Фігура арханёла Міхала гасцюе ў парафіі ў Сухарава [фотарэпартаж]

Здаецца, не паспела фігура арханёла Міхала выехаць з Мінска ў Заслаўе, як у аўторак зноў вярнулася ў Мінск у парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мікрараёне Сухарава, дзе служаць айцы марыяне. Дажджлівым вечарам, 4 снежня, парафіяне сабраліся каля касцёла, каб прывітаць нябеснага заступніка, фігуру якога суправаджаў кс. Ігар Лашук, ініцыятар перэгрынацыі.


Людзі ўважліва, з вялікай цікаўнасцю, слухалі казанне ксяндза Ігара, якое ён прамовіў падчас святой Імшы ў гонар святога арханёла Міхала. «Вядома, фігура — гэта толькі фігура. Але дух святога арханёла Міхала, прысутны з намі асабліва падчас гэтай перэгрынацыі, заўсёды нагадвае: „Хто ж як Бог!“ — гэтак перакладаецца з габрэйскай мовы імя арханёла», — казаў падчас казання кс. Ігар. Святар не хавае хвалявання з тае прычыны, што ў фігуры арханёла Міхала наперадзе вялікі шлях: ужо на два гады наперад графік перэгрынацыі распісаны па Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэта і радасць, і вялікая адказнасць.

Для сухараўскай парафіі перэгрынацыя арханёла Міхала — важная падзея яшчэ і таму, што на гэтым тыдні, 8 снежня, тут адбудзецца парафіяльная ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Такія падзеі яднаюць парафіянаў, узмацняюць супольную малітву. Пасля Імшы парафіяне ахвотна набывалі малітоўнік «Хто ж як Бог!», прысвечаны анёлам і арханёлам, календары і абразкі. Моцна радуе, як на вачах аднаўляецца культ арханёла Міхала, апекуна нашай архідыяцэзіі.

Часопіс «Ave Maria» будзе і далей весці хроніку перэгрыгранацыі фігуры святога арханёла Міхала. Сачыце за новымі публікацыямі ў часопісе, а таксама глядзіце фотарэпартажы ў нас на сайце.

Праз тыдзень фігуру арханёла будзе прымаць у сябе парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, што пад Мінскам.


Вольга Качалка
Фота Мікалая Новікава

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней