Чакалі арцыбіскупа Кандрусевіча. Як у Заслаўі без удзелу іерарха адзначылі 600-годдзе парафіі

6 верасня стала радасным і адначасова сумным днём у 600-гадовай гісторыі парафіі ў Заслаўі, дзе на фэст, да якога загадзя так старанна рыхтаваліся мясцовыя вернікі, чакалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.


Людзі да апошняга спадзяваліся, што ўлады адменяць сваё незаконнае рашэнне і дазволяць Мінска-Магілёўскаму Мітрапаліту беларусу Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца на Радзіму, да сваёй паствы. Але, відаць, д’ябал моцна трымае ў сваіх драпежных кіпцюрах тых, хто прыняў гэтае бязбожнае і нялюдскае рашэнне аб выгнанні пастыра.

Касцёл у Заслаўі, горадзе-спадарожніку Мінска, да якога ўсяго каля паўгадзіны на электрычцы, асвячаны ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сёлетні фэст у рыма-каталіцкай парафіі, заснаванай тут 600 гадоў таму, быў прымеркаваны да гэтага свята, якое адзначаецца ў Касцёле 8 верасня.

Заслаўскія вернікі на чале з адміністратарам парафіі ксяндзом канонікам Дзмітрыем Пухальскім у жніўні распачалі духоўную падрыхтоўку да ўрачыстасці, якая бывае толькі раз на шэсць стагоддзяў.

Каталіцкая супольнасць у Заслаўі існуе з 1420 г., першы ксацёл быў драўляны. Цяперашні касцёл мураваны, быў пабудаваны напрыканцы XVIII ст. Падчас вайны святыня была моцна пашкоджана і доўгі час знаходзілася ў зруйнаваным стане. Пасля рэстаўрацыі, якая адбывалася ў 1987–1998 гг., касцёл вярнулі законным уладальнікам — каталіцкай супольнасці горада. Вернікі разам з пробашчам парафіі ксяндзом Пятром Врубелем працягнулі незакончаную рэстаўрацыю, аднавілі інтэр’ер святыні і з любоўю клапоцяцца пра яе кожны дзень, прыносячы ў касцёл жывыя кветкі.

Жнівень стаў гарачым месяцам не толькі з-за падзей у грамадска-палітычным жыцці Беларусі, але і ў жыцці беларускага Касцёла.

Рыхтуючыся да свята, заслаўскія парафіяне прыводзілі ў парадак не толькі свой касцёл і прыкасцёльную тэрыторыю. Пасля вечаровых Імшаў у святыні адбывалася выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, і вернікі разам са святаром шчыра маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці за ўзлюбленую Бацькаўшчыну. З верасня ў гэтай інтэнцыі дадаліся малітвы праз заступніцтва святога Арханёла Міхала.

У апошні тыдзень перад святам ксёнз Дзмітрый Пухальскі паклапаціўся і пра тое, каб усе вернікі парафіі мелі магчымасць быць у споведзі, а таксама наведаў старэйшых і нямоглых парафіянаў, удзяляючы ім сакрамэнт хворых.

У пятніцу ў заслаўскай парафіі распачаліся рэкалекцыі, якія правёў дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас.

Духоўныя практыкаванні дапамаглі вернікам належным чынам падрыхтавацца да ўрачыстасці і пабожна яе перажыць, супрацьпаставіўшы нападам злога духа непераможную «зброю» малітвы і ўчынкаў любові.

Нядзельная ўрачыстасць сабрала ў заслаўскай святыні вялікую колькасць удзельнікаў. Для тых, хто не змог трапіць у касцёл, была арганізавана прамая трансляцыя набажэнства на партале Catholic.by, а таксама на вялікі экран, усталяваны перад святыняй.

Павіншаваць братоў-католікаў са святам прыйшлі прадстаўнікі праваслаўнай супольнасці Заслаўя разам са сваім душпастырам айцом Вячаславам, а таксама пратэстанты. Не засталася ў баку і гарадская адміністрацыя.

Цэлебрацыю ўзначаліў пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч. Разам з ім пры алтары маліліся дэкан Маладзечанскі ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, дырэктар «Радыё Марыя» пробашч ксёндз Аляксандр Фаміных і адміністратар заслаўскай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі. Яшчэ адзін святар, дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас служыў Богу і людзям за пультам трансляцыі.

Ксёндз Антоні Клімантовіч зачытаў слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якое арцыпастыр з выгнання скіраваў удзельнікам урачыстасці ў Заслаўі.

«Не так шмат парафій у нашай краіне, якія могуць ганарыцца такой багатай гісторыяй. Шэсць стагоддзяў — гэта вялікі час не толькі ў жыцці вашай парафіяльнай супольнасці, але таксама ўсяго Касцёла і хрысціянства на нашай зямлі»,— напісаў арцыбіскуп. Ён выказаў сваю ўдзячнасць усім святарам, якія ў складаных умовах адраджэння Касцёла пасля трох пакаленняў ганенняў атэістычнага савецкага рэжыму служылі ў Заслаўі.

«Аднаўляючы святыню, яны адбудоўвалі і ўмацоўвалі жывы Касцёл — містычнае Цела Хрыста, што складаецца з нашых сэрцаў», — сцвердзіў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

«Парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаў’і і касцёл пад гэтым тытулам заўсёды выконвалі місію месца малітвы і сустрэчы чалавека з Богам. Нават калі касцёл быў зачынены і атэістычная прапаганда казала, што рэлігія — гэта „опіум для народа“, то прамаўляла яго велічная сакральная архітэктура, бачная нават у руінах. Знаходзячыся на ўзгорку, касцёл заклікаў і працягвае заклікаць чалавека ўзняць свой позірк да Бога, які з’яўляецца Валадаром гісторыі, піша проста на яе пакручастых радках і заўсёды сам ставіць апошнюю кропку над „і“.

Колькі людзей за доўгую гісторыю парафіі знайшло тут духоўны супакой! Колькі навярнулася да Бога! Колькі адшукала сэнс свайго жыцця! Каб сцены гэтай святыні маглі прамаўляць, то яны маглі б распавесці шмат кранаючых сэрца чалавечых гісторый і іх лёсу!»— напісаў заслаўскім вернікам арцыпастыр.

«Якія ж вы шчаслівыя! Ужо сам тытул парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі заклікае да новага, поўнага Божай ласкі нараджэння. У наш складаны час грамадска-палітычных завірух і адыходу ад вечных і нязменных маральных каштоўнасцяў зрабіце ўсё, каб духоўна адраджацца, бараніць веру і быць яе сведкамі ў штодзённым жыцці, няспынна выказваючы разам з Марыяй сваю згоду з Божай воляй», — заклікаў з выгнання сваю паству Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт.

Са словам падтрымкі і братняй салідарнасці звярнуўся да сабраных на ўрачыстасці і праваслаўны святар айцец Вячаслаў. Яго прысутнасць на свяце разам са сваімі вернікамі стала выразам хрысціянскага адзінства, што з’яўляецца перадусім адзінствам сэрцаў, якія палаюць адною любоўю да Бога і бліжняга.

 


Тэкст: Алена Пілігрым, Ксенія ХадовічМікола Гракаў
Фота: Віталій Палінеўскі 

Catholic.by

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней