Таму высновы катэхезы наступныя: калі хочаш быць такім, як Марыя, твой дэвіз: «Слухай, разумей, выконвай», а калі хочаш быць, як Ева, твой дэвіз: «Слухай, падтаквай, не выконвай». Усё проста, выбар за табою...
На стале ляжаць розныя выявы Марыі. Кожны падыходзіць і выбірае сабе адзін, а пасля ўсе пачынаюць выкладваць карціну рознакаляровым пяском, загадзя для гэтага падрыхтаваным. Столькі працы было пакладзена на падрыхтоўку матэрыялаў, але ўсё не дарэмна — на вачах з’яўляюцца амаль шэдэўры, кожная выява Марыі ўнікальная. У кожнага застанецца памяць пра Багародзіцу, якая зрабіла правільны выбар.


Дзень 2-гі. «Праслаўляй Бога ўсюды, заўсёды і за ўсё!»
Дзецям прапанаваныя для разгляду карціны вядомых мастакоў, на якіх паказаны цяжкія моманты з жыцця Святой Сям’і: бэтлеемцы не прытулілі цяжарную Марыю, і Езус нарадзіўся ў хляве; па загадзе Ірада забівалі ўсіх немаўлятаў, і таму Святая Сям’я ўцякала ў Егіпет... Дзеці глядзяць відэаўрывак гэтых момантаў жыцця Марыі і разумеюць, што Марыі было вельмі няпроста, але з Богам Яна перамагае цяжкасці і праслаўляе за гэта Яго. Бог не вызваляе ад праблемаў, а дапамагае іх перажываць, станавіцца пераможцамі. Таму мы таксама праслаўляем Яго.
Дзеці услухоўваюцца ў дасканалую малітву Марыі праслаўлення Бога — Magnificat. Кожны з нас атрымлівае лісток з гэтаю малітваю, але з прапушчанымі радкамі, дзе мы дапісваем, што «ўбачыў Бог» ува мне, як «будуць называць мяне ўсе пакаленні», што вялікага ўчыніў Бог для мяне, як Бог дапамог мне. Напісаўшы кожны свой Magnificat, мы зачытваем яго ўслых, і ў гэты момант даверлівыя сэрцы дзіцей адкрываюцца свайму Айцу. Мяне глыбока кранаюць іх сведчанні...


Дзень 3-ці. «Рабіце ўсё, што вам скажа Мой сын...»
Цуд у Кане Галілейскай. Марыя не ўказвае Сыну, што рабіць і ў якім парадку, Яна проста агучвае праблему — дзеці вучацца расказваць пра свае цяжкасці Езусу, давяраць Яму. Для дзяцей падрыхтаваны сапраўдныя гліняныя збаны, на іх наклеены словы «Любоў», «Радасць», «Цярпенне», «Праўда», «Вернасць» і іншыя. Толькі Бог можа напоўніць нас сапраўднаю любоўю, радасцю, адарыць цярпеннем і праўдаю, толькі Ён можа напоўніць нашыя «збаны». Мы задумваемся, чаго нам не стае з гэтых дароў. А лісткі са саваім іменем апускаем у той збан, на якім напісана, чаго мы больш за ўсё хочам прасіць у Езуса. На вячэрнім Ружанцы мы молімся аб гэтых дарах для кожнага.
Творчае заданне для нас — шлях да самапазнання. На гэты раз мы малюем «комікс» — ліст паперы дзелім на чатыры часткі, у першых трох ілюструем тое, што мы будзем рабіць, каб быць бліжэй Езуса, а ў чацвёртай частцы — чаго нам не стае ў адносінах з Хрыстом. Усе малюнкі дзяцей і аніматараў развешваюцца на сценах.


Дзень 4-ы. «Вось сын Твой. Вось Маці твая»
Калі Хрыста ўкрыжоўвалі, пад крыжам была Яго Мама і быў Ян. Езусу баліць, Ён памірае, але не просіць пашкадаваць яго, паміраючы, Ён думае, хто ж паклапоціцца пра Яго Маму...
Дзеці па карцінах вядомых мастакоў успамінаюць храналогію пакутаў Хрыста, але адначасова мы глядзім, як перажывае свой боль Марыя. Дзеці заўважаюць, што Яна нікога не праклінала, не жадала нікому смерці. А яшчэ не казала Езусу: «Дай, Я панясу Твой крыж», — Яна проста была з Ім да канца. Для дзяцей галоўнае пытанне на гэтай катэхезе наступнае: што было б, калі б Езус не пайшоў на крыж? Гэтак і з учынкамі міласэрнасці — накарміць галодных, адведваць хворых, вучыць тых, хто не ведае, і інш. Калі ты не будзеш іх рабіць, то сам больш згубіш, і нават можаш пазбавіць сябе благаслаўлення, пазбавіць сябе Божай моцы, у тваім сэрцы паступова можа пасяліцца страх. Формула Хрыста простая і зразумелая: рабіць дабро лепей, чым не рабіць, а Езус у дабрыні, міласэрнасці дайшоў ажно да смерці.
Мы распачынаем працу ў групах. Кожнаму даецца лісток паперы, дзе трэба запісаць: 1) цяжкасці, з якімі ты сутыкаешся; 2) што за гэтым стаіць; 3) спосабы і шляхі іх пераадолення. Дзеці вельмі часта называюць ляноту, за якою стаіць страх няўдачы, што пасяляе ў нас д’ябал. Змагацца з лянотаю дзеці збіраюцца так: зразумець для сябе, што рабіць штосьці лепш, чым не рабіць наогул нічога. Усе мы часта сутыкаемся з падманам, за гэтым стаіць страх перад наступствамі, а змагацца з падманам можна так: прасіць у Бога мужнасці казаць праўду. Прыемна здзівіла тое, што большасць дзяцей гатовая зазірнуць сваім цяжкасцям у твар і змагацца з імі.
Сваімі рукамі з паперы мы робім сэрцы з дзвюх паловаў: адна палова — маё сэрца, другая — Сэрца Хрыста. Сэрцы нашыя з Езусам — такія моцныя, такія мужныя! Некаторыя з дзяцей робяць сэрцы ў падарунак сваім блізкім.


Дзень 5-ы. «Святы Дух і Марыя. Бог заўсёды хоча быць з намі»
Размаўляем пра тое, як Дух Святы сышоў на Апосталаў і Марыю. Дзеці ўспамінаюць, што быў у той момант моцны вецер, і ўсе пачалі гаварыць на розных мовах, а над прысутнымі з’явіліся вогненныя языкі.
На сцяне для дзяцей вывешаны сем малюнкаў агеньчыкаў з подпісамі дароў Святога Духа. Мы абмяркоўваем, што азначае кожны з дароў, як распазнаць, ці маем мы іх або не маем, і будзем прасіць Духа Святога, каб адарыў нас. Дзеці бяруць загатоўкі агеньчыкаў, пішуць на іх назву таго дару, аб якім асабліва хочацца прасіць Бога, а пасля ўспрыгожваюць гэты агеньчык. Для дзіцяці застанецца памяць пра гэты момант.


Дзень 6-ы. «Пераможцу Я дам»
Марыя перамагае з Богам. Ты таксама з Хрыстом — пераможца. Што Бог падрыхтаваў для пераможцы? Дзеці чытаюць урыўкі з Бібліі, дзе гаворыцца пра абяцанне, дадзенае Айцом таму, хто перамагае.
Для дзяцей загадзя падрыхтаваная дэкаратыўная папера з прыгожым малюнкам. Кожны выбірае сабе ліст, які яму даспадобы. Заданне такое: на адваротным баку трэба ўмоўна падзяліць ліст на тры часткі; на першай частцы напісаць пра свае ўражанні, пра дарагія сэрцу моманты падчас адпачынку, на другой частцы трэба намаляваць найбольш яркі ўспамін з рэкалекцый; а на трэцяй частцы ліста твае сябры пішуць табе прыемныя словы, камплементы. Дзеці ахвотна выконваюць заданне, усе радасна пакідаюць запісы на лістках сяброў. А самае галоўнае — з гэтага ліста паперы мы робім прыгожы канверт на памяць.


Кожны дзень пасля катэхезы мы спяваем і развучваем танцы, у тым ліку свае, беларускія. Пасля абеду ідзём на двор, дружна граем у гульні, у мяч. Падчас Эўхарыстыі кожны сустракаецца з жывым Хрыстом у святой Камуніі. А пасля вячэры заўсёды праходзіць штосьці цікавае. У нас былі тэатральныя выступленні, дзе кожны выконваў ролю нейкай «гародніны» ці «садавіны». Была шарыкавая вечарынка, танцавальны вечар. Дзеці дзяліліся на каманды і прыдумвалі «прэзентацыю» нейкай краіны: краіны коўдраў і падушак, краіны пандаў, падводнага каралеўства.


Пасля вясёлых вечароў дзеці маліліся ў капліцы на Ружанцы. І ніколі падчас малітвы яны не нудзіліся, бо кожная ружанцовая таямніца была на розных мовах — беларускай, польскай, лацінскай, армянскай, англійскай — дзеці загадзя трэніраваліся, каб потым суправаджаць малітву на гэтых мовах.

Зерне было пасеяна. Дай Божа, каб яно трапіла на ўрадлівую глебу і ўзышло. Нягледзячы на радасны настрой у канцы летніка, на тое, што ашмянскія дзеці сапраўды здзіўлялі сваёю шчырасцю, я разумею, што за іх трэба маліцца і маліцца. Злы не спіць, ён не прапускае магчымасці скрасці тое, што кожны з нас атрымлівае ад Бога. Сучасныя дзеці добрыя, чулыя, але часта і параненыя, таму калі яны бачаць шчырую любоў і клопат пра іх, то на вачах расцвітаюць. Не трэба думаць, што дзецям цікавыя толькі гульні, драйв, цацкі. Ім цікавы Хрыстус! Але трэба паказаць ім, што з Езусам сапраўды вельмі цікава, што з Хрыстом не сумна. Паказаць гэта праз творчыя заданні, праз адносіны, праз уласнае сведчанне.

Вольга Качалка
Фота Веранікі Скрабатун

