Ecce homo. 21 кастрычніка — дзень нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка

21 кастрычніка нарадзіўся кардынал Казімір Свёнтэк — першы кардынал у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна ён быў побач з намі, здзіўляў і захапляў сваёю душэўнаю маладосцю, аптымізмам і жыццялюбствам. Ужо дзесяць год Яго Эмінэнцыі няма побач з намі, але час не аддаляе і не замгляе яго вобраз, а наадварот, высвечвае ўсё новыя грані незвычайнай асобы нашага кардынала. Яго дзень нараджэння — добрая нагода яшчэ раз з глыбокаю ўдзячнасцю і пашанаю ўспомніць гэтага вялікага святара, які ўсё сваё жыццё прысвяціў Хрысту і Яго святому Касцёлу. Згадаем яго светлы вобраз разам з тымі, хто яго добра ведаў...


З вялікаю радасцю і ўзрушэннем вітаю Вашу Эмінэнцыю з нагоды ўзвышэння Вас да кардынальскае годнасці. Таксама ад усяго сэрца вітаю ўмілаваны Касцёл на Беларусі. Як жа блізкі мне гэты Касцёл, які так шмат у апошнія дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну ўсіх святароў і ўсіх свецкіх асобаў, якія за вернае трыванне пры Хрыстовым Евангеллі былі асуджаныя таталітарным рэжымам на вялікія цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні. Многія з іх страцілі жыццё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог. Ваша Эмінэнцыя належыць менавіта да гэтых нястомных абаронцаў хрысціян­скай веры. Я ўдзячны Вашай Эмінэнцыі за ўсё тое, што Вы зрабілі і надалей робіце для Божага люду, на чале якога паставіў Вас Пан Бог...

Папа Ян Павел ІІ, 1994 г.

...Я ўзгадваю адважнае сведчанне, якое ён даў Хрысту і свайму Касцёлу ў асабліва цяжкія часы, а таксама аб энтузіязме, з якім працаваў дзеля духоўнага адраджэння сваёй краіны. 

Папа Бэнэдыкт XVI, 2011 г. 

Ён быў сапраўдным абаронцам веры. Ён быў сведкам веры і любові да Бога. Ён паказаў вялікую любоў да беларускага народа: захацеў застацца тут, каб служыць людзям у цяжкія часы. Як я ўжо не раз падкрэсліваў, кардынал Свёнтэк адбудаваў не толькі будынак касцёла, ён адрадзіў веру ў душах людзей.

Кардынал Аўдрыс Бачкіс, Вільня 

Яго багатае і адначасова трагічнае жыццё, цяжкая хвароба і смерць, а таксама наша малітва маюць сваю сімволіку. Мы верым, што нішто ў нашым жыцці не з’яўляецца выпадковым, што Бог кіруе жыццём кожнага з нас. Таму складанае жыццё кардынала Свёнтка, але адначасова жыццё верай, надзеяй, нават насуперак надзеі, і любоўю да кожнага чалавека, нават таго, хто пераследаваў яго, цяжкія цярпенні, якімі ён, паводле словаў святога апостала Паўла, дапоўніў цярпенні Хрыста, і сама яго смерць хочуць нам сказаць нешта вельмі важнае. А менавіта тое, што ён да канца заставаўся верным як хрысціянскаму, так і святарскаму пакліканню. Быў пастырам па прыкладзе Езуса Хрыста — Добрага Пастыра; пастыра, які не пакінуў свайго статку ў гадзіну цяжкага досведу; пастыра, заданнем якога з’яўляецца вучыць, асвячаць і праз служэнне ў любові кі­раваць народам Божым. Гэтыя абавязкі ён верна выконваў да канца свайго жыцця і дзякуючы гэтаму заслужыў вялікі аўтарытэт як у Касцёле, так і ў грамадстве. 

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч 

Ён трываў у малітве не толькі тады, калі знаходзіўся ў касцёле, але і тады, калі выязджаў на любімую рачулку, дзе часам праводзіў цэлую ноч. Ён таксама шмат працаваў дзеля Божага Валадарства, і мы заўсёды дзівіліся яго запалу і энтузіязму, што праяўлялася і падчас сустрэчаў са святарамі, і падчас яго ўдзелу ў розных урачыстасцях, і падчас працы Сіноду. Ён заўсёды быў тытанам працы і даваў прыклад іншым.

Ён шмат цярпеў дзеля Божага Валадарства, цярпеў з самага пачатку свайго святарскага шляху: на яго долю выпалі ваенныя гады, арышт, смяротны прысуд і 10 гадоў высылкі... Ды яшчэ хлопчыкам ён разам з маці і братам знаходзіўся ў дэпартацыі ў Сібіры...

Ён працаваў як сведка веры і сведка Езуса Хрыста. У тыя часы Касцёлу ў Беларусі быў патрэбны менавіта такі чалавек, і за гэта Пан Бог адарыў яго доўгім жыццём. У тым узросце, калі біскупы звычайна сыходзяць на пенсію, ён стаў ардынарыем, правёў Касцёл у Беларусі праз парог адраджэння і ўвёў яго ў трэцяе тысячагоддзе.

Біскуп Ежы Мазур, Польшча 

Можна з вялікай упэўненасцю сказаць, што ад самога пачатку майго паклікання святой памяці кардынал Свёнтэк быў найперш маім духоўным настаўнікам, а потым старэйшым супрацоўнікам. Ён быў сапраўдным, мужным Божым Слугою і сведкам веры. Асабіста для мяне святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк застанецца назаўсёды прыкладам добрага пастыра.

Дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі
Казімір Велікаселец
 

Поўнае цярпенняў жыццё кардынала Свёнтка навучыла і вучыць мяне надалей пакорна прымаць Божую волю, цешыцца ўсім, што Бог дае дзеля нашага ўдасканалення. Кардынал застаўся ў маёй памяці як светлая, поўная чалавечнасці асоба, якая мела глыбокую духоўнасць і вельмі моцную веру.

Кс. Аляксей Раманчук,
пробашч парафіі ў Барысаве
 

Божае слова, якое пасялілася ў душы маладога Казіміра Свёнтка, перарасло ў сапраўдны жывы Касцёл на Беларусі. Убачыўшы гэта, Бог дае яму, тады проста кс. Казіміру, уладу будаваць нанава Касцёл на Беларусі, так, як калісьці апосталу Пятру ва ўсім свеце.

Будучы палякам, ён змог зрабіць для духоўнасці і нават беларусізацыі нашага краю больш, чым шмат хто з беларусаў. Менавіта ад кардынала Казіміра Свёнтка найперш залежала, як будзе развівацца Касцёл на Беларусі, як будзе даносіцца Божае слова да кожнага чалавека. І Яго Эмінэнцыя абірае за асноўную мову для Божага слова тую, якой даў карыстацца гэтаму народу Бог, — беларускую. Як давалася яму ўсё гэта, ведае толькі сам Бог. Але вынік, альбо плады, відавочныя: мы маем найважнейшыя літургічныя кнігі па-беларуску, а галоўнае, духоўнае ажыўленне сэрцаў тых, хто ў іншых мовах наўрад ці прыняў бы Хрыста. Шмат якія не толькі дзяржаўныя, але і рэлігійныя, і грамадскія арганізацыі не вытрывалі гэтага выпрабавання часам. Касцёл, магчыма, цяпер адзі­ны, хто вытрываў. Божая справа мацнейшая за чалавечую.

Кс. Юрый Быкаў,
пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
і св. Станіслава ў Магілёве
 

...Ён вельмі цаніў святар­ства. Нават калі святар меў пэўныя праблемы, ксёндз кардынал усё адно шанаваў святара ў гэтым чалавеку і стараўся яго ўратаваць, дапамагчы, да кожнага падысці з разуменнем, з бацькоўскай любоўю. У нейкім сэнсе ён з’яўляецца бацькам майго святарства. Дзякуючы яму я меў прыклад мужнага святара, які, перажыўшы камеру смерці, лагеры, пераследы, застаўся для ўсіх сапраўдным сведкам веры, чалавекам малітвы.

Кс. Антоній Клімантовіч,
пробашч парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску
 

Менавіта ад яго можна было «заразіцца» жаданнем зрабіць усё, каб аблічча адроджанага на нашай зямлі Касцёла заззяла Хрыстовай маладосцю. Калі ўспамінаеш, колькі ў гэтым чалавеку было энтузіязму, захаплення і сілы, каб рэалізаваць пастаўленыя мэты, думаеш пра тую крыніцу, адкуль ён іх чэрпаў… Нязломная вера, што загартавалася ў камеры смяротнікаў, а потым у снягах Сібіры, прыносіла шчодры плён у жыцці і дзейнасці гэтага знешне састарэлага, але такога маладога духам чалавека. Пры яго актыўнасці немагчыма было сядзець склаўшы рукі.

Кс. Уладзімір Русак

Кардынал Казімір вельмі любіў ружанцовую малітву. У яго быў ружанец ад с. Луцыі (адна з трох пастушкоў, якім аб’явілася Маці Божая Фацімская). Маліўся на ім заўсёды. Пасля літургіі ён любіў застацца ў касцёле, каб памаліцца ў цішыні. На гэта было прыемна глядзець...

Сястра Бэрнадэта Клім 

Апошні год жыцця кардынала стаў нібы апошняй стацыяй яго крыжовага шляху. Як апостал Павел, ён у сваім целе дапаўняў недахоп цярпенняў Хрыстовых за Касцёл на Беларусі, за ўсіх даручаных яго пастырскай апецы вернікаў і, безумоўна, асаблівым чынам за нас, семінарыстаў, многія з якіх падзялілі з ім гэтыя цярпенні, дзяжурачы мінулым летам каля ягонага ложку ў шпіталі. Усе, каму давялося прыняць на сябе гэты цяжар, напэўна, набылі ў тыя дні самы дарагі фармацыйны вопыт у сваім семінарыйным жыцці. Вопыт, які дапаможа пераадолець усе іншыя цяжкасці і перашкоды на няпростым шляху да святарства.

Дыякан Мікола Гракаў 

Кардынал Казімір Свёнтэк — ахвярны святар, чалавек глыбокай, непахіснай веры і незвычайнага лёсу. Аптыміст з душою рамантыка, улюбёны ў хараство свету, створанага Богам. Вялікі працаўнік і жыццялюб, на­дзелены рэдкім дарам тонкай іроніі, што дапамагала яму заўсёды заставацца самім сабою. Перакананы абаронца Традыцыі і шчыры паклоннік Марыйнай пабожнасці. Мужны апостал Хрыстовае праўды. У яго лёсе яскрава адлюстраваўся драматычны лёс усяго Касцёла на Беларусі за апошняга больш як паўвеку...

Крыстына Лялько,
галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера»,
«Ave Maria», Мінск
 

З кім можна было параўнаць яго? Ён быў першым каталіцкім святаром, якога я ведаў. І доўга — адзіным. Параўнаць яго не было з кім. Але планка аказалася вельмі высокай, недасягальнай, як пераканаўся пазней...

Нецярпімы да лайдакоў і невукаў, актыўны, дзейны, рэзкі, энергічны, ён быў напоўнены схаванай дабрынёю, нейкай паэтычнай рассеянасцю, любоўю да дзяцей, жывёлаў і раслінаў. Ён быў чалавекам дзеяння, і думка ягоная заўсёды была яснаю і зразумелаю. І сам ён быў вельмі ясны і цэласны.

Аркадзь Шпунт, рэстаўратар, Мінск 

Кардынал быў тым чалавекам, які меў бязмежны давер да Пана Бога і моцна верыў у справядлівасць Божага Провіду. Ён нават не стараўся знаходзіць якія-небудзь кампрамісы і ладзіць «гандаль» з уладамі. Ён хацеў, каб Касцёл меў пэўную аўтаномію, бо Касцёл не з’яўляецца ўнутранаю справаю Беларусі, а мае паўсюдны характар.

Марцін Бюшэрмёле, тэолаг, Германія 

Я бачыў яго фільмы пра жыхароў Палесся, пра палескія расліны і кветкі. Нават сучасныя беларускія этнаграфічныя музеі не маюць такога матэрыялу, які меў кардынал ужо ў тыя часы. Ён спецыяльна падбіраў музыку да сваіх фільмаў! Ён распавядаў мне, чаму для той ці іншай сцэны падыходзіць, напрыклад, музыка Шапэна альбо Грыга. Было відаць, што ксёндз кардынал цудоўна разбіраўся ў класічнай музыцы. У якасці дыктарскага тэксту ён чытаў вершы: для кветак падбіраў адны радкі, для здымкаў лесу — іншыя... Мантажныя лісты ў яго распісаныя па кадрах. Гэта была сапраўдная рэжысёрская праца! І, дзякуй Богу, гэтыя матэрыялы захаваліся. 

Юры Гарулёў, рэжысёр, Мінск 

Дзе, па якіх гасцінцах пралягае шлях да святасці?.. Кардынал паказваў гэты шлях, мужна ім крочыў у любых, нават самых жорсткіх, лагерных выпрабаваннях. Шлях святасці… Думаю аб тым, што ён ёсць?.. Яго прамералі сваімі лёсамі Кірыла Тураўскі і Еўфрасіння Полацкая. Ім крочыў свецкі чалавек Францыск Скарына. Постаць кардынала лучыцца ў маім уяўленні менавіта з гэтымі вялікімі абліччамі асветнікаў. 

Ірына Багдановіч,
кандыдат філалагічных навук, Мінск
 

Казімір Свёнтэк, наш кардынал, пакінуў па сабе выразны, прыгожы і велічны след. Ягоны жыццёвы шлях да прыняцця біскупскага сану бачыцца цяпер як выкоўванне і гартаванне мяча, які Божы Провід рыхтаваў для таго, каб рассячы ўладу цемры і паняверкі ў краі. Цяжкое, поўнае пакутаў і доўгае гартаванне, часам на лязе жыцця і смерці, каб меў сілу прыняць, сказаць сваё Fiat і стаць на бітву ў першым шэрагу. І ён шмат у чым сапраўды стаў аднаўляльнікам і першым: першым мітрапалітам і першым кардыналам новай Беларусі, ягонымі стараннямі аднавілася першая духоўная семінарыя ў Пінску, пры ім адбыліся першыя святарскія пасвячэнні, прызначаныя першыя біскупы ў новыя дыяцэзіі, з’явіліся першыя адноўленыя святыні, першыя санктуарыі, першы беларускі Імшал і літургічныя кнігі, першыя перыёдыкі і разам з гэтым упершыню паўнавартасна ўкрочыла ў Касцёл беларуская мова.

Алесь Жлутка,
кандыдат філалагічных навук, Мінск
 

Нам часам здавалася, што з гадамі Яго Эмінэнцыя не старэе, а наадварот, маладзее, настолькі ён здзіўляў незвычайнай вітальнасцю, актыўнасцю, сілаю духу, цікавасцю да жыцця і людзей, гумарам і аптымізмам. А як ён умеў радавацца! І абурацца таксама! Калі выйшаў малітоўнік «Ойча наш», ён са слязьмі на вачах і з такою пашанаю ўзяў яго ў рукі і пацалаваў крыжык на вокладцы, кажучы: «Хвала Богу! Нарэшце ёсць малітоўнік!». Эмінэнцыя ці­кавіўся кожным выданнем, кожным новым нумарам каталіцкіх часопісаў. Здаралася, ушчуваў нас, калі штосьці было не так, але на гэта немагчыма было крыўдаваць — нам самім было непрыемна, што не змаглі апраўдаць давер такога чалавека, якому і так хапае цярпенняў. «Памятайце, — паўтараў ён нам, — вы “Pro Christo” (такую назву выдавецтву прапанаваў ксёндз кардынал), працуеце для Хрыста». І заўсёды падкрэсліваў, што толькі даверыўшыся Хрысту праз апеку Маці Божай, трэба жыць і працаваць, — тады ніколі не згубішся ў гэтым свеце.

Аліна Новікава,
дырэктар выдавецтва «Pro Christo», Мінск
 

Яго Эмінэнцыя, зведаўшы шмат гора, імкнуўся несці радасць маладым людзям і шчодра ёю дзяліцца. Ён лёгка ішоў на кантакт, размаўляў па-італьянску, па-нямецку, па-французску і крыху па-ангельску. Да яго цягнулася моладзь: цікавілася яго жыццём, прасіла распавесці пра гады пераследу і ссылкі. Кардынал прызнаўся мне, што не надта любіць узгадваць тыя жудасныя гады, але дзеля таго, каб падзяліцца сведчаннем, з пакораю зга­джаецца.


Іна Ламака,
супрацоўніца выдавецтва «Pro Christo», Мінск
 

Падрыхтавана паводле каталіцкага друку

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней