«Музычная майстэрня» — форум маладых хрысціянскіх спевакоў і музыкантаў, які праводзіцца штогод з 2003 года пры івянецкім кляштары айцоў францішканаў. Моладзь вучыцца спяваць на розныя галасавыя партыі літургічныя творы, набірае майстэрства ў спевах праслаўлення, прымае ўдзел у майстар-класах па ігры на інструментах, на тэатральных, цыркавых занятках… Стоп! Ці можна было б, дарагі дружа, настолькі сухім ды безэмацыйным тонам распавядаць незвычайную гісторыю, якая пачалася чатырнаццаць год таму і доўжыцца аж да сённяшняга дня? Паспрабуем крыху інакш…
…Уяві сабе, што ты знаходзішся ў старым, прыгожым, поўным святла касцёле, прымаеш удзел у святой Літургіі, навокал сотні дзве-тры маладзёнаў з засяроджанымі тварамі слухаюць гамілію. І раптам, у тым моманце, дзе павінен заспяваць арганіст, на далікатны знак дырыжора нараджаецца сугучча галасоў, якое ствараюць гэтыя самыя маладзёны. Спеў ахоплівае ўсіх прысутных, даслоўна «пагружае» іх у свой змест і прыгажосць, распавядае пра любоў Бога да чалавека. Літургія ззяе новымі фарбамі, кожны жэст набірае ўсё больш глыбіні і павагі. Музыка ўзносіцца ажно да скляпення святыні, узносячы ўверх і цябе за сабою… Гэта не сон, не мара і не рэклама новай акустычнай сістэмы. Гэта святая Імша падчас «Музычнай майстэрні».
Манах і перкусія, або з чаго ўсё пачалося
«Усё пачалося з даволі смешнай гісторыі, — расказвае айцец Лех Баханэк, ініцыятар і арганізатар «Майстэрні». — Я шукаў інструменты для нашых хлопцаў з парафіі, якія хацелі граць у гурце. Не хапала нам толькі барабанаў, з гэтым было найбольш клопату. Адзін з нашых айцоў у Польшчы пазнаёміў мяне са спадаром Янам Паспяшальскім, кажучы, што ён ведае шмат музыкантаў і можа дапамагчы. Мы сустрэліся ў яго доме падчас Божага Нараджэння і там прыйшлі да высновы, што ўжываныя барабаны можна было б дзесьці знайсці, але можа быць і штосьці большае — служэнне польскай моладзі для братоў і сясцёр з Беларусі».
Айцец Лех Баханэк і Ян Паспяшальскі
Яна Паспяшальскага — вядомага польскага музыканта, журналіста і тэлевядучага — уразілі не толькі босыя ногі францішканіна, але і яго непасрэднасць ды адкрытасць на супрацоўніцтва, таму спадар Ян стрымаў свае слова і з групай энтузіястаў варшаўскага хору з парафіі св. Тамаша прыехаў першы раз у Івянец у 2003 годзе. Вось як ён сам успамінае гэтую першую сустрэчу:
«На нашае першае спатканне прыехала каля ста чалавек. Надвор’е нам тады не спрыяла: увесь тыдзень ліў дождж, таму мы былі змушаныя разам трываць і працаваць. Паволі мы пачалі вучыць нашых новых сяброў: шмат з тых, хто прыехаў не ведалі нотаў, таму вучылі па чарзе ледзь не кожную ноту. Але гэтая праца была вартая ўзнагароды, бо падчас выступу новапаўсталага хору „Майстэрні‟ перад івянецкай публікай некаторыя слухачы плакалі ад узрушэння. За першы музычны тыдзень мы настолькі зблізіліся са сваімі беларускімі сябрамі, што ў выніку „Музычная майстэрня‟ стала штогадовай музычнай падзеяй».
І сапраўды, не злічыць, колькі маладых людзей дзякуючы штогадовым спатканням у Івянцы захапілася прыгажосцю спеву, яны іншымі вачыма сталі глядзець на літургічную музыку, атрымалі імпульс граць на разнастайных інструментах, а галоўнае — знайшлі супольнасць аднадумцаў, што праз хараство гукаў шукаюць Аўтара гэтай прыгажосці.
Звычайныя летнія дні
На вуліцы каля трыццаці па Цэльсію, апоўдні вакол кляштара францішканаў — здавалася б, зацішнага месца — адусюль льецца музыка. Пад навесам група маладзёнаў б’е наперабой у джэмбы. Адчуванне, што ты не 60 км ад Менску, а дзесьці ў афрыканскай вёсцы ці, хутчэй, на вулічных танцах у Буэнас-Айрэсе. Не-не — і ногі самі пачынаюць танцаваць. «Зараз паспрабуем яшчэ адзін папулярны паўднёваамерыканскі рытм», — Нікадэм Паспяшальскі, перкусіст з Варшавы, натхняе сваіх вучняў.
Непадалёк, у кляштарным рэфекторыі, каля дваццаці гітарыстаў у чаканні — сёння іх будуць вучыць асновам блюзавай імправізацыі. Для некаторых з іх гэта першае спатканне з новым музычным стылем, таму яны хвалююцца.
Госпел і джаз, асновы гармоніі, новыя рытмы, цікавыя знаёмствы і абмен досведам, бо «Майстэрня» — гэта перадусім форум, дзе няма лепшых і горшых, дзе кожны можа і вучыцца, і дзяліцца ўласным музычным майстэрствам.
Кожны вечар «Майстэрні» — гэта асобная падзея: тут і радасць праслаўлення, і цішыня паміж медытацыйнымі спевамі падчас традыцыйнай ужо адарацыі ў стылі Taizé, і вечар талентаў, падчас якога не перастаеш дзякаваць Пану за нашую таленавітую беларускую моладзь. Завязваюцца знаёмствы, нараджаюцца гурты ды музычныя праекты (пэўна, не памылюся, калі сцверджу, што амаль кожны з беларускіх каталіцкіх музычных гуртоў прынамсі раз наведаў Івянец). А напрыканцы дня, ва ўтульнай кавярні «У Францішканаў» гучыць жывы джаз, і кожны з гасцей «Майстэрні» ва ўтульнай сяброўскай атмасферы можа выпіць філіжанку латэ, пагутарыць за жыццё ці нават падждэмаваць з музыкамі.
Мая «Майстэрня» — гэта …
Гэта толькі некалькі ўражанняў-замалёвак, якія першымі прыходзяць у галаву, калі ўспамінаю «Майстэрню». Для мяне асабіста гэта не проста спатканне, падрыхтоўкаю да якога жывеш цэлы год, ці магчымасць убачыць старых знаёмых і атрымаць асалоду ад іх музычнага майстэрства. Мая «Майстэрня» — гэта нагода больш глыбока ўразіцца прыгажосцю святой Літургіі, гэта сапраўдная школа, дзе вучышся не толькі спяваць і граць, але шанаваць і цаніць кожнага з асабістым і непаўторным дарам яго асобы. Гэта працяг нашай васьмівяковай францішканскай харызмы — заўважаць прыгажосць і дабро ва ўсім, хвалячы Створцу ў супольнасці. Гэта месца, дзе моладзь пачынае верыць у свае здольнасці, спатканне, якое ўжо падарыла і, безумоўна, яшчэ падорыць нашай Радзіме шмат цудоўных хрысціянскіх музыкантаў. Але перадусім — гэта месца спаткання чалавека з любячым Богам.
Ужо стартавала рэгістрацыя на «Музычную майстэрню»-2018!
А больш падрабязную інфармацыю пра сёлетнюю сустрэчу
шукайце на яе афіцыйным сайце muzmajsternia.by,
а таксама ў сацсетках: Facebook, VK, Instagram.
Айцец Яўген Голуб OFMConv
Фота Антона Паплёўкі і Данііла Ліцкевіча