У жыцці кожнага чалавека ёсць значныя асобы, якія моцна паўплывалі на яго лёс. Гэта, часцей за ўсё, бацькі, настаўнікі, выхавацелі. І нам, дарослым людзям, бывае вельмі прыемна, калі хтосьці, звярнуўшыся да нас, шчыра дзякуе за добрую параду, прыклад жыцця, які дапамог чалавеку знайці свой асабісты шлях.
Аднак сярод нас жывуць людзі, жыццё якіх становіцца прыкладам для наследавання, бо шматграннасць іх духоўнага свету проста захапляе, а здольнасці здзіўляюць. Такія людзі становяцца своеасаблівымі светачамі, факеламі, здольнымі асвятліць шлях тых, хто ім даверыцца. Але распраменьвае іх сэрцы, іх твары тая вялікая сіла, якая завецца Божай ласкай, любоўю Стварыцеля.
І сёння хочацца ўзгадаць аднаго такога чалавека, вядомага не толькі ў Мінску, Беларусі, але далёка за яе межамі. Гэта ксёндз дэкан Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, кандыдат гістарычных навук, пісьменнік, адраджэнец беларускай мовы і культуры ў Касцёле, змагар за здаровы лад жыцця. Але, перш за ўсё, чалавек добрай волі, які абраў сабе шлях служэння Богу і людзям.
26 мая споўнілася 40 гадоў з часу яго святарскага пасвячэння. Гэтыя 40 гадоў былі нялёгкімі ў яго душпастырскай працы, аднак вельмі плённымі. Дзякуючы самаахвярнасці і актыўнасці ксяндза Уладзіслава ўзняліся крыжы над катэдрай, зазіхацелі крыжы над Чырвоным касцёлам, пробашчам якога служыць наш шаноўны святар. Жыхары тых куточкаў Беларусі, дзе не было святыняў, змаглі далучыцца да святой Імшы праз радыёперадачу «Голас душы», якая ў прамым эфіры гучала з касцёла святых Сымона і Алены. Распачаліся пілігрымкі ў Будслаў да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. З Турына была прывезена поўнамаштабная фотакопія турынскай Плашчаніцы. Узнята актуальнасць праблемы чыстага посту для фізічнага і духоўнага аздараўлення чалавека. Збіраюцца матэрыялы для беатыфікацыйнага працэсу фундатара Чырвонага касцёла – Эдварда Вайніловіча. І гэта далёка не поўны пералік тых справаў, якія праводзіць і каардынуе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
2014 год — плённы на юбілеі для нашага шаноўнага святара: спаўняецца 25 гадоў яго служэння ў Беларусі, а 8 ліпеня ксёндз Уладзіслаў сустрэне сваё 65-годдзе.
Шаноўны ксёндз дэкан Уладзіслаў! Ад шчырага сэрца віншуем Вас з гэтымі цудоўнымі датамі Вашага яскравага жыцця і жадаем Вам ласкі Божай для здзяйснення ўсіх мэтаў і планаў, якія ёсць у Вашым сэрцы — няхай яны і надалей спрыяюць развіццю духоўнасці нашай Бацькаўшчыны. Няхай добры Бог вядзе Вас шляхам збаўлення і ўзнёслай духоўнай радасці!
З пашанаю і малітоўнаю падтрымкаю —
парафіяне касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску.