Ксёндз Станіслаў Эліяш — мучанік, расстраляны саветамі падчас адступлення Чырвонай арміі

Нямецкія самалёты раз-пораз з’яўляліся ў небе, скідвалі бомбы. Гэта і стала прычынай жорсткай расправы над вязнямі. Канваіры загадалі вязням легчы на зямлю і расстралялі іх. 


Ён нарадзіўся ў сям’і лекара аўстрыйскай арміі, але паколькі ягоная маці паходзіла з Беларусі, то ў дзяцінстве хлопчык часам бываў і ў радавым памесці ў сваякоў пад Менскам. Станіслаў скончыў Віленскую духоўную семінарыю і універсітет імя Стэфана Баторыя. Сакрамэнт святарства атрымаў у 1934 годзе. Быў прэфектам друйскай парафіі, а з 1936 г. пробашчам парафіі ў Ідолце (цяпер Мёрскі р-н). Малады святар служыў у невялікім касцёле на маляўнічым паўвостраве і адначасова будаваў новую святыню, але закончыць гэтую будоўлю яму не было суджана.

Яго арыштавалі на пачатку чэрвеня 1941 года і абвінавацілі ў «правядзенні антысавецкай агітацыі». Да пачатку вайны ксяндза Станіслава разам з ксяндзом Францішкам Куксевічам з Мёраў і са шматлікімі вязнямі ўтрымлівалі ў сумна вядомай беразвецкай турме, блізу Глыбокага, для якой бальшавікі выкарысталі гмахі былога базыльянскага кляштара. У першыя дні вайны вязняў пад узмоцненым канвоем пагналі ў напрамку Віцебска. Магчыма, планавалася пасадзіць іх на цягнікі ў Оршы ды вывезці ў ГУЛАГ, бо менавіта з Оршы распачыналіся крыжовыя шляхі ў сталінскія лагеры многіх беларусаў.

Нямецкія самалёты раз-пораз з’яўляліся ў небе, скідвалі бомбы. Гэта і стала прычынай жорсткай расправы над вязнямі. Каля вёскі Мікалаева, блізу Улы, на ўзбярэжжы Дзвіны канваіры загадалі вязням легчы на зямлю і расстралялі іх. Вялізная магіла ахвяраў таго расстрэлу знаходзіцца ў вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Тут знайшоў свой апошні спачын і ксёндз Станіслаў Эліяш.


Падрыхтавала Ірына Жарнасек
Надрукавана ў «Ave Maria» № 10, 2009

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней