Сястра Ядвіга (1915–2007) належала да заснаванай біскупам Юрыем Матулевічам Супольнасці Сясцёр Служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі, якая была створана для працы сярод найбяднейшых слаёў насельніцтва Беларусі.
Яна склала свае першыя шлюбы ў 1937 г., а ў 1940-м — вечныя. Маладая сястра спазнала сур’ёзныя выпрабаванні з першых гадоў свайго манаскага жыцця. Спачатку — пераслед савецкімі ўладамі, якія выгналі сясцёр з іх дому ў Друі і адмовілі ў праве на легальнае манаскае жыццё. Былі такія, што адступіліся. Сястра ж Ядвіга разам з гэткімі ж настойлівымі сёстрамі толькі ўмацавалася ў вернасці свайму пакліканню. Сёстры жылі ў маленькім хлеўчуку, былі вымушаныя зняць манаскія габіты, насілі звычайнае адзенне, але настойліва працягвалі выконваць усе законніцкія практыкі.
У часе вайны сястра Ядвіга разам з іншымі сёстрамі і айцамі марыянамі ўдзельнічала ў місіі ў Росіцы, стала сведкаю росіцкай трагедыі. Разам з сёстрамі ў лютым 1943-га яна сядзела на лаўцы у сцюдзёным росіцкім касцёле і... чакала смерці. Па просьбе айца Ляшчэвіча сёстрам было падараванае жыццё. Праз усе гады сястра Ядвіга пранесла вялікую ўдзячнасць Богу за тое, што Ён скрыжаваў яе жыццёвы шлях з благаслаўлёнымі мучанікамі Юрыем Кашырам і Антоніем Ляшчэвічам. Яна беражліва захоўвала ў памяці ўсё, што ведала, што чула ад гэтых ахвярных святароў.
Ужо ў мірныя гады, якія заставаліся няпростымі для сясцёр, бо нябачная вайна з Богам і верай Хрыстовай трывала ў былым СССР, сястра Ядвіга зноў стала місіянеркай. На гэты раз яна паехала засноўваць манаскую пляцоўку сваёй супольнасці ажно ў Казахстан — у Караганду. Неўзабаве па яе ініцыятыве і дзякуючы яе высілкам з’явіліся пляцоўкі ў Цалінаградзе, Кустанаі, Душанбэ, Наварасійску, Томску, у горадзе Маркс, блізу Саратава.
Калі ёй было 76 гадоў, яна нарэшце вярнулася на Беларусь, у Полацк, дзе таксама заснавала пляцоўку сясцёр эўхарыстак. Час ад часу з Полацка яна выязджала ў дарагую яе сэрцу Росіцу і там зноў катэхізавала дзяцей і дарослых.
Гэта быў чалавек надзвычай моцнага характару, глыбокай веры і вернасці свайму пакліканню. Яна мела тонкае пачуццё гумару, што дапамагала ёй быць маладою душой у вельмі шаноўным узросце. Яна ўмела так трапна расставіць усё на свае месцы ў самай складанай сітуацыі, што яе парады й погляд на многія рэчы яшчэ доўга будуць прыгадваць сёстры эўхарысткі. Прыгадваць, памятаць і любіць сваю сястру Ядвігу.
Падрыхтавала Ірына Жарнасек