Ксёндз Люцыян нарадзіўся ў Мінску недалёка ад Чырвонага касцёла ў 1914 годзе. Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Гродне, дзе ён служыў міністрантам у фарным (цяпер катэдральным) касцёле і цэлебраваў сваю прыміцыйную Імшу ў чэрвені 1939 года пасля заканчэння Віленскай вышэйшай мітрапалітальнай духоўнай семінарыі, тэалагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя з тытулам магістра тэалогіі. Яго калегамі па вучобе былі кс. Фелікс Карпінскі з Мураванай Ашмянкі, Казімір Тамковіч з Ваўкалаты, Алойзы Тамковіч з Астраўца, Пётр Пупін з Рубяжэвічаў, Юзаф Пошкус з Вільні, Станіслаў Кучынскі з Шэметава (назва мясцовасці — гэта апошняе месца служэння згаданых святароў альбо месца іх пахавання). Курсавыя калегі, яны кожны год у дзень святарскіх пасвячэнняў збіраліся ў Вострай Браме, дзе цэлебравалі св. Імшу падзякі за дар святарства.
У парафію Дзераўная кс. Люцыян прыехаў з Канстанцінава Мядзельскага раёна, дзе папярэднія 25 гадоў свайго святарскага служэння правёў амаль з першых гадоў святарства. Гэта было пакаральнае перамяшчэнне святара тагачаснай савецкай уладай. Я памятаю яго з самага пачатку, калі мне было трохі больш, чым тры гады жыцця, бо тата, які служыў міністрантам, браў мяне ў касцёл змалку. Памятаю таксама і кс. Антонія Шубзду, з якім пэўны час служыў кс. Люцыян да яго ад’езду ў 1964 годзе ў Канстанцінава.
Характырызуючы пабожнасць кс. Люцыяна, можна сказаць, што гэта была пабожнасць эўхарыстычная. Напэўна, не было дня, калі б ён не цэлебраваў св. Імшу. Да яе ён рыхтаваўся штодзённа праз разважанне і малітву на Брэвіярыі паводле касцёльных прадпісанняў. Вельмі дбаў пра ўнутранае ўбранства касцёла, касцёльную бялізну, святарскія адзенні і свядомы ўдзел у Эўхарыстычнай літургіі вернікаў. Меў вялікі піетэт да Духа Святога, добра ведаў Святое Пісанне. Большасць медытацый праводзіў з біблійным тэкстам, маючы перад вачыма ў вакне пакоя касцёл, альбо ў касцёле перад табэрнакулюмам.
Гэта быў святар Марыйнай пабожнасці. Маёвыя і ружанцовыя набажэнствы адбываліся ў касцёле рэгулярна. Былі таксама ружанцовыя групы ў розных мясцовасцях. Марыйныя фэсты ён цэлебраваў асабліва ўрачыста. Вучыў вернікаў спяваць Марыйныя песні. Аднавіў фігуру Марыі ў касцёле і алтар, прысвечаны Маці Божай. Заахвочваў да нашэння шкаплера. У казаннях кс. Люцыян звяртаў увагу вернікаў на цноты Марыі, асабліва на Яе чысціню і паслухмянасць Божай волі. Кожны год у тыдзень апекі Маці Божай Вастрабрамскай ён прыязджаў у Вільню, дзе ў капліцы цэлебраваў св. Імшу.
Ксёндз Люцыян вёў аскетычны лад жыцця. Запомніліся яго словы, якія ён часта паўтараў: «Я ўсё жыццё вяду вайну з прадметамі». У хаце, дзе ён жыў, было толькі самае неабходнае: крэслы з цвёрдым пакрыццём, стол і шафа для адзення. Ён фізічна працаваў з парафіянамі і на нарыхтоўцы дроваў, і пры рамонце касцёла.
Ксёндз Люцыян вельмі клапаціўся пра выгляд святыні. Два разы за перыяд служэння (40 гадоў у Дзераўной ) перакрываў дах касцёла — спачатку гонтаю і другі раз — ацынкованаю бляхаю. Рэгулярна, праз 4-5 гадоў, арганізоўваў пабелку касцёла вапнаю. Да юбілею 400-годдзя святыні правёў капітальны рамонт, змяніўшы ўсе вокны, дзверы, лаўкі, стацыі Крыжовага шляху. Арганізоўваў каштоўны рамонт арганаў, набыў звон, арганізаваў парафіяльныя місіі, у памяць аб якіх змясціў на прыкасцёльнай тэрыторыі па-мастацку аздоблены дубовы крыж у выкананні майстроў з Літвы. Клапаціўся аб будучыні парафіі і ў свае 80 гадоў распачаў і завяршыў будоўлю новай мураванай плябаніі.
Ксёндз Люцыян клапаціўся пра веданне парафіянамі малітваў і катэхізіса. У сваіх казаннях і катэхезах ён рыхтаваў вернікаў да захавання Божых і касцёльных запаведзяў. У нядзелю і абавязковыя святы перад Імшой вернікі многія гады маліліся ўголас штодзённымі малітвамі хрысціяніна. Быў сціплы і нешматслоўны. У прынцыповых пытаннях быў настойлівы, непахісны, не дапускаючы ў словах і паводзінах канфармізму і маральнага рэлятывізму. У такіх выпадках казаў: «Калі цябе як святара пачынаюць хваліць, то задумайся, ці добра ты жывеш...».
Магу засведчыць, што ён быў вязнем канфесіянала. Дзесяцігоддзі там, дзе ён працаваў, не было святароў. Паводле даваеннага спісу Пінскай дыяцэзіі, у вышэйпералічаных парафіях было не меней за 35 000 тыс. вернікаў. З малых гадоў я запамятаў штодзённую чаргу вернікаў да канфесіянала. У нядзелю і святы чарга была з 6-ці гадзінаў раніцы, калі пачатак св. Імшы быў толькі ў 9:30. З 6:00 святар быў у спавядніцы, а ў іншы час прыходзіў, каб прыняць споведзь у касцёле, каб даць св. Камунію вернікам нават па-за св. Імшою. Ён рэдка адлучаўся з парафіі, а калі такое і здаралася, то заўсёды заставаўся дзяжурны, які даваў адпаведную інфармацыю для зацікаўленых паслугай святара.
Ксёндз Люцыян вёў глыбокарэлігійнае жыццё. Прыбываў на кожную сустрэчу святароў, раз на месяц меў асабісты дзень медытацыі і захоўваў цішыню, і толькі пры неабходнасці ўступаў у размову. Рэгулярна прысутнічаў на гадавых рэкалекцыях святароў, якія адбываліся часам у канспірацыі. Да апошняга часу захоўваў той парадак дня, які вынес з духоўнай семінарыі ў Вільні: пад’ём у 6:00 і спачынак у 22:00. Часта паўтараў максіму: «Захавай парадак (рэгулямін), а парадак захавае цябе». Выключэннем была толькі паслуга вернікам. Тады ён мог служыць нават і начамі, як гэта здаралася падчас велікапоснай споведзі, калі спавядаў вернікаў у неацепленым касцёле да 2:30 ночы. Наколькі гэта было магчымым, клапаціўся аб здароў’і сваім і іншых святароў, дапамагаючы чым мог. Гаварыў, што святар належыць Касцёлу і таму павінен клапаціцца аб здароў’і і такім чынам безадказна служыць Касцёлу ў розных умовах.
Клапаціўся пра хворых, бедных, сіротаў і пакінутых, дапамагаючы ім матэрыяльна. Рабіў гэта так, што ведалі аб дапамозе толькі нямногія. Паўтараў: «Кінь за сябе, а знойдзеш перад сабою». Дапамагаў клерыкам, манаскім супольнасцям, духоўным семінарыям. Матэрыяльна дапамагаў біскупам з Літвы, якія знаходзіліся там пад хатнім арыштам на высылцы (біскупам Вінцэнту Сладкявічусу ў Пабіржэ, Юліяну Стэфанавічусу ў Жагарэ, святарам грэка-католікам з Закарпацця, кс. Альберту Масальскаму з Мінска).
Працаваў з свецкімі вернікамі і фармаваў свецкіх да паслугі ў Касцёле. Не маючы магчымасці асабіста весці катэхезу дзяцей і моладзі, падрыхтаваў для гэтага свецкіх вернікаў. Давяраў ім падрыхтоўку да першай споведзі. Сурова ставіўся да тых бацькоў, радні і старэйшага пакалення, якія з ляноты альбо пад ціскам дзяржаўнай атэістычнай прапаганды занядбоўвалі рэлігійнае выхаванне дзяцей, пляменнікаў і ўнукаў. Часта напамінаў аб рахунку на Божым Судзе з грахоў занядбання веры. Быў тым святаром, які рознымі спосабамі абараняў жыццё ненароджаных дзетак, перасцерагаючы ад граху забойства і матэрыяльна дапамагаючы маці ў цяжкім фінансавым становішчы. Заклікаў родных і блізкіх да салідарнасці з сям’ёй, якая спазнавала цяжкасці (нястачу, сіроцтва). Вёў барацьбу за здаровы лад жыцця: выкараніў гарэлку на жалобным стале, увёўшы безалкагольны пачастунак для ўдзельнікаў пахавання.
Ксёндз Люцыян клапаціўся аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця. З яго парафіі выйшлі тры манахіні і два святары. Заахвочваў вернікаў да малітвы аб пакліканнях да Божай службы ў касцёле. Дбаў пра магілы святароў, пра парадак на парафіяльных могілках і на магіле (на прыкасцёльнай тэрыторыі) святара-мучаніка Другой сусветнай вайны Паўла Доўжыка.
Першы чацвер месяца заўсёды быў днём малітвы аб пакліканнях да святарства (і ў іншых акалічнасцях ён таксама маліўся аб пакліканнях). З асаблівай радасцю прымаў святароў на плябаніі, клапаціўся пра тых душпастыраў, якія мелі матэрыяльныя цяжкасці. Пра святароў гаварыў толькі пазітыўна. Клерыкі і манашкі заўсёды мелі матэрыяльную падтрымку ад кс. Люцыяна, які вельмі адказна адносіўся да касцёльных ахвяраванняў.
З матэрыяльных каштоўнасцяў кс. Люцыян не пакінуў нічога і даў наказ, каб нават на яго магіле не ставілі дарагога помніка, а лепш перадалі якіясьці сродкі на патрэбы бедных людзей.
Біскуп Антоні Дзям’янка