Лад жыцця, глыток паветра

Вернікі віцебскай парафіі святога Антонія Віталь і Таццяна Кучынскія трапілі ў Віцебск у 1989 годзе, ратуючыся ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Да пераезду ў Беларусь сям’я жыла ва Украіне, у Жытомірскай вобласці, але ў Таццяны пачаліся праблемы са здароўем, і, як і многія іншыя насельнікі забруджанай зоны, сужэнцы вырашылі памяняць месца жыхарства.


Віталь Вікенцьевіч — этнічны паляк, усе ягоныя продкі паводле веравызнання католікі. Мужчына памятае, напрыклад, свайго дзеда Антона, які заўсёды насіў пры сабе малітоўнік і памёр нават з ім у руках. Да веры далучала дзяцей (іх было ў сям’і сямёра, але двое памерлі) маці Альбіна Іванаўна. Сакрамэнты хросту і Першай Камуніі Віталь атрымаў на Жытоміршчыне, а сакрамэнт бежмавання — ужо ў Віцебску, дарослым чалавекам.

Цікава, што ў Віцебск Кучынскія прыехалі нявенчаныя. Ініцыятаркаю ўзяцця параю ў 1991 годзе касцёльнага шлюбу была хрышчаная ў праваслаўнай царкве Таццяна. Сакрамэнт сужэнства ўдзяліў Кучынскім у 1991 годзе пробашч адзінай на той час віцебскай парафіі святой Барбары ксёндз Януш Скэнчак.

Прыход Кучынскіх у касцёл святой Барбары ў Віцебску прыпаў акурат на час яго адбудовы. Віталь Віценцьевіч, работнік Жыллёва-камунальнай гаспадаркі, займаўся ў занядбаным у гады атэізму храме ўсталяваннем сантэхнікі і рознымі іншымі працамі. Затым, пасля ўтварэння ў выкупленым пад святыню новай парафіі Маці Божай Салятынскай будынку колішняга клуба таварыства глуханямых, узяў актыўны ўдзел і ў яго давядзенні да ладу.

Працы было так шмат, што часам цяжка было і паверыць, што калі-небудзь усё атрымаецца. Ацяпленне, водазабеспячэнне, асвятленне, рамонт даху і ўсяго будынка, усталяванне крыжоў — на ўсё патрабаваліся людская воля і цярплівасць. Як паказаў час, шматгадоваму старшыні парафіяльнай рады Віталю Кучынскаму і іншым вернікам парафіі, якая пазней была перайменаваная ў парафію святога Антонія, пад кіраўніцтвам пробашчаў ксяндза Андрэя Бочара, ксяндза Алега Буткевіча, ксяндза Вячаслава Барка ўсё было па сілах.

Сёння Віталь Вікенцьевіч хоць і не старшыня рады з-за праблемаў са здароўем, але вернік з найактыўнейшых, і працаўнік з самых руплівых і ў справах касцёльных, і дома: мае немалы гарод, а раней гадавалі з Таццянаю Паўлаўнаю пры сядзібе козаў і курэй; цяпер — трымаюць уласную пасеку. Навошта? Напэўна, для задавальнення. А яшчэ, мабыць, каб памагчы дзецям.

Не маючы сваіх дзяцей, у розныя гады Кучынскія ўзялі траіх малых дзетак з Дзіцячага дома. Сустрэлі падчас наведання дзіцячых дамоў Мішу, Іру ды Насцю і ўзялі да сябе на выхаванне (дарэчы, першымі ў Віцебску). Не ўсе зразумелі тады гэты ўчынак сужэнцаў, але яны на тое не зважалі. Сёння дзеці дарослыя, займелі ўласныя сем’і, падаравалі прыёмным бацькам унукаў. Усе трое атрымалі ў прыёмнай сям’і касцёльныя сакрамэнты, а ўжо якімі яны будуць вернікамі ў далейшым жыцці — вырашаць ім самім, лічаць Віталь Вікенцьевіч і Таццяна Паўлаўна.

На пытанне, чым з’яўляецца для яго вера, Віталь Вікенцьевіч адказвае: «Усім. Глытком свежага, чыстага паветра, ладам жыцця, мераю ўсяго. Як толькі што здараецца, адразу ідзем у касцёл — размаўляць, раіцца з Богам». І прамаўляе словы шчырае ўдзячнасці на адрас найдаражэйшага чалавека, надзейнейшай спадарожніцы жыцця — жонкі. І нездарма. Дзесяць гадоў Таццяна Паўлаўна цярпліва даглядала спаралізаваную маці мужа, а цяпер гэтаксама цярпліва клапоціцца пра маці сваю. Едзе з жанчынаю ў царкву, а пасля гэтага, аднойчы і назаўсёды прыняўшы веру продкаў мужа, ідзе разам з ім у касцёл.

Захапленне ўсіх Кучынскіх — наведванне санктуарыяў і храмаў. І не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Шмат наведалі іх, напрыклад, у суседніх Украіне і Польшчы. Пашчасціла дакрануцца да атмасферы святых мясцінаў у калысцы хрысціянства — Святой Зямлі. Мараць як-небудзь трапіць у Партугалію да Маці Божай Фацімскай. Словам, не замыкаюцца людзі ў сабе, стараюцца крочыць упоравень з часам, як мага часцей напаўняць душу ўсім тым высокім і прыгожым, што дае чалавеку вера.

Так і жывуць у згодзе парафіяне Таццяна Паўлаўна і Віталь Вікенцьевіч Кучынскія, радуюць адно аднаго ўвагаю і клопатам, моляцца і дзякуюць Богу за дар жыцця ды за ўсё тое добрае, чым Ён у жыцці кожнага з нас адорвае. Пажадаем ім моцнага здароўя, трываласці, заўсёднае Божае апекі на шляху наследавання Яго запаветаў.


Францішак Дубраўскі

Цэтлікі: Лёсы

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней