«Гэта будзе наш маленькі сакрэт». Што трэба ведаць пра сексуальнае насілле над дзецьмі

Часта бывае так, што ў пажарны абвяшчальнік заляціць адзін камарык — і ўжо на ўвесь дом гудзіць сірэна. А бывае, разгарыцца пажар — чуецца той самы гук, але цяпер сапраўды настаў час ратаваць сябе, сваіх блізкіх і, выбегшы на двор і ўбачыўшы агонь, пачаць змагацца са стыхіяй. І ў кантэксце дадзенай размовы стыхія — гэта не бурныя дыскусіі ў сеціве пра педафілаў (хаця іх разбурэнне ў выглядзе гневу і крыку, думаю, можа прабіць сцяну маўчання і сораму). Але размовы — гэта другасна. Стыхія пачалася задоўга да сірэны, успыхнуўшы з іскры, гарачай і імклівай, якой ёсць само сексуальнае насілле над дзецьмі.


Кожны дзень мы бачым на спецыяльных стэндах фотаздымкі ці фотаробаты педафілаў і маньякаў, якіх шукае міліцыя, але, па-першае, думаем, што гэтая «цагліна» не ўпадзе на галаву нам ці нашаму дзіцяці, а па-другое, думаем, што бяда можа прыйсці толькі адтуль.

15 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу завяршылася следства ў справе дзевяці чалавек (шэсць з якіх — педагогі), якія абвінавачваюцца ў гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару над выхаванцамі аднаго з дзіцячых дамоў паўночнай сталіцы Расіі. У лютым мінулага года ў Апенінах выйшла кніга Даніэля Піттэ «Я прабачаю вам, ойча», у якой аўтар напісаў, як чатыры гады яго, маленькага Даніэля, гвалціў святар з яго парафіі і які адбітак гэтая траўма пакінула на яго далейшым жыцці.

Па статыстыцы толькі 10–20% выпадкаў сексуальнага насілля над дзецьмі здзяйсняецца незнаёмымі ім людзьмі. У большасці ж (85–90%) гвалтаўнікамі аказваюцца людзі з бліжэйшага акружэння, прыкладна 40% з іх — гэта блізкія сваякі.

Чаму ж пра гэта так мала гаворыцца? Па-першае, таму што гэта так страшна, што нават не хочацца верыць. Многія бацькі адпрэчваюць праблему і намагаюцца як найхутчэй забыцца пра яе. Па-другое, таму што дзеці рэдка пра гэта расказваюць. Звычайна ахвярамі сексуальнага гвалту становяцца дзеці 3–7 гадоў, бо іх прасцей схіліць да дзеянняў, сэнсу якіх яны не разумеюць: «Так праяўляецца нашая любоў, ты ж любіш мяне?». Іх прасцей падмануць ці запужаць, прымусіўшы ўтойваць зло: «Гэта будзе наш з табою маленькі сакрэт».

Як засцерагчы дзіця ад сексуальнага насілля

1. Паклапаціцеся пра тое, каб вашыя адносіны з дзіцем будаваліся на прыняцці і даверы.

Добрыя бацькі — гэта людзі, якія заўсёды выслухаюць дзіця, з чым бы яно да іх ні прыйшло. Часцей за ўсё ахвярамі педафілаў становяцца эмацыйна пакінутыя дзеці вечна занятых бацькоў. Кожны раз, калі вы вечарам глядзіце ў тэлевізар ці тэлефон і адмахваецеся ад настойлівых просьбаў дачкі пагуляць з ёю, падумайце пра тое, што хтосьці чужы з нездаровымі намерамі замест вас можа «задаволіць» патрэбу дзяўчынкі ва ўвазе.

2. Будуйце здаровыя межы асобы ў сям’і.

Дзіця мае права казаць «не». Яно павінна разумець, што ў яго ёсць свае рэчы, прастора і цялесныя межы, на якія ніхто не мае права пасягаць. Яно не павінна дазваляць гладзіць сябе ці каб хтосьці незнаёмы браў яго на рукі. Калі малое дзіця не хоча, каб яго цалавала бабуля ці нават тата, не трэба яго прымушаць, нават калі бабуля і «пакрыўдзіцца»: гэта дарослы нясе адказнасць за пачуцці дзіцяці, а не наадварот. Таму не вучыце вашага сына, што ён павінен заўсёды слухаць дарослых. Гэта нармальна — адмовіць у просьбе даросламу, асабліва незнаёмаму. 

3. Захоўвайце правілы элементарнай бяспекі.

Не пакідайце свайго дзяцяці з дарослымі, да якіх вы ці дзіця не маеце даверу. Калі вы хочаце адправіць сына ці дачку ў лагер, санаторый ці клініку, дзе ён/яна не зможа ў любы момант патэлефанаваць бацькам, не адпраўляйце. Наіўная думка: «Мы ездзілі, і ўсё было ў парадку» сёння ўжо не працуе на 100 %. Калі ў ваш дом прыходзяць рэпетытар ці няня, яны павінны зразумець, што вы можаце вярнуцца калі заўгодна, і некалькі разоў так зрабіце.

4. Дайце дзіцяці максімум інфармацыі, якую яно можа засвоіць у сваім узросце.

Яно павінна ведаць пра анатамічныя асаблівасці хлопчыкаў і дзяўчынак (і даведацца пра гэта не з парнаграфічных фільмаў, калі яму ўжо 11, а ад вас, калі вы разам гартаеце даступна напісаную для яго энцыклапедыю ці глядзіце адукацыйны ролік). Для дзіцяці важна разумець, што гэта не нейкія месцы, авеяныя таямніцамі, а часткі цела, якія ёсць у кожнага. Аднак трэба растлумачыць, што гэтую інтымную частку цела мы ўсё ж такі хаваем пад бялізнаю, і таму нельга дакранацца да яе ў іншых і даваць мацаць у сябе, а таксама паказваць, стымуляваць і г.д.

5. Напішыце падрабязны спіс забароненых дзеянняў і паразмаўляйце пра гэта з вашым сынам або дачкою.

Калі мы кажам пра сексуальнае насілле над дзецьмі, мы найчасцей думаем пра здзейснены палавы акт, але гэтым яно не абмяжоўваецца. Галоўнага героя серыялу «Зломлены» айца Майкла ў дзяцінстве гвалціў яго катэхет. Калі б хлопчыку расказалі, што дарослы чалавек не мае права гладзіць яго вышэй за калена (а той мужчына падчас заняткаў проста (не проста!) гладзіў яго вышэй за калена, што выклікала ў васьмігадовага хлопчыка эрэкцыю), ён не думаў бы палову свайго жыцця, што ён гей, не стаў бы сам бязлітасна гвалціць жанчынаў, прыгнечаны сорамам, гневам і пачуццём віны. Сексуальнае насілле — гэта таксама пацалункі ў вусны, спробы залезці дзіцяці пад вопратку, словы і жэсты з сексуальным падтэкстам. Трэба падкрэсліць, штó, на жаль, не падкрэслілі бацькі Майкла: у дарослага чалавека не павінна быць цікавасці да дзіцячых інтымных месцаў.

6. Рэгулярна (раз на месяц) цікаўцеся ў дзіцяці яго адносінамі з іншымі дарослымі.

Не вельмі настойліва, але адкрыта пытайцеся, ці прыставаў хто-небудзь да яго, ці ўжываліся якія-небудзь забароненыя дзеянні. Трэба, каб дзіця ведала, як паводзіць сябе ў сітуацыях, калі яно заўважыла хаця б намёк на нейкі пункт са спісу забароненых дзеянняў з боку дарослага чалавека. Гэты «план Б» трэба прагаварыць і вывучыць з сынам ці з дачкою. Чым больш вы пра гэта размаўляеце, тым большы шанец, што ў адпаведны момант дзіця распазнае небяспеку і ўспомніць, што трэба рабіць. Зразумела, такія размовы не павінны запужваць, выклікаючы недавер да кожнага чалавека, але яны паказваюць, што гэта не табу, і ёсць людзі, гатовыя паразмаўляць з дзіцем на тэмы, звязаныя з сексуальнасцю.

Як даросламу распазнаць, што гэта адбываецца   

Дзіця вам сказала ці намякнула. Яно стала апошнім часам неяк асабліва нервавацца, капрызіць і пазбягаць канкрэтнага дарослага: не хоча ехаць да дзядулі і заставацца ў яго без бацькоў, неяк дзіўна рэагуе на прапанову пагуляць з татавым добрым сябрам у суседнім пакоі ці без асаблівых на тое прычынаў просіць вас не пакідаць яго ў дзіцячым садку на дзённы сон. Насцярожыць павінна таксама дасведчанасць у тэме сексуальнагага жыцця, не ўласцівая ўзросту дзіцяці, ці гульні з сексуальным адценнем. Зразумела, такія паводзіны, не абавязкова звязаны з сексуальным насіллем, але трэба звярнуць на іх увагу і пачаць размаўляць пра гэта з дзіцем.

Будзьце гатовыя пачуць самы нежаданы адказ. Калі гэта здарылася, першае, што вы можаце даць свайму дзіцяці, — гэта вашая ўвага да яго пачуццяў, гатоўнасць прытуліць і выслухаць. Другое — шукаць дапамогі ў псіхолага і праваабарончых органаў. І галоўнае — заўсёды вяртацца да пункта №1, бо дапамагчы можна, толькі адэкватна выконваючы яго.

Магчыма, вам будзе цікавая літаратура па тэме:

  • Откровенный разговор об этом. — Эксмо, 2012. — Для чытання з дзецьмі.
  • С’юзан Форвард. Токсичные родители. — Питер, 2015. — Можа быць карыснаю для дарослых, якія перажылі ў дзяцінстве сексуальнае і іншыя формы насілля.
  • Хассен С. Освобождение от психологического насилия. — Прайм ЕВРОЗНАК, 2001. — Можа дапамагчы выйсці з ілжывых механізмаў мыслення і пачаць жыць.   

Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак
Паводле інтэрнэт-рэсурсаў
(Мария Мельник «Как уберечь ребенка от сексуального насилия»,
 Евгения Астреинова «Домашнее насилие над детьми:
домоклов меч над судьбой человечества»)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней