Як свечка на алтары. Фабіян Абрантовіч — святар, марыянін, мучанік

Ён, безумоўна, ведаў думку біскупа Юрыя Матулевіча пра тое, што добра чалавеку згарэць для Бога, як згарае свечка на алтары. Ведаў і падзяляў яе, пра што сведчыць усё ягонае жыццё-гарэнне. Мабыць таму й вырашыў наследаваць свайго прыяцеля: маючы ўжо шаноўны ўзрост ды пэўныя рэгаліі-званні, ён уступіў у адноўлены біскупам Матулевічам ордэн айцоў марыянаў.


Быў 1926 год. За спінаю — вучоба ў духоўнай семінарыі, а потым у акадэміі, выкладчыцкая дзейнасць у Пецярбургу, вучоба і абарона доктарскай дысертацыі ў Бельгіі, зноў выкладчыцкая праца ў Піцеры. Сярод ягоных набыткаў на той час — заснаванне першай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыі «Хрысціянская дэмакратычнай злучнасць», выступленні ў беларускай рэлігійнай перыёдыцы («Krynica», «Chryścijаnskaja Dumka»).

Ён любіў музыку і паэзію, цудоўна граў на аргане і фартэпіяна. Айцец Абрантовіч — аўтар спеваў «Дай, добры Божа» і «Матачка Божая», якія і цяпер папулярныя сярод вернікаў. Ён шмат чытаў, любіў сацыялогію. Але, апроч усяго гэтага, ягонай самай вялікай здольнасцю было глыбокае разуменне Святога Пісання, багаслоўя і хрысціянскай філасофіі. І ўсё ж, маючы такі ўнушальны багаж ведаў, духоўнай сталасці, ён адважыўся пайсці ў кляштар, дзе яго чакалі не толькі малітвы і духоўныя манаскія практыкі, але й цяжкая фізічная праца. Друйскія жыхары ды прадстаўнікі ўладаў воддаль абыходзілі шаноўнага прафесара з Піцера, калі бачылі, як ён сячэ дровы альбо падмятае двор. Дзеля Хрыста і Касцёла, а менавіта гэтыя словы сталі для ягонага ордэна галоўным дэвізам, ён не баяўся ніякай працы, ніякіх выпрабаванняў.

Таму з пакораю прыняў прапанову Апостальскай Сталіцы ўзначаліць каталіцкую місію ў Манчжурыі і Кітаі, цэнтрам якой стаў Харбін. Ні сам ён, ні друйскія марыяне не адчувалі радасці і энтузіязму ад гэтага прызначэння. Збіраючы рэчы ў далёкую дарогу, маліўся словамі Езуса ў Садзе Аліўным: «Ойча, калі магчыма, няхай абміне мяне гэты келіх. Але не мая воля, а Твая няхай станецца». Ён праслужыў на Далёкім Усходзе цэлых дзевяць гадоў. І ўсё ж галоўныя выпрабаванні чакалі яго наперадзе.

У часе свайго прыезду ў Еўропу ў 1939 г. айцец Абрантовіч быў арыштаваны органамі НКВД і апынуўся ў львоўскай турме. Дзікія, працяглыя праз усю ноч допыты, пабоі, знявагі... Адзін вязень пазней сведчыў: «Святар Абрантовіч амаль заўсёды быў непрытомны пасля цяжкіх пабояў на допытах, калі ж да яго вярталася свядомасць, ён амаль безупынна маліўся, а разам з ім і ўсе ў камеры». Ён адмаўляў усе абвінавачванні, згаджаўся, праўда, з тым, што «прапаведваў супраць атэізму». Калі ж зразумеў, што яго не чуюць ды і не намагаюцца пачуць, 29 снежня 1939 г. пасля доўгага начнога допыту а 5-й гадзіне раніцы падпісаў пратакол, які сведчыў супраць яго. Праз нейкі час айцец Фабіян напісаў петыцыю, у якой адмовіўся ад тых паказанняў, тлумачыў сваю слабасць цяжарам допыту і нервовай вычарпанасцю, але яго не захацелі пачуць.

Яго перавялі ў Маскву, на слынную Лубянку. Ён быў асуджаны на дзесяць гадоў лагеру, ды, мабыць, у сувязі з цяжкім станам здароўя яго не адправілі ў лагер. У жудаснай маскоўскай Лубянцы айцец Фабіян Абрантовіч і закончыў свой жыццёвы шлях 2 студзеня 1946 года.


Ірына Жарнасек

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней