Вёска з магдэбургскім правам

...Праязджаючы па дарозе з Гродна ў Друскенікі, мы сустракаем назву Прывалка і яшчэ праз 2 км спыняемся ў вёсачцы, якая з усіх бакоў акружана сцяною хваёвага лесу, — гэта былая Гара­дзенская пушча. Бліжэй да ракі па маляўнічым лузе, які вяскоўцы называюць Галалямі, адкрываецца дзівоснае відовішча — хвалістаю стужкаю спяшаецца няўрымслівы бацька-Нёман, а па сярэдзіне — вялікая выспа, якую мясцовыя жыхары называюць Выспаю Кахання.


Сярод высокіх дрэваў бачная вежа Прывалкаўскага касцёла, званы якога можна пачуць у суседніх літоўскіх вёсках. Ад яго разыходзяцца дарогі ў розныя бакі; калі аб’ехаць кругом усю вёску, вернешся зноў да касцёла. Невыпадкова так разме­шчаны вуліцы ў Прывалцы — гэта памяць пра тое, што тут калісьці было мястэчка, якое мела магдэбургскае права.

Вёска Прывалка, якая ўваходзіць у склад Гожскага сельскага савета Гродзенскага раёна, знаходзіцца ўсяго за 30 км ад Гродна. Найбольш раннімі дакументамі ў касцёле з’ўляюцца метрычныя і шлюбныя кнігі за 1740–1765/69 гг. Існуе некалькі варыянтаў этымалогіі назвы вёскі Прывалка. Вялікая даліна, якая знаходзіцца каля Прывалкі, ахутаная легендаю пра прыгожым Райгора­дзе. Гэтая легенда найбольш вядомая сярод мясцовых старажылаў і зафіксавана Цітовым. Паданне сведчыць пра тое, што на месцы даліны ў глыбокай старажытнасці існаваў Райгорад, але жыхары горада не былі надта добрымі і таму Райгорад праваліўся пад зямлю, а праз шмат cтагоддзяў на краю «правала» ўзнік горад Правалка — Прывалка. Другая легенда гаворыць, што недалёка ад вёскі ў лесе ёсць вал, недалёка ад якога пачалі сяліцца людзі, — адсюль і пайшла, магчыма, назва Прывалка. Яшчэ адна легенда звязаная з крыніцаю. Паводле падання, некалі тут праязджаў расейскі імператар Пётр Вялікі, які зрабіў каля крыніцы прывал...

Так вёска атрымала некалькі варыянтаў назвы: Пра­валка — Прывалка — Прывалкі. Старэйшыя вяскоўцы называюць яе толькі Правалка. Назва Прывалкі пачынае сустракацца ўжо ў дакументах часоў Расейскай імперыі. Упершыню мястэчка згадваецца ў 1569 г. у спісах скарбовых маёнткаў, якія належалі каралеўскай адміністрацыі. Яшчэ адно ўпамінанне мястэчка датуецца 1609 годам., калі кароль Зыгмунт III Ваза заснаваў парафію ў Прывалцы і падараваў касцёлу 6 валокаў зямлі ды па два грошы з гаспадарак царкоўнай дзесяціны. У 1620 г. гэты ж кароль у Варшаве 1 сакавіка выдаў дэкрэт, паводле якога ахвяраваў для парафіі і святара зямельны надзел.

Адным з найбольш значных успамінаў аб Прывалцы з’яўляецца 1792 год, калі мястэчку быў дадзены герб з выяваю Арханёла Міхала ў ружовым полі, з разгорнутымі ў палёце крыламі. У правай руцэ Арханёла была маланка, а ў левай — круглы шчыт. Пад нагамі — полымя і пераможаны ім д’ябал. На гэтым гербе ўвасобленая вы­ява з нетрадыцыйнымі атрыбутамі — мечам і вагамі, але такая змена ў гербе была зроблена наўмысна: выява Арханёла Міхала з гэтым узбраеннем была на гербе Наваградка, а выкарыстанне цалкам аднолькавай сімволікі пярэчыла б законам геральдыкі...

Мясцовасць была заселеная даўно і займала выгоднае становішча. Паводле спісаў скарбовых маёнткаў, мястэчка, якое было ўласнасцю каралеўскага двара, знаходзілася недалёка ад каралеўскага тракту з Варшавы ў Вільню. У перыяд Рэчы Паспалітай Прывалка была цэнтрам староства ў складзе Гродзенскага павета і Трокскага ваяводства. Так працягвалася да 1766 года, калі каралеўскі маёнтак адкупіў князь Францішак Ксавэры Агінскі, заплаціўшы ў каралеўскую казну 1533 злотыя і 3 грошы. У мястэчку быў пабудаваны панскі двор, які існаваў да канца ХІХ ст. У 1777 г. годзе князь Францішак Агінскі аднавіў стары касцёл і багата яго аздобіў. Да гэтага часу захаваўся старажытны 40-кілаграмовы звон... 27 лютага 1792 г. апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім мястэчку былі дадзеныя прывілеі, якія зацвярджалі яго правы на самакіраванне і давалі магчымасць мець свой герб. Так 214 гадоў таму назад былі створаны ўсе юрыдычныя падставы, каб на гэтым месцы ўзнік горад.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) Прывалка была далучаная да Расійскай імперыі ў Гродзенскі павет Слонімскай (1795 г.), Літоўскай (1797–1802 гг.) і Гродзенскай губерній. З пачатку ХІХ ст. яна была ў складзе Гродзенскай губерні Гродзенскага павета і Сабалянскай воласці. Пасля ўваходу Беларусі ў склад Расійскай імперыі Прывалка стала казённым маёнткам. У 1840 г. у гарадку было 13 дваравых чалавек, а ў 1830 г. — 11.

Пасля страты Рэчу Паспалітай незалежнасці мястэчка страціла сваё права на самакіраванне і паступова ператварылася ў вёску з прыгонным насельніцтвам. Гэта і стала падставаю для падтрымкі насельніцтвам Прывалкі паўстання 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У касцёле быў арганізаваны шпіталь для паўстанцаў, забітых хавалі тут жа на тэрыторыі касцёла і на гары, якая атрымала назву Святой. На гэтай высокай гары паблізу Нёмана быў пастаўлены крыж у гонар загінуўшых. Пасля падаўлення паўстання яго ўдзельнікі былі сасланыя на катаргу ў Сібір, парафія ў 1866 г. ліквідаваная, а касцёл зачынены. У 1869 г. касцёл разам з парафіяльнымі будынкамі і зямлёю быў перададзены праваслаўнай царкве ў Друскеніках, прычым у 1886 г. у Прывалцы налічвалася 386 жыхароў, сярод якіх праваслаўных не было. У гэтай царкве было праведзена толькі адно праваслаўнае набажэнства, а ў 1914 г. яна згарэла.
З 1918-га па 1939 г. Прывалка знаходзілася ў складзе Польшчы. У гэты час была адкрыта першая пачатковая школа, у якой навучанне вялося на польскай мове. Да гэтага дзяцей вучылі «дарэктары», якіх прывозілі з іншых вёсак, бо ў вяскоўцаў не было сродкаў на пабудову і ўтрыманне сваёй школы.

З 1918 г. вернікі пачалі адбудоўваць знішчаную святыню. 16 ліпеня 1920 г. касцёл быў асвечаны кс. Францішкам Бэрнатам з Ротніцы, але аздаблення яшчэ не было. 16 ліпеня 1922 года, пасля 50-гадовага перапынку, быў прызначаны першы адміністратар касцёла — кс. Юзаф Буткевіч. Першым пробашчам у 1927 г. стаў Станіслаў Мацэвіч, а яго паслядоўнікам з 1927-га па 1937 гады быў кс. Юзаф Цыранкевіч. Ён прыклаў шмат намаганняў, каб упрыгожыць прэзбітэрый, бочныя алтары, аздобіць увесь касцёл, а таксама набыў шмат культавых прадметаў для літургіі. Апошні пробашч, кс. Антоні, прыехаў у парафію 15 мая, а пасля прыходу немцаў быў арыштаваны і вывезены ў лагер. У парафію ён ужо не вярнуўся — прапаў без звестак. З таго часу не было ў парафіі сталага пастыра.

У 1962 г. парафію ліквідавала савецкая ўлада, а касцёл хацелі знішчыць, аднак жыхары не дазволілі нават зрабіць з яго зернесховішча. Час ад часу невядомыя асобы таемна ламалі ўсё, што захавалася ў святыні. Неўзабаве вялізнае дрэва, паваленае бураю, пашкодзіла частку даху і сцяны. На жаль, тагачасныя ўлады не дазволілі вернікам рамантаваць касцёл...

У 1989 г. у парафію прыбыў кс. Станіслаў Гаўлік з Польшчы. Дзякуючы яго ахвярнай працы быў адбудаваны прыгожы драўляны касцёл у Прывалцы. 29 кастрычніка 1994 года адбылося ўрачыстае асвячэнне адбудаванай святыні. Сёлета мінула 19-я гадавіна з дня смерці кс. С. Гаўліка, які працаваў у Прывалцы да 1996 года.

Цяпер у касцёле змешчана дошка, што нагадвае парафіянам пра пробашча Станіслава, які пакінуў ім у спадчыну частку свайго жыцця. Дошку ахвяравала былая парафіянка, якая цяпер жыве ў Гданьску...
Такая вось цікавая і багатая гісторыя аднае невялікай вёсачкі на самым захадзе нашага Краю.


Наталля Шкапіч-Ганько з Гродна
Фота: be-tarask.wikipedia.org
tomkad.livejournal.com
Парафіяльны архіў

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней