— «З вялікай павагай адношуся да гэтага цудоўнага чалавека».
— «Гэта вялікае шчасце для нас, вернікаў, што дзесяць гадоў таму яго прыслалі ў Смаргонь».
— «Мы яго вельмі любім, ён такі добры, культурны, жыццярадасны чалавек».
— «Ён вельмі тактоўны, уважлівы, прыемны суразмоўца».
— «Яго любяць усе, хто яго ведае».
— «Ён вельмі харызматычны чалавек. Для мяне — сапраўдны аўтарытэт».
Згадзіцеся, толькі вельмі вартай асобе могуць быць адрасаваны гэтыя простыя і шчырыя прызнанні. Магчыма, кагосьці можа здзівіць такая глыбокая людская павага, але ж нашы людзі дарэмна хваліць не будуць. Праўда, той, каму гэтыя кампліменты прызначаны, адносіцца да іх спакойна: ён прывык жыць з адкрытаю душою, шчыра любіць Бога і людзей, рабіць дабро і не чакаць за гэта нейкай узнагароды. Усё сказанае — пра ксяндза Здзіслава Вэдэра, пробашча смаргонскай парафіі.
Будучы святар нарадзіўся ў польскай вёсачцы паблізу ад горада Лодзь. Незвычайнае прозвішча Вэдэр гаворыць пра яго няпольскае паходжанне. Справа ў тым, што бабуля Здзіслава — палячка, а дзядуля — аўстрыец, які ў маладым узросце эміграваў у Польшчу з Аўстрыі. Хлопчык нарадзіўся ў вельмі набожнай шматдзетнай сям’і — бацькі выхоўвалі 11 дзяцей, трое з іх памерлі маленькімі.
Кажуць, што сам Бог дае пакліканне тым, каго хоча бачыць святарамі. Гэта здарылася і са Здзіславам Вэдэрам у далёкім 1947 годзе. Хлопчыку тады было ўсяго адзінаццаць гадоў.
«Аднойчы, падчас святой Імшы, я адчуў нясцерпнае жаданне стаць святаром, і на працягу ўсяго майго жыцця гэта жаданне ніколі не прападала, — кажа ксёндз Здзіслаў. — Калі я вярнуўся дадому, расказаў пра гэта родным. З таго дня пачаў жыць па-іншаму. Стаў шмат маліцца. Штодзень перад урокамі, не еўшы, спяшаўся на святую Імшу, каб атрымаць Камунію. Пасля школы зноў бег у касцёл, а калі вяртаўся дадому, зачыняўся ў асобным пакоі і чытаў рэлігійную літаратуру. Чытанне кніг пра cвятых для мяне было найлепшым адпачынкам. Такое жыццё для мяне было ў радасць».
Прайшло два гады. Хлопчык скончыў сямігодку і напісаў заяву ў лёндскую ніжэйшую духоўную семінарыю. Сям’і прызнаўся пра гэта толькі тады, калі даведаўся пра сваё залічэнне. Два гады давалася юнаку, каб яшчэ больш пераканацца ў сваім рашэнні стаць святаром. Пасля заканчэння ніжэйшай семінарыі юнак уступіў у Таварыства салезіянаў, а праз год яго залічылі ў вышэйшую духоўную семінарыю ў Лёндзе. Першыя два гады ён вывучаў філасофію, пасля чатыры гады практыкаваўся ў трох розных парафіях. Быў арганістам, праводзіў катэхезы для дзяцей у школах. У некаторыя вёскі да дзетак дабіраўся на веласіпедзе дзесяць кіламетраў. Калі закончылася практыка, ён зноў вярнуўся ў семінарыю і чатыры гады прысвяціў вывучэнню тэалогіі, а напрыканцы вучобы, у чэрвені 1962 года, атрымаў святарскае пасвячэнне.
Пасля года службы ў парафіі яму прапанавалі вучыцца далей, і ён скончыў факультэт тэалогіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта. У яго паслужным спісе такія пасады, як прафесар духоўнай семінарыі ў Лёндзе, рэктар духоўнай семінарыі ў Кутно, інспектар Таварыства салезіянаў у Варшаве. У 90-я гады ксёндз Здзіслаў адказваў за працу салезіянаў у краінах былога СССР. За гэты час ён пабываў у 34-х краінах свету, у тым ліку на афрыканскім кантыненце. Ён валодае польскай, італьянскай, рускай, лацінскай мовамі, разумее французскую.
Шматлікія пералёты-пераезды, безумоўна, накладвалі свой адбітак на стан здароўя, а яшчэ ксёндз Здзіслаў прызнаўся, што тройчы мог пацярпець у транспартных катастрофах. Адна з іх здарылася з самалётам, на якім ён планаваў ляцець у Нью-Ёрк, але на той суботні рэйс білетаў ужо не было і яму давялося адправіцца за акіян на дзень раней. А ў суботу здарылася катастрофа, у якой загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце авіялайнера.
У тым, што трагедыя абышла яго, ксёндз Здзіслаў бачыць знак Божай апекі. Ён застаўся жыць, каб і далей выконваць сваю святарскую місію.
У жніўні 2002 года ён стаў пробашчам касцёла святога Міхала арханёла.
«Найбольшую радасць мне прыносіць работа менавіта з вернікамі. Такая, як тут, у Смаргоні, — прызнаўся святар. — Я шмат працаваў як кіраўнік, і ў мяне тады не было такога кантакту з людзьмі. Цешуся, што ў нашай парафіі шмат глыбока веруючых, у тым ліку і моладзі».
За дзесяць гадоў ксёндз Здзіслаў зрабіў нямала для смаргонскай парафіі. Ён праявіў сябе як цудоўны святар, таленавіты прамоўца, тонкі псіхолаг. Многім ён дапамог па-новаму паглядзець на сябе, перайначыць свае жыццёвыя погляды. Многіх пераканаў у тым, што толькі з Богам і чыстым сумленнем можна быць сапраўды шчаслівым.
А яшчэ ксёндз Здзіслаў — выдатны гаспадар. Менавіта пад яго кіраўніцтвам, нібы птушка Фенікс, аднавіўся былы будынак Дома культуры, у якім пачаў працаваць маладзёжны каталіцкі цэнтр. Цяпер ён — візітоўка нашага горада, любімае месца дзяцей і моладзі. За апошні час многа зроблена (і робіцца) па аздабленні касцёла і прыкасцёльнай тэрыторыі.
Айцец Здзіслаў шмат часу прысвяціў выхаванню моладзі. Магчыма, гэта дапамагло яму і самому не згубіць маладосці духу. Для маладых святароў, з якімі ксяндзу Здзіславу даводзіцца працаваць, ён з’яўляецца прыкладам для пераймання, верным паплечнікам, старэйшым сябрам і дарадцам.
У чэрвені ксёндз Здзіслаў адзначыў 50-гадовы юбілей свайго святарства.
Павіншаваць юбіляра ў Смаргонь прыехалі біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, інспектар Салезіянскай усходняй акругі з Масквы Джузэпэ Пельлідзары, шмат святароў з Беларусі, Польшчы і Расіі. На свяце прысутнічалі і родныя святара, якія прыехалі з Польшчы, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёю Смаргонскага райвыканкама Мечыславам Гоем, які ўручыў святару Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама.
Абывацелю цяжка зразумець чалавека, які адмовіўся ад многіх зямных дабротаў, каб служыць Богу. Такую адданасць некаторыя называюць ахвярапрынашэннем, але ксёндз Здзіслаў гаворыць, што не лічыць сябе ні ахвяраю, ні героем, бо тое, што ён робіць, прыносіць яму сапраўднае задавальненне, бо ён вельмі любіць Бога і людзей.
Галіна Антонава