«Выбіраю жыццё, каб жыць...»

Застацца апосталам Марыі нават без нагі! Гэта сапраўдны гераізм, які нясе глыбокае сведчанне веры, дапамагае людзям паглядзець на свае праблемы па-іншаму, а многім — проста наблізіцца да Бога. Сёння мы расказваем пра Марыю Аляксандраўну Казлоўскую, актыўнага легіянера Марыі.

 Пяць гадоў таму яна спатыкнулася на дачы і пашкодзіла нагу. Пералому не было, і дактары прапісалі ёй сагравальныя мазі — вось так лячылі  паўгода. Калі ж жанчына ўжо не магла ступаць на нагу, ёй зрабілі паўторны здымак і канстатавалі: анкалогія, а менавіта — саркома касці. Ёй амаль адразу прапанавалі ампутацыю, але Марыя адмовілася. Яна паехала да роднай сястры, якая жыве на ўскрайку Узды, і амаль паўгода лячылася народнымі сродкамі. На жаль, гэта не дапамагло. Яна вярнулася ў Мінск, лягла ў анкадыспансер і пачала праходзіць пякельныя колы лячэння гэтай жудаснай хваробы. Калі была назначана ампутацыя, Марыя зламала шыйку бядра, што прынясло шмат дадатковых праблемаў і болю — прыйшлося рабіць ёй дзве аперацыі.

Гэты перыяд свайго жыцця Марыя лічыць сур’ёзным выпрабаваннем веры, а таксама вялікаю школаю любові і даверу да Пана Бога. На той момант у яе ўжо не было ніякага страху — у сэрцы панавалі супакой і адчуванне таго, што ты, малое дзіця, знаходзішся ў абдымках бясконца любячага цябе Бога Айца. Яна ведала, што ўсё бу­дзе так, як хоча Бог, і цалкам пагаджалася з Яго воляю. Урачоў толькі папрасіла, каб не здымалі з шыі цудатворны медалік Маці Божай (яны паабяцалі, што ўкруцяць яго ў паперку, бо нельга, каб металічныя рэчы былі на хворым падчас аперацыі). Аперацыя, якая працягвалася амаль пяць гадзінаў, прайшла паспяхова. Потым зноў пачалася хіміятэрапія. Было таксама і пераліванне крыві. У той момант шанцаў на выжыванне дактары давалі 50 на 50. У разлік ішоў і ўзрост хворай — 70 гадоў. Але яна выкараскалася, паднялася і роўна праз год зноў устала ў шэрагі Легіёна Марыі з пратэзіраванаю нагою.

— Не ўяўляю, як можна без Бога весьці барацьбу з такой страшнай хваробаю, — гаво­рыць Марыя Аляксандраўна. — Я была пастаянна ў малітве, практычна не выпускала з рук ружанца. Не саромелася прасіць аб малітве ўсіх, каго ведала і каго не ведала. Вельмі шмат людзей за мяне тады малілася, у тым ліку легіянеры Марыі. А калі ўлічыць, што Легіён Марыі ў свеце налічвае каля 13 мільёнаў чалавек і мы ўсе — у адной малітоўнай плыні, то падтрымку я мела і маю вельмі моцную.

Марыя гаворыць, што вельмі важна не ўпасці ў паніку і адчай. Пажадана не засяроджвацца на сваёй хваробе і не рабіць з яе ідала. Не рабіць з сябе пакутніцу, не шкадаваць сябе і не дазваляць рабіць гэта іншым. Безумоўна, патрэбна дапамога і падтрымка родных. Марыя Аляксандраўна вельмі ўдзячна мужу Пятру, сыну Уладзіміру, дачцэ Ганне і яе сям’і, а таксама ўсім родным, якія самаахвярна змагаліся за свайго дарагога ім чалавека. Аня, напрыклад, прасіла, каб маці часцей спявала, бо дактары казалі, што хворая павінна пастаянна знаходзіцца ў пазітыўным настроі. І Марыя спявала свае любімыя песні, у тым ліку: «Божа мой, гэта Ты, гэта Ты...». Ружанцовую малітву і Вяночак да Божай Міласэрнасці старалася таксама спяваць. Калі ж зусім не было сілаў, гадзінамі паўтарала адну кароткую фразу са Святога Пісання:  «Усё магу ў Хрысце, які ўзмацняе мяне» (Флп 4, 13); «Той, хто ў нас, большы за таго, хто ў свеце» (1 Ян 4,4); «Ранамі Яго мы ацаліліся» (Іс 53, 5); «Выберы сабе жыццё, каб жыць» (3 Езд 7, 57).

Марыя прызнаецца, што вялікую ролю ў той час для яе адыграла кніга «Женщина веры» пра слугу Божую Адэль Куін, легіянерку Марыі з Ірландыі. У свае 29 гадоў, хворая на сухоты, Адэль паехала ў Афрыку з місіяй распаўсюджвання Легіёна Марыі. За 8 гадоў самаахвярнага служэння ёй удалося стварыць амаль ва ўсіх краінах Афрыкі супольнасці Легіёна Марыі. Там яна  памерла ва ўзросце 37-мі гадоў, там і пахавана.

Азіраючыся на сваё жыццё, Марыя Аляксандраўна не перастае дзякаваць Пану Богу за дар веры, які пераўзыхо­дзіць дар здароўя і нават дар жыцця, бо  жыццё без веры — мар­насць. Дзіця таталітарнай савецкай сістэмы, яна, як і многія з нас, да веры прыйшла ўжо ў дарослым узросце. 

Нарадзілася Марыя Аляксандраўна ў Краснаярскім краі. Яе бацькі, якія былі родам з-пад Узды, паехалі ў Сібір услед за высланымі саветамі сваякамі. Там іх застала вайна. Бацька Марыі пайшоў на фронт і прапаў без вестак. Маці адной давялося выхоўваць шасцёра дзяцей. У 1945 г. вырушылі ўсёй раднёю назад у Беларусь. З горам папалам, у таварных вагонах, дзе везлі скаціну, яны дабраліся да радзімы...

 Калі Марыі было 12 гадоў, яе з братамі і сёстрамі маці павезла хрысціць у Краснае, недалёка ад Маладзечна (потым Марыя і сваіх дзяцей там хрысціла). Скончыўшы Уздзенскую сярэднюю школу, яна паступіла ў гандлёвае вучылішча Брэста. Працаваць прыехала ў Мінск. У 60-я гады скончыла вячэрняе аддзяленне Інстытута народнай гаспадаркі і ўсё жыццё працавала ў гастраноме па вуліцы Арлоўскай (спачатку прадаўцом, затым загадчыкам аддзела, а праз год ужо дырэктарам). Праца была вельмі адказнай і патрабавала поўнай самааддачы. Марыя і сёння перапрашае сваіх родных за тое, што недадала ім у свой час увагі. Менавіта пра гэта і пра тое, што жыццё — вечнае, яна задумалася ўпершыню на пахаванні сваёй свекрыві. Гэта быў 1987 год. Марыя раптам зразумела, што магла даць больш цяпла жанчыне, якая нарадзіла і выгадавала ёй мужа. Калі яна горка плакала на паніхідзе ў Свята-Духавым саборы, да яе падышла жанчына, якая прыбірае ў святыні, і сказала: «Чалавек — прах і ў прах абернецца. Маліцеся за яе».

У той самы час лёс звёў Марыю з пані Ядвігай, якая жыла па суседстве з яе сястрой і была парафіянкай касцёла на мінскай Кальварыі. Жанчыны пасябравалі. Ядвіга, як умела, евангелізавала Марыю. Казала, што перш за ўсё трэба браць шлюб, каб прымаць святую Камунію, без якой душа не зможа развівацца. У 1994 г. Марыя павянчалася з мужам і пасля гэтага старалася не прапускаць нядзельную святую Імшу.

2002 год лічыць у сваім жыццці знакавым: яна запісалася ў Міжнародную асацыяцыю «Жывога Ружанца», дзе моляцца за трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі. Прачытаўшы артыкул у часопісе «Ave Maria» пра бесперапынную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая адбываецца ў капліцы Маці Божай Будслаўскай у Чырвоным касцёле, запісалася таксама. У гэтым жа годзе яна першы раз пайшла ў пілі­грымку ў Будслаў.

— Пілігрымка цалкам перавярнула маю душу, — расказвае Марыя Аляксандраўна. — Спачатку было вельмі складана — я наракала на цяжкасці і ўсім пра гэта гаварыла. Але потым ласка агарнула маю душу і я зразумела, што Бог паказвае мне мае духоўныя праблемы. Пачалося пераасэнсаванне ўсяго жыцця. З кожнай пілігрымкай душа ўсё больш напаўнялася любоўю, якую я старалася несці ў сям’ю і наўкола.

Менавіта ў сваёй першай пілігрымцы ў Будслаў Марыя Аляксандраўна пачула пра Легіён Марыі і ўжо 8 верасня, на свята Нараджэння Багародзіцы, стала легіянеркаю. Адной з яе галоўных апостальскіх працаў было наведванне Дома састарэлых і інвалідаў у мінскай Дражні. Амаль адразу ж Марыя стала для многіх няшчасных пакінутых людзей родным чалавекам. Разам з іншымі легіянерамі яна рыхтавала іх да споведзі, збірала на малітву, калі прыязджаў святар, прывозіла ім аплаткі, свянцонае на Вялікдзень. 

Сёння асноўная легіянер­ская праца Марыі Казлоўскай — наведванне Рэабілітацыйнага цэнтра пры мінскім пратэзным заводзе. Тут знаходзяцца хворыя, якія праходзяць лячэнне, чакаючы пратэзіравання.Зусім нядаўна яна сама тут ляжала і бачыла, як неабходныя гэтым людзям словы пра Бога. Цяпер яна ідзе да іх, дзелячыся сваім сведчаннем веры. Часам бывае так цяжка, што не раз думала ўсё кінуць, але неяк па радыё пачула перадачу пра хоспіс і тых, хто туды ходзіць, каб падтрымаць паміраючых. Адна з валанцёрак сказала тады: «Гэтым людзям ужо так мала трэба — хаця б пасядзець з імі, патрымаць за руку...». І Марыя вырашыла: пакуль будуць сілы, будзе ісці да тых, каму трэба і можна дапамагчы, тым больш што яна — воін Марыі.

У нашай размове Марыя Аляксандраўна неяк сказала, што бясконцыя клопаты і мітусня забіраюць радасць жыцця. Мы часта не цэнім, што маем. І толькі сур’ёзная хвароба дае магчымасць паглядзець на ўсё іншымі вачыма. Сёння яна ўсім гаворыць: «Не марнуйма часу! Спяшаймася рабіць дабро!».

Галіна Калевіч

 

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней