Ведаць і памятаць…

Усё менш застаецца ў нас тых людзей, якія мужна адваёўвалі ў атэістычнай сістэмы духоўныя святыні, аднаўлялі іх і будавалі новыя. Пакуль яшчэ жывыя гэтыя людзі, вельмі важна расказаць пра іх асабліва маладому пакаленню вернікаў, каб ведалі, якім коштам здабываліся касцёлы, дзе сёння так прыгожа і ўтульна. У гэтым артыкуле мы хочам распавесці пра Антаніну Андрэеўну Святоху, якая 13 чэрвеня адзначыла свой 85-гадовы юбілей, і якая стаяла каля вытокаў адбудовы касцёла св. Юзафа ў Маладзечне.


Антаніна Андрэеўна нарадзілася ў каталіцкай сям’і ў вёсцы Кабыльнікі, што недалёка ад Нарачы. Яе маці Эва паходзіла са шляхетнага роду Ляшчынскіх, а бацька Анджэй таксама быў не з беднага роду Давідовічаў. Гадавалі сямёра дзяцей. Адносіны ў сям’і былі такія, што многія б сёння іх назвалі неверагоднымі — за сваё жыццё Антаніна Андрэеўна ні разу не чула, каб бацька ці маці павысілі адно на аднаго голас. Шчырая любоў і павага заўсёды панавалі паміж імі. Дарослыя звярталіся адзін да другога толькі на «вы», і гэтак жа дзеці называлі бацькоў, бабулю і дзядулю толькі на «вы». Выхаванне ў сям’і грунтавалася на моцным рэлігійным падмурку. «Добра памятаю, — успамінае Антаніна Андрэеўна, як тата, збіраючыся да споведзі, падыходзіў папрасіць прабачэння да мамы, да нас, дзяцей, і да бабуні Паўліны, якая даводзілася яму цешчаю і жыла з намі. Ён цалаваў ёй руку, называючы «мамусяй», і перапрашаў. Яна ў адказ: «Дзетка, за што табе дараваць, ты і так, як анёл!». Пані Паўліна была адным з духоўных стрыжняў гэтай вялікай сям’і. На ўсё жыццё Антаніна запомніла, як бабуля з маленства вучыла ўнукаў шляхетным манерам, вучыла паважаць кожнага чалавека і быць міласэрнымі. У той час па вёсках хадзіла шмат жабракоў, і бабуля старалася хоць нешта даць кожнаму з іх, хаця самі жылі вельмі бедна пасля таго як «саветы» раскулачылі іх сям’ю. 

Гэта дабрата і міласэрнасць упоўні перадаліся і Антаніне. Колькі сябе памятае, ёй заўсёды хацелася дапамагаць людзям, таму і паехала пасля школы ў Маладзечна вучыцца на медсястру. Працаваць яе потым размеркавалі ў хірургічнае аддзяленне Маладзечанскай гарадской бальніцы. У гэтым горадзе яна выйшла замуж, нарадзіла сына Віктара і дачку Лілю, якія, дарэчы, таксама сваіх бацькоў называюць на «вы». Муж Антаніны Андрэеўны, Тадэвуш, у 2009 годзе адышоў у вечнасць…

У часы, калі Антаніна пачала працаваць, хірургія і траўматалогія ў бальніцы былі аб’яднаныя, таму пацыенты тут ляжалі вельмі складаныя. Часта медсёстрам разам з санітаркамі даводзілася на насілках падымаць хворых на вышэйшыя паверхі. Было цяжка, але ніхто ніколі не чуў ад Антаніны скаргаў і нараканняў. Яна любіла сваю працу, любіла тых, да каго паклікаў яе Пан Бог. У кожным хворым старалася бачыць Хрыста. Употай, каб не бачылі калегі па працы, прыносіла булён альбо морс, якія варыла дома тым, да каго ніхто не наведваўся. Аднойчы «хуткая» прывезла хлопца па імені Мікалай, які вяртаўся са службы ў Афганістане. Шчаслівыя, што едуць дамоў, вайскоўцы пачалі дурэць падчас прыпынку іх цягніка ў Маладзечне. Нехта з іх закінуў берэт на дах электрычкі, а Коля палез яго даставаць і трапіў пад моцны разрад электрычнага току. Ён быў у вельмі цяжкім стане. Антаніна, паставіўшы кропельніцу, амаль не адыходзіла ад хлопца. А 4-й рана ён расплюшчыў вочы і спытаўся, дзе ён і што з ім. Назваў адрас бацькоў, і Антаніна адразу ж пасля змены адправіла ім тэлеграму. Хутка прыехалі яго маці і сястра. Праз год гэты малады чалавек прыслаў Антаніне запрашэнне на сваё вяселле…

Касцёла ў тыя часы ў Маладзечне ўжо не было, таму вернікі ездзілі на святыя Імшы ў Краснае. Напэўна, многім з гэтых людзей балела душа за тое, што не маюць сваёй святыні. У 1956 годзе касцёл св. Юзафа ў Маладзечне быў зачынены, а пазней знішчаны. Антаніна Андрэеўна на свае вочы бачыла, як бульдозерамі яго бурылі цэлы тыдзень. Добра памятае ксяндза Баляслава Лазоўскага, які служыў у тым касцёле. Дапамагала яму, калі ляжаў у бальніцы. Ёй вельмі балела душа, што такі вялікі горад не мае ніводнага касцёла. Мара пра святыню была самай яркай і самай жаданай у сэрцы гэтай жанчыны, але ў той час здавалася нерэальнай. І зусім не спадзявалася, што сама ж і спрычыніцца да здзяйснення сваёй запаветнай мары.

Аднойчы ў бальніцу прывезлі хворую Юзэфу Леановіч з Крэва Смаргонскага раёна, якая расказала, што яны збіраюцца там у сябе будаваць касцёл. На пытанне, хто ім дазволіў, адказала, што іх старшыня сельскага савета — католік, а ў яго ёсць сябры ў гарвыканкаме. Каб упэўніцца на свае вочы, Антаніна Андрэеўна паехала ў Крэва і ўбачыла, што ў цэнтры вёскі на ўзвышшы сапраўды ляжыць вялікая колькасць розных будматэрыялаў. «Гэта магчыма! Гэта рэальна!» — радавалася Антаніна Андрэеўна і, шчаслівая, «паляцела на крылах» ў Маладзечанскі гарвыканкам. Там ёй сказалі, што для гэтай справы трэба спачатку мець не менш за 500 подпісаў вернікаў, і яна ўспомніла, што недалёка жыве Жалубоўская Аліна, магчыма, каталічка, і пайшла да яе. Менавіта гэта жанчына ўзначаліла спіс вернікаў, якія жадалі адбудовы касцёла ў Маладзечне. Трыццаць чалавек падпісалася ў Красным. Дзе браць астатніх? Прыйшла ідэя прасіць аб подпісах людзей, якія ляжаць у бальніцы. І многія згаджаліся. Так за змену набіралася чалавек 7 – 10. А што далей было, няхай раскажа сама Антаніна Андрэеўна.

— Аднесла я заяву і ўсе спісы старшыні гарвыканкама Стахоўскаму, які сказаў, каб чакалі да верасня, калі будзе пасяджэнне. Вось на двары ўжо зіма, а адказу няма. На другі год гэты ж старшыня сказаў ехаць у Мінск да Жыльскага, які ў той час быў адказны па справах рэлігіі. Колькі я туды паездзіла! Урэшце гэты чыноўнік сказаў, што такія справы вырашаюцца мясцовымі ўладамі. Я зноў пачала сваіх даймаць. Аказваецца, яны спецыяльна тармазілі гэтую справу і нават згубілі нашыя спісы. Усё трэба было наноў збіраць… У той час біскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыязджаў з візітацыяй на маю радзіму, у Кабыльнікі. Мы расказалі яму пра нашу праблему. Эксцэленцыя паблагаславіў, сказаў, што вельмі добры пачын і параіў стварыць касцёльны камітэт з 10-ці чалавек. Каго пісаць, калі ніхто амаль не верыць, што гэта рэальная справа?! Але з Божай дапамогаю праз нейкі час камітэт быў створаны. На шчасце, улада ў Маладзечне змянілася: старшынёю гарвыканкама стаў Генадзь Карпенка. Вечны яму супакой, светлы быў чалавек. Ён дапамагаў, як толькі мог. Сёння нават цяжка ўявіць, але ён тады прапанаваў выбіраць зямлю пад будову касцёла, дзе толькі захочам. Пытаўся, хто і як будзе будаваць. Я сама на той час нічога не ведала. Пачала шукаць спонсараў. Напісала ў Чырвоны крыж Варшавы. Там нам адмовілі. Паслала ліст у ЗША ў Бруклін. Адтуль прыйшоў адказ, што дапамогуць будаваць толькі пратэстанцкую святыню. У хуткім часе да нас з Германіі пачалі прывозіць гуманітарку. Мне ўдалося перадаць немцам ліст з просьбаю аб дапамозе ў будаўніцтве касцёла, і дзесьці праз 4 месяцы прыехала з Германіі некалькі чалавек і сказалі, што будуць дапамагаць. Дзякуй Усемагутнаму Богу! Старшынёю касцёльнага камітэта тады быў Ігар Кучэрын, а я — сакратаром. Тут мы ўжо разам хадзілі з ім па розных інстанцыях, падпісваючы шматлікія дакументы. Стала нашмат лягчэй…

***

Старэйшыя супрацоўнікі нашай рэдакцыі, я ў іх ліку, добра памятаем той благаслаўлёны час, калі ўзводзіўся гэты касцёл. Кіраваў будаўніцтвам ксёндз Эдмунд Даўгіловіч, які ў той перыяд цэлебраваў святыя Імшы ў маладзечанскім Клубе чыгуначнікаў, а таксама апекаваўся мноствам створаных наноў парафій у Беларусі. Касцёл св. Юзафа будаваўся чатыры гады і ў 1997-м быў кансэкраваны кардыналам Казімірам Свёнткам. Знаходзіцца ён амаль што на тым самым месцы, дзе і стаяў раней, упрыгожваючы цэнтральную частку горада. Яго актыўная парафіянка Антаніна Андрэеўна Святоха не перастае дзякаваць Пану Богу за тое, што дазволіў ёй прычыніцца да такой высакароднай справы, дзякуе за дар жыцця і за сваё даўгалецце. Дзякуе яна сваім бацькам за тое, што перадалі ёй веру і жывую любоў да Бога. Вельмі ўдзячна свайму апекуну св. Антонію, які суправаджае яе па жыцці. Яна нарадзілася 13 чэрвеня, у Дзень успаміну гэтага вялікага святога, і названая ў яго гонар. Калектыў нашай рэдакцыі віншуе Антаніну Андрэеўну з яе 85-гадовым юбілеем, які яна сёлета адзначыла. Жадаем моцнага здароўя, нястомнай апекі Божай Маці, а таксама творчых поспехаў! Дзякуем спадарыні Антаніне за вершы і цікавыя лісты да нас у рэдакцыю і чакаем новых.


Галіна Калевіч

 

Цэтлікі: Сведчанні, Лёсы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней