Будзем памятаць

Слова пра памерлага ксяндза Яраслава Зарадзкага, місіянера Святой Сям’і 

(22.07.1962–06.02.2014)

Ксёндз Яраслаў Зарадз­кі MSF нарадзіўся 22 ліпеня 1962 года ў мястэчку Цёнжэнь (Польшча), неда­лёка ад горада Конін. Быў ахры­шчаны ў сваёй роднай парафіі святой Кацярыны ў Ценіне Касцельным 14 кастрычніка 1962 года. Там жа ў 1971 годзе прыняў Першую святую Камунію, а ў 1978 годзе — сакрамэнт канфірмацыі. На працягу некалькіх гадоў быў міністрантам і лектарам у роднай парафіі. Пасля заканчэння пачатковай школы вучыўся ў механіка-электрычным тэхнікуме ў горадзе Конін. Пасля заканчэння навучання ў 1983 годзе распачаў фармацыю ў Супольнасці Місіянераў Святой Сям’і.

Першыя манаскія абяцанні даў 8 верасня 1984 года ў Бонбліне. Падчас фармацыі ў семінарыі, у Казімежы Біскупім, сутыкнуўся з цяжкім выпрабаваннем — хваробаю лімфомы. Урачы прызналі яго стан крытычным, аднак, дзякуючы іх намаганням, малітвам сям’і і ўсёй манаскай Супольнасці Місіянераў Святой Сям’і аб выздараўленні ксяндза Яраслава, пасля доўгіх месяцаў цяжкай барацьбы хвароба цалкам знікла.

8 верасня 1987 года пасля вечных абяцанняў, якія ксёндз Яраслаў даў у Казімежы Біскупім, ён назаўсёды звязаў сваё жыццё з Супольнасцю Місіянераў Святой Сям’і. Тут, 10 чэрвеня 1989 года, ён прыняў дыяканскае пасвячэнне, а 16 чэрвеня 1990 года — прэзбітэрскае. Так споўнілася яго мара дзяцінства — заўсёды быць блізка пры алтары. 

Пасля пасвячэння ксёндз Яраслаў быў скіраваны на працу ў парафію Святой Сям’і ў Жэшаве, а праз год — у парафію святога Міхала Арханёла ў Жэрніцы. 

1 кас­трычніка 1991 года ён звярнуўся з просьбаю да Правінцыяльнай Рады аб скіраванні яго на працу ў Беларусь, каб — як ён казаў — «хоць мінімальна сваёй сціплай асобай паменшыць недахоп святароў сярод верных на Беларусі». Першы раз ён паехаў у Беларусь вясной 1992 года з душпастырскай дапамогай на час Вялікага посту і Велікодных святаў у парафію Новая Мыш каля Баранавічаў.

Настаяцелі ўсведамлялі цяжкасць умоваў душпастырскай працы на Беларусі, а таксама хваробу, з якою прыйшлося змагацца ксяндзу Яраславу падчас фармацыі ў семінарыі. Пасля кансультацыі з урачом ксёндз Яраслаў без вагання напісаў: «Не ў сіле і трываласці ўласнага арганізма бачу шанц на рэалізаванне маіх мараў, а толькі ў вернасці Богу і сіле Яго ласкі».

Пасля неабходнай падрыхтоўкі 1 лістапада 1992 года Правінцыяльная рада накіравала ксяндза Яраслава на працу на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі ў Беларусі. 

31 студзеня 1996 года ён быў прызначаны пробашчам парафіі ў Новым Свержані, а таксама ўзяў пад сваю пастырскую апеку парафіі ў Стоўбцах і Уздзе. Пабудаваў касцёл і капліцу.

Пасля 10 гадоў працы ў Беларусі, у снежні 2001 года, ксёндз Яраслаў, усведамляючы неабходнасць місійнай працы ў іншых краінах, прасіў дазволу на выезд для місійнай працы на Мадагаскар. Аднак, у сувязі з патрэбамі на Беларусі, яго просьба была адхіленая.

Праз нейкі час ксёндз Яра­слаў скіраваў чарговы ліст да Правінцыяльнай рады. На гэты раз яго просьба была прынятая, і  пасля 13 гадоў працы на Беларусі, 10 верасня 2005 года, ён быў адазваны ў Польшчу і прызначаны для душпастырскай дапамогі ў Вялікі Клінч. Тут, пасля місійнай працы, маючы больш часу для сябе, пад кіраўніцтвам ксяндза доктара Адама Собчыка ён напісаў магістарскую працу і атрымаў дыплом магістра тэалогіі ў Папскім тэалагічным факультэце ў Варшаве. Годам пазней ксёндз Яраслаў быў прызначаны ў Генеральны Дом Місіянераў Святой Сям’і ў Рыме і накіраваны для душпастырскай працы вікарыем у парафію San Remigio ў Рыме.

1 верасня 2012 года ксёндз Яраслаў вярнуўся ў Польшчу, у Горку Кляшторную, і распачаў працу ў «Апостальстве добрай смерці».

У наступным годзе ксёндз Яраслаў адзначаў бы юбілей 25-годдзя святарства. Ён меў яшчэ планы на наступныя гады свайго святарскага служэння, таму год назад распачаў навучанне на тэалагічным факультэце Універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні. Аднак Бог меў іншыя планы. У чацвер 6 лютага, калі ксёндз Яраслаў знахо­дзіўся на пахаванні бацькі аднаго са святароў супольнасці, Пан Бог паклікаў яго да сябе.

Ксёндз Яраслаў Зарадзкі, адданы Богу і місійнай справе Касцёла, адышоў да Пана на пяцьдзясят другім годзе жыцця, пражыўшы 30 гадоў манаскага жыцця і 23 гады святарства, з якіх 13 гадоў працаваў у Беларусі і 6 — у Рыме.

Жыў мала, але вельмі актыўна, нібы спяшаўся… У просьбе прыняць яго ў Супольнасць Місіянераў Святой Сям’і ён пісаў: «Прагну служыць Богу, прагну слу­жыць чалавеку і лічу, што змагу рэалізаваць гэта жаданне ў шэрагах місіянераў Святой Сям’і».

Быў пахаваны 10 лютага 2014 года на радзіме, у Казімежы Біскупім. У пахаванні ўдзельнічала каля 65 святароў (54 — з Супольнасці Місіянераў Святой Сям’і), 6 братоў законных, клерыкі, навіцыі і 4 сястры законныя. На пахаванне прыехалі святары з Супольнасці Місіянераў Святой Сям’і з Рыма, Беларусі (кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч і інш.), Чэхіі, Аўстрыі і Германіі, а таксама вернікі з парафій, дзе працаваў кс. Яраслаў (у тым ліку з Беларусі). Святую Імшу цэлебраваў ксёндз правінцыял Адам Юзаф Собчык.

За яго вернае, хоць і ка­роткае служэнне Богу і лю­дзям, няхай добры Бог дасць яму вечны супакой!

 

У касцёле ў Казімежы Біскупім будуць цэлебравацца святыя Імшы ад імя вернікаў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах 28, 29 і 30 красавіка, а таксама 2, 5, 6, 12, 14, 16 і 19 мая.

Запрашаем да сумеснай малітвы.

Місіянеры Святой Сям’і


Ад рэдакцыі

Супрацоўнікі рэдакцый часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» з вялікім смуткам успрынялі вестку аб адыходзе ў вечнасць святой памяці ксяндза Яраслава Зарадзкага. Многія з нас яго добра ведалі, бо на самым пачатку нашай працы, калі толькі ствараліся часопісы, місіянеры Святой Сям’і, асабліва ксёндз Яраслаў, падтрымлівалі нас духоўна, дапамагалі парадамі і ўсяляк спрыялі, каб у Беларусі арганізаваўся каталіцкі друк, каб у Касцёле былі свае выданні на роднай мове. Ксёндз Яраслаў Зарадзкі назаўсёды застанецца ў нашай удзячнай памяці, атулены нашаю малітваю.

Выказваем місіянерам Святой Сям’і, родным і блізкім ксяндза Яраслава свае самыя шчырыя спачуванні і запэўніваем у малітве.

Вечны адпачынак дай яму, Пане.

 

Супрацоўнікі часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера».

 

Цэтлікі: In memoriam

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней