«Подых Духа» — гурт пакаленняў

«Подых Духа» — сёння ўжо сапраўдная легенда, іміджавы брэнд Пінскай семінары. За час свайго існавання гурт выпусціў два альбомы і ўдзельнічаў у шматлікіх фестывалях і канцэртах праслаўлення Бога. А пачалося ўсё са звычайных песняў пад акустычную гітару ў двары семінарыі...


У першыя гады існавання семінарыі клерыкі часта збіраліся на супольныя вечары і спявалі песні  пад акампанемент некалькіх гітараў. На адным з такіх вечароў тады яшчэ клерык Сяргей Трысцень прапанаваў стварыць каманду для ўнутраных канцэртаў у семінарыі. Так з’явіўся музычны гурт «Адраджэнне», названы ў гонар адраджэння Міждыяцэзіяльнай вышэйшай семінарыі ў Пінску пасля 62-х гадоў забароны савецкімі ўладамі.

Першы канцэрт гурта, як узгадвае кс. Павел Рудзьман, быў праведзены ў двары пінскай катэдры 1 чэрвеня 2006 года. Музычнае захапленне будучых святароў заўважыў кардынал Казімір Свёнтэк і ў 2007 годзе падараваў гурту першыя музычныя інструменты. «Потым старэйшыя курсы выпусціліся і мы “сталі ў руля”. Пачаліся пастаянныя рэпетыцыі, і арганізаваўся склад гурта. Мы доўга думалі над назвай. Так з’явіўся “Подых Духа”, асноўная задача якога — евангелізацыя праз музыку і дзяленне радасцю паклікання», — узгадаў былы саліст гурта кс. Павел Рудзьман.

«Мы, як ніхто, ведалі адзін аднаго. Вельмі шмат часу праводзілі разам. Гэта быў цудоўны час! Росквіт гурта быў у 2009-2010 гадах — практычна кожныя выходныя мы евангелізавалі ў розных частках Беларусі. Для мяне гэта было штосьці большае, чым проста гурт. Да гэтага часу я з радасцю пераглядваю відэа і фота. Мы не былі прафесіяналамі, проста з любові рабілі тое, што нам падабалася. Беручы гітару ў рукі і праводзячы па струнах, ты станавіўся часткаю вялікага арганізма», — распавёў святар.

Святары застаюцца вернымі свайму пакліканню ў пакліканні. Ксёндз Павел Рудзьман стварыў сваю музычную каманду праслаўлення «The Crossway», а таксама з’яўляецца арганізатарам штогадовага хрысціянскага фестывалю «Дастукацца да нябёсаў».

«“Подых Духа”, безумоўна, паўплываў на стыль майго служэння, — гаворыць кс. Павел, — на працу з моладдзю».

Яшчэ адзін былы саліст гурта, кс. Аляксандр Канановіч, таксама працягвае займацца музыкай. Год назад ён арганізаваў музычны евангелізацыйны праект Пінскай дыяцэзіі «Step Project».

«“Подых Духа” дапамог мне развівацца ў музычным плане. Дзякуючы канцэртам у розных гарадах я змог пазнаёміцца з рознымі людзьмі, што таксама паўплывала на напісанне песняў», — распавёў кс. Аляксандр.

Сёння «Подых Духа» складаецца з чатырох чалавек. Гэта клерык Павел Пагасай (2 курс, барабаны), клерык Андрэй Юрэвіч (2 курс, акустычная гітара), клерык Уладзіслаў Козел (3 курс, бас-гітара), і клерык Вадзім Каўтанюк (4 курс, вакал, клавішы). Яшчэ два ўдзельнікі гурта нядаўна выпусціліся з семінарыі. Гэта дыякан Андрэй Багдановіч і кс. Антоній Анціпенка. Толькі год назад яны гралі і спявалі. Дыякан Андрэй Багдановіч быў куратарам гурта. На дадзены момант, як распавялі семінарысты, ім дапамагае адзін свецкі хлопец, які хоча паступаць у семінарыю. Месца рытм-гітары ў гурта вакантнае.

«Спадзяемся, што маладыя хлопцы, якія паступяць на першы курс, асвояць гэтае мастацтва або, можа, ужо будуць умець граць на рытм-гітары, таму вельмі чакаем і запрашаем да нас», — гаворыць саліст і клавішнік гурта, клерык Вадзім.

Побач з будынкам Пінскай семінарыі знаходзіцца дом для гасцей. Тут спыняюцца ўдзельнікі шматлікіх рэкалекцый, моладзевых сустрэч і пілігрымак. Таксама тут, у падвале семінарыйнага гасцявога дома, знаходзіцца студыя гурта «Подых Духа» — месца, дзе праходзяць усе рэпетыцыі калектыву.

«Мы рэпеціруем у сярэднім тры разы на тыдзень. У семінарыі звычайна шмат розных абавязкаў, таму часта нават не ўсе могуць прыходзіць на рэпетыцыі. Але, тым не менш, гэта не перашкаджае нам добра падрыхтавацца да канцэртаў», — заўважае клерык Вадзім.

Ударнік гурта, Павел Пагасай, дадае, што найчасцей рэпетыцыі праводзяцца перад выступленнямі на канцэртах. Для Паўла ігра на барабанах у «Подыху Духа» — не выпадковасць: да паступлення ў семінарыю хлопец быў барабаншчыкам баранавіцкага гурта «The Crossway».

Клерыкі распавядаюць, што раней музычная студыя размяшчалася непасрэдна ў семінарыі, у адным з вольных пакояў францішканскага калідора. Але акустыка была такая, што падчас рэпетыцый гукі музычных інструментаў разносіліся па ўсёй семінарыі. З-за гэтага іншым клерыкам было вельмі складана сядзець на лекцыях, таму было вырашана перанесці студыю ў гасцявы дом.

«Цяпер мы хочам крыху мадэрнізаваць наш музычны пакой, зрабіць гукаізаляцыю, каб больш кандэнсаваць гук і, адпаведна, каб было больш магчымасцяў развівацца ў музычным плане», — гаворыць гітарыст гурта, клерык Андрэй Юрэвіч.

На гітары Андрэй навучыўся граць яшчэ да паступлення ў семінарыю. «Калі мне споўнілася 16 гадоў, мне падарылі маю першую гітару. Вельмі часта ў нас у Гродзенскай дыяцэзіі праводзіліся сустрэчы моладзі — дыяцэзіяльныя і недыяцэзіяльныя. Падчас іх я любіў глядзець, як граюць гітарысты, і падумаў, чаму б і мне не паспрабаваць», — узгадаў семінарыст.

Гурт выконвае на канцэртах песні, напісаныя былымі яго ўдзельнікамі — а. Сяргеем Трысценем, кс. Паўлам Рудзьманам, кс. Аляксандрам Канановічам і іншымі святарамі. За гэты год у калектыва з’явілася некалькі новых тэкстаў: гэта тры калядныя і дзве звычайныя песні. Калядныя песні напісаў семінарыст Яўген Хананёнак, які заканчвае трэці курс навучання. Напрыклад, песню «О, Госпадзе мой», якую гурт выконваў на сёлетніх Днях моладзі Пінскай дыяцэзіі, напісаў былы ўдзельнік гурта дыякан Андрэй Багдановіч.

Суаўтарам некалькіх песняў гурта і кампазітарам з’яўляецца таксама кс. Антон Анціпенка. Гэта песні «Иисус, я люблю Тебя», «Только для Тебя, Господь», і «Небо открыто для всех» (аўтар словаў — дыякан Андрэй Багдановіч). Таксама ёсць некалькі новых песняў, якія семінарысты яшчэ не развучвалі, але плануюць заняцца гэтым у наступным годзе.

«На працягу ўсёй маёй семінарыйнай дзейнасці ў гурце я перажыў эвалюцыю ад ганарлівасці з-за поспеху да ўсведамлення таго, што ўсё, чаго я дасягнуў і што атрымоўваю, не належыць мне. Таму, Хто надзяліў мяне талентам, Таму, Хто дапамагаў развіваць гэты талент, Яму належыць ўся слава, а я толькі інструмент у Божых руках. Апошні канцэрт разам з гуртом на Днях моладзі Пінскай дыяцэзіі для мяне быў магчымасцю праслаўлення Бога, Яго бязмежнай велічы», — падзяліўся былы саліст і клавішнік гурта кс. Антон Анціпенка.

Рэпетыцыі, спевы, канцэрты... Што гэта ўсё значыць для саміх клерыкаў? Адказы ў кожнага свае, але грунтуюцца на адным — магчымасці праслаўлення Бога.

«Гэта адначасова яшчэ і невялікая ахвяра мяне, якую я аддаю Богу, таму што аддаю свой вольны час і сілы», — заўважае клерык Павел Пагасай.

«Гэта таксама малітва. Кожны моліцца па-свойму. Хтосьці моліцца на ружанцы, ходзячы па падворку. Хтосьці моліцца ў капліцы, а хтосьці спявае песні, напрыклад, у нашым гурце. Для мяне гурт — гэта і магчымасць творчай рэалізацыі, бо вельмі хочацца часам неяк выплеснуць крэатыўную энергію», — дзеліцца саліст гурта клерык Вадзім Каўтанюк.

«Я асабіста вельмі натхняюся, калі гляджу на маладых людзей, якія спяваюць нашыя песні разам з намі. Калі я бачу, што гэта сапраўды кранае іх душу і сэрца, я думаю, што раблю сапраўды патрэбную і людзям, і Богу справу», — гаворыць семінарыст Андрэй Юрэвіч.

«Гэта падзяка Богу за тое, што Ён разглядзеў ува мне такі патэнцыял і дазволіў яго рэалізаваць. І цяпер я сваёй ігрою магу праслаўляць Яго. Першы год я граў на акустыцы, потым планавалася, каб я перайшоў на электра-гітару, а цяпер я граю на бас-гітары», — распавядае Уладзіслаў Козел.

Ці з’яўляецца ўдзел у гурце адпачынкам для семінарыстаў? Тут ў музыкантаў меркаванні разыходзяцца. «Я так бы не лічыў, таму што ёсць падзел паміж працаю і адпачынкам. Адпачынак — гэта калі ты прыйдзеш і сам для сябе пайграеш тое, што ўмееш, калі вучышся чамусьці ў першую чаргу для сябе. А калі ты да чагосьці рыхтуешся, то гэта ўжо сапраўды праца», — лічыць Андрэй Юрэвіч.

Ударнік гурта, клерык Павел, не мае адназначнага адказу на гэтае пытанне. «Для мяне гэта і адпачынак, і не адпачынак, бо мне гэта падабаецца. Адначасова гэта забірае шмат сілаў і энергіі, але якраз таму, што гэта падабаецца, не заўважаеш, што ты губляеш сілы».

З калегаю пагаджаецца саліст гурта Вадзім. «Граць музыку — гэта заўсёды прыемна, і гэта заўсёды прыносіць задавальненне, нават калі мы часам сварымся, бо ў кожнага свае жаданні, сваё бачанне гурта і гэтак далей. Але гэта і не адпачынак, бо трэба таксама штосьці ахвяраваць на карысць гурта — уласны вольны час, сілы, можа, нават свае нейкія абавязкі, якія ты мог бы выканаць лепш у гэты час. Ну і, вядома ж, ахвяраваць сваю пыху, бо не заўсёды атрымоўваецца, каб у гурце было гэтак, як менавіта табе хочацца», — гаворыць семінарыст.

«Калі ўжо навучышся граць на якім-небудзь інструменце і вывучыш нейкую кампазіцыю, то тады гэта прыносіць палёгку, а калі толькі развучваеш, то нярэдка нават злуешся, бо часта напачатку нічога не атрымоўваецца. Але потым, з цягам часу, пры падтрымцы іншых калегаў, братоў, ты ўдасканальваеш свае навыкі і ўжо ігра табе прыносіць задавальненне. Падабаецца, канешне, калі бачыш з боку слухачоў падтрымку, аддачу і радасць. Гэта вельмі стымулюе, каб далей вучыцца і працаваць», — распавядае клерык Уладзіслаў Козел.

Між іншым, адпачываюць семінарысты даволі разнастайна: граюць у футбол і валейбол, займаюцца ў трэнажорнай зале, шпацыруюць па вуліцы, па набярэжнай каля семінарыі, чытаюць добрую літаратуру… Ёсць у семінарыі і свая камп’ютарная зала, дзе клерыкі таксама могуць бавіць вольны час.

«Нельга не сказаць пра кавярню, дзе мы часта збіраемся на прагляд якога-небудзь фільма. Такія падзеі як імяніны або дні нараджэння мы таксама часта адзначаем прыватнай кампаніяй у кавярні», — заўважае клерык Андрэй Юрэвіч.

«Часам хочацца і аднаму пабыць. Гэта таксама адпачынак. У такія моманты я іду ў капліцу або прашу дазволу выехаць у горад на ровары. Звычайна мы выязджаем удвух, але, калі хочаш адзін, то можна спытацца ў ксяндза прэфекта», — дадае Уладзіслаў.

Як можна падтрымаць семінарыйны гурт? Найперш клерыкі просяць аб малітве.

«Трэба не толькі маліцца за гурт, за семінарыстаў і аб раскрыцці новых талентаў, але таксама аб раскрыці талентаў тых клерыкаў, якія ўжо з намі вучацца. Напрыклад, на Днях моладзі ў Пінску адну з песняў разам з гуртом спяваў наш брат, клерык Арцём Кір’янаў з Брэста. Ён раскрыў сябе падчас гэтай песні і паказаў, што таксама можа быць салістам на наступны год», — заўважыў клерык Вадзім Каўтанюк.

За 11 гадоў свайго існавання праз гурт «Подых Духа» прайшло ні адно пакаленне будучых святароў. Хтосьці з іх і цяпер працягвае займацца музыкай, стварыўшы ўласныя праекты, хтосьці проста ўзгадвае гэты час з прыемнасцю. Але гісторыя яго працягваецца. Працягваецца, каб Святы Дух праз музыку і спевы дакранаўся да сэрцаў новых пакаленняў.


Марына Валасар
Фота аўтара і з архіва гурта «Подых Духа»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней