«Так хацеў Бог!..»

 

Кожнае імгненне свет па­кідаюць людзі. Пакідаюць для таго, каб змяніць часовае зямное жыццё на жыццё вечнае. І толькі нямногія з іх прадаўжаюць жыць і тут, на зямлі, — жыць  у людской памяці. Менавіта да такіх выбраных асобаў належыць і наш славуты зямляк Эдвард Вайніловіч.

На яго долю выпаў вельмі няпросты лёс, які кранае да глыбіні душы — захапляе незвычайная высакароднасць гэтага чалавека, яго пакора перад воляй Усявышняга.

Амаль 170 гадоў таму, 13 кастрычніка 1847 года, у маёнтку Сляпянка — цяпер гэта адзін з мікрараёнаў сталіцы — у сям’і Вайніловічаў нара­дзіўся хлопчык. Карані гэтага знакамітага роду налічваюць больш за чатыры вякі сваёй радаслоўнай гісторыі і пера­плятаюцца з прозвішчамі Ра­дзівілаў, Манюшкаў, Ваньковічаў. Аб тым, наколькі блізкімі былі ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі названых родаў, можна меркаваць хоць бы па такім факце: ад’язджаючы на лячэнне за мяжу, як тады казалі, «на воды», ажно на паўтара года, Радзівілы неаднойчы пакідалі сваіх дзяцей пад апеку сям’і Вайніловічаў, давяраючы ім кіраванне сваім маёнткам і Нясвіжам. 

Ужо ў маленстве Эдвард вызначаўся асаблівай кемлівасцю, разважлівасцю і пабожнасцю. Чатырнаццацігадовым юнаком ён з медалём скончыў навучанне ў адной з самых прэстыжных сярэднеадукацыйных установаў — Слуцкай гімназіі, а ў 1869 годзе малады інжынер трымаў у руках дыплом пецярбургскага Імператарскага тэхналагічнага інстытута. 

У той час, як, дарэчы, і сёння, многія бацькі лічылі за гонар, калі іх дзеці вучыліся за мяжой. Да 1870 года Эдвард жыў і працаваў у Берліне, а наступныя два гады ён аддаў вучобе і падарожжам па Італіі: цікавіўся дасягненнямі гэтай краіны ў розных галінах народнай гаспадаркі. У 1872 годзе дасціпны юнак становіцца слухачом сельскагаспадарчай Акадэміі ў адным з гарадоў Польшчы. Праз чатыры гады Эдвард актыўна ўдзельнічае ў стварэнні на Беларусі сельскагаспадарчага Таварыства і неўзабаве становіцца яго старшынёй. Ён быў асабіста знаёмы, а пазней і сябраваў з Пятром Сталыпіным. Яны разам распрацоўвалі асноўныя накірункі аграрнай рэформы Расіі (у тым ліку і Беларусі). 

Каб мець большае ўяўленне пра Э. Вайніловіча як усебакова адукаванага чалавека, варта ўзгадаць некалькі фактаў. У 1883 годзе ён быў прызначаны ганаровым міравым суддзёй Слуцкага павета, тройчы выбіраўся ў расійскую Дзяржаўную Думу, з 1906 года з’яўляўся членам Дзяржаўнага Савета Расіі ад Мінскай губерні. Пасля ўзгаднення з міністрамі і царом Аляксандрам Пётр Сталыпін прапанаваў яму пасаду віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі. Наш зямляк рэгулярна наведваў Царскае Сяло як прадстаўнік заходняй часткі Расіі (удзельнічаў у нарадах вышэйшых чыноўнікаў і палітыкаў, па асабістых запрашэннях цара бываў на высокіх афіцыйных прыёмах). 

Доўгі час Э. Вайніловіч узначальваў Таварыства дабра­чыннасці ў Слуцку, дзе з яго дапамогай была адкрыта сярэдняя гандлёвая школа, а таксама  заснаваны фонд для стыпендыятаў. У Клецку ён стварыў і на працягу 20 гадоў узначальваў банк дапамогі вяскоўцам з мэтаю развіцця сельскай гаспадаркі і фінансавай дапамогі тым працавітым людзям, якія, маючы гаспадаркі, не маглі самастойна ўстаць на ногі. За сваю шматгранную і плённую дзейнасць Эдвард Вайніловіч шмат разоў узнагароджваўся ордэнамі, яму неаднойчы прысвойваліся ганаровыя званні. Хімік-тэхнолаг, вялікі знаўца ў сельскагаспадарчай галіне, палітык і дыпламат, банкір і мецэнат, надзвычай тактоўны і сумленны чалавек, яркая, прыкметная асоба свайго часу — вось няпоўная характарыстыка грамадскага і палітычнага жыцця Э. Вайніловіча. 

І быццам у процівагу плённаму публічнаму жыццю лёс і Усявышні адмералі яму пакутныя дні і гады ў жыцці сямейным. 

…Здавалася, нішто не прадказвала бедаў і выпрабаванняў. У 1882 годзе каханне Эдварда Вайніловіча і прыгажуні Алімпіі Узлоўскай прывяло іх да алтара, дзе яны аб’ядналіся ў сужэнстве. Праз два гады маладыя бацькі ўжо цешыліся дачушкай Аленкай, а неўзабаве і сыночкам Сымонкам. У тыя шчаслівыя імгненні, забаўляючыся з малымі, яны яшчэ не ведалі, што бязлітасная «іспанка», якая пачала бушаваць у Еўропе, накрые сваім чорным смяротным крылом і іх сям’ю, пакінуўшы ў сэрцах незагойныя раны. У дванаццацігадовым узросце не стала Сымонкі, а праз некалькі гадоў адышла ў вечнасць і Алена. Усяго толькі дзень не дажыла дзяўчына да свайго 19-годдзя. Незадоўга да смерці ёй прысніўся сон, у якім яна ўбачыла храм рэдкай прыгажосці. Дзяўчына з малых гадоў захаплялася маляваннем і, прачнуўшыся, паспяшалася ўвасобіць свой сон на паперы. Бацькі толькі падзівіліся яе малюнку і вырашылі захаваць яго. І толькі потым, асірацелыя і знясіленыя горам, яны зразумелі сэнс Божага Провіду. Страціўшы сваіх крывіначак, Эдвард і Алімпія вырашылі ўвекавечыць памяць аб іх праз будаўніцтва Божага дома. Па эскізах дачкі Э. Вайніловіч падрыхтаваў праект будучага касцёла, знайшоў архітэктараў і будаўнікоў і асабіста курыраваў увесь ход будаўніцтва. 

Першы камень быў закла­дзены 25 верасня 1906 года, а ўжо 21 лістапада 1910 года жыхары Мінска прымалі ўдзел у асвячэнні новай святыні. Вайніловічы ахвяравалі на будаўніцтва касцёла ўсе свае зберажэнні і назвалі яго ў гонар сваіх адышоўшых у вечнасць дзяцей — касцёл святых Сымона і Алены. Уражвае той факт, што генеалагічнае дрэва роду Вайніловічаў распачыналася з імені Сымон і ім жа завяршылася. Супадзенне? Наўрад ці. Можа, Айцец Нябесны хацеў яшчэ раз паказаць сваім дзецям, што ў нашым зямным жыцці ўсе мы — часовыя госці і толькі на Нябёсах будзем жыць вечна? І менавіта ў храмах, дзе чалавек мае найбольшую магчымасць адкрыць сваё сэрца для Бога, ён можа найлепш падрыхтавацца да жыцця вечнага ў Валадарстве Айца. 

«Будзь воля твая» — такім словам малітвы навучаў лю­дзей падчас свайго зямнога жыцця Хрыстус. І сам Ён без нараканняў да канца выканаў волю Айца. Эдвард Вайніловіч да глыбіні душы спасціг навуку Езуса, таму яго жыццёвым крэда стала: «Так хацеў Бог». Вядома, як і любы чалавек, ён пакутаваў ад незагойных душэўных ранаў, але непахісная вера і шчырая малітва давалі яму сілы заставацца мужным. На магіле сваёй дачкі ён напісаў словы: «Я не памерла, я адыходжу, каб жыць». Якая сіла веры! Якое абсалютна поўнае адданне свайго лёсу ў рукі Пана Бога! 

І чым больш знаёмішся з жыццём фундатара касцёла святых Сымона і Алены, тым мацней пераконваешся ў думцы: Эдвард Вайніловіч — сапраўды святы і быў ім ўжо пры жыцці. Варта ўзгадаць і тое, што ў нашым Краі ён, бадай адзіны, быў зацікаўлены ў будаўніцтве святыняў для вернікаў розных канфесій. Напрыклад, у вёсках Макраны, Цімкавічы і іншых, што размясціліся непадалёку Клецка, Эдвард Вайніловіч са­дзейнічаў будаўніцтву каталіцкіх касцёлаў і праваслаўных цэркваў. Ён звяртаўся да цара з просьбаю дазволіць будаўніцтва сінагогі ў Клецку і сам яе потым будаваў, актыўна ўдзельнічаў у стварэнні камітэта абароны яўрэяў і татараў-мусульманаў. Свае экуменічныя перакананні Эдвард Вайніловіч яскрава выказаў наступнымі словамі: «Няхай веруючыя людзі розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі, славяць адзінага Бога на небе!». Увесь велізарны і сапраўдны сэнс гэтых словаў асабіста я ў поўнай меры зразумела і адчула ў Ерузалеме, на Святой Зямлі, дзе, нібы галінкі дрэва, цесна перапляліся вытокі трох су­светных рэлігій: хрысціянства, юдаізму і мусульманства. 

…З ХVІ ст. адзінаццаці пакаленням роду Вайніловічаў належалі вялікія зямельныя ўладанні ў Наваградскім ваяводстве, а бацькі Эдварда Вайніловіча жылі ў маёнтку Савічы (цяпер гэта Слуцкі раён). Менавіта сюды і пераехаў жыць сын пасля смерці бацькі. На жаль, у лютым 1918 года ўся іх сямейная культурная спадчына, а гэта мноства партрэтаў, прадметаў мастацтва, дакументы, была па-варварску знішчана бальшавікамі. Пасля гэтых жудасных пагромаў Эдвард Вайніловіч быў вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну і выехаць у Польшчу. У горадзе Быдгашч ён, у які раз праявіўшы высакародства сваёй душы, пабудаваў для сіротаў вялікі дом, дзе абяздоленыя дзеці здабылі не толькі ежу і прытулак, але і змаглі адчуць цяпло са­праўднай айцоўскай апекі. Там, удалечыні ад Радзімы, на 81-м годзе жыцця і скончыў свой зямны шлях наш славуты зямляк. І ўсё ж, хоць праз амаль 80 гадоў, але ён змог вярнуцца ў Беларусь. Сонечнай раніцай 11 чэрвеня 2006 года ў Мінск з Польшчы прыбыў катафалк з астанкамі Эдварда Вайніловіча і каля сценаў Чырвонага касцёла адбылося іх урачыстае перазахаванне. Гэтая знакавая падзея стала магчымай дзякуючы намаганням пробашча святыні Уладзіслава Завальнюка, а таксама актыўнаму ўдзелу некалькіх дзяржаўных структураў. Толькі ксёндз-магістр не спыніўся на дасягнутым: ён лічыць за гонар прадаўжэнне справаў па ўвекавечанні імені фундатара касцёла. 

Нядаўна кс. Уладзіслаў Завальнюк вярнуўся з Польшчы, дзе атрымаў ад біскупа горада Быдгашча дакументы, якія сведчаць пра беларускае паходжанне Э. Вайніловіча і пацвярджаюць, што ён сапраўды прадстаўнік беларускага народа, нягледзячы на тое, што апошнія гады яго жыцця прайшлі ў Польшчы і менавіта там ён скончыў свой зямны шлях. Палякі ведаюць пра нашага земляка і шануюць памяць аб ім. Пра Э. Вайніловіча пішуць у прэсе, не абыходзіць яго ўвагай і тэлебачанне. Кс. Уладзіслаў Завальнюк падрыхтаваў і перадаў у Ватыкан матэрыялы, неабходныя для далучэння Эдварда Вайніловіча да ліку благаслаўлёных... 

Не было б Эдварда Вайніловіча, і не меў бы наш горад такога прыгожага касцёла святых Сымона і Алены. Нездарма ён лічыцца візітнай карткай Мінска і яго выявы змешчаны на шматлікіх паштоўках і сувенірах. Ніводная экскурсія па сталіцы не абыходзіцца без наведвання Чырвонага касцёла. Следам за Хрыстом, які нёс крыж на Галготу, годна і прыгожа пранёс праз усё жыццё свой крыж і Эдвард Вайніловіч. Пранёс з пакорай і шчырым жаданнем — да канца выканаць волю Нябеснага Айца. Яго ахвярнае і прыгожае жыццё, яго адданае служэнне Богу і Бацькаўшчыне заслугоўваюць нашай удзячнай памяці і пашаны.

Марыя Мяжэвіч

 

Ад рэдакцыі

Калі гэты артыкул пра выдатнага сына беларускай зямлі, фундатара мінскага касцёла святых Сымона і Алены Эдварда Вайніловіча, рыхтаваўся да друку, у Чырвоным касцёле адбылася важная падзея — першае пасяджэнне пастулатарскай камісіі па справе беатыфікацыі Э. Вайніловіча.

У пасяджэнні, якое ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, прынялі ўдзел прадстаўнікі Кангрэгацыі па справах кананізацыі з Рыма і Кракава, беларускія гісторыкі і даследчыкі, святары і журналісты.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што гэтае пася­джэнне — першы неафіцыйны крок да распачацця беатыфікацыйнага працэсу Э. Вайніловіча. Абгрунтоўваючы важнасць такога кроку, іерарх адзначыў вялікія заслугі Э. Вайніловіча найперш як выдатнага хрысціяніна, які сваёй жыццёвай пазіцыяй у многім апярэдзіў Другі Ватыканскі Сабор, пацвярджаючы вялікую ролю свецкіх у жыцці Касцёла.

Пробашч Чырвонага касцёла, ксёндз дэкан Уладзіслаў Завальнюк, распавёў пра ролю Э. Вайніловіча як грамадскага дзеяча, патрыёта і хрысціяніна, у радаводзе якога аб’ядналіся праваслаўныя, католікі і ўніяты, і які сваім жыццём і дзейнасцю спрыяў хрысціянскаму адзінству ў нашым краі.

Па словах прафесара Адама Мальдзіса, «Эдвард Вайніловіч — гэта ўзор служэння Богу і лю­дзям», і таму важна, што Касцёл распачынае падрыхтоўку да яго беатыфікацыі, набліжаючы да нас выдатную постаць нашага земляка і яшчэ раз нагадваючы, што «да святасці пакліканы ўсе хрысціяне» і што святасць можна асягнуць праведным і сумленным жыццём, ахвярна служачы Богу і Айчыне.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней