Пазнаёміўшыся з Ларысаю Бусько і пачуўшы сведчанне яе навяртання, яшчэ раз пераконваешся ў тым, што міласэрнасць Божая, сапраўды, незразуметая таямніца Святой Тройцы. Больш востра разумееш і тое, што ніколі нікога нельга патапляць, гаворачы, што яму ніхто ўжо не дапаможа. Чалавек, магчыма, і не дапаможа, але Бог зробіць усё, каб ратаваць сваіх няшчасных дзяцей. Ён і Сына свайго Езуса Хрыста паслаў дзеля гэтага, бо, як вядома з Евангелля, не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
Знаёмства з Ларысаю дапамагае глыбей усвядоміць, што сапраўднага навяртання не можа быць без пакоры. Толькі пакорны чалавек здольны прызнаць сваю грахоўнасць, больш за тое, расказаць пра гэта іншым, каб хоць некаму дапамагчы. І мы вельмі ўдзячныя Ларысе за гэта.
Ларыса нарадзілася і вырасла ў сям’і, дзе бацькі злоўжывалі алкаголем. Яна была малодшай з пяці дзяцей. Маці не хацела нараджаць пятае дзіця і збіралася на аборт. Не дазволіў гэтага зрабіць яе бацька, дзед Ларысы, Іван Калтовіч, які ў той час меў Біблію і, магчыма, чытаў яе. Ён тады сказаў сваёй дачцэ, што дзіця, якое народзіцца будзе потым ратаваць увесь іх род. Маці не разумела ягоных слоў, але паслухалася і пакінула дзіця.
Дзяцінства Ларысы было незайздросным. Пастаянныя п’янкі, што адбываліся ў іх хаце, моцна траўмавалі псіхіку дзяўчынкі. Яна часта была бітая і нават не раз перажывала спробы гвалту над сабою ад сабутыльнікаў яе родных. Таму Ларыса старалася ўцякаць ў лес, дзе ёй было ўтульна і добра. Пазней завяла сабаку, каб было смялей, і з ім хавалася ў гушчары ад страшнай рэчаіснасці. Не ведаючы з дзяцінства любові, дзяўчынка лашчылася да ўсіх, хто прытуліць, а яшчэ ёй вельмі хацелася хутчэй сыйсці з дому. Таму рана выйшла замуж і пераехала са сваёй вёскі Блішчына жыць у Смалявічы. Яе муж Васіль таксама быў з сям’і алкаголікаў.
Сямейнай суполкі не атрымалася. Сужэнец піў, гуляў, жыў сам па сабе, а Ларыса — сама па сабе. Пры гэтым яна нарадзіла дваіх дзяцей: сына Уладзіслава і дачку Ангеліну. Супакой і радасць таксама шукала ў выпіўцы. Спрыяла гэтаму і тое, што яе часта запрашалі на вяселлі ў ролі «тамады». Здольнасці да гэтага мела, бо ў свой час скончыла Мінскае культасветвучылішча. Так яна ўсё больш і больш уваходзіла ў алкагольную залежнасць.
І вось, трагедыя — павесіўся яе муж Васіль. Праз некаторы час тое самае зрабіў і сын Уладзіслаў, якому было 17 гадоў. У падлеткавым узросце ён з кампаніяй такіх жа хлопцаў пачаў нюхаць клей, потым ужываць алкаголь і наркотыкі. Ларысе здавалася, што жыццё скончана. Зло, якое звяло ў іншы свет яе родных людзей, бязлітасна знішчала і яе. Жанчына піла ўсё, што гарэла, і рабіла гэта наўмысна, бо не хацела жыць. Нават страх за лёс маленькай Ангеліны не спыняў яе. Дарэчы, дачка на той момант ужо была ў сацыяльным прытулку. З працы ў Смалявіцкім доме культуры Ларысу таксама звольнілі...
Неўзабаве Ларыса пачала чуць галасы мужа і сына, а на сценах сваёй кватэры бачыла іх твары, хоць пры гэтым яна была цвярозаю. Напалоханая жанчына зразумела, што трэба шукаць паратунку. На той час ад яе ўжо адвярнуліся ўсе родныя, блізкія і знаёмыя людзі. Дапамагчы і падтрымаць не было каму. Вядома, што самае галоўнае ў барацьбе з алкагалізмам — прызнаць сябе залежным чалавекам. Ларыса зрабіла гэта і паехала ў наркалагічны дыспансер у Навінкі. Прайшла медыкаментознае лячэнне. Не стала кадзіравацца альбо «падшывацца», але папрасіла накіраванне ў рэабілітацыйны цэнтр «Выток», які знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Петруся Броўкі, 7. Лячэнне, рэабілітацыя і шчырае прагненне жанчыны кінуць піць прынеслі плён. Ларыса захацела пачаць жыццё з чыстай старонкі.
Забрала дачку з прытулку і ўладкавалася на працу ў адну з мінскіх кавярняў пасудамыйкай. Нягледзячы на тое, што побач было шмат алкаголю, яна да яго не дакраналася. Праз год ёй патэлефанавалі з месца былой працы і прапанавалі месца ў аўтаклубе — гэта арганізацыя і дастаўка канцэртаў, тэатральных пастановак, лекцый, выставаў туды, дзе няма клубаў, а таксама на палі для механізатараў і земляробаў. Ларыса з энтузіязмам узялася за працу і за паўгода зрабіла столькі, колькі іншыя і за год не паспявалі.
Ларыса зрэдку наведвала касцёл і раней, яшчэ тады, калі жыў сын. Цяпер разумее, як шмат Бог даваў у той час знакаў для яе навяртання. Аднак, як гаворыць жанчына, яе нешта не пускала ў святыню. Трывалы шлях да Бога адбыўся ў Ларысы праз групу АА (ананімных алкаголікаў). Былы пробашч парафіі св. Валянціна ў Смалявічах айцец Юрый даў дазвол на стварэнне такой групы пры касцёле, а ў хуткім часе ў Браславе адбыўся трохдзённы форум для групаў АА, і тады Ларыса ўпершыню пайшла на споведзь.
«Я не памятаю, колькі часу спавядалася, але памятаю, што мой шалік, які вісеў на шыі, быў мокры ад слёз», — гаворыць Ларыса.
Пасля гэтага жанчына адчула ў сэрцы палёгку і вялікую Божую любоў да ўсіх і ўсяго. Яна пачала хадзіць у касцёл на біблійныя вечары. Потым зразумела, што абавязкова трэба наведваць і святыя Імшы. Спачатку было цяжка, бо падчас Імшы яе разбіраў ненатуральны смех. Яна разумела, ад каго ён паходзіць, і вырашыла малітвай перамагаць гэта зло. Асаблівую моц адчула ад ружанцовай малітвы і Вяночка да Божай Міласэрнасці. Цяжка было і спавядацца, бо вельмі саромелася святароў. Але з часам Хрыстус даў ласку зразумець, што ў канфесіянале знаходзіцца менавіта Ён, наш Збавіцель, і страх знік.
Паступова душу напаўняла жаданне працаваць пры касцёле. Гатова была выконваць самую чорную працу, але ніхто яе ёй не даручаў, а сама не асмельвалася нешта рабіць. Бачыла, як насцярожана і нават нядобразычліва адносіліся да яе некаторыя парафіяне. Перажывала гэта вельмі балюча, але брала сябе ў рукі і гаварыла: «Я іду не да людзей, а да цябе, Езус! Дапамажы мне!».
І Езус дапамог. Зрабіў Ён гэта праз пробашча — айца Андрэя Квяцінскага, паклікаўшы Ларысу ў Легіён Марыі. І вось ужо амаль тры гады разам з іншымі легіянерамі Ларыса выконвае самую розную працу пры парафіі, а таксама з апостальскай місіяй ходзіць у бальніцу, наведвае хворых і адзінокіх католікаў. Прызнаецца, што ахвяраванне сябе для іншых дае яе жыццю новае вымярэнне і асаблівы сэнс. Ларыса мае дыплом кансультанта па сямейным алкагалізме і наркаманіі. Цешыцца, што ўжо 16-ці сем’ям у Смалявічах дапамагла рэабілітавацца. А яшчэ яна скончыла каталіцкую школу сямейнага жыцця і цяпер шчодра дзеліцца з іншымі ведамі, якія там атрымала.
Чатырнаццацігадовая дачка Ангеліна ідзе за сваёю маці сцяжынкаю веры, дапамагае ёй ва ўсіх справах. Разам яны ў касцёле, разам едуць на рэкалекцыі і йдуць з пілігрымамі ў Будслаў. Ангеліна мае прыгожы голас і іграе на гітары. Супольна з Марыяй Чарняўскай спявае і іграе на Імшы для дзяцей у сваёй парафіі.
Вось ужо год як Ларыса працуе загадчыцай краязнаўчага музея ў Смалявічах. Яе дзень пачынаецца са святой Імшы а 8-й раніцы. Тым, каго гэта здзіўляе, яна тлумачыць, што Богу яна абавязана ўсім і без Яго ёй проста не выжыць.
«Гэта міласэрны Езус мяне вывеў з палону алкагалізму, Ён мяне вырваў з кіпцюроў д’ябла, — гаворыць жанчына, — і я прагну быць вернай Яму».
Людзі, якія добра ведаюць мінулае жыццё Ларысы, уражаныя яе пераменаю. Амаль кожны разумее, што такі цуд не мог здарыцца без Божай ласкі. Таму многія самі задумваюцца над тым, якое месца ў іх жыцці займае Пан Бог. Часам просяць дапамогі для сябе і блізкіх на шляху да ацалення ад нейкай залежнасці. Ларыса з радасцю ідзе насустрач кожнаму, паказваючы, перадусім, дарогу да Бога ў Яго бязмежнай і неспасцігальнай міласэрнасці.
Галіна Калевіч
Фота з сямейнага альбома Л. Бусько