Пазнаць свае межы

У папярэдніх размовах мы з вамі гаварылі пра тое, як вучыцца прымаць саміх сябе і сваю штодзённасць. Наступны крок — зразумець сваё месца ў навакольным свеце, і для гэтага трэба паразмаў­ляць пра паняцце межаў. Межы бываюць геаграфічныя, палітычныя. І асабістыя межы ёсць у кожнага чалавека. Маё цела і скура ствараюць межы. Мае эмоцыі і пачуцці таксама ствараюць межы. Можна сказаць, што чалавечыя межы — гэта тэрыторыя існавання, развіцця, рэалізацыі асобы, дзе забяспечваецца яе нармальнае, без парушэнняў, функцыянаванне.


Адкуль узніклі межы? Бог, ствараючы свет, надаў яму пэўны парадак, раздзяліў яго неабходнымі межамі.

Пачнем з нашага цела.

Чалавек мае фізіялагічныя межы: балявыя, дотыкавыя, абмежаванні зроку і слыху. Напрыклад, мы не можам чуць тых дыяпазонаў гуку, якія чуюць кошкі, адрозніваем менш колераў і не бачым так востра, як птушкі. Мы абмежаваныя пачуццямі голаду і смагі, неабходнасцю спаць. І больш за гэта — мы абмежаваныя прастораю і часам, у якія жывем, і выйсці за іх не можам, хоць чалавек пастаянна марыць неяк гэта змяніць. Узгадайце толькі мары пра машыну часу або незвычайныя здольнасці — магчымасць хадзіць праз сцены або імгненна перамя­шчацца ў прасторы.

Чалавек мае анатамічныя межы: пэўныя тыпы цягліцаў, аб’ём рухаў. Калі гэтыя межы парушыць, адбываюцца траўмы, часам невылечныя. Нашае здароўе — таксама мяжа, індывідуальная для кожнага. Яна змяняецца з узростам. Калі ў маладосці я магла спакойна бегчы кіламетр, то цяпер і пра пяцьдзясят метраў думаю: Божа, як гэта далёка!

Чалавек абмежаваны таксама псіхічна і эмацыйна.

Гэтая мяжа праходзіць там, дзе эмоцыя заканчваецца, і вызначаецца некалькімі фактарамі: тым, што выклікала эмоцыю, тым, на каго яна скіраваная, і ў якіх абставінах узнікла. Нашыя межы залежаць таксама і ад менталітэту: на розныя падзеі беларус, габрэй, араб і італьянец адрэагуюць па-рознаму.

Ніхто не нараджаецца з ужо ўсталяванымі межамі, з цягам часу нашыя межы змяняюцца, пашыраюцца. З нараджэння і прыблізна да 6-ці месяцаў дзіця і бацькі, асабліва мама, з’яўляюцца адным цэлым. Пасля дзесьці да 10-ці месяцаў немаўля пачынае ўсведамляць, што яно — асобная істота. І ўжо тады трэба дапамагаць дзіцяці ўсталёўваць межы. Паўгадовае дзіця ўжо пачынае цікавіцца навакольным светам, і здараецца, што маме гэта не падабаецца: яна лічыць дзіця сваёй уласнасцю. Гэта вялікая памылка. Дзіця — гэта такі «прайдзісвет» у сям’і, у тым сэнсе, што ён праз сваю сям’ю праходзіць у свет, дзе пачынае самастойнае жыццё. І бацькі павінны вучыць сваё дзіця пазнаваць гэты свет.

Дзесьці да 1,5 года дзіця, знаёмячыся з наваколлем, пачынае сутыкацца з межамі іншых людзей, даведваецца, што такое «не» і «нельга». Не здзіўляйцеся, у такім узросце малеча ўжо ў стане гэта ўсвя­доміць. І калі дзіця ў восем гадоў застаецца неслухам, робіць, што яму хочацца, значыць бацькі прапусцілі гэты момант. Ад бацькоў зале­жыць, наколькі дзіцяці дазволілі ўсталяваць межы так, каб гэта было бяспечна для яго здароўя і жыцця. Крычаць на такое непаслухмянае дзіця не варта, яно не вінаватае, што яму не дапамаглі зразумець, што такое «не» і ў тым, што датычыць яго самога, і ў тым, што датычыць іншых людзей. Гэта не страшна, і ўсё можна выправіць.

У перыяд да 3-х гадоў у дзіцяці пачынае выяўляцца індывідуальнасць, яго ўласнае «я». У гэты час у малечы існуюць дзве асноўныя і вельмі важныя патрэбы: патрэба ў аўтаноміі і адначасова па­трэба ў прысутнасці бацькоў. Неабходны баланс паміж адным і другім. Бацькі не павінны станавіцца для дзіцяці прыяцелямі, бо прыяцельства — адносіны з равеснікамі, але яны не павінны быць і гаспадарамі дзіцяці, жалезным аўтарытэтам. Трэба вучыцца быць не над сваім дзіцем, а разам з ім.

З трох да пяці гадоў, пасля таго, як дзіця ўсвядоміла сябе чалавекам, асобаю, адбываецца яго самасцвярджэнне як хлопчыка або дзяўчынкі. Гэта вельмі тонкая справа — дзіця патрабуе тут дапамогі бацькоў, але нельга залішне ціснуць на яго і даваць інфармацыю, якую дзіця яшчэ не ў стане ўспрыняць.

Напрыклад, у гэтым узросце можна знаёміць дзіця з абавязкамі па доме. Мама можа паклікаць дачку на кухню, калі гатуе, тата можа разам з сынам пайсці нешта рамантаваць. Зразумела, што рэальнай дапамогі ад дзіцяці ў гэтым узросце не будзе, але такія сумесныя заняткі дапамагаюць бацькам быць разам з дзіцем і фармаваць яго межы: «Я раблю гэта, а ты — вось гэта». Калі дзіця ў пяцігадовым узросце ўжо пачынае разумець, што такое абавязкі, гэта вельмі дапаможа яму пазней добра пачаць дарослае жыццё.

Прыблізна з 6-ці да 10-ці гадоў у дзіцяці пачынаецца сацыялізацыя: яно ідзе ў школу, пачынае будаваць адносіны з іншымі дзецьмі, а таксама з незнаёмымі дарослымі. Узнікае шмат новых абавязкаў. Таксама ў гэты час у дзіцяці пачынаюць фармавацца трывалыя зацікаўленасці, і тады яму можна дазволіць выбраць сабе гурток, мастацкую або музычную школу. Галоўнае не загружаць дзіця залішне, ад дзесяці розных гурткоў карысці не будзе. Зразумела, можна пахваліцца перад знаёмымі: «А вось мой і англійскую мову вывучае, і французскую, і на два інструменты ў музычную школу ходзіць, і на танцы яшчэ, і ў басейн…» Ніводнае дзіця такога не вытрымае — адны пачынаюць капрызіць, становяцца нервовымі, іншыя, наадварот, замыкаюцца ў сабе. Можна сказаць: «Ён хоча і гэтае, і тое, і ўсё разам», аднак задача бацькоў — дапамагчы дзіцяці вызначыцца, расставіць прыярытэты і межы, а таксама навучыць планаваць свой час і выконваць свае абавязкі.

Прыблізна з 12-ці гадоў і да 18-ці працягваецца падлеткавы ўзрост. Здараецца, што ён пачынаецца і раней, гадоў з дзесяці. Гэта пачатак дарослага жыцця, няпросты час, які звычайна ўсе мы памятаем. Адбываецца полавае сталенне, і часам падлетак не можа зразумець, як утаймаваць свае эмоцыі. У гэты час падлетак больш-менш вызначаецца з тым, чым ён хацеў бы займацца ў жыцці, вучыцца самастойнасці. Тут падтрымка бацькоў таксама вельмі важная — менавіта падтрымка, а не забарона. Трэба гаварыць падлетку пра наступствы парушэння сваіх і чужых межаў. Ён хоча паступіць у прэстыжную навучальную ўстанову? Добра, няхай паспрабуе, але няхай таксама ведае, што для гэтага трэба шмат вучыцца. Не будзе рыхтавацца — не паступіць. Гэта наступствы. А часта бацькі, наадварот, робяць усё, каб толькі выканалася яго мара, хіба што экзамены за яго не здаюць. Такому дзіцяці будзе вельмі цяжка ў будучыні, яно будзе чакаць, каб усе па першым патрабаванні кідаліся выконваць яго жаданні.

Адчуваць свае межы і межы іншых людзей — вельмі істотна. Гэта выяўляецца нават у самых простых рэчах, у здольнасці вызначаць, што для нас галоўнае. У вас здаралася, што замест адпачынку пасля працы вы сядалі перад тэлевізарам і ішлі спаць позна ўначы? Здаралася, што куплялі не тую адзежу, якая вам падабаецца і пасуе, а тую, якая цяпер на піку моды?

Гэта ўсё праблема неўсталяваных межаў. А калі такія памылкі здараюцца ў больш значных пытаннях: ва ўсведамленні паклікання, у выбары працы і чалавека, з якім хочаш стварыць сям’ю?..

Акрамя ўзроставых, людзі маюць таксама і сацыяльныя, ролевыя межы. І пра гэта мы паразмаўляем у наступны раз.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней