Прыгожыя святыні і еднасць хрысціянаў

Нядаўна ў рэдакцыю часопіса «Ave Maria» прыйшоў ліст, дзе наша чытачка з захапленнем расказвае пра святыні ў в. Крулеўшчына, Ураджайнае, Бярозаўка Віцебскай вобласці.  Жанчына з удзячнасцю згадвае айца Марэка Пасюта, асабліва яго экуменічнае служэнне ў в. Бярозаўка. Менавіта з гэтаю вёскаю звязана нядаўняе дыскусійнае выказванне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла. «Адказваючы на пытанне гомельскіх вернікаў, мітрапаліт прызнаў, што праваслаўныя в. Бярозаўкі не маюць сваёй царквы і таму ходзяць на службы ў касцёл. „Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і католікі. Але гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нейкай уніяй. Задача ўніятаў — сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаеце…“» — паведамляе хрысціянскі партал krynica.info. У сувязі з гэтым выказваннем мы вырашылі змясціць ліст нашай чытачкі пра вёску Бярозаўка на сваім сайце.

Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Вельмі прашу ўважліва прачытаць гэта маё пісьмо…

1994 год. У нашу в. Крулеўшчына Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці прыехаў святар-місіянер з Польшчы — Ян Фібэк.

Голы падмурак ад былога прыгожага драўлянага касцёла — вось так пачыналася адраджэнне рэлігіі ў нашай парафіі. Але пад святыню ў тым жа годзе быў аддадзены будынак спартыўнай залы былой сярэдняй школы, у якім цэлымі засталіся толькі абшарпаныя сцены. Дзякуючы намаганням, старанням ксяндзоў місіянераў Я. Фібэка, а. Марэка Пасюта, ахвяраванням саміх вернікаў касцёл набыў выгляд сапраўднага Божага дому. Да канчатковага ладу святыню давёў наш цяперашні пробашч — кс. Юрый Бараўнёў.

У знак удзячнасці за наведзены парадак на могілках, дзе пахаваныя польскія жаўнеры, пасол Польшчы ў Беларусі ў канцы мінулага 2017 года ахвяраваў нашаму касцёлу прыгожую фігуру св. Яна Паўла ІІ.
Мы, беларускія вернікі, схіляем свае галовы перад святарамі місіянерамі і сёстрамі законніцамі з Польшчы. Пакінуўшы на час сваю Радзіму, сваіх родных, яны прыехалі ў нашу краіну несці слова Божае, будаваць новыя святыні і ахвярна служыць нашым вернікам. Такім жа ахвярным, адданым Богу і людзям святаром з’яўляецца а. Марэк Пасют. Прыгожы, велічны будынак касцёла, галоўны алтар, з густам аздобленая столь, калоны, двайныя вокны ў нашым касцёле — вынік працы а. Марэка.

У вёсцы Ураджайнае суседняга Глыбоцкага раёна стаяў занядбаны будынак былой калгаснай сталовай, а сёння ў гэтым памяшканні святыня.

У вёсцы Бярозаўка Докшыцкага раёна быў закінуты будынак калгаснай канторы, а якая ж прыгожая, з каменя, атрымалася там святыня! Туды ходзяць на святую Імшу католікі і нават праваслаўныя — дарослыя і іх дзеткі. Двойчы ў мінулым 2017 годзе гэты касцёл паказвалі па тэлебачанні.

У вёсцы Гняздзілава з’явілася каплічка, а таксама прыгожая капліца на каталіцкіх могілках у г. Докшыцы… Усё пералічанае зроблена з душою, акуратна, з густам. А як прыгожа вакол усіх святыняў летам: буяюць розныя кветкі, пасаджаныя дрэвы. За касцёлам у вёсцы Бярозаўка ёсць возера, а за возерам знаходзіцца закінуты будынак былой піваварні. Дык вось а. Марэк настойліва шукае спонсараў, каб яго рэстаўраваць і зрабіць адпаведнае памяшканне для адпачынку турыстаў, якія маглі б прыязджаць у гэты маляўнічы куточак нашай беларускай зямлі.

У святыні ў вёсцы Бярозаўка а. Марэк паставіў ля цэнтральнага ўвахода побач каталіцкі і праваслаўны крыжы, а ў самім галоўным алтары знаходзяцца абразы святога Францішка і Серафіма Сароўскага. На сценах, злева, знаходзіцца абраз Еўфрасінні Полацкай, справа — абраз Яна Паўла ІІ. Вось таму ў бярозаўскі касцёл на святую Імшу ходзяць і праваслаўныя вернікі, а іх дзеці з дазволу бацькоў нават ходзяць на катэхізацыю (праваслаўная царква знаходзіцца ў райцэнтры). Вось такая еднасць хрысціянаў у нас на практыцы.

Паважаная рэдакцыя, я вам напісала пра тое, чым сама вельмі ўражаная, што адчуваю сваім сэрцам. Запрашаю ўсіх супрацоўнікаў рэдакцыі прыехаць да нас і на свае вочы ўсё гэта хараство ўбачыць.
Усяго вам добрага.


 З павагаю — Генуэфа Парневіч,
в. Крулеўшчына.

Фота: svaboda.org

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней