Абраз Езуса Міласэрнага ў Ваўкалаце

Гэтую гісторыю я пачуў ад айца капуцына Сяргея Мацюшонка. Мястэчка Ваўкалата, касцёл святога Яна Хрысціцеля. Парафія існуе з XVI стагоддзя. Мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1870 годзе, асвечаны 12 кастрычніка 1885 года. У перадваенны перыяд пробашчам парафіі быў ксёндз Рамуальд Дроніч, сябра благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, спаведніка святой Фаўстыны Кавальскай. Ксёндз Рамуальд працаваў пробашчам з 1936 года па 1941 год. У 1941 годзе быў расстраляны немцамі.


У верасні 1939 года кс. Міхал падараваў кс. Рамуальду абраз Езуса Міласэрнага, сказаўшы такія словы: «Калі будзеце маліцца каля гэтага абраза малітвай, якой вас навучу, то савецкія ўлады касцёл не зачыняць». Так яно і сталася. Парафіяне маліліся. Святыня ўвесь час дзейнічала, і амаль заўсёды тут служыў святар…

Айцец Сяргей расказаў, што аказваецца да таго, як быў напісаны па просьбе сястры Фаўстыны ў Вільні мастаком Яўгенам Казіміроўскім вядомы ўсім абраз Езуса Міласэрнага, які цяпер знаходзіцца ў алтары санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Вільні, былі зробленыя яшчэ два эскізы гэтага абраза. Менавіта эскізы не задаволілі с. Фаўстыну.

Вось такая гісторыя ці легенда існуе сярод парафіянаў мястэчка Ваўкалата Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці...

Каб праверыць праўдзівасць гэтай гісторыі, мы з легіянерамі Марыі наведалі Ваўкалату. На жаль, ні пробашч ксёндз Алег Півавар, ні ксёндз Пётр Ясевіч, які тут раней служыў, нічога сказаць не змаглі пра гэтую гісторыю. У касцёле вісяць два абразы Езуса Міласэрнага. Адзін — у самім касцёле, другі — здаецца, старэйшы — у галерэі над сакрыстыяй.

Ксёндз Алег параіў пашукаць сведкаў гэтай гісторыі сярод старажылаў мястэчка. Але высветлілася, што тыя, хто яшчэ добра ведаў ксяндза Рамуальда і быў сведкам з’яўлення гэтага абраза ў Ваўкалаце, ужо адышлі ў вечнасць.

Спадарыня Леакадзія Дач, якую ксёндз пробашч папрасіў дапамагчы, падказала наведаць яшчэ адну жанчыну — Валянціну Францаўну Штура. Пані Валянціне ўжо 87 гадоў, і мы спадзяваліся з яе вуснаў пачуць хоць нешта пра гэту гісторыю.

Адразу, амаль з парога, пані Валянціна сказала, што гэта менавіта той абраз, які быў прывезены з Вільні напрыканцы 1930-х гадоў, і што вяночак да Божай Міласэрнасці тут моляцца здаўна, яшчэ з пасляваенных часоў…

На абразе не захавалася ніякага подпісу мастака, і таму немагчыма ідэнтыфікаваць абраз…

Амаль кожны раз, калі я бываю ў Вільні, з вялікаю радасцю наведваю Дом-музей святой Фаўстыны, які захаваўся ад былога кляштара сясцёр Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці. Менавіта там з 1933-га па 1936 год жыла с. Фаўстына. Менавіта ў гэтым доме, у яе келлі Езус 14 верасня 1935 года прадыктаваў ёй Вяночак да Божай Міла­сэрнасці. У Вільні с. Фаўстына сустрэлася са сваім спаведнікам
кс. Міхалам Сапоцькам, які дапамог ёй выканаць заданні Езуса: быў напісаны абраз, усталявана свята Божай Міласэрнасці, пачалося напісанне «Дзённіка»…

Кожны раз, калі наведваю гэты дом, заўсёды атрымліваю Божае благаслаўленне і пэўныя ласкі. Так адбылося і ў апошні раз: Петрас Мацкэла, дырэктар Дома-музея, расказаў, што ў дакументах таго часу знайшоў пацверджанне, што, акрамя вядомага абраза, Яўгеній Казіміроўскі пакінуў яшчэ два эскізы. Спадар Петрас распавёў, што калі Фаўстына ў сакавіку 1936 года ўжо назаўсёды пакідала Вільню, то ўзяла з сабою адзін з двух эскізаў і ў Варшаве папрасіла ў маці настаяцельніцы дазволу змясціць яго ў капліцы. Але паколькі ў той час візіі сястры Фаўстыны яшчэ не былі зацверджаны Касцёлам, эскіз абраза быў пакладзены ў сховішча. Ёсць меркаванне, што падчас Варшаўскага паўстання ён згарэў. Гэты аповед спадара Петраса яшчэ больш пераканаў мяне ў тым, што ваўкалацкі абраз Езуса Міласэрнага можа нале­жаць мастаку Яўгену Казіміроўскаму. Але галоўнае, думаю, не ў гэтым… Слухаючы аповед спадара Петраса, раптам успомніў урывак з «Дзённіка»: «Аднойчы, калі я была ў мастака, які малюе гэты абраз, і ўбачыла, што абраз не такі прыгожы, як Езус, я моцна гэтым засмуцілася, аднак схавала гэта глыбока ў сэрцы. Калі мы выйшлі ад таго мастака, маці настаяцельніца засталася ў горадзе, каб уладзіць розныя справы, а я адна вярнулася дадому. Я адразу ж пайшла ў капліцу і моцна плакала. Я сказала Пану: „Хто Цябе намалюе такім прыгожым, якім Ты ёсць?“ Тады я пачула такія словы: „Не ў прыгажосці фарбаў ці пэндзля веліч гэтага абраза, а ў Маёй ласцы“» (Дз. 313).

Мы не ведаем пакуль дакладна, ці належыць ваўкалацкі абраз Езуса Міласэрнага мастаку Яўгену Казіміроўскаму, але каштоў­насць яго ў тым, што перад гэтым абразом мы можам няспынна праслаўляць Божую Міласэр­насць і выпрошваць яе для нашай Айчыны і ўсяго свету.

«Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу» (Дз. 48).


Уладзімір Вайцяховіч

Легіён Марыі арганізуе аўтобусныя пілігрымкі
«Шлях Божай Міласэрнасці» ў Вільню.
Звяртацца па тэлефонах : Уладзімір Вайцяховіч — МТС 8029 246-62-97, life:) 8025 618-17-50
Юргіта Пузанатэ — МТС 8033 661-33-45, life:) 8044 562-09-05

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней