Ксёндз Пётр Татарыновіч умеў жыць дзеля дабра сваёй Бацькаўшчыны, дзе б ён ні быў — на радзіме, у Польшчы, у Германіі альбо ў Рыме. Ды ўсё ж найлепш ён адчуваў сябе на радзіме, якую моцна любіў, на якой прагнуў служыць Богу.
Калі трымаеш у руках кнігу «Святая Эвангелія. Апостальскія Дзеі» (Рым, 1954), нават цяжка даць веры ў тое, што яна выйшла ў свет тады, калі большасць нашых святароў яшчэ знаходзілася ў сталінскіх лагерах, а на нашых касцёлах віселі вялізныя замкі альбо іх будынкі выкарыстоўваліся бязбожнай уладай для зусім іншых мэтаў. Гэткія ж пачуцці ахопліваюць і тады, калі бярэш у рукі кнігу «Лісты святых апосталаў» (Рым, 1974). Фантастыкай здаецца і тое, што смелая кніга «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча аб пераследзе хрысціянаў пабачыла свет на беларускай мове яшчэ тады, калі ўжо не было на свеце Сталіна, але ўсё яшчэ мучыліся ў ягоных пачварных лагерах людзі і на святынях па-ранейшаму віселі замкі — у 1956 годзе.
Усё гэта стала вынікам працы ксяндза Пятра Татарыновіча, які быў і перакладчыкам згаданых кніг, і іх выдаўцом. Апрача гэтага, 25 гадоў (1950 — 1975) ён выдаваў у Рыме беларускі рэлігійны часопіс «Зьніч», арганізаваў і 20 гадоў (1950 с 1970) ажыццяўляў працу беларускай секцыі Ватыканскага радыё, дзякуючы якому адарваныя ад рэлігійных практыкаў беларускія католікі маглі чуць пра жыццё Каталіцкага Касцёла ў свеце.
Гэты чалавек умеў жыць дзеля дабра сваёй Бацькаўшчыны, дзе б ён ні быў — на радзіме, у Польшчы, у Германіі альбо ў Рыме. Ды ўсё ж найлепш ён адчуваў сябе на радзіме, якую моцна любіў, на якой прагнуў служыць Богу.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Гайнін, на Случчыне, 2 чэрвеня 1896 г. у сям’і сялянаў Станіслава і Караліны Татарыновічаў. Іх вёска належала да мядзведзіцкай парафіі, але ў той час касцёл быў зачынены царскім урадам. Адзін з наймацнейшых успамінаў дзяцінства Пятра Татарыновіча быў звязаны менавіта з касцёлам. Ад бацькоў ён ведаў, што ў 1866 г. царская ўлада хацела перадаць касцёл праваслаўным, але парафіяне рашуча супрацівіліся гэтаму, і касцёл проста зачынілі, а святару, які ў ім служыў, нават не дазволілі спажыць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Пасля вядомага царскага маніфесту касцёл зноў адчынілі ў 1906 г. — праз 19 гадоў. І на першай святой Літургіі святар Ваньковіч ужываў той жа Найсвяцейшы Сакрамэнт, які цудоўна захаваўся ў табэрнакулюме! Магчыма, менавіта гэтая падзея паўплывала на пакліканне будучага святара Татарыновіча.
Ён вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, пазней — у Мінскай каталіцкай семінарыі. Пасвячэнне субдыяканату атрымаў з рук біскупа Лазінскага ў Мінску, а святарскае ўжо ў польскім Влоцлаваку. Служыў у Пінску, выкладаў у Наваградскай духоўнай семінарыі, потым — у Баранавічах. Праз нейкі час, як успамінае сам кс. Пётр Татарыновіч, ён аказаўся «яко прэфект взоровы, а яко бялорусін шкодлівы». З гэтай высновай школьнага інспектара Гульбіна біскуп Лазінскі не згадзіўся, але дзеля святога спакою паслаў кс.Татарыновіча служыць у глухую мазурскую вёску. Пазней, аднак, вярнуў аднаўляць касцёл у Дамачаве, потым — служыць у Століне.
Дзе б ні быў, ён не баяўся самай няпростай працы. Гуртаваў вакол сябе моладзь, вучыў пазнаваць Божае слова. У друку з’яўляюцца ягоныя артыкулы, асобныя кнігі — «Святы Ізыдар хлебароб», «Вялікія людзі», «Шляхам дзіваў і ўражанняў», «Купалле». Такім чынам, у літаратуры і публіцыстыцы з’явіліся новыя імёны — Пётра Задума і Мядзведзіцкі — псеўданімы кс.Татарыновіча. Пазней ён быў вымушаны выехаць у Варшаву, але і там працаваў дзеля беларускае справы: адпраўляў набажэнствы для беларусаў у касцёле св. Марціна, а потым у касцёле базыльянаў. У 1949 г. выдаў малітоўнік «Голас душы».
Дарогі вайны павялі кс.Татарыновіча далей: праз Вільню, Германію — у Рым, дзе неўзабаве, у 1950 г., ён і распачаў выданне рэлігійнага часопіса «Зьніч». У тым жа годзе, дзякуючы яму, свет змог пачуць беларускае слова праз Ватыканскае радыё. «Браты беларусы! Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнання, — пісаў ён у першым нумары «Зьніча». — Вы можаце слухаць Ватыканскае радыё на кароткіх хвалях...» У італьянскім друку таксама час ад часу з’яўляліся артыкулы кс. Татарыновіча. Неўзабаве яму была нададзена годнасць папскага прэлата і сябра Найвышэйшай Рады для эміграцыі. Такім чынам, ён стаў апекуном для расцярушанай беларускай эміграцыі ва ўсім свеце.
Біскуп Часлаў Сіповіч пісаў пра яго: «У сяброўскім коле быў вясёлы, гасцінны, знаў шмат анекдотаў і ўмеў расказваць... Меў залатую канарэйку, якая няраз вылятала з клеткі, сядала яму на плячо, калі ён пісаў...»
Памёр ксёндз Пётр Татарыновіч 3 верасня 1978 года, у дзень святога Грыгорыя Вялікага.
Падрыхтавала Ірына Жарнасек
Надрукавана ў «Ave Maria» № 10, 2008