24 ліпеня на 87-м годзе жыцця адышла ў вечнасць Зоф’я Сордыль, якая зрабіла вельмі шмат дабра для Каталіцкага Касцёла на Беларусі, падтрымлівала яна і выданні каталіцкай прэсы.
Пані Зося нарадзілася ў Польшчы, у Сандамежскай дыяцэзіі. З дзяцінства марыла пайсці ў кляштар і абавязкова працаваць у Савецкім Саюзе, каб несці Божае слова людзям, пазбаўленым гэтай ласкі. Аднак духоўны кіраўнік сказаў ёй, што, калі яна пойдзе ў кляштар, то ніколі не зможа паехаць у СССР, бо яе туды проста не пусцяць. Дзяўчына паслухалася, але не пераставала маліцца ў гэтай інтэнцыі. Калі ёй было 36 гадоў, лёс закінуў яе ў Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе яна працавала аперацыйнай медсястрой у шпіталі.
Місіянерская дзейнасць гэтай незвычайнай жанчыны пачалася адразу ж, як толькі яна засталася адна — пасля доўгай хваробы памёр яе муж. Было ёй тады 65 гадоў. Праз аднаго каталіцкага святара Пан Бог паклікаў пані Зосю ў Санкт-Пецярбург. Гэта быў пачатак 1990-х гадоў, час адраджэння веры на тэрыторыі СССР. У Санкт-Пецярбургу яна арганізоўвала і фінансавала правядзенне канферэнцый і лекцый на рэлігійную тэматыку, а таксама выданне малітоўнікаў, іншай духоўнай літаратуры (сама ж і развозіла літаратуру ў парафіі Расіі і Украіны). Маленькая, худзенькая, яна заўсёды была абчэпленая валізкамі, пакункамі, чамаданамі, а там — кніжкі, улёткі, ружанцы, медалікі...
Неўзабаве Божы Провід прывёў пані Зосю ў Беларусь. Яна вельмі палюбіла нашу краіну, часта прыязджала ў Мінск і жыла тут больш, чым у Амерыцы. Амаль усіх, хто працаваў на той час у нашай рэдакцыі, пані Зося звазіла ў Меджугор’е. (Мне пашчасціла пабываць там тройчы. Шчыра прызнаюся, што без гэтых паездак і ўвогуле без дапамогі пані Зосі мне вельмі б цяжка было на шляху каталіцкай веры.)
Місіянерка па духу, яна не магла ні хвіліны сядзець склаўшы рукі. У яе заўсёды было безліч ідэяў, якія яна старалася абавязкова рэалізаваць. Так у Беларусі узнік і пачаў пашырацца Міжнародны жывы Ружанец з адзінай інтэнцыяй — трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі. Пані Зося нястомна ездзіла з нашымі супрацоўнікамі па парафіях і заахвочвала людзей да гэтай малітвы. Сёння гэта ружанцовая супольнасць налічвае больш за дзесяць тысяч вернікаў.
Справа абароны жыцця на той час у нас была «неўзараным полем». Пані Зося арганізавала Місію Маці Божай Фацімскай, якая пачала займацца абаронаю ненароджаных дзяцей. Яна вазіла нас на розныя міжнародныя канферэнцыі, пасылала на курсы pro life, падтрымлівала выданне літаратуры па абароне жыцця, дапамагала адзінокім цяжарным жанчынам. Дзякуючы гэтаму было выратавана нямала дзяцей, якім пагражала смерць ва ўлонні маці. Старэйшым з іх сёння ўжо па 17 гадоў. Як правіла, гэтыя дзеці выхоўваюцца адзінокімі маці, і пані Зося старалася дапамагаць кожнай такой сям’і. Яна заўсёды прывозіла альбо прысылала з Амерыкі «гуманітарку», а для гэтага рассылала лісты па многіх парафіях свайго штата з просьбаю дапамагчы Касцёлу на Беларусі. Праз яе дапамогу атрымлівалі многія нашы святары і нават касцёлы. У мінскай архікатэдры, напрыклад, вісяць жырандолі, якія яна ахвяравала святыні, дзе праводзіла нямала часу.
Яна была вельмі аскетычнаю, патрабавальнаю да сябе і да іншых, прыстасоўвалася да выжывання ў любых умовах, нягледзячы на паважны ўзрост і амерыканскі стыль жыцця. Мела свае праблемы са здароўем, але нішто не магло ўстрымаць яе місійнага запалу. Заўсёды гаварыла: «Самае важнае ў жыцці — гэта тое, што ты зрабіў для Пана Бога». Свае словы яна пацвярджала справамі, здзіўляючы ўсіх, хто яе ведаў. Побач з ёю немагчыма было працаваць на паўсілы, а тым больш нічога не рабіць. Пра такіх, як наша пані Зося, у Евангеллі сказана: «Соль зямлі і святло свету». Мы дзякуем Пану Богу за гэтага чалавека ў нашым жыцці, за тое, што яна зрабіла для кожнага з нас асабіста і для Касцёла ўвогуле. Прыклад яе хрысціянскага служэння паказвае, што і ў паважным узросце можна быць карысным і зрабіць столькі, колькі іншы не зробіць за ўсё жыццё.
Апошнія два гады пані Зося бязвыездна жыла ў ЗША — цяжка хварэла. Цярпенні свае яна ахвяроўвала Езусу Хрысту і нас гэтаму заўсёды вучыла. Міласэрны Бог, якому гэта жанчына бязмежна давярала, даў ёй вялікую ласку адысці ў вечнасць пры памяці. Калі ў яе спынілася сэрца і дактары зноў запусцілі яго, яна расплюшчыла вочы і папрасіла не ажыўляць яе — адпусціць у дом Нябеснага Айца...
У кнізе Габрыэлы Боссі «Ён і я», якую падаравала мне пані Зося, яе рукою падкрэсленыя словы: «Памятай, самы цудоўны дзень у жыцці — гэта дзень смерці, калі ты пакінеш свой часовы дом, каб злучыцца з Умілаваным. Важна пакінуць усё з радасцю, без шкадавання, каб даказаць Яму сваю любоў». Пані Зося даказала гэтую любоў. Няхай жа Міласэрны Бог будзе шчодрым на свае ласкі для гэтай душы ў вечнасці...
Галіна Калевіч
разам з усім калектывам рэдакцыі.