
4 красавіка дапаможнаму біскупу Гродзенскай дыяцэзіі Юзафу Станеўскаму споўнілася 50 гадоў.
Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля» — такі дэвіз абраў Яго Эксцэленцыя 5 гадоў таму, распачынаючы сваё пастырскае служэнне. Тады, 1 лютага 2014 г., падчас біскупскай сакры ў гродзенскай катэдры Францішка Ксавэрыя, шматгадовы рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прэлат Юзаф Станеўскі, так патлумачыў сэнс свайго біскупскага дэвізу: «Бог і Касцёл — гэта радасць. Галоўнае — прыняць любоў Хрыста, і тады адчуеш поўную радасць». І сапраўды, уся пастырская паслуга біскупа Юзафа прасякнута гэтаю Божаю, евангельскаю радасцю, гэтаксама, як і ягоны блог, у якім ён даходліва і жыццёва мудра, часам з добраю ўсмешкаю, тлумачыць не толькі Божыя запаведзі, але і многія падзеі і з’явы сучаснага жыцця.
Ваша Эксцэленцыя, шаноўны біскуп Юзаф! Сардэчна віншуем Вас з залатым юбілеем і зычым моцнага здароўя, шмат сілы, паўнаты евангельскай радасці і надзеі. Няхай уваскрослы Хрыстус шчодра адорвае Вас усімі неабходнымі Божымі ласкамі, няхай Дух Святы асыпае сваімі дарамі, а Маці Міласэрнасці заўсёды атуляе сваёю нястомнаю апекаю.
Плённага Вам, натхнёнага і радаснага пастырскага служэння на кожны дзень наступнага паўвеку!
З пашанаю і малітваю —
супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў
«Ave Maria», «Наша вера»
і выдавецтва «Про Хрысто»