Парафія ў Серабранцы сустрэла фігуру арханёла Міхала [фотарэпартаж]

Працягваецца перэгрынацыя фігуры святога арханёла Міхала ў Беларусі. Кожную суботу з парафіі ў парафію адбываецца пілігрымка фігуры арханёла па Мінску. 13 кастрычніка парафіяне касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) развіталіся з арханёлам Міхалам і фігура была перавезена ў парафію св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.


Доўга не хацелі адпускаць арханёла Міхала парафіяне касцёла на Залатой Горцы. На развітанне з фігураю цэлебравалася Імша падзякі святому арханёлу. А дзякаваць сапраўды ёсць за што: у кнізе просьбаў і сведчанняў людзі пакінулі мноства запісаў, поўных шчырасці і даверу. Вось, напрыклад, такое сведчанне пакінулі ўдзельнікі Ружанцовага кола св. Міхала арханёла:

«Ружанцовае кола з 1993 г. малілася за вяртанне вернікам будынка касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску. Касцёл быў вернуты ў 2006 г. Мы і далей молімся за Касцёл у Беларусі, асабліва за наш парафіяльны касцёл, за ўвесь беларускі народ, за ўсіх святароў нашай парафіі і ўсёй Беларусі».

Пасля святой Імшы парафіяне разам з фігураю св. арханёла Міхала прайшлі ў працэсіі па тэрыторыі касцёла. Перад фігураю людзі памаліліся Літанію да арханёла Міхала, а кс. Ігар Лашук, адказны за перэгрынацыю, падзякаваў усім прысутным і абяцаў маліцца ў інтэнцыях, якія людзі прыносілі да фігуры на працягу тыдня. Дарэчы, кс. Юрый Санько, пробашч касцёла на Залатой Горцы, парадаваў навіною пра тое, што на тэрыторыі касцёла плануецца ўстанавіць скульптуру арханёла Міхала — таксама копію фігуры арханёла з Гаргана. Дзівосны плён перэгрынацыі!

Наступнай парафіяй, якая прымае фігуру арханёла Міхала, стала парафія ў Серабранцы, якой апякуюцца ксяндзы салезіяне. Людзі сардэчна сустрэлі арханёла Міхала на прыступках капліцы. Спатканне пачалося з малітвы да святога арханёла аб аздараўленні і вызваленні. Цяпер фігура арханёла Міхала будзе знаходзіцца ў парафіі св. Яна Хрысціцеля да наступнай суботы, пасля чаго яна будзе перавезена ў парафію Божага Цела ў м-не Ангарская ў Мінску.

Заахвочваем вас, дарагія чытачы, маліцца за Беларусь падчас гэтай перэгрынацыі. У выдавецтве «Pro Christo» выйшаў малітоўнік, прысвечаны арханёлу Міхалу, а таксама нотны дадатак да спеваў, якія змешчаны ў малітоўніку. Сачыце за навінамі перэгрынацыі фігуры арханёла Міхала на нашым сайце і ў часопісе «Ave Maria»!


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней